Вы тут

Флэшмобы, інтэрактыў, канцэрты. Мінск з размахам адзначыць 955-годдзе


У гэтым верасні Мінск адсвяткуе сваё 955-годдзе. Упершыню дзень нараджэння сталіцы адзначылі ў 1967-м, калі гораду споўнілася 900 гадоў. Свята было арганізавана з размахам: гарадскія ўлады заказалі дакументальную стужку, дэпутаты правялі ў Палацы спорту ўрачыстае пасяджэнне, а сталіцу БССР наведалі госці з суседніх краін. Не абышлося і без традыцыйных гулянняў на цэнтральных пляцоўках і ў галоўных парках...


Дзень горада 2021. Фота: БелТА

Але пасля святкавання юбілею аб свяце быццам бы забылі. Сітуацыя змянілася толькі ў 2002 годзе, калі тагачасны старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў прапанаваў аднавіць святкаванне Дня горада на пастаяннай аснове. Менавіта з таго моманту і павялося, што свята ладзіцца ў пачатку восені. Як тлумачыў сам граданачальнік, да верасня заканчваюцца шматлікія рамонты вуліц, дамоў і плошчаў, а горад пасля канікулаў і водпускаў напаўняецца мінчанамі. Добрая традыцыя засталася.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 955-годдзя Мінска, пачнуцца ўжо на гэтым тыдні і пройдуць у кожным раёне. Цэнтр свята арганізуюць у раёне праспекта Пераможцаў: музейна-паркавы комплекс «Перамога», пляцоўка каля Дварца спорту, Верхні горад, а таксама сквер «Старасцінская слабада». Кульмінацыяй Дня горада стануць выхадныя, якія прыпадаюць на 10 і 11 верасня.

«Звязда» прапануе пазнаёміцца з акцыямі, якія нельга прапусціць.

Знаёмства с горадам

Калі доўгі час жывеш на адным месцы, то міжволі прывыкаеш — перастаеш заўважаць прыгажосць родных вуліц, не атрымліваеш новых уражанняў і нават крыху сумуеш. Як адчуць сябе турыстам у сваім горадзе і адкрываць цікавінкі, якія ён хавае ўнутры сябе? Здаецца, 955-годзе Мінска — добрая нагода, каб знайсці адказы на гэтыя пытанні. Напрыклад, 8 верасня ў адрэстаўрыраваным будынку Музея гісторыі горада на вуліцы Ракаўскай можна будзе пазнаёміцца з цікавай экспазіцыяй. Фрунзенскі раён прадставіць карту, якая дазваляе адправіцца ў віртуальнае падарожжа па горадзе, а ў Савецкім раёне арганізуюць інтэрактыўную пляцоўку «Мінск у асобах — імянныя вуліцы горада». Па вуліцах Кастрычніцкага раёна 9 верасня пройдзе квэст-гульня «Дыханне вуліц у сэрцы сталіцы».

У выпадку, калі падчас вандроўкі вы крыху стоміцеся, можна будзе пачаставацца вулічнай ежай. Так, на вуліцы Кульман 10 верасня пройдзе фестываль сучаснага стрыт-фуду «Мінск гастранамічны». У той жа дзень каля Чыжоўка-арэны зладзяць кірмаш, на якім можна будзе не толькі паспрабаваць розныя прысмакі, але і набыць памятныя сувеніры і падарункі.

Актыўныя выхадныя

Спартыўныя акцыі сталі традыцыйным суправаджэннем свята. Падчас святкавання юбілею горада запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў для аматараў спорту. Нават калі вы лічыце сябе чалавекам, далёкім ад фізічных актыўнасцяў, прапануем вам звярнуць увагу на праграму — хто ведае, мабыць, дзякуючы Дню горада спорт увойдзе ў вашае жыццё.

Галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Мінгарвыканкама разам з БРСМ 9 верасня прэзентуюць новы вела- і пешаходны маршрут «Дарогай памяці». Яго пачаткам стане Востраў мужнасці і смутку і, мінаючы набярэжную Воінаў-інтэрнацыяналістаў і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны, скончыцца каля былога лагера для ваеннапалонных «Шталаг-352». У парку 900-годдзя г. Мінска 9 верасня фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Заводскага раёна зладзіць адкрытае першынство па лыжаролерным спорце. На пляцоўцы каля Палаца спорту 10 верасня пройдзе рэспубліканскае спартыўна-масавае мерапрыемства «Міжнародны алімпійскі дзень», падчас якога кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе і дазнацца, ці варты ён прадставіць краіну на наступнай Алімпіядзе. А ўжо 11 верасня адбудуцца міжнародныя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Мінскі паўмарафон». Таксама ў верасні запланаваны велапрабег, прымеркаваны да 955-годдзя горада.

Мінск памятае

2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Таму мэтай дзяржаўных і абласных свят становіцца ўшанаванне памяці нашых продкаў. Акрамя таго, ладзяцца тэматычныя праекты, навуковыя канферэнцыі, выдаюцца кнігі, арганізоўваюцца конкурсы. Дзень горада Мінска не мог абысціся без гэтай тэмы. Так, 9 верасня на плошчы Перамогі адбудзецца цырымонія адкрыцця ганаровай вахты памяці, а на пляцоўцы каля абеліска «Мінск — горад-герой» 10 верасня — урачыстая цырымонія ўскладання кветак. З 3 да 10 верасня пройдзе акцыя «Памяць» з традыцыйным ускладаннем кветак да брацкіх магіл, воінскіх пахаванняў і мемарыяльных дошак.

Культурная праграма

Мінск можа ганарыцца вялікім спісам музеяў, тэатраў і канцэртных пляцовак. 3 6 да 10 верасня дзверы культурных устаноў сталіцы будуць адкрытыя для гасцей і жыхароў горада. У Верхнім горадзе 3 верасня пройдзе канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», таксама можна наведаць цырк — установа ладзіць дзень адчыненых дзвярэй. З 7 верасня ў галерэі Міхаіла Савіцкага пачне работу выстава Сяргея Багласава «Горад. Жывапіс. Архітэктура». Пазнаёміцца са старажытным Мінскам можна будзе 10 і 11 верасня падчас фестывалю гістарычнай рэканструкцыі, які пройдзе ўздож праспекта Пераможцаў. А на тэрыторыі Верхняга горада 10 верасня для гасцей свята выступіць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка разам з заслужаным калектывам, ансамблем «Сябры».

Для аматараў мастацтва арганізатары таксама прадставяць інклюзіўныя праекты, сярод якіх фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Мастацтва жыць, тварыць мастацтва» — адбудзецца ён 10 верасня. У Маскоўскім раёне 9 верасня пройдзе інклюзіўны конкурс для дзяцей з парушэннямі зроку. У той жа дзень жыхары Партызанскага раёна змогуць наведаць канцэртную і спартыўна-забаўляльную праграму «Наш дом» — акрамя інклюзіўных пляцовак, тут арганізуюць кірмаш «Хэнд-мэйд» для пажылых і людзей з інваліднасцю.

Гэта толькі малая частка з таго, што прапануюць арганізатары падчас святкавання юбілею сталіцы. Нас чакаюць дыялогавыя пляцоўкі — маладыя спецыялісты з розных сфер абмяркуюць свае магчымасці з патэнцыяльнымі работадаўцамі, адбудзецца конкурс інтэрнэт-пастоў і відэаролікаў, прысвечаных Мінску, а самыя актыўныя гараджане атрымаюць узнагароды і дыпломы. Фіналам свята стане традыцыйны феерверк — мерапрыемства пройдзе 10 верасня ў скверы «Старасцінская слабада» ў 23.00.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.