Вы тут

Лукашэнка: Трэба распранацца, напружвацца і працаваць


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Мінскі механічны завод імя С. І. Вавілава — кіруючую кампанію холдынга «БелОМА». Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сучаснымі распрацоўкамі оптыка-электроннага прыборабудавання, перспектывамі развіцця высокадакладнай тэхнікі айчыннай вытворчасці.


Холдынг «БелОМА» (Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне) з'яўляецца ўніверсальным шматпрофільным аб'яднаннем, якое спецыялізуецца на распрацоўцы, канструяванні і вытворчасці лазерных, оптыка-электронных і оптыка-механічных прыбораў і сістэм. Разам з прадукцыяй аптычнага профілю прадпрыемства выпускае кампаненты тармазных сістэм велікагрузных аўтамабіляў, бытавыя прыборы ўліку газу, абагравальнікі для агульнага і лакальнага абагрэву памяшканняў, тавары народнага спажывання і іншае.

Нягледзячы на сусветны эканамічны крызіс і санкцыі, прадпрыемства развіваецца. Аб гэтым сведчыць хаця б той факт, што інавацыйная прадукцыя «БелОМА» экспартуецца больш як у 30 краін свету. Больш канкрэтна аб фінансава-эканамічным стане холдынга беларускаму прэзідэнту далажыў генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мароз. Ён расказаў, што аб'ёмы вытворчасці растуць, запазычанасці па заробках няма, сацыяльныя абавязацельствы перад супрацоўнікамі таксама выконваюцца. Усе прадпрыемствы холдынга, па словах Аляксандра Мароза, працуюць стабільна, з чыстым прыбыткам, выконваюць усе паказчыкі. Ён адзначыў, што большую частку прадукцыі — а гэта 65 % — прадпрыемствы «БелОМА» пастаўляюць на экспарт, пры гэтым палову з гэтага — у краіны далёкага замежжа.

Вышэй за сусветны ўзровень

Прэзідэнт пацікавіўся адным з найбольш перспектыўных праектаў — стварэннем сістэм ABS і EBS тармазнога прывада велікагрузных аўтамабіляў. Праектам прадугледжана вытворчасць новых інавацыйных імпартазамяшчальных вырабаў для камплектацыі не толькі велікагрузаў, але і аўтобусаў, тралейбусаў, сельскагаспадарчай тэхнікі. Кірунак вельмі запатрабаваны. «Расія ўся ў чарзе стаіць, — заўважыў Аляксандр Мароз. — Мы канкурыравалі з імі, але цяпер з'явілася ніша, таму наша задача — гэтую нішу заняць».

«Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло», — каторы раз рэзюмаваў беларускі лідар, звярнуўшы ўвагу на тое, што адным з прадпрыемстваў холдынга з'яўляецца «Зеніт», дзе ў свой час стваралі знакамітыя фотаапараты. Цяпер жа, па словах кіраўніка дзяржавы, папулярнасцю карыстаецца імпартная тэхніка. У сувязі з гэтым Прэзідэнту расказалі, што неўзабаве завод «Зеніт», які знаходзіцца ў Вілейцы, атрымае новае дыханне. Рэалізацыя буйнога праекта запланавана і ў Рагачове. Там будуць створаны новыя высокавытворчыя працоўныя месцы, не абыдзецца і без сучасных тэхналогій. Развіваць вытворчасці ў малых гарадах — такую задачу ставіць перад сабой кіраўніцтва прадпрыемства.

Прэзідэнту прадэманстравалі асноўную прадукцыю, на якой спецыялізуецца прадпрыемства, — аптычныя вырабы. Оптыка складае 51 % ад агульнага аб'ёму вытворчасці. «Аднак гэта вытворчая оптыка, — удакладніў кіраўнік холдынга. — Калі сюды яшчэ дабавіць навуку, то аптычнай (прадукцыі. — «Зв.») будзе звыш 60 %».

Азнаёміўся кіраўнік дзяржавы і з вытворчым працэсам. «Грошы трэба ўкладваць у тыя кірункі, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Трэба тут паглыбляцца, пашырацца. Калі ёсць попыт, трэба гэта ствараць і даводзіць да сусветнага ўзроўню, вышэй за сусветны ўзровень, бо на сусветным вы і так знаходзіцеся. Гэта цяпер тэхніка нумар адзін». Беларускі лідар назваў прадпрыемства супервытворчасцю, дзе працуюць слесар і акадэмік у адной звязцы.

«Суверэнітэт і незалежнасць — рэчы непарушныя»

Пасля агляду прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з журналістамі. Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, Прэзідэнт пракаментаваў нядаўнія заяўленні Олафа Шольца пра размову з Уладзімірам Пуціным. Канцлер Германіі расказаў, што Прэзідэнт Расіі нібыта адмаўляў незалежнасць Беларусі і Расіі. «Шольц — гэта пацан, які нічога не разумее і разумець не хоча ў палітыцы. Такія размовы паміж кіраўнікамі дзяржаў маюць абсалютна закрыты характар. Аб размове можна казаць і яе апублікаваць толькі са згоды чалавека на тым канцы провада. Ён павінен быў дамовіцца з Пуціным. Памятайце, Макрон перад журналістамі «піярыўся», што ён там сказаў Пуціну. Гэта драбната, так нельга», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што на такія фэйкі не звяртае ўвагі, асабліва ведаючы пункт гледжання Прэзідэнта Расіі. «Суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы — рэчы непарушныя. Усё. Калі пытанне датычыцца нашай незалежнасці, я з гэтымі людзьмі нават не размаўляю, якую б яны дзяржаву ні прадстаўлялі. Так было з амерыканцамі, з французамі і будзе заўсёды», — канстатаваў беларускі лідар.

Журналісты не змаглі пакінуць без увагі і ўкраінскую тэму. Нагадаем, на гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Украіну з Днём Незалежнасці, што выклікала зусім не святочную рэакцыю. Адзін з дэпутатаў нават стаў пагражаць фізічнай расправай, за што Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла ў дачыненні да яго крымінальную справу. Прэзідэнт адзначыў, што на гэта ён нават не звярнуў увагі. І падкрэсліў, што не мог не павіншаваць украінскі народ, паколькі адчувае да Украіны цёплыя пачуцці — тут аб'ядналася і асабістае, і дзяржаўнае. «Мае карані прапрадзедаў закапаны паміж Чарнігавам і Кіевам. Прозвішча само пра сябе гаворыць, дзякуй богу захавалі. Украіна — гэта нашы суседзі. Іх не выбіраюць, гэта ад Бога. А раз ад Госпада Бога, мы павінны ставіцца да іх адпаведна. Гэта нашы людзі, гэта славяне, мы ўсе ад аднаго кораня. Я заўсёды захапляўся Украінай. Я вельмі добра ведаю заходнюю Украіну, я там служыў. Асабіста ў мяне вельмі добрыя адносіны да ўкраінцаў», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ўкраінцы — ніякія не «нацыкі». «Нацыкі» — гэта тыя, хто зверху, пачынаючы ад тых, хто курыць, нюхае, п'е і потым вякае з экранаў тэлевізараў», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо на другі дзень канфлікту Расіі і Украіны ён ініцыяваў мірныя перагаворы. «З Зяленскім як з дзіцем вазіўся», — сказаў ён. Але перагаворны працэс зайшоў у тупік. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што нядаўна Злучаныя Штаты паабяцалі аказаць Украіне ваенную дапамогу на $3 млрд. «Для таго, каб украінцы гінулі і ў далейшым», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што вайна хутка скончыцца, а адказваць камусьці давядзецца. І не толькі маральна. Таму, па яго словах, трэба на кагосьці гэтую адказнасць перакласці. «Вось яны ўсім светам спрабуюць гэта зваліць на Лукашэнку і Пуціна. Не атрымаецца. Гэта толькі пачатак. Мы вось, здаецца, столькі перажылі з 2020 года, столькі нацярпеліся. Самае цяжкае — наперадзе. Нам трэба завесціся зараз, выкарыстоўваць момант, заняць нішы і зрабіць усё, каб працавала эканоміка і не было вайны. Вось што вельмі важна цяпер. Гэта мая задача, мая мэта. Бачу, што паціху мы яе дасягаем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Будучыня Еўропы толькі з намі, з Расіяй»

Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне і наконт сітуацыі ў Еўрапейскім саюзе. «Дастатку ў іх ужо не будзе. Ім зараз давядзецца плаціць па рахунках і на ўсю катушку», — звярнуў увагу ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, калі раней Расія прадавала Германіі і іншым краінам ЕС газ на 50 працэнтаў танней, чым магла, ФРГ і іншыя краіны за кошт гэтага былі «ў шакаладзе» — значыць багатымі. «Цяпер «дурніца» скончылася. Больш за тое, «уклаліся» ва ўкраінскую авантуру, пандэмія, лакдаўны, раскідванне з верталёта грошай. Вось яно зараз усё вылазіць. Праблем шмат, і багацця ў іх сапраўды больш не будзе. Трэба распранацца, напружвацца і працаваць», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што зараз ідзе перафарматаванне свету, і яго наступствы мы ўбачым у найбліжэйшы час. Ён нагадаў, што нядаўна палякі прапанавалі распусціць Еўрапейскі саюз і адмовіцца ад еўра. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта марай ЗША. «Канфлікт Еўропы і Амерыкі пачаўся тады, калі з'явілася альтэрнатыўная валюта — еўра. Таму ўсё толькі пачынаецца. Будучыня Еўропы толькі з намі, з Расіяй. Усе рэсурсы тут. Бярыце, пераварвайце, разам будзем жыць і працаваць — і Амерыка знікне з радараў. Вось яны гэтага баяцца», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У размове з Прэзідэнтам журналісты закранулі выгрузку ваеннай тэхнікі ЗША ў рамках аперацыі «Атлантычная рашучасць». Верталёты і абсталяванне плануюць перакінуць у тым ліку і ў краіны Усходняй Еўропы. «Яны павінны разумець, што ніякія верталёты, самалёты, калі яны пойдуць на абвастрэнне, іх не выратуюць. Мы некалі з Пуціным заявілі, што пераабсталюем і беларускія самалёты СУ-25 для таго, каб яны маглі несці ядзерную зброю. Усё гатова! Таму няхай прывозяць. Я іх папярэдзіў: не дай бог, нейкая сур'ёзная правакацыя супраць Беларусі — мэты ў нас вызначаны. Цэнтры прыняцця рашэнняў, мы іх ведаем. Я не пагражаю нікому», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падстаў для хвалявання няма. Па яго словах, яны глядзяць за намі, а мы глядзім за імі.

Каб зарабіць, трэба варушыцца

Адказваючы на пытанне, ці гатовы сёння людзі на месцах працаваць і прымаць рашэнні, Прэзідэнт заўважыў: «Калі нехта не гатовы — прымусім, не можа — навучым». І парэкамендаваў рабіць, як ён, — працаздольнасці, любові да зямлі ў кіраўніка дзяржавы сапраўды варта павучыцца. «І калі вы правільна заўважылі, што я «бегаю» па краіне і рухаюся, то я не дазволю камусьці проста скласці рукі і сядзець, — сказаў ён. — І разумныя людзі, заўважыўшы гэта, пабягуць следам. Хто адстане, «упадзе», падымем — на іншую пасаду перавядзём. Хто будзе шкодзіць — самі ведаеце, што будзе».

Беларускі лідар перакананы: людзей, якія маюць дачыненне да ўборкі ўраджаю, трэба заахвочваць. «Мы адмовіліся рабіць гэта як раней на ўзроўні Прэзідэнта ў адной пэўнай кропцы, — нагадаў ён. — Кожная вобласць выбірае раён, кожны раён — гаспадарку, і там праводзіць «Дажынкі». Такім чынам мы прыводзім у парадак два дзясяткі кропак: гаспадарак, аграгарадкоў, раёнаў, вобласць».

Кіраўнік дзяржавы цвёрда перакананы: «Калі нехта хоча зарабіць, то трэба варушыцца». І магчымасцяў у нашай краіне для гэтага шмат. Седзячы ў тэлефоне, чакаць, што вырасце бульба, — па меншай меры абсурдна. Працаваць, па словах Аляксандра Лукашэнкі, прымушаюць нас і санкцыі. Аднак, нягледзячы на гэта, заўважыў Прэзідэнт, жывём мы нармальна. «Дай бог, каб і далей так было, — дадаў ён. — Мы беларускі народ не кінем. Будзем бегаць, але гарантуем сваю бяспеку. І харчовую ў тым ліку. У нас усё ёсць, што нам неабходна. Мы спажывём унутры краіны столькі, колькі прададзім. Больш чым сем мільярдаў долараў мы атрымаем толькі за харчаванне. А за гэтыя грошы купім і газ, і нафту, і ўсё астатняе».

Журналісты заўважылі, што толькі за апошні месяц кіраўнік дзяржавы наведаў практычна ўсе рэгіёны краіны. За выключэннем Гомельскай вобласці, — удакладніў Прэзідэнт і адразу анансаваў, што ў найбліжэйшы час пабывае і там. Не сакрэт, што такія візіты кіраўніка дзяржавы трымаюць людзей у тонусе, аднак усё роўна яны хочуць, каб да іх прыехаў Прэзідэнт. Аднак, калі глядзець аб'ектыўна, пабываць усюды беларускі лідар не можа, таму, як ён сам нядаўна казаў, перш за ўсё едзе туды, дзе можа ўбачыць нешта новае. Безумоўна, нямала сярод гэтага і таго, што здзіўляе Прэзідэнта, хоць, як ён сам прызнаецца, яго ўжо цяжка здзівіць пасля столькіх гадоў работы на гэтай пасадзе. Прадукцыя «БелОМА» — акурат тое, што і здзівіла, і парадавала. «Тут робяць унікальныя рэчы. Увесь свет стаіць да іх у чарзе, і гэта нягледзячы на санкцыі», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Таксама Прэзідэнт прывёў у прыклад будаўніцтва калгасаў з нуля, што давялося ўбачыць падчас рабочай паездкі ў Мядзельскі раён, Беларускую атамную станцыю. «Ніколі гэтым не займаліся, а сёння самі з невялікім удзелам Расіі ў любым месцы можам пабудаваць такую атамную станцыю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. І нагадаў пра яшчэ адзін буйны праект — Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, які адназначна прымушае здзіўляцца кіраўнікоў іншых дзяржаў, бо тое, што ствараецца на гэтым прадпрыемстве, могуць толькі чатыры краіны ў свеце. «Такіх прадпрыемстваў патрэбна хаця б адно ў пяцігодку, — рэзюмаваў і, можна меркаваць, паставіў задачу беларускі лідар. — У астатнім трэба ўкладваць у развіццё таго, што ёсць».

У тэму

Аляксандр Мароз: У нас ёсць адпаведныя кампетэнцыі

Як расказаў журналістам генеральны дырэктар холдынга Аляксандр Мароз, у 2021 годзе і ў першай палове 2022-га прадпрыемства выканала большасць даведзеных паказчыкаў і ўпэўнена глядзіць у канец гэтага года. «Мы ўзялі на сябе павышаныя паказчыкі па экспарце ў гэтым годзе, у разы будзем апярэджваць тыя тэмпы, якія былі загадзя запланаваны. Год ацэньваю паспяхова», — сказаў ён.

Таксама Аляксандр Мароз расказаў, што холдынг «БелОМА» прыступіў да рэалізацыі праекта па імпартазамяшчэнні, які сёння вельмі актуальны на беларускім і расійскім рынку. Гаворка ідзе аб комплекснай вытворчасці тармазной сістэмы для велікагрузных аўтамабіляў, тэхнічных канвеераў Саюзнай дзяржавы. «У нас ёсць адпаведныя кампетэнцыі ў гэтых пытаннях. Але нам трэба павялічыць лакалізацыю. Намі асвоена ўжо 70 працэнтаў усёй сістэмы, застаецца асвоіць яшчэ 30, каб ажыццяўляць камплектную пастаўку тармазных сістэм на аўтамабільныя рынкі. Гэта нам пад сілу», — адзначыў дырэктар холдынга.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.