Вы тут

Даведаліся пра музейныя праекты новага навучальнага года


Ужо лічаныя дні засталіся да пачатку новага навучальнага года. А значыць дзеці, студэнты зусім хутка зноў сустрэнуцца з настаўнікамі, сябрамі і пачнуць альбо працягнуць спазнаваць новае. Незвычайныя ўрокі ў новым навучальным годзе можна правесці не толькі ў класах, але і ў музеях, якія падрыхтавалі для школьнікаў свае цікавосткі.


Адкрыты ўрок у Мастацкім музеі

Старт новаму навучальнаму году ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея дадуць сёння. З 12 да 17 гадзін тут запланавалі вельмі насычаную праграму на любы густ і ўзрост. У раскладзе «ўрокаў» — квэст «Мінск у Музеі», які пазнаёміць з мастацкімі творамі, што адлюстроўваюць жыццё горада, «Арт-лабараторыя» дазволіць самым юным наведвальнікам «пахімічыць». На «Астраноміі» ўсіх прысутных чакае падарожжа ў свет твораў Язэпа Драздовіча. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дорыць цэлую праграму: майстар-клас па скульптуры, канцэрт-гульня «Грані нашых талентаў», пошук «Творчай шпаргалкі блогера» — каб раскрыць акцёрскі патэнцыял.

— Мерапрыемства такога фармату ў нас праводзіцца ўжо не першы раз, апрабавалі яго ў 2019 годзе, і гэта знайшло водгук сярод нашых наведвальнікаў. Але з-за пандэміі давялося працу часова спыніць, і два гады мы нічога не праводзілі. А сёлета вырашылі зноў адрадзіць праграму, надаўшы ёй свайго роду фестывальнае «гучанне», дзе будуць і канцэрты, і майстар-класы, і шмат іншых цікавых заняткаў, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Алена Машчонак. — Мерапрыемства ў нас прысвечана пачатку новага навучальнага года, таму мы вырашылі запрасіць дзяцей на пазашкольныя ўрокі ў музей. І тым самым прадэманстраваць ім, што адукацыя бывае рознай — творчай, акадэмічнай, мастацкай і можа быць у радасць. А паколькі мінулым разам да нас завітала пераважна сямейная аўдыторыя, то гэтым разам ставілі мэту зацікавіць наведвальнікаў самых розных узростаў. Так у выніку і атрымалася насычаная праграма, дзе занятак па душы знойдзецца як для самых маленькіх, так і для старэйшых школьнікаў і нават для іх бацькоў.

Вядома, не абыдзецца і без цікавых лекцый, разлічаных на больш дарослую аўдыторыю. Дызайнер Наталля Кастрама — раскажа пра тое, дзе шукаюць натхненне беларускія мадэльеры, графічны дызайнер Аляксандра Стэльмашонак — пра «Новую шчырасць каліграфіі» і яе існаванне ў сучасных умовах. Пасля лекцыі ў кампаніі філолага і педагога Іны Хазеевай можна будзе дапамагчы дзецям скласці іх уласную прафесійную траекторыю. Адметна, што на вялікім перапынку ўсіх чакаюць прагляды кіно і мультфільмаў, а па выніках мерапрыемства ўдзельнікі атрымаюць падарункі. Наведацца ў такую школу варта. Адзінае — папярэдне зазірніце на сайт музея, каб даведацца ўсе дэталі будучага візіту.

Шлях у стагоддзе і таямніцы —  у Гістарычным музеі

Тут варта звярнуць увагу адразу на некалькі праектаў. Выставачны праект «Лёс музея — лёс краіны. Шлях працягласцю ў стагоддзе» распавядзе юным наведнікам, як ствараўся музей, пазнаёміць не толькі з унікальнымі экспанатамі, але і з людзьмі, адказнымі за іх захаванне.

А вось выстаўка «Таямніцы беларускага пісьменства» — гэта знаёмства з калекцыяй знаходак лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», аўтара праекта «У пошуках страчанага» Уладзіміра Ліхадзедава. Магчымасць перанесціся ў часе і даведацца (а можа, і па-сапраўднаму здзівіцца), чым пісалі раней, які выгляд мелі алоўкі, чарнільніцы, нажы для паперы, што бралі з сабой з гэтых прылад у вандроўкі і на якую прадукцыю ў канцылярскіх крамах быў найбольшы попыт. Асаблівы інтарэс выклікаюць экспанаты з гісторыяй, якія звязаны з імёнамі такіх славутых людзей, як князі Радзівілы, кампазітар Станіслаў Манюшка, браты Тышкевічы і іншых.

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» зацікавіць юных наведвальнікаў інтэрактыўнымі элементамі, дакрануцца да беларускай гісторыі.

Адчуць сталічныя матывы ў Нацыяналцы

Далучыць школьнікаў да гісторыі беларускай сталіцы дазволіць кніжная выстаўка «Гарадскія матывы», прымеркаваная да Дня горада Мінска (адзначаецца ў другую суботу верасня). Сталіца Беларусі — адзін са старажытных гарадоў Еўропы, які зведаў цану разбурэнняў і аднаўлення, якое стала магчымым дзякуючы намаганням гараджан. Сёлета Мінск адзначыць сваё 955-годзе з моманту першага згадвання ў «Аповесці мінулых гадоў». А сучасны горад — гэта ўжо светлая паэма з камення і шкла, з дамамі, паркамі, дыванамі газонаў і кветак. І, як любы мегаполіс, ён мае свае рытм, настрой і душу. Таму і святочная выстава падзелена на некалькі раздзелаў. Так, «Сведкі далёкай даўніны» не толькі распавядаюць пра гісторыю мінулага сталіцы з дапамогай кніг і фотаздымкаў, але і дэманструюць разнастайнасць гістарычных крыніц, якія мае ў сваіх фондах НББ. Паўнавартаснае ўяўленне аб асаблівасцях Мінска (яго храмах, плошчах, тэатрах і г. д.) даюць арыгінальныя паштоўкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Разыначкай раздзела «Шпацыр па галоўнай плошчы» стала выданне «Галоўная вуліца Мінска», якое захоўвае гісторыі дамоў праспекта Незалежнасці, людзей, якія там жылі і стваралі. У заключным раздзеле «Горад любові ў аб'ектыве фотакамер» сабраны юбілейныя, навукова-папулярныя і мастацкія выданні, а таксама багата ілюстраваныя альбомы.

— Мінчане — асноўныя наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі. Выстава «Гарадскія матывы» адкрылася крыху раней, чым мы будзем святкаваць юбілей горада, і задае настрой на святкаванне, — распавядае Надзея Красуцкая, вядучы метадыст аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ. — Мабыць, упершыню мы паказалі не толькі гісторыю горада, але і вылучылі яго галоўную магістраль — праспект Незалежнасці. Паказалі мінчан і гасцей сталіцы ў імгненнях, кожнае з якіх па-свойму непаўторнае. Яны былі схоплены фотакамерамі прафесійных фатографаў, а пасля з'явіліся ў альбомах, прысвечаных Мінску. Увогуле, большасць альбомаў пра сталіцу ўтрымліваюць фотаздымкі архітэктуры, цікавых месцаў, але там амаль няма людзей. А ў нас атрымалася знайсці такія крыніцы, дзе раскрыта ў тым ліку і прыгажосць жыхароў і гасцей нашага горада. Таксама хачу звярнуць увагу на раздзел, прысвечаны гісторыі Мінска, якую мы раскрываем праз выданні нашага фонду. Пачынаем з цікавага тома — «Аповесць мінулых гадоў» па Лаўрэнцьеўскім спісе. Яно з'яўляецца факсімільнай копіяй 1872 года старажытнага рукапіснага тэксту. Менавіта ў гэтым помніку Мінск упершыню згадваецца як крэпасць Полацкага княства ў сувязі з міжусобнай бітвай на Нямізе ў 1067 годзе. Ёсць яшчэ адно выданне, якое я хацела б вылучыць, — гэта «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні праваслаўных манастыроў, цэркваў і па розных прадметах» (1848 г.). На форзацы гэтай кнігі — экслібрыс Караля Чапскага, які пэўны час з'яўляўся гарадскім галавой і многае зрабіў для Мінска. А сярод старадаўніх паштовак ёсць выява праекта электрычнага трамвая. Адным словам, выстава дазваляе прыгадаць значныя перыяды гісторыі горада і ўбачыць яго сённяшняе вірлівае жыццё.

Знаёмства з героямі ў Музеі гісторыі ВАВ

Выдатны ўрок гісторыі і патрыятызму для школьнікаў — наведванне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны часовай экспазіцыі «Партызанскія кіраўнікі Беларусі». Нагода — 120-годдзе з дня нараджэння дзяржаўных дзеячаў БССР, арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны П. К. Панамарэнкі, П. З. Калініна, Герояў Савецкага Саюза І. П. Кажара, Е. І. Барыкіна і 110-годдзе з дня нараджэння Б. А. Булата. Усе гэтыя людзі зрабілі вялікі ўклад у развіццё народнай барацьбы ў тыле ворага супраць гітлераўскіх захопнікаў. А пасля вайны яны апынуліся на адказных пастах дзяржаўнага кіравання, дзе трэба было вырашаць задачу пасляваеннага аднаўлення краіны і яе вяртання да мірнага жыцця... Паспець пазнаёміцца з экспазіцыяй, дзе прадстаўлены фотаздымкі і дакументы аб дзейнасці кіраўнікоў партызанскага руху Беларусі, а таксама прадметы выяўленчага мастацтва, плакаты і асабістыя рэчы юбіляраў, можна да 5 верасня.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».