Вы тут

«Ніколі не шкадавала, што працую на пошце»


З дзяцінства Таццяна Петрушэня марыла стаць урачом. І мару гэту ажыццявіла. Скончыўшы з адзнакай сярэднюю школу, яна з поспехам паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, але па сямейных абставінах была вымушана вярнуцца ў вёску. Там пачала працаваць паштовым работнікам. І працуе ў гэтай якасці ўжо палову жыцця...


Нарадзілася Таццяна на Магілёўшчыне — у Быхаўскім раёне. Але хутка бацькі вырашылі пераехаць на радзіму маці ў Старадарожскі раён. Там, у вёсцы Пасека, прайшлі дзіцячыя гады і юнацтва дзяўчыны. У школе Таццяна вучылася вельмі старанна, прыкладала ўсе намаганні, каб спраўдзіць сваё галоўнае жаданне — атрымаць самую высакародную, на яе погляд, прафесію. І вось яна трымае ў руках запаветны студэнцкі білет вышэйшай медыцынскай навучальнай установы. Здаецца, мэта дасягнута, але раптам лёс дае круты паварот. Дзяўчыне прыйшлося забраць дакументы з ВНУ і вярнуцца дадому, каб падтрымаць матулю, якая засталася адна.

Трэба было ўладкавацца на працу, — расказала Таццяна Анатольеўна. — І першая прапанова, якую я атрымала, была ўзначаліць вясковае паштовае аддзяленне. Стала разважаць, наколькі прыемнай будзе для мяне падобная праца, і тут раптам прамільгнула думка: я ж нарадзілася 9 кастрычніка, калі адзначаецца Сусветны дзень пошты. Значыць, сам лёс падказвае, што і працаваць я павінна менавіта ў дадзенай галіне. Вось чаму, нават не разважаючы, я адразу згадзілася з такой прапановай.

У калектыве мяне сустрэлі вельмі добра. Каб хутчэй атрымаць прафесійныя веды, я амаль кожны дзень хадзіла ў суседнюю вёску Сінегова, у мясцовае паштовае аддзяленне. Вельмі старанна мяне вучыла новай справе вопытная работніца Ніна Іванаўна Раманчук, якой я вельмі ўдзячна за клопат і ўвагу да маладой супрацоўніцы, якой я тады была. Потым, ужо маючы вопыт, я зразумела, што мне патрэбны больш глыбокія веды, і паступіла на завочнае аддзяленне ў каледж паштовай сувязі, дзе атрымала спецыяльнасць тэхніка.

Праз пэўны час Таццяне прапанавалі работу ў райцэнтры. Пачынала яна там у якасці аператара, потым паслядоўна прайшла шлях ад намесніка начальніка аддзялення паштовай сувязі да начальніка АПС «Старыя дарогі — 2».

— Не скажу, што мая працоўная дзейнасць заўсёды была бясхмарная, — працягвае расповед суразмоўніца. — Бывала, і цяжка, і нават крыўдна. Але ніколі я не страчвала аптымізму. З галавой, як кажуць, сыходзіла ў працу, без якой сябе проста не ўяўляю. Мне і сёння даводзіцца ў некаторых выпадках садзіцца на працоўнае месца аператара. І як толькі я пачынаю там працаваць, не паверыце, у мяне нібы вочы загараюцца. А бывае, і абавязкі паштальёна выконваю. Гэта мне таксама падабаецца, паколькі дае магчымасць мець зносіны з шырокім колам людзей. У гэтым, на мой погляд, і заключаецца самая прыемная асаблівасць працы паштовага работніка.

Калектыў нашага аддзялення вельмі працавіты і дружны. Налічвае чатырох аператараў, пяць паштальёнаў і майго намесніка. У любы момант кожны гатовы прыйсці на дапамогу іншаму. Гэта як закон: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Таму і выконваем свае абавязкі аператыўна і на патрэбным узроўні.

Па словах Таццяны Анатольеўны, яе маці, якая па прафесіі, дарэчы, вясковы бібліятэкар, была вельмі задаволена, калі дачка вырашыла звязаць свой лёс з поштай.

Ганарыцца ёй і муж Андрэй, які працуе механізатарам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве. У сям'і двое дзяцей: дачка Яна, якой споўнілася 15 гадоў, і сын Цімафей, якому пакуль дзесяць. Дачка ўжо вызначылася з будучай прафесіяй, вельмі жадае атрымаць спецыяльнасць юрыста і працаваць следчым.

— Аб тым, што я прысвяціла сваю працоўную дзейнасць пошце, а не медыцыне, ніколі не шкадавала, — падкрэсліла Таццяна Анатольеўна. — Мой працоўны стаж у дадзенай галіне складае 18 гадоў — роўна палову майго жыцця. З першых гадоў я цвёрда пераканалася, што паштовая дзейнасць — маё пакліканне, і я шчасліва, што ў гэтым знайшла сябе. Таму буду працаваць на пошце далей. А яшчэ абавязкова пайду вучыцца. Мару хутка паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі, каб удасканальваць свой прафесійны вопыт і веды.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з асабістага архіва Таццяны Петрушэні

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».