Вы тут

Лукашэнка: Мы сёлета можам і больш атрымаць, чым 11 мільёнаў


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Субоціна. У Палац Незалежнасці губернатар прыехаў з караваем, які сімвалізуе намалот мільёна тон збожжавых у вобласці. 


«Перш за ўсё, хачу вас павіншаваць, што вы не з пустымі рукамі да мяне прыйшлі — мільён. Добрая вестка, прыемная вестка. Я хачу віцябчан павіншаваць з гэтым дасягненнем. Я так разумею, што больш за мільён будзе. Таму што яшчэ хоць крыху, але ёсць што прыбіраць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Субоцін адказаў, што яшчэ трэба сабраць дзесяць працэнтаў. Па словах Прэзідэнта, калі рабіць разлік, то 10 працэнтаў — гэта яшчэ мінімум сто тысяч тон. «Калі мільён сто — дык гэта ўжо добры вынік. Пры гэтым хачу папярэдзіць і вас, і ўсіх астатніх. Мы вось так зацыкліліся на гэтых збожжавых, на 11 мільёнах. Мы сёлета можам і больш атрымаць, чым 11 мільёнаў. Але стаіць пытанне — ці трэба», — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. 

Ён растлумачыў, што дабіраць да 11 мільёнаў можна і за кошт кукурузы. Зерня ў краіне дастаткова: і рапсавага, і збожжавых каласавых, і кукурузнага і грэчкі, і проса. Гэтага хапапе, каб людзей забяспечыць, жывёлу накарміць і яшчэ невялікі рэзерв мець. 

«Калі мы зараз усю кукурузу прыбяром на зерне, то ў паловы гаспадарк, акрамя зерня, не будзе чым жывёлу карміць. Таму сёння кукурузу трэба пачынаць убіраць, нават у Віцебскай вобласці. Асабліва падгарэлыя ўчасткі — на сілас. Добрае фарміраванне зерня ў кукурузы. І калі мы прыбярэм зялёную масу кукурузы, і яшчэ добрыя пачаткі зерня, добра закансервуем сянажныя ці сіласныя траншэі, атрымаем добры корм», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што да гэтага трэба акуратна падыходзіць на месцы. Старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі гаспадарак павінны разабрацца.

«А ваш кантроль, каб мы не перагіналі ў плане таго, што мільён ужо атрымалі трэба паўтара. Не. Трэба столькі, колькі трэба. Сёлета год такі нядрэнны — вышэй за сярэдні. І гэта трэба мець на ўвазе», — адзанчыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Субоцін прызнаўся, што яму было лёгка ісці да Прэзідэнта: у Віцебскай вобласці дзве перамогі. Першая — гэта мільён тон ужо сабранага зерня. Прычым, як растлумачыў губернатар, гэты мільён без рапсу, выключна збожжавы клін. А рапсу плануецца сабраць ячшэ 50 тысяч тон. Пры гэтым, Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што вопыт сеяння кукурузы на зерне для Віцебскай вобласці не зусім удалы. 

«Паспрабуйце! Нейкія палі ў Аршанскім, Талачынскім ці Віцебскім раёне — добрыя землі, пакінь і паглядзі, што будзе, якое зерне будзе з кукурузы», — параіў Прэзідэнт. Па словах Аляксандр Субоціна, кукурузу ў Віцебскай вобласці пачнуць прыбіраць з 1 верасня. Зрушваць тэрміны нельга, паколькі чакаюцца дажды і ўмовы для інтэнсіўнай уборкі будуць складанымі. Губернатар расказаў, што ў гаспадарках, дзе найбольш высокая жывёлагадоўля, вядзецца актыўная работа па рэканструкцыі траншэй для закладвання сіласа. Арганізацыям з найбольш высокай культурай жывёлагадоўлі будзе аказана фінансавая падтрымка аблвыканкама. 

Губернатар далажыў, што сёлета ў Віцебскай вобласці азімы рапс менш прадуктыўнасці ўзяў. Вельмі шмат пасеваў загінула, прыходзілася перасейваць 32 тысячы гектараў. Але добра сябе паказаў яравы рапс. 

«Актыўна ідзе ўборачная, некаторыя гаспадаркі адзначылі мясцовыя „Дажынкі“. Цяпер знаходзімся на стадыі актыўнай перакідкі тэхнікі, каб максімальна прыбраць тыя палі,

гаспадаркі якіх не спраўляюцца. Прынята рашэнне на ўзроўні вобласці, і мы гэта кантралюем», — далажыў старшыня аблвыканкама. 

Пасяўная, інтэграцыйныя структуры і фармацэўтыка

На першы план выходзіць і пасяўная кампанія. Прэзідэнт заўважыў, што Віцебская вобласць павінна першай сабраць ураджай і першай пасеяць новы. Гэта звязана з тым, што рэгіён — зона рызыкоўнага земляробства. «Трэба хутка пасеяць, асабліва рапс, ды і зерневыя. Для гэтага трэба аператыўна вызваляць палі пасля ўборкі да пасеваў. Як тут ідуць справы?», — пацікавіўся Прэзідэнт. 

Яшчэ адным пытаннем, якое прыцягнула ўвагу кіраўніка дзяржавы сталі інтэграцыйныя структуры ў Віцебскай вобласці. «Усё ж Віцебскую вобласць мы ў свой час страсянулі, і людзі зразумелі. Малайцы віцябляне. Трэба разварушваць людзей і не крыўдзіць іх», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пацікавіўся кіраўнік дзяржавы і становішчам спраў у галіне фармацэўтыкі, біятэхналогій і нанатэхналогій. 

Палігон працы вялікі

Пасля даклада ў Прэзідэнта Аляксандр Субоцін сустрэўся з журналістамі і расказаў, аб чым ішла гаворка з кіраўніком дзяржавы. Губернатар Віцебскай вобласці расказаў, што задач перад рэгіёнам стаіць шмат: ад сяла да біятэхналогій. «Вобласць вялікая, цікавая. Ёсць дзе працаваць», — сказаў ён.

Аляксандр Субоцін расказваў Прэзідэнту пра дзве перамогі вобласці. Першая — канечне, мільён тон збожжа. А другая — хакейны клуб «Віцебск» упершыню ў гісторыі стаў уладальнікам Кубка Салея. «Мы падбіраліся да гэтага п’едэстала ў сезоне 2007/2008 гады, калі мы былі чацвёртымі. Так што для нас гэтае таксама вялікае дасягненне», — адзначыў ён.

Прэзідэнт цікавіўся працай інтэграцыйных структур у Віцебскай вобласці. Старшыня аблвыканкама расказаў журналістам, што гэта пытанне няпростае. «Эфект, вядома, адчуваецца, таму што ўдалося захаваць і дадаць. Але хацелася б у якасці крытыкі сказаць, што крыху не дацягнулі да тых паказчыкаў, якія самі сабе планавалі. Здаецца, пайшла выручка расці і прыбытак нейкі з’явіўся, рэнтабельнасць падвышаецца, але ўсё роўна не дацягваем. Размова ішла аб тым, як далей эвалюцыянаваць гэтым структурам, куды далей ісці», — расказаў Аляксандр Субоцін. 

Асобна журналістаў цікавіла распрацоўка вакцыны ад каранавіруса. Гэта пытанне перад кіраўніком Віцебскай вобласці паставіў і кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Субоціна, работа над вакцынай ідзе паспяхова, фарміруецца вытворчы ўчастак. «1 снежня плануем пачаць перадклінічнае выпрабаванне атрыманых намі вакцын. Вакцына ствараецца па класічнай тэхналогіі, будзе лягчэйшай для ўспрымання арганізмам», — расказаў ён. Таксама ў рэгіёне пачата будаўніцтва завода, на якім будзе поўны цыкл вытворчасці гэтай вакцыны. Губернатар падкрэсліў, што гэта будзе ўніверсальны завлд, на якім можна будзе вырабляць любыя вакцыны. 

«Мы грунтуемся на тым, што ў Віцебскай вобласці эксклюзіўныя ўмовы для фарміравання асяроддзя для развіцця і вытворчасці, і навукі, і адукацыйных працэсаў, якія тычацца работы па біятэхналагічных напрамках. У нас дзве ВНУ — медыцынскі і ветэрынарны ўніверсітэты. Ёсць педагагічны ўніверсітэт, які рыхтуе біёлагаў. І гэта асяроддзе дазволіла ўжо сфарміраваць пул прафесарка-выкладчыцкага саставу, які пагружаны ў гэтыя тэмы. „Біявітуніфарм“ — гэта эксклюзіўнае прадпрыемства. На тэрыторыі былога Саюза такіх было толькі тры: у Казані, Краснадары і ў Віцебску. Мы яго захавалі, мадэрнізавалі, і зараз даем другое жыццё за кошт таго, што туды прыходзяць медыцынскія тэхналогіі. Ёсць ідэя стварыць такое асяроддзе, каб кансалідаваць ужо існуючыя прадпрыемствы фармнакіравання. І самае галоўнае — гэта фарміраванне ядра навукоўцаў», — расказаў Аляксандр Субоцін. 

У цэлым працу па развіцці рэгіёна старшыня аблвыканкама ахарактарызаваў наступным чынам: працы шмат зроблена, але трэба зрабіць яшчэ больш.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.