Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Семкі разладу

Урач-дыетолаг, член Нацыянальнай асацыяцыі дыетолагаў і нутрыцыёлагаў Марына Макіша папярэдзіла расіян аб небяспецы семак сланечніку.

Эксперт патлумачыла, што праблема заключаецца ў іх высокай каларыйнасці. Паводле яе слоў, 50 грамаў ачышчаных семак даюць арганізму каля 400 кілакалорый. Супастаўную колькасць энергіі ўтрымлівае цэлы абед.

Макіша лічыць, што бескантрольнае ўжыванне семак вядзе да прыбаўлення вагі, якое часта суправаджаецца пагаршэннем здароўя. «Таму што за наборам вагі ідзе «паломка» ўсяго энергетычнага абмену ў арганізме, унутрысістэмнае запаленне і цэлы букет захворванняў», — сцвярджае яна.

На думку ўрача-дыетолага Міхаіла Гінзбурга, у семак ёсць і іншыя непрыемныя ўласцівасці. У прыватнасці, яны могуць выклікаць алергію і ўяўляюць пагрозу для людзей з гастрытам і язвай страўніка.


З адзінкай у галаве

Адкрыта здольнасць рыб да матэматыкі

Даследаванне, праведзенае ў Бонскім універсітэце ў Германіі, прадэманстравала, што рыбы Зебра Мбуна (Pseudotropheus zebra) і скаты (Potamotrygon motoro) могуць хутка дадаваць і адымаць адзінку з лічбаў ад аднаго да пяці. Праца навукоўцаў была апублікаваная ў часопісе Scіentіfіc Reports.

Каб праверыць, ці змогуць рыбы рабіць простыя вылічэнні, даследчыкі змясцілі іх у спецыяльныя камеры. Там былі ўсталяваныя два экраны. Рыбам паказвалі выявы: да прыкладу, пяць кропак на адным і тры — на іншым экране.

Яны выпадковым чынам выбіралі бок і атрымлівалі (або не атрымлівалі) узнагароду. З часам рыбы і скаты вучыліся звязваць візуальныя стымулы на экранах з жаданым вынікам. Пасля гэтага даследчыкі ўскладнілі задачу: рыбам паказвалі фігуры жоўтага і сіняга колеру і давалі пяць секунд, каб запомніць колькасць і колер фігур. Іх навучылі распазнаваць, што жоўтыя знакі азначаюць складанне на адзінку, а сінія — адыманне на адзінку.

Затым рыбе трэба было выбраць паміж двума экранамі: адна выява з дадатковай фігурай і іншая — на адну фігуру менш. Напрыклад, калі рыбе паказвалі малюнак з трыма сінімі фігурамі, то яна павінна была дадаць адзін да трох і выбраць вароты з чатырма фігурамі.

У даследаванні ўдзельнічалі восем Зебр Мбуна і восем скатаў. З іх шэсць Зебр Мбуна і тры скаты навучыліся лічыць: яны спраўляліся з задачкамі ў 78 і 94 працэнтах выпадкаў адпаведна. Адыманне давалася ім складаней: абодва віды атрымлівалі правільныя адказы ў 69 і 89 працэнтах выпадкаў адпаведна.

Навукоўцы адзначаюць, што вынікі дапаўняюць узрослую колькасць доказаў таго, што кагнітыўныя здольнасці некаторых рыб неабходна перагледзець.


А што думае какаду?

Выяўлены сакрэт даўгалецця папугаяў

Навукоўцы Таварыства Макса Планка (Германія) устанавілі, што такія віды папугаяў, як пунсовы ара і жаўтахохлы какаду, маюць надзвычай доўгую сярэднюю працягласць жыцця — да 30 гадоў. Паводле вынікаў даследавання, апублікаванага ў часопісе Proceedіngs of The Royal Socіety B: Bіologіcal Scіences, гэта тлумачыцца адносна вялікім памерам мозгу, што садзейнічае больш развітым кагнітыўным здольнасцям.

Даследчыкі прааналізавалі даныя звыш 130 тысяч асобін папугаяў з больш чым тысячы заапаркаў. Гэта дазволіла камандзе навукоўцаў атрымаць першыя надзейныя ацэнкі сярэдняй працягласці жыцця 217 відаў папугаяў, што складае больш за палову ўсіх вядомых відаў.

Потым навукоўцы разгледзелі дзве гіпотэзы. Згодна з першай, адносна большы мозг павялічвае працягласць жыцця. Іншымі словамі, птушкі з больш развітымі кагнітыўнымі здольнасцямі з большай верагоднасцю выжывуць у дзікай прыродзе. Другая гіпотэза заключаецца ў тым, што адносна вялікі мозг расце даўжэй, а значыць, патрабуе большай працягласці жыцця. Першапачаткова даследчыкі больш схіляліся да другой здагадкі.

Аднак вынікі мадэлявання раскрылі, што павялічаны памер мозгу дазволіў павялічыць працягласць жыцця папугаяў за кошт палепшаных кагнітыўных здольнасцяў. У будучыні каманда плануе высветліць, ці маглі сацыяльнасць і культурнае навучанне ў папугаяў таксама садзейнічаць павелічэнню працягласці жыцця.


І ніякіх драпін

Стварылі «лекавую» плёнку для смартфонаў

Спецыялісты Цэнтра кампетэнцый Нацыянальнай тэхналагічнай ініцыятывы (НТІ) «Лічбавае матэрыялазнаўства: новыя матэрыялы і рэчывы» на базе МДТУ імя Баўмана стварылі з тэрмапластычнага палімера самааднаўляльную ахоўную плёнку для смартфонаў, здольную «загойваць» драпіны на экране смартфона пры награванні фенам.

«Для «залечвання» драпін дастаткова нагрэву да 50—60 градусаў з дапамогай звычайнага фена. Па выніках выпрабаванняў максімальная ступень аднаўлення механічных уласцівасцяў тэрмапластычнай плёнкі склала 95 працэнтаў на працягу 48 гадзін. Візуальна паверхня аднаўлялася амаль цалкам», — цытуе прэс-службу кампаніі ТАСС.

Адзначаецца, што эфектыўнасць аднаўлення захоўваецца для пашкоджанняў глыбінёй да 1,5 міліметра. Таксама ў кампаніі падкрэслілі, што кошт такіх ахоўных плёнак, па чаканнях спецыялістаў, будзе супастаўным з замежнымі аналагамі.

«Падобныя ахоўныя пакрыцці таксама могуць выкарыстоўвацца ў аўтамабілебудаванні, пры вытворчасці фота- і камп'ютарнай тэхнікі, тэлевізараў і іншых прылад», — дадалі ў кампаніі.


Кантактныя імпульсы

Знойдзены механізм перадачы інфармацыі паміж грыбамі

Ва Універсітэце заходняй Англіі даведаліся, што грыбы камунікуюць адно з адным, як людзі, выкарыстоўваючы замест мовы электрычныя сігналы. Такія даныя вынікаюць з матэрыялу ў часопісе Royal Socіety Open Scіence.

Адзначаецца, што грыбы абменьваюцца інфармацыяй у выглядзе электрычных імпульсаў з дапамогай гіфаў — ніткападобных структур пад зямлёй. Пры судакрананні з драўнінай хуткасць сігналаў моцна павялічвалася, высветлілі вучоныя.

Падчас эксперыменту былі вывучаны чатыры віды грыбоў: энокі, шчыліннік звычайны, прывідны грыб і кардыцэпс кітайскі. Актыўнасць іх стасункаў вымяралі з дапамогай мікраэлектродаў, устаўленых у каланізаваны міцэліем субстрат. Як аказалася, у перадачы сігналаў ёсць нейкая заканамернасць: у актыўныя перыяды грыбы казалі да 50 «слоў», а самым «таварыскім» прызналі від шчылінніка.

Цяпер навукоўцы спрабуюць высветліць, ці сапраўды паміж грыбамі адбываецца камунікацыя, ці гэта проста вынік кончыкаў гіфаў, якія нясуць у сабе зарад.


З чыстай міскі

Трэба даглядаць посуд гадаванца, як свой

Амерыканскі ветэрынар Джэймі Уітэнбург назвала правілы мыцця сабачых місак і растлумачыла, чаму гэта трэба рабіць кожны дзень.

Уітэнбург адзначыла, што важна ставіцца да міскі гадаванца гэтак жа, як і да сваёй талеркі, і мыць яе пасля кожнага прыёму ежы. «Калі ў вас увайшло ў звычку тыднямі, а то і месяцамі не мыць міску з ежай, пара нешта мяняць», — заклікала яна.

Ветэрынар рэкамендуе мыць міскі цёплай вадой з мылам ці ў пасудамыйцы. Пры выкарыстанні сухога корму трэба кожны раз прамываць савок ці мерную шклянку, якім яго насыпаюць.

Спецыялістка звярнула ўвагу і на міскі з вадой: іх варта прамываць не радзей, чым кожныя тры дні, каб па краях не ўтваралася ліпкая і слізкая біяплёнка.

Неабходнасць сачыць за чысцінёй посуду сваіх гадаванцаў Уітэнбург тлумачыць тым, што ў ёй заводзяцца патагенныя бактэрыі, якія разам з ежай трапляюць у арганізм сабакі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?