Вы тут

Настаўнік дапамог гаспадарцы сабраць ураджай


Іван Стрыкуноў па асноўнай сваёй рабоце выкладчык фізкультуры ў сярэдняй школе аграгарадка Семукачы Магілёўскага раёна. Але на час летніх канікул ён пераўтвараецца ў камбайнера ААТ «Тішоўка». Кажа, што гэта работа для яго не менш звыклая, чым асноўная.


— Я ж з пятнаццаці гадоў на камбайне, — усміхаецца ён. — Спачатку бацьку дапамагаў, потым стаў працаваць самастойна. Я чалавек вясковы, не прывык склаўшы рукі сядзець. Кожнае лета ўдзельнічаю ва ўборачнай. Лішняя капейка ніколі не перашкодзіць. Сёлета вось за месяц уборачнай больш чым тысячу запрацаваў. У гаспадарцы ўжо ўборка завяршылася, але хапае іншай работы. Ворыва, пасяўная — трэба глебу рыхтаваць. Так што да 1 верасня я яшчэ тут. 

Жніво — пара гарачая, у полі са світанку да, лічы, апоўначы. На цішоўскіх палях сёлета добра ўрадзілі трыцікале, пшаніца, ячмень.

— Пшаніца сёлета — не нарадавацца, — дзеліцца эмоцыямі Іван Анатольевіч. — Колькі гадоў на камбайне працую, а такую добрую яшчэ не кожны год бачыў — буйная, налітая. І трыцікале месцамі не дрэнны.

Намалот настаўніка-камбайнера сёлета склаў 860 тон. Прызнаецца, што можна было б і больш высокі ўзровень узяць, але здараліся паломкі, ды і з-за надвор’я прыходзілася часам стаяць. Калі дождж з раніцы, то на поле выехаць можна было толькі пасля абеду. Дадому ў прыцемках вяртаўся. Сіл хапала толькі навіны паглядзець і нешта ў рот закінуць. За дзень напрацуешся так, што есці хочацца пастаянна. І гэта нягледзячы на тое, што гаспадарка сытнымі абедамі і вячэрамі штодзень забяспечвала.

У калгасе настаўніка задзейнічаюць не толькі на жніве. І ён не адмаўляецца. Было, што пасля заняткаў з дзецьмі ў школе бег у другую змену глебу араць. А яна з 17.00 да 2-3 гадзін ночы. 

— Мне нават больш падабаецца начная змена, — паціскае плячыма суразмоўца. — Святла ад фар дастаткова. Наогул пад начнымі зоркамі працаваць больш рамантычна. І знешняя мітусня не раздражняе.

Свой камбайн «Палессе» суразмоўца да шрубкі ведае. Дзевяць гадоў на адным і тым жа працуе. Сам яго і рамантуе. Падчас уборачнай прыходзілася з праводкай разбірацца, падшыпнік мяняць. Дробязі, але ж працэс уборкі запавольвалі.

Тым не менш за работу на сёлетнім жніве Іван Стрыкуноў таксама адзначаўся. Па прафсаюзнай лініі. Лічыць, праўда, што ўзнагародзілі яго авансам. Маўляў, не хапала крыху да танажу, а яго ўсё роўна заахвоцілі. Але людзі ведаюць, што ён чалавек старанны, працалюбівы. А яшчэ вельмі сціплы. Яму ўжо неаднаразова прапаноўвалі ў санаторый з’ездзіць, для прафсаюзных актывістаў там існуюць добрыя зніжкі. Але ён адмаўляецца, кажа, што яму дастаткова розных там паездак са школьнікамі. Вельмі важна адчуваць сваю карысць грамадству, ад гэтага і настрой павышаецца, і прыліў сіл адчуваецца. 

У гаспадарцы працуюць таксама бацька і брат настаўніка. Брат таксама быў задзейнічаны на жніве. Калі падлічыць агульны намалот братоў, то каля двух тысяч атрымаецца. І хаця працавалі на розных палях, азарт прысутнічаў. Пасля работы дзяліліся ўражаннямі, цікавіліся вынікамі. Зараз брат на трактар перасеў, разам з бацькам задзейнічаныя ў ворыве. А Іван Анатольевіч свой камбайн да ладу давядзе (штуцар паляцеў, трэба памяняць) і працягне прыватныя заказы выконваць па ўборцы прысядзібных сотак. У апошнія жнівеньскія дні шмат жадаючых скарыстацца паслугамі камбайнераў, прыбраць ячмень, авёс, пшаніцу для свойскай жывёлы. Гаспадарка нікому не адмаўляе. Іван Стрыкуноў ужо аб’ехаў на сваім камбайне палову вёсак Магілёўскага раёна. Семукачы, Сінюга, Алень, Запаточча, Вялікія Бялевічы — заказаў столькі, што толькі паспявай выконваць. І настаўнік стараецца нікога не пакрыўдзіць.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота з архіва Івана СТРЫКУНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.