Вы тут

Арганізатары «Лістапада» павінны ўзяць новую вышыню


Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» павінен быць арганізаваны на высокім узроўні. Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні кінафестывалю, перадае БелТА.


Фота: БелТА

«Хутка Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” зноў расчыніць свае дзверы для знатакоў кінамастацтва і ўсіх жадаючых далучыцца да лепшых узораў айчыннага і сусветнага кінематографа. Ні для каго не сакрэт, што наш фестываль — выдатная пляцоўка для наладжвання трывалых дзелавых і творчых сувязяў, абмену вопытам і добры, дзейсны інструмент міжкультурнай камунікацыі. Фанфары папярэдняга фестывалю даўно адгрымелі, і ва ўсіх была магчымасць прааналізаваць дасягнутыя вынікі, вылучыць паспяхова рэалізаваныя ідэі і навацыі, вызначыць новыя шляхі ўдасканалення работы», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што летась фестываль атрымаў добры старт з новай творчай камандай. «Дзякуючы іх прафесійнай працы ў фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэкорднай колькасці краін – 54. Пашырылася геаграфія ўдзельнікаў, паднялі і якасную планку. На гэты год мы павінны паставіць сабе новую мэту і ўзяць новую вышыню. У сувязі з гэтым на арганізатараў і на дырэкцыю кінафестывалю кладзецца вельмі вялікая і адказная праца па забеспячэнні высокага ўзроўню правядзення гэтага міжнароднага форуму», — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Сёлета «Лістапад» плануецца правесці 4-11 лістапада ў Мінску. «У нас Год гістарычнай памяці, і гэтая праблематыка будзе праходзіць чырвонай ніткай. Будзе прадэманстравана калекцыя “Беларусьфільма”, будзе вельмі цікава. Таксама мы захаваем практыку падлучэння нашых рэгіёнаў да прагляду прэм’ерных паказаў конкурсных фільмаў — яна сябе апраўдала. Акрамя таго, у Мінску будуць сустракацца кінематаграфісты, артысты, уносіць новыя ідэі, каб кінамастацтва развівалася і злучала нашы народы. Спадзяюся, што мы парадуем не толькі беларускага кінаглядача, але і ўсіх аматараў кіно новымі падыходамі, новымі ідэямі і новымі фільмамі», — дадаў намеснік прэм’ер-міністра.

«За той кароткі тэрмін, які застаўся да старту фестывалю, нам трэба будзе зрабіць вельмі многае. Ёсць пытанні, да вырашэння якіх неабходна падыходзіць вельмі ўважліва і з усёй адказнасцю. Гэта запрашэнне замежных гасцей і ўдзельнікаў, падбор складаў журы конкурсных праграм, пошук партнёраў і спонсараў, новых форм узаемадзеяння прадстаўнікоў кінематаграфічнай супольнасці. Асаблівую ўвагу трэба надаць прапрацоўцы кандыдатур на ўручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і прыза “За гуманізм і духоўнасць у кіно”», — рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Паводле інфармацыі Telegram-канала Міністэрства культуры, традыцыйна гледачам будуць прапанаваныя да прагляду фільмы-канкурсанты, а таксама шырокая пазаконкурсная і рэтраспектыўная праграмы, сустрэчы, майстар-класы, выставы. Як і ў мінулым годзе, конкурсныя працы будуць паказаны не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. У Оршы, як культурнай сталіцы гэтага года, пройдзе сустрэча з кінематаграфістамі з краін — удзельніц фестывалю.

Акрамя традыцыйных намінацый ігравога, неігравога кіно, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», конкурсная праграма гэтага года ўключае новую намінацыю — анімацыйнае кіно.

Журы вызначыць лепшыя кінастужкі ў кожнай з намінацый. Па традыцыі будзе ўручаны і прыз імя беларускага кінарэжысёра Віктара Турава. У гэтым годзе стаць яго уладальнікам можна будзе незалежна ад намінацыі.

Яшчэ адна навацыя 28-га кінафоруму — пітчынгі (прэзентацыі) студэнцкіх фільмаў, а таксама кінапраекты, прысвечаныя перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кінафестываль «Лістапад» дэбютаваў у 1994 годзе і быў закліканы аб’ядноўваць лепшыя карціны, створаныя на постсавецкай прасторы. У першых форумах прымалі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.