Вы тут

Студатрад: шлях, які варта прайсці кожнаму


35 студэнцкіх атрадаў былі створаны ў БДУ гэтым летам. Працоўны семестр працягнецца да пачатку верасня. Арганізатарам акцыі выступае Штаб працоўных спраў БРСМ навучальнай установы.


Лізавета Вараб'ёва.

Другакурсніца факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Лізавета Вараб’ёва была камандзірам вытворчага атрада на прадпрыемстве «Атлант». «Ва ўсіх удзельнікаў розныя абавязкі і аперацыі — ад закручвання самарэзаў пнеўмапісталетам да праверкі на ўцечку халадзільнікаў. Мой участак называўся «Падрыхтоўка апоры тэрмарэгулятара», я працавала з гэтымі апорамі, разбірала накрыўкі, прыкручвала праводку, устаўляла святлодыёдныя модулі з плафонамі», — расказвае Лізавета.

Гэта ўжо другі досвед работы дзяўчыны ў студатрадзе, у чэрвені яна была камандзірам сэрвіснага атрада ад БРСМ Фрунзенскага раёна. Пасля работы засталося мноства станоўчых эмоцый, прыемных знаёмстваў, а таксама цікавыя гісторыі і ўспаміны...

Трэцякурснік факультэта журналістыкі Кірыл Дзмітрук таксама вырашыў знайсці альтэрнатыву пасіўнаму адпачынку на летні перыяд. Хлопец пайшоў працаваць у будаўнічы студэнцкі атрад па добраўпарадкаванні і рамонце. Ён шчыраваў у інтэрнаце № 4 БДУ. «Мы клеілі шпалеры, фарбавалі лаўкі, урны, сцены, прыбіралі смецце, шпаклявалі. Занятасць была пяць дзён у тыдзень, поўны рабочы дзень», — расказаў студэнт. Удзельнікам студатрада Кірыл стаў упершыню. За гэты час ён атрымаў новыя навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца яму ў далейшым.

Выхавальнікам у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Галактыка» працавала трэцякурсніца філалагічнага факультэта Вікторыя Якімчык. Студэнтка сачыла за станам здароўя дзяцей, іх паводзінамі, арганізоўвала вольны час і атрадныя мерапрыемствы. «Рабочы дзень у мяне пачынаўся з васьмі раніцы і заканчваўся пасля 22.00, былі і начныя дзяжурствы, пасля якіх звычайна даюць адаспацца», — падзялілася Вікторыя.

У педагагічны атрад дзяўчына трапіла ўпершыню, але выбарам напрамку засталася задаволеная. «Мне вельмі спадабалася працаваць выхавацелем. Таксама пашанцавала і з дружным калектывам. Планую налета зноў трапіць у студатрад», — падкрэсліла Вікторыя.

Гэтым летам частка студэнцкіх атрадаў Мінска была накіравана на дапамогу будаўнікам, якія ўзводзяць аб'екты Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Сярод байцоў — студэнты БДУІР. У жніўні работу распачала новая каманда з 11 хлопцаў — атрад «Праваднік» імя Героя Савецкага Саюза Ціхана Бумажкова. Для некаторых байцоў гэта ўжо другая працоўная змена: на будоўлі яны працуюць з чэрвеня.

Аляксандр Манько перайшоў на другі курс факультэта камп'ютарных сістэм і сетак. Лета ў студатрадзе студэнт праводзіць упершыню.

«Я чуў пра студатрадаўскі рух ад сяброў. Даведаўся пра магчымасць запісацца на работу з сацсетак БДУІР. Параіўся са знаёмымі і вырашыў пайсці ў будаўнічы атрад. Для студэнтаў гэта магчымасць атрымаць неацэнны досвед, пазнаёміцца з рознымі людзьмі і, вядома, зарабіць», — паведаміў хлопец.

Рабочы дзень у атрадзе пачынаецца а восьмай раніцы з планавання спраў. Па словах байцоў, у апошні час асноўнай работай была чыставая прыборка жылых пакояў, падбор ключоў і сістэматызацыя нумароў па блоках. Але і будаўнікамі студэнты сябе адчулі ў поўнай ступені: яны дапамагалі мулярам, страхарам, сталярам і электрыкам.

Будатрад «Праваднік» імя Героя Савецкага Саюза Ціхана Бумажкова.

«На рабоце мы кантактуем з будаўнікамі і пераймаем іх досвед у розных справах. Часта ўзнікаюць складаныя сітуацыі, у якіх даводзіцца нестандартна думаць. Гэта выпрацоўвае новыя навыкі і адказнасць. Ва ўніверсітэце ўсё значна прасцей, — усміхаецца Аляксандр. — Я ўпэўнены, што атрымаў вельмі каштоўны досвед. Калі ты быў задзейнічаны ў будаўніцтве, па-першае, можаш зрабіць многія рэчы сам, па-другое, разумееш, ці якасна выкананы рамонт, бачыш скрытыя праблемы і недахопы».

Хлопцы працуюць на важным дзяржаўным аб'екце. «Лічу, што кожны павінен зрабіць унёсак у развіццё нашага прыгожага Мінска, бо гэта горад магчымасцяў. Вялікае пачынаецца з малога. Мяркую, гэтая думка як ніколі падыходзіць да таго, што мы робім», — падкрэслівае Аляксандр Манько.

Баец студатрада Раман Багданаў падтрымлівае калегу і сябра ў згаданым пытанні. «Гэта мой першы вопыт работы ў атрадзе. Абраў будаўнічы, таму што на першы погляд ён падаўся найбольш прывабным. І я ні кроплі не пашкадаваў, што сюды трапіў, — канстатуе Раман. — Адносіны ў калектыве склаліся добрыя, падчас перапынкаў пастаянна жартуем. Некаторыя хлопцы вельмі матывуюць сваёй адданасцю справе. У нас шмат рознай работы. Адпампоўваем ваду ў падвале, дапамагаем страхарам, якія ўкладваюць шклавату на даху, загружаем-разгружаем матэрыялы і мэблю».

Выхаванне адказнасці, цікавыя знаёмствы, добры калектыў, карысны вопыт — вось асноўныя плюсы студатрадаўскага руху, якія адзначаюць для сябе рабяты. Яны лічаць, што работа ў студатрадзе — шлях, які адназначна варта прайсці.

Па матэрыялах прэс-службаў БДУ і БДУІР падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.