Вы тут

У капліцы Ажэшкаў працягнецца рэстаўрацыя, дзякуючы фонду Прэзідэнта


Першы раз капліцу Ажэшкаў у Закозелі аўтару гэтых радкоў паказаў тагачасны дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Мікалай Якоўчык. Было гэта ў 2008 годзе. Калі ж Мікалай Сцяпанавіч узначаліў гаспадарку ў далёкім 1991 годзе, племзавод «Закозельскі» быў у цяжкім эканамічным становішчы, пра гістарычныя каштоўнасці ніхто не дбаў, мякка кажучы. Капліца развальвалася, яе нават не было відаць за хмызняком і бур'яном.


Капліца да рэстаўрацыі.

На землях былога фальварка

Якоўчык тады расказваў, што застаў рэшткі парку ў зарасніку дзікага кустоўя, навокал буялі крапіва і лопух, валяліся кучы смецця. У сярэдзіне 1990-х усё гэта расчысцілі, прывялі тэрыторыю ў парадак. А калі кіраўнік гаспадаркі падняў дакументы, энцыклапедыі, даведнікі і ўпэўніўся, якой цікавай, неардынарнай была гісторыя Закозеля і навакольных вёсак, то літаральна «захварэў» гэтай тэмай. Дырэктар саўгаса некаторы час нават вёў факультатыў у школе па гісторыі свайго краю. Казаў, абурэнне ўзяло, што дзеці вучаць мінулае старажытных Грэцыі і Рыма, а вось што было ў ваколіцах Закозеля, і блізка не ўяўляюць. Мікалай Сцяпанавіч тады сабраў добры архіў па гісторыі роду Ажэшкаў, нават з нашчадкамі, якія жылі ў Парыжы, перапісваўся.

Закозельскімі землямі ў другой палове ХІХ стагоддзя валодалі Юзаф, Нікадзім, іншыя прадстаўнікі роду Ажэшкаў. Памесце ўключала ў сябе шэсць фальваркаў — Валавель, Белін, Дзятлавічы, Вавулічы, Карлавічы і Дошнік. Закозель быў галоўнай рэзідэнцыяй. Выгляд сядзібнага дома дайшоў да нас найбольш дакладна ў выглядзе акварэлі Напалеона Орды. Шмат разоў рэканструяваны, перароблены, удасканалены новымі гаспадарамі, дом быў спалены ў 1939 годзе. Да нашых дзён захаваліся будынак бровара, некалькі гаспадарчых памяшканняў ды сцены капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў — галоўнай славутасці гэтых мясцін.

У Анатоля Федарука чытаем: «Капліца — рэдкае па кампазіцыі, гармоніі і якасці выканання, ляпным дэкоры, дэкаратыўным ліцці збудаванне і не толькі ў Беларусі. Пабудавана яна са светла-чырвонай цэглы. У плане цэнтрычны квадратны будынак са спічастымі двухскатнымі дахамі, пакрыты меднымі лістамі, у перакрыжаванні якіх уздымаецца ўгору чатырохгранная сігнатурка з вострым шпілем і чыгунным крыжам на канцы».

Пахавальню ў 1849 годзе пабудаваў польскі архітэктар Францішак Яшчалд. На яго рахунку не адзін гэты шэдэўр, ёсць і іншыя, напрыклад, палац Пуслоўскіх у Косаве. А з першага погляду на закозельскую капліцу многія чамусьці згадваюць Нотр-Дам. Можа, нават не падабенства, а нейкія матывы восемсотгадовага патрыярха гатычнай архітэктуры ўгадваюцца ў гэтай мініяцюрнай, зграбнай прыгажуні, якую даўно ўжо назвалі кветкай Палесся.

Гаротны лёс капліцы

У скляпеннях капліцы-пахавальні ад пачатку была крыпта, дзе хавалі прадстаўнікоў роду. Дарэчы, графіня Бабрынская, якая пазней купіла маёнтак на аўкцыёне, прыняла ўмовы былых гаспадароў у адносінах да капліцы. Храм нельга было выкарыстоўваць у якіх-небудзь іншых мэтах, разбураць яго або перабудоўваць. І хоць сядзіба ў Ажэшкаў была канфіскаваная, фармальна ім пакінулі права хаваць членаў сям'і ў капліцы. Гэтым правам хацела скарыстацца адна з прадстаўніц роду — Эмілія Ажэшка, сын якой памёр у Парыжы ў пачатку мінулага стагоддзя, ды атрымала адмову ад расійскіх уладаў. На сваё шчасце. Але пра тое крыху пазней.

Год таму.

Жыхаркай гэтых маляўнічых мясцін паўтара стагоддзя таму стала маладая Эліза Паўлоўская, якая ўжо паспела стаць Ажэшкай. Пасля вяселля з Пятром Ажэшкам яны прыехалі ў радавы маёнтак мужа Людвінова, што зусім побач з Закозелем. Будучая пісьменніца адразу занялася карыснай дзейнасцю, дапамагала хворым і гаротным, у 1861 годзе адкрыла для вясковых дзяцей школу. Паўстанне 1863—1864 гадоў Ажэшкі падтрымалі. Існавала версія, што менавіта ў гэтай капліцы, у патайным пакоі пад самым дахам, Эліза пэўны час хавала параненага Рамуальда Траўгута. Далейшая гісторыя вядомая, радавыя маёнткі Ажэшкаў былі канфіскаваныя і выстаўленыя на продаж. Пры новых гаспадарах Закозель стаў развівацца эканамічна, тут узвялі дрожджава-вінакурны завод, адкрылі іншыя невялікія вытворчасці.

...Тады, у 2008 годзе, мне давялося гутарыць таксама са сталым жыхаром вёскі Уладзімірам Хілько. Уладзімір Георгіевіч у свой час працаваў калгасным парторгам, жыў тут з 1955 года і шмат ведаў пра тутэйшую славутасць. Ад старажылаў чуў, што капліцу пачалі рабаваць яшчэ немцы падчас Першай сусветнай вайны, яны знялі меднае пакрыццё. Потым, у 1920-я гады, новы ўладальнік маёнтка адрамантаваў храм. А вось пасля Другой сусветнай святыня была разбурана і апаганена. Скляпенні раскопвалі, косці валяліся побач. Бывала, што Уладзіміру Хілько пасля чарговага налёту вандалаў даводзілася адпраўляць рабочых прыкопваць тыя косці.

Першыя крокі

І вось, як той казаў, прыйшоў час збіраць камяні. Першыя крокі ў гэтым кірунку былі зробленыя два дзесяцігоддзі таму. У пачатку 2000-х спецыялісты ААТ «БрэстІнспект» даследавалі капліцу і зрабілі заключэнне. Тэхнічны стан быў названы перадаварыйным, адзначалася, што магчымае нават раптоўнае абвальванне будынка. Тады ж адбылося і археалагічнае назіранне. Пад кіраўніцтвам дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Башкова былі праведзены раскопкі, у працэсе іх знайшлі 46 адзінак артэфактаў, сярод якіх кавалак слуцкага пояса, чыгунныя літыя фрагменты інтэр'еру капліцы, часткі драўлянай разьбы, бронзавыя дэталі трун. Знаходкі перадалі абласному краязнаўчаму музею. Знайшлі і косці, якія пазней пахавалі побач з капліцай у адной магіле. Тады ж была зроблена пэўная работа па кансервацыі аб'екта, распачаты каштарыс. Адным словам, зрабілі столькі, колькі дазволілі сродкі, выдзеленыя аблвыканкамам.

Але на тым справа практычна і скончылася. Работы былі прыпынены надоўга з прычыны адсутнасці фінансаў. Некалькі ж гадоў таму стала ясна: калі не прыняць тэрміновыя меры, шэдэўр неаготыкі будзе страчаны. Аб'яўлялі нават збор грошай на аднаўленчыя работы, але сабраць многа не ўдалося. У 2019 годзе за кошт сродкаў, сабраных на рэспубліканскім суботніку, пачалі з супрацьаварыйных работ. Спецыялісты расчысцілі дах ад абломкаў, паставілі часовы, таксама зрабілі часовае пакрыццё скляпення, правялі дэмантаж чыгунных крыжоў.

Паўнавартасная рэстаўрацыя

І ўжо на наступны год дзякуючы фінансаванню з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва прайшоў першы этап рэстаўрацыі капліцы. Дах быў адноўлены ў аўтэнтычным выглядзе, ён выкананы з медзі таўшчынёй у 0,6 міліметра і паўтарае першапачатковую канфігурацыю. Затым быў устаноўлены цэнтральны шасціметровы шпіль. На франтоны будынка вярнулі чыгунныя крыжы. Цікава, што іх рэстаўрацыю правялі на месцы, з гэтым справіліся работнікі Драгічынскага трактарарамонтнага завода. Цэнтральны крыж, дарэчы, лічылі страчаным, але яго нечакана знайшлі падчас дэмантажу даху. І ён пасля абнаўлення вярнуўся на месца. Вышыня капліцы цяпер разам з крыжам складае 25 метраў.

Гэтым летам.

Рэстаўрацыя паступова працягвалася. Была адноўлена паверхня цаглянага мура фасаду будынка, праведзена яго тынкоўка, устаноўлена 20 чыгунных агароджаў. Дарэчы, 18 з іх захаваліся, зрабіць давялося толькі дзве новыя. Кварцавым пяском без дэмантажу пачысцілі картушы з гербамі роду Ажэшкаў. Уставілі і 24 акенцы з вітражамі — над каляровым шклом працавалі спецыялісты «Брэстрэстаўрацыі», малюнак аднаўлялі па аскепках шкла, знойдзенага падчас работ.

І вось стала вядома, што атрыманы чарговы транш з фонду Прэзідэнта ў памеры 300 тысяч рублёў. Значыць, работа будзе паспяхова працягвацца. Амаль два гады капліца прастаяла ў рыштаваннях, а цяпер іх знялі, і палеская прыгажуня паўстае перад падарожнікам у сваім новым, хоць і не канчатковым, абліччы. Наперадзе яшчэ шмат спраў: ляпніна фасада, афарбоўка, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

— Літаральна гэтым летам пры раскопках былі знойдзены фрагменты брукаванкі, якая вяла да цэнтральнай часткі капліцы, — расказала метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Драгічынскай раённай клубнай сістэмы Людміла Верамейчык. — Знойдзены кавалачкі ляпніны, мармуру і медзі, магчыма, наперадзе новыя знаходкі, якія неўзабаве стануць экспанатамі музея. Пакуль назапашваем матэрыялы, ідэі. Спадзяёмся, што экспазіцыя будзе адкрыта адразу пасля завяршэння работы па рэстаўрацыі, у 2024 годзе. Ідэй і задумак шмат. Чакаем, што актыўна паедуць турысты. Капліца нават у напаўзакінутым выглядзе прыцягвала іх увагу. А цяпер і пагатоў. Будуць распрацаваны змястоўныя турыстычныя маршруты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.