Вы тут

Усё пра анлайн-, афлайн- курсы і дадатковую адукацыю


Лета практычна скончылася — пра гэта нагадвае рэклама анлайн- і афлайн- курсаў, студый, секцый і іншых устаноў, якія прапануюць адукацыю і развіццё дзецям і дарослым. Як не згубіцца ў іх разнастайнасці?


Нейрабіёлагі сцвярджаюць, што атрыманне новых ведаў і навыкаў — практычна панацэя ад усіх «узроставых» бед мозгу. Псіхолагі дадаюць, што найлепшы адпачынак — змена працоўнай дзейнасці, а вывучэнне чаго б там ні было (ад замежных моў да ўсходніх танцаў) у любым узросце дорыць канкрэтныя мэты і ратуе ад дэпрэсіі. І, нарэшце, менеджары па персанале вылучаюць, мабыць, самы важкі аргумент: дадатковая адукацыя дазваляе павысіць кваліфікацыю (чытай — аплату працы), пашырае магчымасці працаўладкавання, і часам з яе дапамогай можна перайсці ў зусім новую прафесію. Гадоў 50 таму «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца» з плакатаў раіў Уладзімір Ільіч. У сучасных сур'ёзных кампаніях, дзе працаваць прэстыжна, а зарабляюць годна, выкарыстоўваецца тэрмін lіfеlоng lеаrnіng (навучанне даўжынёю ў жыццё). Ну, а ў народзе кажуць: «Веды за плячыма не насіць». Такім чынам, па прыкладзе ўласных дзяцей дарослым таксама будзе не лішнім з верасня сесці за ўмоўную «парту». Тым больш у наш час актыўна развіваюцца дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі, і магчымасцяў для навучання — на любы густ, графік і кашалёк. Патрэбныя толькі жаданне і матывацыя.

Але з гэтай апошняй ёсць пытанні... Падлічана, што да канца самых розных анлайн-курсаў у сярэднім даходзіць каля паловы першапачатковага набору — астатнія паступова сыходзяць з дыстанцыі. Большы працэнт дасягае заканчэння курсаў, дзе заняткі праводзяцца «ўжывую», але гэта таксама не 100 % і часта нават не 80. Псіхолагі кажуць: парыў «О, цікава!» па меры навучання змяняецца разуменнем, што на самай справе чалавеку гэта не трэба і ён не гатовы прыкладаць намаганні, якіх патрабуюць выкладчыкі. Каб не марнаваць грошы, лепш дакладна сфармуляваць для сябе, якой вы бачыце канкрэтную мэту тых ці іншых заняткаў, раяць яны.

Новыя веды — новае жыццё?

Пройдземся па самых запатрабаваных на сёння адукацыйных і развіццёвых напрамках. І пачнём з дадатковай адукацыі, так ці інакш звязанай з магчымасцю працы і заробку. Не будзем спыняцца на «павышэнні кваліфікацыі»: парады тут залішнія: спецыяліст і сам ведае, што яму патрэбна. А вось калі захацелася вывучыць нешта, мала звязанае ці ўвогуле не звязанае з асноўнай прафесіяй? Тут лідзіруюць два напрамкі: першы, зразумела, ІТ-курсы і другі — вывучэнне замежных моў.

Пра тое, што веды ў сферы ІT-тэхналогій дазваляюць мець высокія заробкі, сёння вядома ўсім і кожнаму. У ВНУ самыя высокія конкурсы — на «айцішныя» спецыяльнасці. І калі вы выгарэлі на сваёй працы або не можаце працаўладкавацца, вас, хутчэй за ўсё, ужо наведвала думка аб ІT-курсах.

Але выкладчыкі гэтых курсаў кажуць пра тое, што так званая ІT-сфера — гэта цэлы спектр прафесій, і калі вы далёкія ад яе, то зразумець, што ж канкрэтна вы хочаце вывучаць і чым займацца, часам складана. І перш за ўсё важна зразумець: калі ў вас не лагічнае, матэматычнае або інжынернае мысленне, калі вы ярка выражаны гуманітарый, хутчэй за ўсё, вам будзе на такіх курсах складана, сумна. І нават калі на сіле волі вы зможаце іх скончыць, наўрад ці ў гэтым будзе сэнс. Тым больш што тыя самыя «айцішнікі», якія добра зарабляюць, — гэта людзі з профільнай універсітэцкай адукацыяй плюс курсы, плюс практыка. Іншая справа — калі ваша адукацыя або род заняткаў былі звязаны з сумежнымі сферамі або з дакладнымі навукамі — цалкам магчыма, «айцішныя» курсы дадуць у гэтым выпадку чаканы вынік, асабліва калі вы ясна разумееце, чаго ад іх чакаеце.

— Дадатковая адукацыя сапраўды можа змяніць ваша жыццё, вы можаце знайсці працу ў іншай галіне, — кажа Іван, выкладчык курсаў праграмавання ў Мінску. — Але да пытання трэба падысці сур'ёзна. Пачніце з вывучэння вакансій, якія вам былі б цікавыя, а таксама патрабаванняў кампаній да спецыялістаў, якіх яны шукаюць. Пазнаёмцеся з навучальнымі праграмамі курсаў, суаднясіце першае і другое. Важна разумець: у кардынальна новую сферу з аднымі толькі курсамі ўвайсці не атрымаецца. Спатрэбяцца гады вучобы і практыкі. Можа быць, лепш выбраць сумежную спецыяльнасць: дасягнуць у ёй поспеху больш рэальна, чым у цалкам новай для вас галіне.

А вось для дзяцей ІT-курсы — гэта выдатны варыянт. Псіхолагі раяць: пакуль дзіцяці не прыйшоў час выбіраць прафесію, паспрабаваць як мага больш розных курсаў, заняткаў і секцый. Гэта дапаможа зразумець, да чаго ў малога або падлетка ёсць схільнасць, што яму цікава. Але бацькам лепш знізіць чаканні: наўрад ці ІT-курсы стануць «пачаткам вялікага шляху». Больш разумна ставіцца да іх гэтак жа, як, скажам, да секцыі таэквандо або тэатральнай студыі: карысна, развівае, дазваляе дзіцяці больш даведацца пра сябе — і не больш.

Аб чым размова?

Моўныя курсы — яшчэ адзін запатрабаваны кірунак дадатковай адукацыі. Замежную мову вывучыць модна і карысна, «мовамі не валодаць» у нашы дні — неяк няёмка. Найбольш запатрабаваная для вывучэння з замежных, відавочна, англійская. Прапанова тут велізарная, ёсць анлайн- і афлайн-варыянты, групы і індывідуальныя заняткі.

— Выбіраць групу або форму заняткаў «сам-насам» трэба зыходзячы з вашага характару, — тлумачыць Ігар, выкладчык англійскай мовы адной з найстарэйшых моўных школ Беларусі. — Група дазваляе мець камунікацыю, заняткі «адзін на адзін» — лепш засяроджвацца на матэрыяле. Калі вы пачынаеце з нуля («у школе вывучаў, потым забыўся»), то я раю выбраць групу. Па-першае, гэта танней, па-другое, весялей, плюс калі ўсе пачынаюць з нуля, то матывуюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Калі ж пэўная база ў вас ужо ёсць і ваша задача — ліквідаваць прабелы, то лепш выбраць індывідуальныя заняткі: выкладчык пабудуе праграму канкрэтна пад вас і надасць больш увагі таму, што вы хочаце падцягнуць (граматыку, гаворку і г. д.).

Але самае галоўнае для вывучэння любой замежнай мовы — наяўнасць выразнай матывацыі, дакладнае, а не расплывістае разуменне мэты. Таму што вывучэнне мовы патрабуе ад вучня (у дадзеным выпадку — ад дарослага чалавека, які, з аднаго боку, ужо адвык вучыцца, з другога — да заняткаў паспеў адпрацаваць 8 гадзін) сур'ёзнай і досыць манатоннай працы, і без рэальнай мэты жаданне яе рабіць хутка знікне.

— «Падарожжы» — няправільная матывацыя. Для падарожжаў замежная мова не патрэбная, дастаткова размоўніка або дадатку ў смартфоне. «Для агульнага развіцця», «каб чытаць Шэкспіра ў арыгінале» — таксама не будзе працаваць. Самая дзейсная матывацыя — канкрэтная перспектыва кар'ернага росту або працаўладкавання.

Каб дасягнуць нейкага рэальнага выніку ў вывучэнні замежнай мовы і ўбачыць свой прагрэс самому, патрабуецца не менш за паўгода. «Праз месяц вы загаворыце па-англійску з нуля» — не больш чым рэкламны ход, нічога агульнага з рэальнасцю ён не мае, кажа суразмоўца.

— Абавязковая ўмова — шмат працаваць самастойна. Рабіць хатнія заданні, вучыць словы, у ідэале — слухаць аўдыёкнігі і глядзець фільмы на той мове, якую вывучаеце.

Што датычыцца дзяцей, то аптымальны ўзрост для вывучэння замежнай мовы — 6-7 гадоў, адзначаюць выкладчыкі. Калі бацькі самі не гавораць на дадзенай мове і дома яна не гучыць, спрабаваць зрабіць з дзіцяці паліглота раней не варта. І менавіта для дзяцей лепш выбіраць групу. Бо мова апрыёры — сродак камунікацыі. У групе дзіця вучыцца ўспрымаць замежную мову на слых і мець зносіны на ёй. Індывідуальныя заняткі пажаданыя, толькі калі трэба дасягнуць канкрэтнай мэты — напрыклад, падрыхтавацца да іспыту.

— Пры вывучэнні замежнай мовы дзіцем прынцыповы бацькоўскі кантроль. Аб важнасці выканання хатніх заданняў я ўжо казаў — без гэтага заняткі стануць пустым марнаваннем грошай. Яшчэ адзін складнік поспеху — зваротная сувязь з выкладчыкам. Яе наяўнасць абавязкова трэба ўдакладніць пры выбары моўных курсаў.

Не толькі змест, але і форма

Многія вырашаюць з верасня прапампаваць не мозг (ну, або не толькі мозг), а мышцы. У трэнажорных залах, у жніўні гулкіх і пустых, з верасня пачынаецца бум. Праўда, да пачатку лістапада вельмі многія з тых, хто прыйшоў у верасні, вырашаюць: «Трэнажорка — усё ж не маё».

— Першыя бачныя ў люстэрку станоўчыя перамены прыйдуць толькі праз паўтара-два месяцы, — распавядае Мікіта, інструктар адной з сетак трэнажорных залаў. — Крыўдна, калі людзі перастаюць хадзіць у залу, не дайшоўшы да гэтага моманту. Так бывае, калі чалавек першапачаткова прыходзіць з няправільнай матывацыяй — як мы кажам, «для сэлфі».

Але, акрамя выкінутых на вецер грошай, двух месяцаў цалкам дастаткова, каб пры няправільных занятках нанесці шкоду здароўю або атрымаць траўму.

— Трэнажорная зала можа быць дастаткова траўматычным месцам, таму вельмі важна хаця б напачатку займацца з трэнерам, і трэнер павінен быць адукаваным. Я наогул раіў бы прыходзіць не «ў залу», а «да трэнера».

Знайсці добрага трэнера «па качу» — задача не простая, адзначае суразмоўца. Памятайце: знешні выгляд трэнера — не гарантыя яго ведаў. Рэльефныя мышцы і фігура Апалона кажуць у першую чаргу аб добрай генетыцы, па-другое, могуць быць вынікам «дыеты са стэроідаў». Ну, а па-трэцяе, не кожны добры спартсмен заадно і добры трэнер. Правіла такое: знаёмства з трэнерам павінна пачынацца з яго пытанняў да вас. Перш за ўсё, ён павінен распытаць аб вашых мэтах (схуднець, набраць, падкарэкціраваць постаць і г. д.), а таксама аб стане здароўя (наяўнасць хвароб суставаў, сардэчна-сасудзістых захворванняў і г. д.).

— Цікава, што апошнім часам у нашай сферы з'явілася досыць шмат трэнераў-дзяўчат, і калі хлопцы часта ідуць па схеме «бяры больш — кідай далей», то дзяўчаты звычайна падыходзяць да пытання скрупулёзна, шмат чытаюць і будуюць трэніроўкі, што называецца, «па навуцы».

Так што, калі выбераце трэнера-дзяўчыну, у вас з'явіцца больш шанцаў атрымаць сапраўды прафесійныя трэніроўкі. А ў цэлым, выбіраючы любую спартыўную секцыю для сябе і асабліва для дзіцяці, задайце трэнеру пытанне аб яго фізкультурнай адукацыі: дзе ён яе атрымліваў і ці можа пацвердзіць дыпломам. А таксама распытайце аб яго спартыўных дасягненнях, раіць трэнер клуба адзінаборстваў Міхаіл.

— Многія бацькі дапускаюць памылку — не задаюць такіх пытанняў трэнеру свайго дзіцяці. Не бойцеся пытацца: «Якую адукацыйную ўстанову вы заканчвалі? Дзе выступалі?». Нармальны трэнер ахвотна раскажа і аб сваёй адукацыі, і аб спартыўнай кар'еры. Бо ніякі «чорны-прычорны пояс» трэнера не адмяняе неабходнасці фізкультурнай адукацыі, асабліва калі ён працуе з дзецьмі (ды і з дарослымі вучнямі гэта таксама важна). І яшчэ: лепш арыентавацца на клубы, што зарэкамендавалі сябе. Тым больш у Беларусі ёсць спартыўныя клубы сусветнага ўзроўню. Яны на слыху, іх назвы — міжнародныя брэнды, і гэта гарантыя, што трэнеры там дакладна не нашкодзяць навучэнцам.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.