Вы тут

Эксперты абмеркавалі выхаванне моладзі з улікам геапалітычнай абстаноўкі


Пра гэта ішла размова на штогадовай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, якая прайшла сёння з удзелам педагагічных кадраў вобласці, прадстаўнікоў выканаўчай і прадстаўнічай улады, грамадскіх дзеячаў. У рамках яе адбылася дыялогавая пляцоўка «Актуальныя праблемы геапалітыкі.» 


— Сёння, калі мы рыхтуемся да насычанай педагагічнай работы, звяраем гадзіннікі і настройваем тонкі арганізм педагагічнага калектыву на зладжаную дзейнасць, мы вырашылі зрабіць акцэнт на некаторыя важныя ў гэтым кірунку моманты, — звярнуўся да прысутных намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Вядома, што школа — гэта месца, дзе не толькі даюць веды, але і праводзяць вялікую выхаваўчую работу. Ва ўмовах сённяшняй складанай геапалітычнай абстаноўкі асабліва важна правільна расставіць акцэнты. А для ўсяго гэтага нам самім патрэбны і веды, і настрой, каб ведаць, як працаваць з дзецьмі і іх бацькамі. Таму і сённяшнюю педагагічную канферэнцыю мы пачынаем з дыялогавай пляцоўкі, дзе можна пачуць меркаванні экспертаў і задаць ім пытанні. 

У якасці спікераў выступілі палітолаг Юрый Шаўцоў і дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір», старшыня грамадскага аб’яднання Беларускі Саюз жанчын Вольга Шпілеўская. У сваіх прамовах выступоўцы закранулі тэму пра месца Беларусі ў той геапалітычнай сістэме, якая сёння ўтвараецца. Вольга Шпілеўская звярнула ўвагу на тое, што калі ад нас у геапалітычным плане нічога не залежаць, то выхаваць дзяцей, якія будуць з павагай і любоўю ставіцца да роднай краіны і яе кіраўніцтва, наш абавязак. 

— Гэта важна тлумачыць і бацькам школьнікаў, бо дзеці заўсёды капіруюць дарослых, — падкрэсліла яна. — Мы прывыклі бачыць, што ў нас усё добра і не ўспрымаем гэта як каштоўнасць, нам хочацца чагосьці большага. Але мы павінны цаніць тое, што ёсць, бо на прыкладах бачым, як лёгка гэта страціць. Важна прагаворваць відавочныя рэчы, каб дзеці гэта адчулі. 

Спікер таксама падзялілася планамі наконт будучай дзейнасці Беларускага Саюза жанчын.

— Пазамінулы год «перазагрузіў» грамадскія арганізацыі і настроіў іх на работу на новы лад, — рэзюмавала яна. — У нас грандыёзныя планы па рэалізацыі ініцыятыў з месцаў, па ўдасканальванні работы нашай арганізацыі. Калі мы будзем працаваць не дзеля галачкі, мы будзем — сіла.

Свае меркаванні на тэму геапалітыкі, грамадскіх арганізацый і выхавання дзяцей выказаў і папулярны аглядальнік АНТ Ігар Тур, які далучыўся да размовы анлайн. На яго погляд, трэба больш уважліва прыслухоўвацца да прапаноў моладзі, і не прымушаць іх дзейнічаць пад прымусам. Дастаткова проста гадаваць добрых і разумных людзей. А яшчэ трэба падымаць імідж войску, каб моладзь асабіста пераканалася, што быць вайскоўцам прэстыжна. Што датычыцца грамадскіх арганізацый, то яны павінны больш актыўна дэманстраваць свае перавагі перад іншымі, каб у людзей узнікала жаданне далучыцца да таго ці іншага «саюза» самастойна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.