Вы тут

Партызанка Марыя Струк служыла немцам, каб служыць сваім


«Дзіўна, але факт: чым далей у мінулае сыходзіць праклятая вайна, тым часцей яна ўспамінаецца, нават сніцца», — кажа 97-гадовая Марыя Пятроўна Струк.

Смерць і сапраўды хадзіла за ёй па пятах, а гора — можна сказаць, з маленства. У 14 гадоў дзяўчынка асірацела, разам са старэйшай сястрой Верай дапамагала маці гадаваць малодшых братоў і сясцёр. У 17 стала сувязной партызанскага атрада, а потым разведчыцай і памочніцай кухара, была паранена, двойчы хварэла на тыф,


Былая партызанка Марыя Струк

— Помню, быў час: нутром адчувала, што мяне ў любы дзень могуць вывезці на прымусовыя работы ў Германію, — расказвае Марыя Пятроўна. — Каб пазбегнуць гэтага, пайшла працаваць лесарубам (у Нямеччыну іх не вывозілі). Дык вось іду неяк раз на работу — чую, што хтось даганяе, удакладняе прозвішча, пытаецца, ці хачу паслужыць савецкай уладзе? А я і не знаю, што адказаць. Думаю: раптам правакацыя, раптам перада мной паліцай? Але ж глянула ў твар незнаёмца і ўжо не сумнявалася: гэта наш, партызан. Мы разгаварыліся. Я згадзілася дапамагаць, атрымала пароль для сувязі, а вось заданняў ад партызан — спачатку ніякіх.

На сэрцы вельмі неспакойна было, аж пакуль аднойчы вечарам у дзверы не пастукалі. Адчыніўшы, дзяўчына ледзь не закрычала: на ганку стаяў мясцовы... паліцэйскі Іван. «Няўжо нехта выдаў, і ён прыйшоў па мяне?» — спужалася Марыя.

Але ж страх тады змяніўся на здзіўленне, — успамінае Марыя Пятроўна, — бо гэты паліцай назваў партызанскі пароль і прынёс мне першае адказнае даручэнне. Мне трэба было звольніцца з лясгаса і ўладкавацца поварам у адну з нямецкіх арганізацый, якая займалася вярбоўкай і падрыхтоўкай на фронт палякаў. Перада мной стаяла задача: пасябраваць з іх старэйшым і паспрабаваць пераманіць на бок партызан.

Па словах Марыі Струк, барак-казарма знаходзілася тады ў Маларыце за чыгуначным пераездам. Па папярэдніх звестках, палякаў было больш за трыццаць.

— Мяне папярэдзілі, што адно неабачлівае дзеянне можа каштаваць жыцця. Я заўсёды памятала, што трэба ўзважваць кожнае слова, асабліва — у прысутнасці немцаў.

Марыя была сімпатычнай дзяўчынай, добра ведала польскую мову і тыдняў праз колькі стала заўважаць, што адзін з палякаў, Уладэк, нераўнадушны да яе: так і шукае магчымасці падысці, загаварыць, а то і праводзіць дадому.

— Я працавала кожны дзень да 12 гадзін ночы. Хадзіць дадому адной і сапраўды было страшнавата... Да таго ж Уладэк быў цікавым, вясёлым чалавекам, шмат расказваў пра сябе, сваё даваеннае жыццё...

Такім чынам я даведалася, што хлопец яшчэ ў Польшчы збіраўся пайсці ў партызаны, але не змог наладзіць сувязі, а потым яго прызвалі ў войска... Уладэк не хацеў ваяваць з Чырвонай Арміяй. Ён казаў, што такі ж настрой і ў астатніх яго таварышаў. Тады я асмялела і спытала: «Ці пайшоў бы ты цяпер у партызаны?». — «А як жа! — адказаў хлопец. — Іншыя таксама пойдуць». Пра гэта я паведаміла кіраўніцтву партызанскага атрада. Яно прызначыла дзень, і пераход адбыўся.

Заставацца дома пасля яго Марыі было небяспечна. У тую ж ноч па яе прыйшлі байцы з атрада Сцяпана Каплуна: загадалі па-хуткаму апрануцца і развітацца з роднымі. Так яна апынулася ў партызанскім атрадзе.

Памятны знак ва ўрочышчы Міхерова.

...Дзе знаходзіцца ўрочышча Міхерова, дакладна ведаюць хіба краязнаўцы, жыхары вёсак Вотчына, Ляхавец, Сушытніцы ды работнікі мясцовага лясгаса. Цяпер там пагранічная паласа, дзяржаўная граніца з Украінай, а на месцы былога ваеннага аэрадрома — перасоўны пчальнік. Зусім побач з ім — памятны знак з надпісам, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут дыслацыраваліся партызанскія атрады, а са студзеня 1944 года — брыгада С. П. Каплуна, дзе сярод непраходных балот пачыналіся партызанскія будні Марыі Струк.

— Немцы ўвесь час рабілі аблавы. Дзіўна, але перад кожнай з іх мне снілася мама, — успамінае Марыя Пятроўна. — Яна як бы папярэджвала мяне аб небяспецы. Самым памятным у гэтым плане стаў май 1943-га. Разведка данесла, што на 1 мая немцы плануюць чарговую аблаву. Я сказала Сцяпану Каплуну аб тым, што яе не будзе, бо мама не снілася, і аблавы сапраўды не было. Вечарам з'явілася новая дата — 2 мая. Я паведаміла, што хвалявацца не варта. А раніцай 3 мая, прачнуўшыся, адразу пакіравала да камандзіра, сказала яму, што сёння аблава будзе, бо мама прыснілася. Партызаны сталі пакідаць лагер. Аднак мне давялося вярнуцца, бо забылася свой пісталет. Выбегшы з зямлянкі, пачула шум і нямецкую мову. Сваіх даганяць было небяспечна — вырашыла схавацца ў кустах каля дарогі, перачакаць налёт. Бачыла, як немцы гаспадарылі ў лагеры, як з нарабаваным дабром пакіравалі назад. А неўзабаве пачуліся стрэлы і выбухі. Гэта нашы зрабілі засаду. Немцы яе не чакалі і пацярпелі паражэнне. 20 фрыцаў мы ўзялі ў палон. Пасля гэтага здарэння камандзір атрада кожны дзень цікавіўся, ці снілася мне мама.

...За некалькі месяцаў да вызвалення Маларытчыны Марыя Струк захварэла на тыф.

— Мяне пераправілі на паўспалены хутар Бераг, — гаворыць былая партызанка. — Там была і мая старэйшая сястра Вера, якая хавалася ад высылкі ў Германію. Неўзабаве мы разам вярнуліся дадому. І толькі тады я расказала маме, чаму пайшла кухарыць да немцаў, як апынулася ў партызанах.

...Восенню да дзяўчыны зноў вярнуўся тыф, і на гэты раз у яе выздараўленне ўжо ніхто не верыў. Аднак Марыя змагла-такі стаць на ногі, уладкавацца на працу, пражыць такое доўгае і цікавае жыццё.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.