Вы тут

Інвестыцыі ў моладзь — інвестыцыі ў будучыню


У Маладзечне прайшла традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў Міншчыны «Час патрыётаў: ад традыцый да сучаснасці». У ёй прынялі удзел больш як 850 прадстаўнікоў сістэмы адукацыі вобласці. Удзельнікі форуму падвялі вынікі мінулага навучальнага года, вызначылі стратэгічныя напрамкі развіцця адукацыі цэнтральнага рэгіёна на перспектыву.


У канферэнцыі прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. Ён адзначыў, што новы навучальны год пачнецца з абноўленай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Шмат зроблена па карэкціроўцы нарматыўных і ведамасных прававых актаў, якія ўступяць у сілу з першага верасня гэтага года. Як сказаў кіраўнік ведамства, асноўная задача, якая стаіць на павестцы дня, — павышэнне якасці адукацыі. Якасць адукацыі нельга вымяраць толькі вучнёўскімі адзнакамі. Ацэньваць яе неабходна па ўзроўні асобаснага сацыяльнага росту кожнага вучня, гатоўнасці выпускнікоў уступіць у дарослае жыццё.

Педагогаў цэнтральнага рэгіёна за няпростую, аде высакародную працу падзякаваў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

— Стала добрай традыцыяй, калі мы напярэдадні новага года збіраемся разам, каб абмеркаваць праблемныя пытанні, выпрацаваць аптымальны алгарытм іх рашэння, вызначыць стратэгію развіцця сістэмы адукацыі Міншчыны, — падкрэсліў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Аляксандр Турчын засяродзіў увагу на тым, што ў сучасным свеце многія дзяржавы перапісваюць сваю гісторыю, адмаўляюцца ад традыцый. Настаўнікі павінны выхаваць у дзяцей пачуццё патрыятызму, навучыць паважаць і захоўваць каштоўнасці, што мае наш народ. Гэта патрабуе ад кожнага педагога вялікай адказнасці і прафесіяналізму.

Аляксандр Турчын адзначыў, што педагогі цэнтральнага рэгіёна сапраўдныя прафесіяналы. Яны падрыхтавалі шмат пераможцаў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядаў, конкурсаў, канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў. Заслуга педагогаў і ў тым, што 35 хлопчыкаў і дзяўчынак Міншчыны атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. На Міншчыне 114 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у тым ліку восем педагогаў.

У сучасным свеце вельмі хутка рушаць наперад новыя тэхналогіі. Таму адукацыя моладзі і падлеткаў павінна апераджаць сённяшні дзень, ісці на крок наперад. Гэта датычыцца не толькі навучальнага працэсу, але і тэхнічнага аснашчэння, лічыць Аляксандр Турчын. Мінскі аблвыканкам імкнецца рабіць усё неабходнае для развіцця дзяцей, укладвае інвестыцыі ў іх будучыню.

На днях будуць адкрыты новая школа ў Смалявічах, дзіцячыя сады ў Фаніпалі, Любані. Запланавана будаўніцтва дашкольных устаноў у Смалявічах, Лагойску, школ у Сеніцы, Фаніпалі, Жодзіне, паведаміў Аляксандр Турчын.

Падчас форуму ўдзельнікі і госці азнаёміліся з прэзентацыяй дасягненняў сістэмы адукацыі Міншчыны. У холе Палаца культуры Маладзечна разгарнуліся пляцоўкі, дзе былі прадстаўлены сучасныя медыя ўстаноў адукацыі, электронныя адукацыйныя рэсурсы, даследчыя праекты навучэнцаў, IT-праекты педагогаў, прадукцыя вучнёўскіх бізнэс-кампаній. Усе ахвотныя змаглі атрымаць кансультацыі прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў банкаўскага сектара.

На вуліцы каля Палаца культуры былі наладжаны выстаўка-рэтраспектыва з выявай вуліц населеных пунктаў Мінскай вобласці, інтэрактыўная экспазіцыя авіямадэляў, прысвечаная Году гістарычнай памяці, інсталяцыя «Парад прафесій», паказальныя выступленні і майстар-класы па разнастайных відах спорту.

Нагадаю, што напярэдадні педканферэнцыі з 17 па 30 жніўня праходзілі дыялогавыя пляцоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў навучальных устаноў. Удзельнікі абмеркавалі шырокае кола надзённых для школы пытанняў. У прыватнасці, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі, перспектыўныя кірункі патрыятычнага выхавання навучэнцаў, рэгіянальныя магчымасці выкарыстання гісторыка-культурнага кампанента ў развіцці духоўнага турызму, перспектывы станаўлення маладых педагогаў.

Напрыканцы форуму ўшанавалі лепшых педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў, якія прыбылі на работу ў цэнтральны рэгіён.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота: edu.gov.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».