Вы тут

На уборачнай у Магілёўскай вобласці працуе спецатрад


Падзея не ў тым, што атрад камусьці дапамагае, а ў тым, што робіць гэта на спісанай тэхніцы, што, як красамоўна выказваецца Алег Грудаў, дырэктар ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс», у складзе якога працуе гэты атрад, пад тынам валялася. Прадпрыемства спецыялізуецца на рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, яго работнікі вяртаюць да жыцця нават безнадзейныя трактары і камбайны. Прычым не толькі вяртаюць, але і самі садзяцца на іх і едуць на палі.


Кіраўніцтва Круглянскага раёна, райагратэхсэрвісу і прадстаўнік прафсаюза ўшаноўваюць тысячнікаў прадпрыемства. Фота Дзіяны Гаранінавай..

Крыўдна, што даўжнікоў у прадпрыемства пры ўсіх яго намаганнях дапамагчы з аператыўным рамонтам тэхнікі, як той казаў, вагон і маленькая цялежка. У тым ліку і такіх, з якіх практычна нічога не возьмеш акрамя нікому не патрэбнага ламачча. Што рабіць — прыходзіцца браць.

— Гэта тыя трактары і плугі, якія ідуць на спісанне, часта ў разабраным выглядзе, — расказвае дырэктар. — А мы забіраем гэты металалом за даўгі, збіраем і працуем.

Прадпрыемства заўсёды аднаўляла тэхніку для гаспадарак вобласці. Летась літаральна з дэталяў тут сабралі тры камбайны і паехалі на іх убіраць ураджай — такім чынам вярталі дэбіторскую запазычанасць.

— Сёлета губернатар папрасіў пашыраць нашу дзейнасць, і мы амаль з нічога сабралі яшчэ тры камбайны, — кажа Алег Аляксандравіч. — Наогул, для падтрымкі тых, хто адстае, з нашых работнікаў было сфарміравана два спецатрады. Адзін на 10 энерганасычаных трактарах МТЗ-3022 працуе на ворыве, другі на «рэанімаваных» пяці зернеўборачных камбайнах КЗС-12 і адным Jоhn Dееrе падтрымлівае на ўборцы адсталыя гаспадаркі па ўсёй вобласці.

Падобных атрадаў, напэўна, няма і за межамі вобласці. Звычайна дапамагаюць гаспадаркі адна адной, але толькі пасля таго, як сваю работу зрабілі. А тут нешта накшталт хуткай дапамогі. Прадпрыемства адпраўляе тэхніку на слабыя ўчасткі выключна са сваімі людзьмі, таму што не сумняваецца ў іх. Што датычыцца вернутых да жыцця машын, то свае работнікі лепш адчуваюць жалезнага каня, бо перабралі яго па дэталях. Наогул, у любой тэхнікі павінен быць адзін гаспадар. Ён тады і яе настрой ведае.

Сёлета механізатары міжрайаграсэрвісу дзе толькі не працавалі. Дапамаглі гаспадаркам у Глускім, Асіповіцкім, Кіраўскім, Быхаўскім, Чавускім, Горацкім, Круглянскім раёнах — усім, каму не хапала тэхнічных сродкаў. Супрацоўнікі прадпрыемства Сяргей Аўчарэнка і Алег Міхневіч нават тысячнікамі сталі. Працавалі ў Асіповіцкім, Кіраўскім, Быхаўскім, Круглянскім раёнах і з узрослым вынікам выйшлі ў лідары.

— Зімой яны працуюць у нас слесарамі, а летам садзяцца на камбайны, — удакладняе дырэктар. — Да нас яны працавалі ў калгасах. Зарплата здзельная: калі чалавек не лянуецца, жадае добрую капейку атрымаць, даём яму такую магчымасць. Нашы тысячнікі за жнівень атрымаюць тысячы па чатыры.

Акрамя трактароў і камбайнаў у рабоце на палях задзейнічана дзевяць МАЗаў прадпрыемства. Яны дапамагаюць аператыўна адвозіць збожжа на элеватары. Упершыню задзейнічана тэхніка на ворыве. Супрацоўнікі міжрайаграсэрвісу сёлетняй вясной рыхтавалі глебу да пасеву яравых, зараз аруць пад азімыя. І, вядома, ад асноўных абавязкаў ніхто не вызваляў — кантроль і рамонт тэхнікі вядуцца пастаянна. Перад пачаткам пасяўной 15 мабільных брыгад працавалі ў сельгаспрадпрыемствах. У іх мэты ўваходзіла правядзенне тэхабслугоўвання ўсіх энерганасычаных трактароў.

У рабоце прадпрыемства задзейнічаны выключна высокакваліфікаваныя вопытныя кадры, больш чым палова — з вышэйшай адукацыяй. Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс — добрая пляцоўка для стажыроўкі кадраў. Прадпрыемства з'яўляецца тэхнічным цэнтрам такіх вядучых прадстаўнікоў айчыннага аўтапрама, як «МТЗ», «Гомсельмаш». Энерганасычаная тэхніка ў рамонце і тэхабслугоўванні патрабуе высакакласных электроншчыкаў, іншых спецыялістаў — і яны тут ёсць.

Апошнім часам адчуваліся перабоі з запчасткамі, але прафесіяналаў гэта не пужае. Калі няма паставак з-за мяжы неабходных матэрыялаў і дэталяў, яны замяняюцца сваімі вырабамі. Нават у імпартных мадэлях. Узамен ідзе нешта беларускае або расійскае. І тэхніка працуе.

— Ва ўсіх гэтых абмежаваннях ёсць і станоўчы бок, які служыць штуршком да развіцця, — кажа Алег Грудаў. — Мы прывыклі спадзявацца і абапірацца на кагосьці, але ж трэба прасоўваць сваю вытворчасць, разлічваць на сябе і свой досвед. Нашы слесары выйшлі ў тысячнікі на жніве не на замежнай тэхніцы, а на гомельскіх камбайнах. Наша тэхніка не горшая.

Дарэчы, калгасы або фермеры маюць магчымасць не толькі скарыстацца паслугамі прадпрыемства, але і купіць адноўленую тэхніку. Летась, напрыклад, такі прэцэдэнт быў. Здзелка выгадная, адноўлены трактар або камбайн каштуе ў некалькі разоў танней, а працуе не горш за новы.

У тэму

На Магілёўшчыне завершана ўборка на больш чым 86 працэнтах плошчаў збожжавых і зернебабовых. У сярэднім за суткі ўбіраецца амаль тры працэнты пасяўных плошчаў. У вобласці ставіліся планы пераадолець сёлета мільённую мяжу. І прагнозы, здаецца, спраўджваюцца. Для параўнання: летась было сабрана 975 тысяч тон зерневых і зернебабовых.

Хлебаробы Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў першымі намалацілі кожны больш за 100 тысяч тон збожжа. Шклоўскі раён лідзіруе таксама па ўраджайнасці, сярэдняя тут складае 50 ц/га. Сярод гаспадарак самыя высокія паказчыкі па ўраджайнасці ў кіраўскага СВК «Світанак імя К. Арлоўскага» (63,2 ц/г) і бабруйскага СВК «Гігант» (68 ц/г).

Запаветны рубеж у тры тысячы тон на экіпаж яшчэ на мінулым тыдні пераадолелі камбайнеры СВК «Світанак імя К. Арлоўскага» браты Андрэй і Сяргей Дразды і экіпаж Мікалая Дарэчкіна і Яўгена Сарбаева з СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна. На гэтым тыдні да лідараў далучыліся Алег Вяроўкін і Максім Быкаў — камбайнеры СВК «Гігант» Бабруйскага раёна.

На раніцу 23 жніўня на Магілёўшчыне было таксама 17 экіпажаў двухтысячнікаў і 250 —тысячнікаў.

Асобныя гаспадаркі ўжо закончылі жніво і дапамагаюць іншым. У іх ліку слаўгарадскі КСУП «Наша Радзіма», дзе прыбралі свае гектары і паехалі дапамагаць агракомплексу «Светлы» ў Чэрыкаўскі раён. Салідарнасць хлебаробаў прадыктавана жаданнем дапамагчы суседзям хутчэй завяршыць уборку збожжавых і пачаць закладку ўраджаю наступнага года.

На працягу ўсёй уборачнай працоўны дух на палях падтрымліваюць прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улад, грамадскіх арганізацый. Толькі па лініі прафсаюзаў падзякамі і грашовымі прэміямі на 22 жніўня на Магілёўшчыне былі адзначаны 128 перадавікоў. Прафсаюзы вядуць кантроль таксама за стварэннем камфортных умоў для работы камбайнераў, кіроўцаў і ўсіх, хто задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі.

— Сёння ўсе мы, пачынаючы ад кіраўнікоў пярвічных прафсаюзных арганізацый, выязджаем у палі, каб забяспечыць бяспеку працы работнікаў уборачнай кампаніі, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Янкоў. — На пастаянным кантролі прафсаюзаў — наяўнасць гарачага харчавання і ўмовы прыёму ежы, работа душавых і туалетных пакояў, стан камбайнаў і экіпіроўка камбайнераў, кіроўцаў. Вылучаем сродкі для набыцця кухоннага інвентару, фінансава заахвочваем перадавікоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Фота з сайта bуkhоv.gоv.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?