Вы тут

Як змяненне клімату ў Беларусі ўплывае на галіны эканомікі?


Змяненне клімату на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца часткай агульнасусветных тэндэнцый і адчувальна ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё, харчовую і энергетычную бяспеку нашай краіны, якасць жыцця насельніцтва. Гісторыя інструментальных метэаралагічных назіранняў на тэрыторыі Беларусі пачынаецца з 1881 года. Для маніторынгу сучаснага стану кліматычнай сістэмы скарыстаны перыяд 1989–2021 гг. З 1989-га да 2021-ы сярэднегадавая сума ападкаў знаходзілася ў межах нормы (101 %) і складала 655 мм. Нягледзячы на адсутнасць значных адхіленняў у характары выпадзення ападкаў у сярэднім за перыяд змянення клімату, адзначаецца іх істотная зменлівасць ад года да года. Таксама змяняецца і ўнутрыгадавое размеркаванне ападкаў.


Фота Віктара Драчова

Небяспечныя метэаралагічныя з’явы 

У Рэспубліцы Беларусь штогод у сярэднім рэгіструюць ад 10 да 20 небяспечных метэаралагічных з’яў (НЗ). Прыкладна палова ўсіх выпадкаў НЗ (55 %) прыпадае на небяспечныя ападкі (моцныя дажджы, ліўні, снегапады). Небяспечны вецер і выпадзенне небяспечнага граду складаюць 19 і 13 % ад усёй колькасці выпадкаў НЗ. З мэтай вывучэння ўплыву змянення клімату на галіны эканомікі спецыялісты аддзела вывучэння змяненняў клімату Белгідрамета выканалі заданне 3.2. «Распрацаваць рэкамендацыі па адаптацыі да змен клімату ў сельскагаспадарчай, будаўнічай, энергетычнай і транспартнай галіне для сумежных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і еўрапейскай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі» мерапрыемствы 3 «Развіццё сістэмы кліматычнага абслугоўвання насельніцтва і галін эканомікі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь» праграмы Саюзнай дзяржавы «Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы» на 2017–2021 гг., зацверджанай пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 22 лютага 2017 г. № 10.

У працэсе выканання работы у якасці сумежных тэрыторый з Расійскай Федэрацыяй разглядаліся Віцебская, Магілёўская і Гомельская вобласці. А з галін эканомікі — будаўніцтва, энергетыка, транспарт і сельская гаспадарка. З 1981 да 2010 гг. на аналізаванай тэрыторыі адзначана 438 НЗ. У сярэднім на год на тэрыторыі кожнай вобласці зафіксавана ад 4 да 6 НЗ. Але з года ў год дадзенае значэнне змяняецца ў шырокіх межах: максімальная колькасць НЗ зарэгістравана ў 1998-м (27), мінімальная — у 2002-м (4).

Найбольшая паўтаральнасць НЗ характэрна для Віцебскай вобласці, найменшая — для Магілёўскай. З усіх адзначаных з’яў 65 % нанеслі шкоду розным галінам эканомікі, а 2 % прычынілі шкоду здароўю насельніцтву.

Найбольшая колькасць НЗ, якія прынеслі ўрон эканоміцы і насельніцтву (ва ўдзельных суадносінах), адзначана на тэрыторыі Віцебскай і Гомельскай абласцей (37 працэнтаў і 35 працэнтаў адпаведна), на тэрыторыі Магілёўскай — 28 працэнтаў.

Далей разгледзім уплыў НЗ на асобныя галіны эканомікі.

Будаўнічая галіна. З усіх зарэгістраваных выпадкаў НЗ 19 % нанеслі ўрон будаўнічай галіне (на падставе данясенняў аб НЗ, якія паступаюць у Белгідрамет). У працэнтных суадносінах найбольш часта выпадкі шкоды адзначаюцца пры вельмі моцным ветры і шквалах (хуткасць ветру 25 м/с і больш) — 78 %.

Энергетычная галіна. З усіх зарэгістраваных выпадкаў НЗ 24 % нанеслі ўрон энергетычнай галіне. З іх найбольшая шкода ў працэнтных суадносінах (59 % выпадкаў) прыпадае на вельмі моцны вецер, у тым ліку шквалы, 16 % — на вельмі моцны дождж і вельмі моцны лівень, таксама значны ўрон наносяць моцнае наліпанне мокрага снегу (8 %) і вельмі моцны снег (7 %).

Транспартная галіна. З усіх выпадкаў НЗ, адзначаных на тэрыторыі аналізаваных абласцей, 8 % аказваюць негатыўны ўплыў на транспартную галіну (размывы дарог і чыгуначных насыпаў, пашкоджанне дарожнага пакрыцця, разбурэнне мастоў, цяжкасць руху чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту).

Сельская гаспадарка. Сельская гаспадарка з’яўляецца найбольш кліматазалежнай галіной эканомікі. З усіх выпадкаў НЗ, адзначаных на тэрыторыі аналізаваных абласцей, 46% наносяць шкоду сельскай гаспадарцы (пашкоджанне і гібель пасеваў з-за пераўвільгатнення глебы, падтаплення пасеваў, палягання с/г культур, засухі і г. д.). У працэнтных суадносінах найбольш часта пашкоджанне або гібель сельгаспасеваў адзначаецца пры выпадзенні вельмі моцных дажджоў і ліўняў (32 %), буйнога граду (22 %), замаразкаў (19 %).

Павольныя кліматычныя змены. Пры ацэнцы ўздзеяння павольных кліматычных змен на галіны эканомікі ўлічваюцца бягучыя і будучыя тэндэнцыі змены клімату. У выніку павелічэння колькасці гарачых дзён і паўтаральнасці хваль цяпла ўзнікае пытанне стварэння аптымальнага мікраклімату ўнутры будынкаў у летні час. Рост індэкса дэфіцыту холаду (CDD) і памяншэнне індэкса дэфіцыту цяпла (НDD) прывядзе да зніжэння спажывання энергіі на ацяпленне і павелічэння спажывання энергіі на астуджэнне. Нізкія тэмпературы паветра адмоўна адбіваюцца на стане дарожнага пакрыцця, выклікаюць яго пучэнні і парывы. Таксама адбываецца пакарочванне рэек, парушаецца ізаляцыя стыкаў. 

Згодна з разліковымі ацэнкамі, ужо да 2030–2039 гадоў практычна не чакаецца паніжэння мінімальных тэмператур паветра да значэнняў −35°С—25°С і ніжэй. Зараз адзначаецца павелічэнне працягласці вегетацыйнага перыяду і перыяду актыўнай вегетацыі. Гэта будзе садзейнічаць вырошчванню больш цеплалюбівых і (або) познеспелых сельскагаспадарчых культур.

У той жа час цеплавы стрэс, які ўзнікае пад уздзеяннем экстрэмальна высокіх тэмператур паветра і хваль цяпла, можа зменшыць фотасінтэз раслін і эфектыўнасць транспірацыі, а таксама адмоўна паўплываць на развіццё каранёў, змяншаючы ўраджайнасць. Інтэнсіўныя ападкі (вельмі моцныя дажджы і залевы) могуць прывесці да пашкоджання ўраджаю і эрозіі глебы на сельскагаспадарчых палях.

Акрамя таго, пераўвільгатненне глеб можа пашкодзіць пасевы з-за павышанай рызыкі захворванняў і заражэння насякомымі, а таксама выклікае затрымку пасадкі або збору ўраджаю з-за немагчымасці выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі. Змяненне клімату аказвала і будзе ўплываць на навакольнае асяроддзе, эканоміку і насельніцтва ў тым ліку. Уплыў змен клімату на галіны эканомікі з’яўляецца не толькі негатыўным, але і пазітыўным, але чакаецца, што негатыўнае ўздзеянне будзе пераважаць.

Наталля КЛЯВЕЦ, начальнік аддзела вывучэння змен клімату

Кацярына АРЦІМЕНЯ, інжынер-метэаролаг 2-й катэгорыі аддзела вывучэння змяненняў клімату дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (Белгідрамет)

Друкуецца ў «Роднай прыродзе».

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.