Вы тут

Валянцін Нудноў: Перавага формы над зместам


На мінулым тыдні, 17 жніўня, у галоўным корпусе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў пачала працаваць выстаўка жывапісу Валянціна Нуднова «Цела Вады». Аснову экспазіцыі склала аднайменная пенталогія жывапісца, над стварэннем якой майстар карпеў апошнія тры гады. Побач са згаданай пяцёркай у выставачнай прасторы экспануюцца іншыя тэматычна блізкія работы аўтара. Паводле куратарскай задумы, наведаўшы экспазіцыю, гледачы змогуць убачыць шлях, пераадолены самім творцам, прасачыць эвалюцыю яго мастакоўскага почырку.


«Марскі пейзаж з адлюстраваннем паловы сабакі», 2018 г.

Валянцін Нудноў з’явіўся на свет у 1961 годзе ў Мінску. Азы майстэрства будучы жывапісец спазнаваў у 1972–1979 гадах у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце памузыцы і выяўленчым мастацтве (гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка). З 1979 да 1984 года адточваў атрыманыя навыкі ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Яшчэ праз год, у 1985-м, упершыню гучна заявіў аб сабе, узяўшы ўдзел у выстаўцы. 1990-я для творцы азнаменаваліся плённым супрацоўніцтвам з арт-групай «Форма».

Уласна кажучы, пытанні формы і яе ўзаемаадносін са зместам сталі для беларускага абстракцыяніста вызначальнымі. Як існы апалагет беспрадметнага жывапісу Валянцін Нудноў прысвяціў сваю творчую дзейнасць барацьбе з фігуратыўнасцю, прыматам ідэі над знакам. Бо, у рэшце рэшт, што ёсць абстрактны жывапіс, як не мастацтва чыстай формы? Пагодзімся, меркаванне спрэчнае: у рамках вялікага напрамку, вядомага пад такой назвай, вылучаюцца больш дробныя плыні, кожная з якіх мае свае метады і мэты ды, галоўнае, свае ўяўленні аб межах дапушчальнага ў справе фіксацыі рэчаіснасці.

«Масты Ліона», 2013 г.

«Плыні і напрамкі — гэта, канешне, добра, ды толькі ніводзін хоць колькі-небудзь прыстойны жывапісец ніколі не стане прылічаць сябе да таго ці іншага напрамку, максімум — у ролі яго адкрывальніка!» — заўважаць асабліва прыдзірлівыя чытачы. Што ж, не паспрачаешся, уласны эстэтычны кодэкс — сапраўды залог поспеху сучаснага мастака. Персанальная мастацкая тэорыя маецца і ў Валянціна Нуднова: «У адвечнай спрэчцы аб вяршэнстве формы альбо зместу я цалкам аддаю перавагу форме. Толькі пры выразнасці і завершанасці формы твора мастацтва з’яўляецца не змест, а сэнс яго стварэння».

Серыя карцін «Цела Вады», якая падарыла назву актуальнай экспазіцыі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў павінна была яскрава прадэманстраваць гэткі падыход. Але ж праўда ў тым, што атрымалася яна нашмат больш складанай і, насуперак выказванням аўтара, змястоўнай альбо, прынамсі, не пазбаўленай сюжэтнасці ды канцэптуальнага ядра. Ідэя празрыстая: хаця вада і не мае ўласнай формы (чытай: цела), яна, тым не менш, здольна прымаць форму любога аб’екта, і працэс той, са слоў жывапісца, блізкі да працэсу фарміравання, распаду і развіцця формы ў абстрактным мастацтве.

«Цела Вады 4», 2022 г.

У работах серыі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы адмысловай аб’ёмнасці пісьма, аўтар выкрывае сувязь паміж эмоцыяй і формай. Пры гэтым пад «формай» маецца на ўвазе не штосьці застылае, а менавіта працэс яе прыдумвання. Беларускі мастак настойвае, што яго работы павінны ўспрымацца як ігра добрага джазавага калектыву, імправізацыя з пераменлівай тэмай. Ды ўсё гэта толькі словы, а яны, па перакананні Валянціна Нуднова, «ствараюць межы, абазначаныя сэнсавым значэннем, за якія цяжка, а часам немагчыма вырвацца. Гэта пазбаўляе гледача магчымасці ўласнай інтэрпрэтацыі твора».

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.