Вы тут

Самы блізкі прадстаўнік улады


На тэрыторыі гэтага сельсавета ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці знаходзіцца 37 вёсак і працуюць 12 дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Старшыня Глівінскага сельвыканкама Дзмітрый Ліпніцкі з усімі падтрымлівае пастаянныя сувязі.


«Гэта, можна сказаць, пасрэднікі паміж мясцовай уладай і насельніцтвам. Сельсавет вялікі па тэрыторыі: каб аб'ехаць усе населеныя пункты, неабходна шмат часу. На дапамогу прыходзяць дэпутаты. Яны першыя памочнікі і дарадцы ва ўсіх справах і пачынаннях. І самі дэпутаты выказваюць нямала цікавых прапаноў па добраўпарадкаванні, стварэнні больш камфортнага жыцця для сваіх землякоў. Яны жывуць сярод мясцовых людзей, ведаюць кожнага з іх, клопаты, праблемы», — лічыць Дзмітрый Ліпніцкі.

Дэпутат сельсавета — першы, да каго звернецца жыхар вёскі, калі яму патрэбна дапамога. Шэраг мясцовых пытанняў можна вырашыць менавіта на гэтым узроўні. Напрыклад, па замене ліхтароў вулічнага асвятлення, вывазе смецця, уладкаванні дарогі. І для гэтага дэпутат сельскага Савета неабавязкова павінен быць кіраўніком сельгасарганізацыі або прадпрыемства. Існуе меркаванне, што ў такіх большыя матэрыяльныя і фінансавыя магчымасці, каб вырашаць пытанні мясцовых жыхароў.

«Насамрэч, поспех дэпутацкай дзейнасці залежыць ад ступені адказнасці і актыўнасці народнага абранніка. Нашы дэпутаты не дзеляць пытанні на першачарговыя і другасныя. Калі чалавек звярнуўся, значыць, мае патрэбу ў дапамозе. І яшчэ важная ўмова — дэпутат павінен натхняць на добрыя справы асабістым прыкладам, працаваць поплеч са сваімі выбаршчыкамі», — упэўнены старшыня Глівінскага сельвыканкама.

Ён расказвае, як дэпутат Святлана Рудзь дапамагла ў зборы сродкаў на ўладкаванне агароджы вакол могілак у Навасёлках. Частку сродкаў выдзеліў сельскі Савет. Усяго на тэрыторыі сельсавета 15 грамадзянскіх могілак, дзесьці яны знаходзяцца ў населеных пунктах, дзесьці — у лясных масівах. Дэпутаты тлумачаць мясцовым жыхарам, што прывесці ўсё ў парадак цалкам за кошт бюджэту нерэальна, таму неабходны парытэтныя ўмовы — фінансаванне з бюджэту плюс сродкі жыхароў.

«Апошнім часам людзі з разуменнем ставяцца да такой прапановы, — кажа Дзмітрый Ліпніцкі. — У вёсцы Навішчына, што на мяжы Барысаўскага, Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў, у асноўным жывуць каталікі. Яны за асабістыя сродкі адрамантавалі капліцу, замянілі агароджу на могілках, самі косяць траву. Гэта добры прыклад грамадскай ініцыятывы. Мы таксама падтрымліваем сувязі з Беларускай праваслаўнай царквой, прызначана сустрэча са святарамі, мясцовым насельніцтвам, будуць прысутнічаць і дэпутаты. Народныя абраннікі арганізоўваюць і суботнікі, у якіх удзельнічаюць самі, сумесна з вучнямі даглядаюць месцы масавых пахаванняў, абеліскі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівая падзяка прадпрымальніку, дэпутату Уладзіміру Хомічу, які выдзяляе піламатэрыялы для патрэб жыхароў сваёй мясцовасці — нешта агарадзіць, падрамантаваць».

Дэпутаты Глівінскага сельскага Савета розных прафесій і ўзростаў. Ёсць пенсіянер, майстар лесу, трактарыст лясніцтва, педагогі, аграном. Але ўсіх іх аб'ядноўвае жаданне зрабіць населеныя пункты, якія яны прадстаўляюць, больш прыгожымі, добраўпарадкаванымі, камфортнымі. Для іх не бывае дробязных пытанняў, заўсёды гатовы аказаць пасільную дапамогу, выслухаць любога. А калі праблема не па плячы, звяртаюцца ў сельвыканкам.

Яшчэ адно важнае звяно мясцовага самакіравання — вясковыя старасты. Іх жыццё малой радзімы і клопаты землякоў хвалююць не менш, чым дэпутатаў. Менавіта пад іх кіраўніцтвам жывуць канкрэтныя населеныя пункты. У Глівінскім сельсавеце 16 старастаў.

Жыхары вёскі Забашавічы не першы год выбіраюць старастай Марыю Шлому. Яна вельмі адказны чалавек.

«Напрыклад, патэлефанавала нядаўна, маўляў, згубіла паперку з нумарам тэлефона мясцовага прадпрымальніка — патрэбен камбайн для абмалоту збожжа на прысядзібных участках. Я нагадаў ёй нумар. Яна адразу ж папярэдзіла людзей, калі прыедзе камбайн. У жыхароў ёсць выбар, куды звяртацца — да прыватніка або ў гаспадарку. Дарэчы, КСУП «Чарневічы» таксама выдзяляе тэхніку для ўборкі ўраджаю з прыватных участкаў. І людзі глядзяць, дзе танней, дзе выгадней расцэнкі», — канстатуе Дзмітрый Ліпніцкі.

Каб заахвоціць старастаў, штогод сельвыканкам уручае самым актыўным граматы, падзякі і прызы.

Старшыня Глівінскага сельвыканкама не сумняваецца, што дэпутаты Сельскіх саветаў патрэбныя людзям. Старшыня не заўсёды даедзе да аддаленых вёсак, а дэпутаты, старасты там жывуць, і яны заўсёды на сувязі з сельскім Саветам.

«Магчыма, можна скараціць іх колькасць. Больш дасканала падыходзіць да вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, прапаноўваць найбольш ініцыятыўных, нераўнадушных людзей, — разважае старшыня сельвыканкама. — Але, безумоўна, дзякуючы іх намаганням людзям жыць лягчэй і лепш».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.