Вы тут

Унікальны «Парк жывёл», цэнтр народнага мастацтва і «Дом Суворава»


Уявіце сабе, што вы вырашылі з'ездзіць на Берасцейшчыну, але не на тую, якая вядомая ўсім, з мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой», Белавежскай пушчай і Камянецкай вежай, а на незвычайную, па нестандартным маршруце. Цікава? Тады вам з намі! Давайце разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме пракладзём нашу дарогу праз Баранавіцкі раён на Маларытчыну і Кобрыншчыну.


Унікальны «Парк жывёл»

Менавіта гэта — ідэальнае месца для адпачынку з дзецьмі, а таксама для заалагічных і батанічных экскурсій. Ён размешчаны ў Баранавіцкім раёне і займае тэрыторыю блізу 400 га. Тут можна ўбачыць каля 100 відаў жывёл, 300 відаў птушак, а таксама ўсе віды дрэў, якія растуць у Беларусі. Цікава, што эму, авечкі і алені свабодна гуляюць па тэрыторыі парка. Госці могуць іх пагладзіць і пачаставаць гасцінцамі. Усё б нічога, аднак... страус эму не выклікаў даверу. Але дырэктар парка Яна Лашакевіч запэўніла, што наведвальнікі — у поўнай бяспецы

— Адзіная перасцярога: гадаванцы могуць украсці нешта смачнае ці бліскучае, — удакладніла яна.

Любуемся і весялімся

Рухаемся на поўдзень Брэсцкай вобласці і трапляем у Маларыцкі раённы Цэнтр народнай творчасці. У святую святых беларускага народнага мастацтва — месца, дзе захоўваецца і аднаўляецца маларыцкі строй. Аб яго асаблівасцях паведаміла загадчыца Маларыцкага раённага Цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец:

— Абавязкова — трайны бардзюр знізу. І колер толькі бардовы. Ён калісьці атрымліваўся з прыроднай фарбы. Глядзіце, гэтым касцюмам па 150 гадоў, але колер не страціўся па сёння.

А яшчэ маларыцкі строй — гэта васьміканцовая зорка (адсылка да біблейскіх сімвалаў). Кожная майстрыха калісьці рабіла яго па-свойму.

Трэба адзначыць, што тут ў 2011 годзе пры дапамозе метадыста-майстра Сцепаніды Сцепанюк была адноўлена старажытная тэхналогія ткацтва «кажушком», за што жанчына атрымала Гран-пры фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» як найлепшая ткачыха конкурсу.

Калі вам давядзецца пабываць у Маларыце, абавязкова наведайце Свята-Мікалаеўскую царкву. Гэта помнік народнага дойлідства пачатку ХХ ст. Трэба заўважыць, што ў ёй заўсёды ішлі службы, нават у антырэлігійныя савецкія часы.

Яшчэ адно месца на Маларытчыне, якое з'яўляецца скарбніцай народных традыцый, — «Дом фальклору» у в. Дарапеевічы. Там сапраўды можна акунуцца ў атмасферу мінулага, прадэгуставаць грачанік (хлеб, тэхналогія вырабу якога ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь), палюбавацца на прадметы народнага быту і проста павесяліцца ўволю разам з гасціннымі гаспадарамі.

Традыцыі — гэта важна, але як жыве раён сёння? Першае, што прыходзіць у галаву, калі гаворка заходзіць аб Маларыце, — дзіцячае харчаванне маркі «Таптунок». Яно вырабляецца тут, на Маларыцкім кансервавагароднінасушыльным камбінаце, які выкарыстоўвае толькі экалагічна чыстую садавіну, гародніну і ягады з гаспадарак Брэсцкай вобласці.

Маларыцкая зямля ўзрасціла шмат вядомых спартсменаў. Гэта радзіма Леаніда Тараненкі — савецкага і беларускага цяжкаатлета, алімпійскага чэмпіёна 1980 года. Таму варта наведаць мясцовы спарткомплекс «Жамчужына». У ім можна паплаваць у басейне, пагуляць у настольны тэніс, футбол або схадзіць у трэнажорную залу.

Калі вы ўжо завіталі на Маларытчыну, у якасці аб'екта прамысловага турызму цікава будзе разгледзець прадпрыемства ТАА «Бізон». Там займаюцца вырошчваннем хмелю ўжо на працягу 20 гадоў. Хмяльнік займае плошчу каля 17 га. З яго штогод вырабляецца каля 60 тон «зялёнага золата».

Тут жыў Сувораў

Рухаемся на паўночны ўсход — каля 50 км — і трапляем у Кобрын. Гэта старажытны горад, які афіцыйна адлічвае сваю гісторыю з 1287 г. Яго цэнтральная частка забудавана старадаўнімі дамамі. Недалёка ад іх размешчаны ваенна-гістарычны музей імя Суворава, які па праву лічыцца візітнай карткай горада. У ім прадстаўлены дзве унікальныя экспазіцыі, размешчаныя ў суседніх будынках. Першая, «Дом Суворава», знаходзіцца ў сапраўдным доме палкаводца. Верагодна, гэта найлепшы шанц азнаёміцца з біяграфіяй славутага гістарычнага дзеяча. Другая экспазіцыя пад назвай «Сем стагоддзяў Кобрына» — у вялікім ружовым будынку, што нагадвае замак. Яе асаблівасць — унікальныя калекцыі старажытнай зброі, воінскага абмундзіравання і рыштунку XVІ—XX ст.

Акрамя таго, у Кобрыне ёсць 6 праваслаўных храмаў, жаночы манастыр і касцёл. Цікавая гісторыя ў Кобрынскага Аляксандра-Неўскага сабора. Яго будаўніцтва пачалося ў 1864 годзе на месцы пахавання рускіх салдат, якія загінулі ў Кобрынскім баі 15 ліпеня 1812 г. (першая перамога над войскам Напалеона на тэрыторыі Расійскай імперыі). Акрамя таго, храм павінен быў увекавечыць памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннага права ў 1861 г.

І яшчэ: калі вам пашчасціць трапіць на Кобрыншчыну ў гарачыя дні, абавязкова наведайце возера Каташы. Белыя пясчаныя пляжы, празрыстае дно, сасновы лес побач — проста казка! Тут можна і паплаваць, і правесці фотасесію.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Брэсцкая вобласць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.