Вы тут

«Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» на «Беларусь 3»


На наступным тыдні традыцыйна пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Свята будзе мець шмат цікавых і адметных акцэнтаў і падзей. Не абмінуць іх увагай і ў тэлеэфіры. Сярод найбольш адметных падзей — і 95-годдзе з дня нараджэня пісьменніка, кінасцэнарыста, публіцыста, грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. На сацыякультурным канале «Беларусь 3» пакажуць кінараманы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», знятыя па матывах рамана беларускага класіка.


Абодва фільмы з'яўляюцца экранізацыяй дылогіі «Партызаны» (у творы пісьменнік апісаў падзеі свайго ваеннага дзяцінства), а даў ім новае жыццё на кінастудыі «Беларусьфільм» легендарны рэжысёр Віктар Тураў. Так, у суботу ўбачым кінастужку «Вайна пад стрэхамі» (1967 г.). Яе дзеянне пераносіць гледача ў часы пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Не здолеўшы эвакуіравацца, застаецца ў акупацыі ў невялікім беларускім паселішчы сям'я Ганны Міхайлаўны Корзун. Жанчына па прафесіі — аптэкар, яна пачынае дапамагаць партызанам, але разам з тым імкнецца засцерагчы ад небяспекі дзяцей. А людзі, якія засталіся на захопленай тэрыторыі, нібы раздзяліліся. Адны жадаюць змагацца і біць ворагаў, як, напрыклад, мастак, вымушаны апрануць для выгляду шынель паліцая. Іншыя ж проста ідуць служыць у паліцыю, таму што ім так выгадней і савецкую ўладу яны не любяць. Ёсць там і трэцяя катэгорыя — людзі, якія спадзяюцца проста адседзецца, назіраючы за ўсімі падзеямі, каб іх не чапалі ні немцы, ні партызаны. Аднак кожны сутыкаецца з неабходнасцю выбару — ці ўступаць ім, мірным людзям, у барацьбу з фашыстамі.

Трэба адзначыць, што Алесь Адамовіч у сваіх творах заўсёды асэнсоўваў прыроду чалавека і яго паводзіны ў экстрэмальных умовах ваеннага часу. Таксама ён наглядна паказваў антычалавечную сутнасць фашызму, даследаваў псіхалогію здрадніцтва. Яго літаратурныя работы знайшлі ўвасабленне і працягваюць жыць у тэатральных пастаноўках, на радыёхвалях і на кінаэкранах.

Другая частка кінадылогіі Віктара Турава пра беларускіх партызанаў «Сыны ідуць у бой» (1969 г.) распавядае ўжо пра перыяд напярэдадні вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Ганна Корзун і яе сыны Анатоль і Аляксей знаходзяцца ў партызанскім атрадзе. І пад кіраўніцтвам вопытных партызанаў Пятроўскага, Карэннага і Пінчука хлопцы бяруць удзел у складаных аперацыях. Анатоль Корзун знаёміцца з нямой Лінай, якая толькі што з'явілася ў атрадзе. А пасля партызаны затрымліваюць у сваім размяшчэнні невядомага і даручаюць Анатолю сцерагчы яго. Затрыманы спрабуе ўцячы, і Корзун страляе ў яго, а пасля цяжка перажывае тое, што здарылася. Разам з тым, паміж маладымі партызанамі Карэнным і Пінчуком складваюцца няпростыя адносіны, бо высвятляецца, што ім абодвум падабаецца адна і тая ж жанчына — медсястра Ксенія, якой бліжэй Карэнны... І калі фашыстам удаецца блакіраваць партызанскі атрад, Пінчук у адзіночку ўступае ў бой, каб адцягнуць увагу немцаў ад таго месца, дзе павінен прызямліцца самалёт для эвакуацыі на Вялікую зямлю дзяцей і параненых...

У абодвух фільмах пра адважных людзей, якія баранілі родную зямлю і жыцці блізкіх, зняўся шэраг выдатных акцёраў. Сярод іх Ніна Ургант, Аляксанд Захараў, Уладзімір Мартынаў, Дзмітрый Капка, Юрый Гарабец, Святлана Сухавей і іншыя. Таксама ў другім фільме можна пачуць песні Уладзіміра Высоцкага на музыку Станіслава Пажлакова. (Распавядалі, што сам бард зняўся ў кароткім эпізодзе, але ў канчатковы варыянт той не трапіў). Не прапусціце кінасеанс у нядзелю днём і ў вячэрнім эфіры (4 верасня).

А калі каму захочацца працягнуць кіназнаёмства з творамі Алеся Адамовіча, то можна ўжо самастойна паглядзець кінастужку Элема Клімава «Ідзі і глядзі» (1985 г.). Гэтая работа зроблена на аснове «Хатынскай аповесці» пісьменніка. Здымкі фільма доўжыліся сем гадоў, аднак у рэшце рэшт мы маем магчымасць зноў і зноў асэнсоўваць жахі і падзеі мінулага, якое ні ў якім разе нельга забываць.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.