Вы тут

«Куток двоечніка» і прылады юных савецкіх хуліганаў. Карэспандэнт «Звязды» наведаў Музей дзяцінства ў Нароўлі і ўразіўся экспанатамі


Ёсць на Гомельшчыне ўнікальны музей, у якім... дарослым не знайшлося месца. Дакладней, сюды яны могуць прыходзіць, каб згадаць сваё дзяцінства, падзяліцца ўспамінамі, а можа прынесці нават старую рэч, што завалялася на гарышчы, і пры разборы запасаў нагадала гісторыю, якая адбылася з яе ўладальнікам дзесяцігоддзі таму, калі сам ён яшчэ быў малым.


Музей дзяцінства працуе ў сярэдняй школе № 2 горада Нароўлі. Кіруе ім мясцовы краязнавец, настаўнік Васіль Чайка. «Самародак», — прадстаўляюць яго кіраўнікі школы. І сапраўды, энергіі і запалу Васіля Васілевіча можна толькі пазайздросціць, асабліва калі ён распавядае, як здабываў экспанатыі і стараўся прыдбаць менавіта рэчы, за якімі стаяць лёсы людзей, іх характары, быт, уменні. Так, тут ёсць драўляны трактар — гэту цацку мясцовы хлопчык майстраваў сабе сам. Невыпадкова ў экспазіцыю трапіла газета «Бальшавік Палесся» — пасля вайны, калі не было на чым пісаць, яна выкарыстоўвалася ў якасці сшытка. А яшчэ ў музеі захоўваецца стары класны журнал, зроблены з нямецкага сшытка.

— Калі пачаў працаваць над стварэннем музея, адразу вырашыў адысці ад традыцыйнай канцэпцыі — музеяў накшталт сялянскай хаты існуе многа, хацелася нечага новага. А чаму б у школе не стварыць экспазіцыю, прысвечаную дзяцінству — ад нараджэння да часоў, калі пасля школы дзеці выбіраюць, куды ім пайсці далей вучыцца? — расказвае Віктар Чайка.

Аповед пра дзяцінства пачынаецца са старой калыскі і вазочка, хутчэй за ўсё трафейнага, прывезенага з вайны. Тут выстаўлены экспанаты, звязаныя з вясельным і радзіннымі абрадамі, згадваецца пра ролю бабкі-павітухі, якую ў свой час маладыя бацькі шчодра адорвалі за дапамогу, бо не так шмат жанчын валодала такімі ведамі. Васіль Чайка ўспамінае са свайго маленства, што на чатыры вёскі ў іх была ўсяго адна павітуха.

Многія рэчы з дзяцінства бацькоў і дзядоў сучасным хлопчыкам і дзяўчынкам падаюцца дзіўнымі. Яны даведваюцца, як кармілі немаўлят пасля вайны, калі не было сосак і бутэлечак. Для многіх нарэшце становіцца зразумелым выраз «выцягні сусла з рота», калі дарослыя іх просяць гаварыць больш разборліва. Сусла — анучка з хлебам, што раней замяняла соску. Замест пластыкавага гаршчка малых садзілі на драўлянае крэселка з сакрэтам. Усё ж як эканамічна і экалагічна жылі ў ранешыя часы! У музеі захоўваюцца чаравічкі, у якіх вырасла не адно пакаленне дзяцей, яны перадаваліся ад старэйшых малодшым. Ёсць тут і калекцыя дзіцячага харчавання савецкіх часоў, трапілі ў калекцыю і ўпакоўкі ад імпартных прадуктаў — іх пачалі завозіць пасля аварыі, якая адбылася на Чарнобыльскай АЭС.

Збіраць экспанаты настаўніку дапамагаюць школьнікі. Самы стары прадмет — свістулька ХVІІІ стагоддзя, знойдзеная школьнікам у Прыпяці. Дзеці спрабуюць сябе і ў ролі экскурсаводаў у школьным музее — прычым да такой справы іх пачынаюць прывучаць ужо з першага класа. Да заканчэння малодшай школы дзеці ўжо могуць правесці экскурсію не горш за свайго настаўніка.

Ну і які ж музей дзяцінства без цацак — хоць у пасляваенных малых не было такіх кідкіх лялек і машынак, як у сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак. Але тыя старыя цацкі неслі пазітыў і служылі доўга.

У музеі вельмі шмат архіўных фатаграфій — іх арыгіналы збіраліся па закінутых дамах у чарнобыльскай зоне. Іх павялічаныя копіі выдатна дапаўняюць прадметную экспазіцыю музея.

Шмат экспанатаў распавядае пра школу, у якой адвучыліся прадстаўнікі старэйшых пакаленняў. Тут можна ўбачыць торбачкі, з якімі хадзілі на заняткі пасля вайны, падручнікі, дапаможнікі, шпаргалкі, запіскі ад настаўнікаў, ёсць нават «куток двоечніка» і прылады юных савецкіх хуліганаў. Музей нагадвае і пра санітарныя пасты — калі ў школах прынята было правяраць, ці ахайна вучань сабраўся ў школу, ці пачысціў свой абутак. Трапілі ў музей і самыя першыя камп'ютары, з дапамогай якіх нараўлянскія дзеці пачалі вывучаць інфарматыку.

Дарэчы, у школе працуе яшчэ адзін музей, што даводзіць пра гісторыю гэтага краю над Прыпяццю. Прычым экспанаты падабраныя так, каб музей мог выкарыстоўвацца для школьнікаў на пазнавальных занятках. Тут ёсць прадметы, якія нагадаюць пра першабытны час — камяні з малюнкамі, кавалак біўня маманта, крэмень, посуд. Папалі ў калекцыю старажытныя амулеты, сярэднявечная зброя і прадметы, звязаныя з Першай сусветнай вайной. Дарэчы, сярод ураджэнцаў Нараўляншчыны асабліва вызначыўся Марк Шароп. Гэты разведчык здзейсніў у гады Першай сусветнай вайны шмат подзвігаў і за вельмі кароткі час паспеў стаць поўным Георгіеўскім кавалерам — за паўгода атрымаў чатыры крыжы. Магчыма, гэта адзін з герояў—рэкардсменаў той вайны. Адзін з любімых рарытэтаў гаспадара музея — куфар, які належаў удзельніку штурму Зімняга палаца. Ёсць тут і рэдкая шлюбная пячатка Горватаў з двума гербамі. Дадатковы герб належаў жанчыне, такім чынам пасля вяселля пачала прызнавацца яе роля. Ёсць тут таксама экспанаты, звязаныя з Другой сусветнай вайной. Напрыклад, арыгінальны плакат з надпісам «Болтун — находка для шпионов», шыльда з міннага поля, дакументы са звесткамі пра партызанскіх камандзіраў і пра генацыд.

Школа носіць імя Івана Шаўрэя, які працаваў у ваенізаванай пажарнай часці Чарнобыльскай АЭС. У 1986 годзе, калі здарылася аварыя, ён якраз нёс дзяжурства і аказаўся адным з першых, хто тушыў пажар на энергаблоку. З 28 байцоў-пажарных, якія трапілі ў тое пекла, выжыў толькі ён адзін. За мужнасць Іван Міхайлавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі. Музею дастаўся кіцель героя. А таксама сюды дайшла маска, якую шыла адна з мясцовых бабуль, каб засцерагчыся ад радыяцыі, запіска, якую жанчына пакінула на дзвярах падчас адсялення, малюнак на шпалерах, зроблены салдатамі з палка хімічнай абароны...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.