Вы тут

Фестываль навукі пройдзе 10 верасня


Ён абяцае стаць самым маштабным за ўсе гады яго правядзення: і па колькасці ўдзельнікаў, і па колькасці лакацый, і па змесце праграмы.


— Заўважана, што ў сярэднім госць фестывалю затрымліваецца там на шэсць гадзін, нават калі ён проста збіраўся наведаць адну лекцыю. Увагу абавязкова зачэпіць штосьці яшчэ. Таму раім усім прыходзіць раней, каб нічога не прапусціць, — інтрыгуе навуковы супрацоўнік Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Аляксандр Зайцаў. —Трапіць на мерапрыемства можна бясплатна: неабходна толькі зарэгістравацца на сайце фестывалю https://scіfest.by/ і атрымаць білет.

Арганізатарамі навуковага ўік-энду выступае Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. Фестываль навукі стаў ужо, так бы мовіць, іх брэндам. Менавіта маладыя вучоныя падхапілі сусветную тэндэнцыю па папулярызацыі навукі і паставілі мэту — даказаць, што навука можа быць нясумнай, можа захапіць і доўга не адпускаць.

Упершыню яны арганізавалі Фестываль навукі ў 2018 годзе, які сабраў 7 тысяч гасцей. І з таго часу працягваюць рабіць найбуйнейшую навукова-папулярную падзею ў актуальным жывым фармаце. Дбаюць, каб фестываль быў насычаны глыбокімі сэнсамі, каб для кожнага ўзросту і кожнага складу розуму ў праграме была дастатковая колькасць цікавых актыўнасцяў і колькасць наведвальнікаў прырастала. Галоўны прынцып — расказваць пра складаныя рэчы максімальна проста! І не толькі расказваць, але і паказваць…

Каб да мерапрыемства не знікаў інтарэс, арганізатары імкнуцца не паўтарацца і кожны год дадаюць у праграму новыя «іскрынкі». Сёлета ў рамках правядзення фестывалю будуць арганізаваны тры буйныя тэматычныя пляцоўкі: «Чалавек», «Прырода» і «Тэхналогіі». На кожнай з іх будуць праходзіць навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы і дэманстрацыі. На першай пляцоўцы будуць разбірацца ў тым, што такое чалавек, як ён «працуе» з пункту гледжання біялогіі і гуманітарных навук.

Ці можна з дапамогай медыцыны падоўжыць яго жыццё? Будуць разбірацца факты і міфы пра COVІD 19.

Пляцоўка «Прырода» прысвечана ўсяму, што нас атачае: ад мікраарганізмаў на руках да далёкага космасу! А на пляцоўцы «Тэхналогіі» гасцям будзе прапанавана акунуцца ў свет адкрыццяў, якія робяць наша жыццё лепшым.

«Падчас фестывалю мы з гасцямі пагаворым аб харчовай бяспецы, селекцыі, клімаце, надвор’і, даследаваннях Антарктыды, ювелірнай справе, біяпрынцінгу, штучных органах, робататэхніцы і многім іншым, — расказвае навуковы супрацоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ганна Барэйка. — На пляцоўцы Atom team будзе вялікая зона з маштабнымі фізічнымі і хімічнымі доследамі. Будзем паліць, узрываць і эксперыментаваць! Таксама на гэтай пляцоўцы пройдзе турнір па інжынерных гульнях „Эвалюцыя мозгу“ і навукова-папулярная лекцыя ад вядомага антраполага Станіслава Драбышэўскага. Нязменны наш госць — Усерасійкі фестываль NAUKA 0+ . Чакаем калег у беларускай сталіцы з цікавай праграмай».

Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі паведаміў, што адметнасцю сёлетняга фестывалю стане выстава «100 інавацый НАН Беларусі», дзе будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў маладых вучоных у розных сферах. Госці фестывалю змогуць на свае вочы ўбачыць, чым займаюцца нашы маладыя вучоныя.

У прыватнасці, будуць прадстаўлены як праекты, якія ўжо сталі пераможцамі знакавых конкурсаў, — «100 ідэй для Беларусі» і іншых, так і зусім новыя распрацоўкі, пра якія ведаюць толькі ў навуковай супольнасці, у лабараторыях ці чулі пра іх на навуковых канферэнцыях. Таму мінчане і госці сталіцы змогуць першымі пазнаёміцца з тымі навуковымі адкрыццямі, якія здзяйсняюць нашы маладыя вучоныя, — расказаў ён.

Фестываль навукі, як і шэраг іншых буйных мерапрыемстваў, Нацыянальная акадэмія навук праводзіць у рамках Года гістарычнай памяці. Інстытут гісторыі арганізуе асобную вялікую зону, дзе будзе прадстаўлена буйная археалагічная выстава. Наведвальнікі змогуць не толькі ўбачыць, але і патрымаць у сваіх руках найноўшыя археалагічныя знаходкі, напрыклад, з гарадзішча на Менцы. Таксама там будуць прадстаўлены квэст-лабірынты па гісторыі і найноўшая навуковая літаратура.

Акрамя таго, у рамках фестывалю будзе працаваць пляцоўка Міністэрства адукацыі «Універсітэт будучыні». «На ёй будуць прэзентаваны дзесяць найбуйнейшых ВНУ краіны. Іх прадстаўнікі раскажуць пра самыя актуальныя спецыяльнасці, так званыя прафесіі будучыні, а таксама пра найноўшыя тэхналогіі ў адукацыі, будуць стэнды з навуковымі распрацоўкамі гэтых ВНУ і нагляднымі дапаможнікамі.

Як зазначыў Аляксандр Зайцаў, пра навуку можна гаварыць не толькі на лекцыях. У прыватнасці, на фестывалі будуць прадстаўлены розныя майстар-класы, арт-аб’екты, робатурнір — пляцоўка, дзе пройдуць спаборніцтвы па робататэхніцы ў розных дысцыплінах. Удзельнікі будуць ствараць робатаў, якія пераадольваюць перашкоды, змагаюцца адзін з адным на рынгу, выконваюць ролю садоўніка або ратавальніка. Яшчэ не позна зарэгістравацца.

Таксама адбудзецца конкурс скульптур з другаснай сыравіны «Фігура чалавека». Прыняць удзел у ім могуць усе ахвотныя без узроставых абмежаванняў. Конкурсныя работы павінны ўяўляць сабой фігуру чалавека, які стаіць прама, і могуць быць выкананы як з аднаго, так і з некалькіх відаў другасных рэсурсаў. Конкурс будзе праходзіць у тры этапы. Падчас адборачнага тура аргкамітэт конкурсу па фатаграфіі вызначыць работы, якія адпавядаюць усім умовам конкурсу і будуць дапушчаны да наступных этапаў. Глядацкі ўдзел уяўляе сабой анлайн-галасаванне за фатаграфію ўпадабанай работы. Тая, якая набярэ найбольшую колькасць галасоў, атрымае прыз сімпатый гледачоў — электрасамакат. А ў фінале, які адбудзецца 10 верасня ў Цэнтральным батанічным садзе, конкурсная камісія вызначыць 15 найлепшых работ. Іх аўтары стануць уладальнікамі бесправадных калонак. Падаць заяўку на ўдзел у конкурсе можна да 3 верасня. Арганізатары не абмяжоўваюць творчы патэнцыял удзельнікаў, але нагадваюць, што конкурсныя работы павінны выконваць патрабаванні, апісаныя ў Палажэнні аб конкурсе. Форму рэгістрацыі і Палажэнне аб конкурсе можна знайсці на сайце мерапрыемства — scіfest.by.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

На фота «Фестываль навукі — 2021»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?