Вы тут

Добрыя суседзі-замежнікі, гарадскія і вясковыя адрозненні


Хай вольна жывецца ўсім!

...У рэпертуары Анатоля Ярмоленкі ёсць песня са словамі: «Розных людзей сустракаў у жыцці — добрых усё-такі болей». Што праўда, тое праўда.


Фота: pixabay.com

Нейкі час у нашым пад'ездзе здымала кватэру сям'я азербайджанцаў: маці і два сыны-студэнты. Харошыя хлопцы, выхаваныя: заўжды віталіся пры сустрэчы, іншы раз нясеш што-небудзь цяжкае, — прапануюць сваю дапамогу.

Мая жонка была ў добрых адносінах з іх маці. Фарыда — яе так звалі — часам заходзіла да нас. Я сустракаў яе жартам: « Кто стучится в дверь моя? Это девушка пришёл». І мы ўсе разам смяяліся. А неяк на вуліцы я павіншаваў Фарыду з іх святам — Курбан-байрамам, дык потым яна зайшла да нас з кавалкам свайго нацыянальнага пірага.

Але ж у роду не без выроду. У суседстве з намі жыў вялікі аматар таннага віна. Дык ён, убачыўшы азербайджанцаў, заўсёды касавурыўся, шыпеў сваё: «Панаехалі...». Не шкадаваў і эпітэтаў. І тым самым, як на мой погляд, ганьбіў народ Беларусі, які....

Даўней, па дарозе на работу, я ледзь не штодня сустракаў смуглявага мужчыну або такую ж жанчыну, якія ў дзіцячы садок адводзілі хлопчыка. Параўняўшыся, мы, незнаёмыя, ужо ўсміхаліся адзін аднаму, нават віталіся.

А неяк на галалёдзе я паслізнуўся, і той смуглявы першым працягнуў руку, дапамог падняцца... У той раз мы ўжо разгаварыліся, і я даведаўся, што яны з жонкай прыехалі з Емена, у нас вучыліся (не ў памяці цяпер, дзе канкрэтна), што ім тут многае падабаецца, і галоўнае — дабрыня мясцовых людзей.

...Не так даўно ў Гродне прайшоў трынаццаты фестываль нацыянальных культур. Я туды не трапіў, але ж, мяркуючы па тэлеверсіі гала-канцэрта, у Беларусі вольна жывецца розным народам. У грузін ёсць «Лезгінка», у яўрэяў — «Хава нагіла», у венграў — «Чардаш», у палякаў — «Кракавяк», у рускіх — «Калінка», у нас — «Лявоніха»... Усё гэта — складнікі сусветнай культуры, якія толькі ўзбагачаюць яе.

...Не памятаю, хто сказаў, што патрыёт любіць сваё, а нацыяналіст ненавідзіць чужое. Так, мы павінны любіць, шанаваць, захоўваць сваю мову, культуру, традыцыі. І ў той жа час — з павагай ставіцца да быту, да здабыткаў іншых народаў. І калі б на нашай блакітнай планеце гэтым правілам кіраваліся ўсе, на Зямлі не было б ні войнаў, ні тэрактаў, а ўсе міжнародныя спрэчкі вырашаліся б выключна на канцэртных і спартыўных пляцоўках.

Мікалай СТАРЫХ

г. Гомель


«Не хапае людскіх нявест... Ды і жаніхоў»

...Як ні збліжалі мы горад з вёскай, а розніца, дзякаваць богу, па-ранейшаму ёсць! Ды яшчэ і якая! У горадзе што — адна мітусня. Людзі часам дзесяцігоддзямі жывуць на адной лесвічнай пляцоўцы, а ўсяго і зносінаў, што «дзень добры» і «вам не хварэць».

Вяскоўцы іншыя: бліжэйшыя адзін да аднаго, больш адкрытыя, працавітыя, шчырыя. Там заўсёды і ўсё навідавоку. Як спяваецца: «Вёска чуе, вёска бачыць, вёска ведае ўсё: хто калі ў каго начуе, ад каго ў каго дзіцё».

Для прыкладу, разгаварыліся мы неяк з суседкай пра сучасную моладзь. І не ўвогуле, у шырокім сэнсе, а на прыкладзе яе роднай унучкі. Тая вясной у водпуску была, за бацькоўскія грошы ў Турцыю злётала і, прыляцеўшы, нейкім чынам на выхадныя да бабулі трапіла, якраз на пасяўную. Людзі ў вёсцы куды ні глянь завіхаюцца: нехта гной вывозіць, нехта растрасае і бульбу садзіць, нехта грады разбівае, каб бурачкі ды моркву пасеяць... А гэта, адпускніца (бабуля сама расказвала), з вечара папярэдзіла, каб яе не будзілі. Ледзь не пад абед сама ўстала, у кашулі з хаты выпаўзла, пальчыкамі нос заткнула: «Фу-у, как здесь воня-я-ет!» — «Затое за сталом будзе пахнуць, — пераказвае размову суседка. — Давай, хуценька перакусі ды паможаш мне цыбулю садзіць, а то замуж выйдзеш і не будзеш ведаць, якім канцом у зямлю». — «Не буду і не трэба, — заяўляе ўнучка. — Я такога мужа знайду, каб усім забяспечваў, каб ніякіх там град». — «Уяўляеш, трыццаць гадоў дзявулі, а розуму — як у пятнаццаць. Усё халявы нейкай чакае, прынца на белым кані, каб назарабляў грошай, усё купіў, дом абставіў, а яе потым царстваваць прывёў ды яшчэ і прыслужваў: каву ў пасцель прыносіў, есці варыў, прыбіраў... Не скажу, адзін быў знайшоўся — гадоў пяць таму: пажыў з ёй, паслугаваў вось так ды хуценька знік... Мала цяпер дурных, мала ахвотных надзяваць на шыю хамут — нават прыгожы».

Унучка ў суседкі і сапраўды з твару сімпатычная. Але ж болей за ёй і сапраўды нічога: мамчына дачушка, а ўжо ж пястушка...

У часы нашай маладосці хлопцы ахвотней жаніліся на дзяўчатах з вёсак — працавітых, надзейных, верных. Ды і дзяўчатам смялей было замужам за вяскоўцамі.

Але ж дзе іх зараз узяць? Пусцеюць вёскі. Мала дзяцей і моладзі. Не хапае на ўсіх людскіх нявест ды і жаніхоў.

Н. САХАНЧУК

Магілёўскі раён


Ёсць розніца. Ці няма?

...Цяпер вось, летам, як і многія вяскоўцы, я кожны дзень хаджу ў хлявок, дзе нясуцца куры — забіраю свежыя яйкі. Днямі таксама зайшла, але ж без ніякай пасудзіны. Думала, можа, нічога і няма там...

А яечкі былі, тры штукі. Забрала, нясу ў руках. Насустрач — блізкая суседка.

— О-ой! Вы яйкі несяце, — кажа, павітаўшыся.

Я яе паправіла (хоць, можа, і не трэба было): сказала, што гэта куры нясуць — я проста забіраю.

Тамара АЛЯХНОВІЧ

г. Слуцк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».