Адзіная ў Беларусі выканаўца індыйскіх песень Святлана Агарвал прэзентавала відэа «Джымі Бабу». Песню з аднайменнай назвай яна запісала ў дуэце з Бапі Лахіры ў Мумбаі яшчэ два гады таму падчас свайго творчага візіту ў Індыю. Аўтарам музыкі выступіў Бапі Лахіры, аўтарам слоў – Самір Анджан. Паказаць публіцы песню і відэа ўдалося толькі цяпер.
— На гэтую песню ў нас з Бапі Джы былі вялікія планы: і сумесныя здымкі кліпа, і ўдзел у папулярным індыйскім тэлевізійным шоу «Капіл Шарма», і канцэрты. Планаваўся таксама сумесны канцэрт у Маскве. Але жыццё ўнесла свае карэктывы. Бапі Лахіры, незадоўга да плануемай сустрэчы, пайшоў з жыцця. І песню мне прыйшлося выпусціць без удзелу аўтара. Тут, у Беларусі, мы зрабілі відэа ў памяць аб нашым супрацоўніцтве. На ім адлюстраваны нашы працоўныя моманты, кадры з прэс-канферэнцыі, сумесныя інтэрв’ю для СМІ, індыйскае свята “Холі”, дзе прысутнічалі знакамітыя балівудскія акцёры. Гэтыя кадры былі захаваны на тэлефон. Хто ж ведаў, што гэта будзе наша з Бапі Лахіры апошняя сустрэча.
Бапі Лахіры Джы называў мяне «Jimmy girl» і асабіста блаславіў на выкананне сваёй легендарнай песні «Jimmy Jimmy аaja», якая так спадабалася і беларускай публіцы. Яму вельмі спадабалася, як я яе выконваю, спалучаючы індыйскі і беларускі каларыт. І мне неаднаразова даводзілася выконваць яе ў Індыі для СМІ. У тым ліку я спявала яе і на нашай сумеснай прэс-канферэнцыі, дзе прысутнічалі больш за 25 тэле- і радыёвыданняў. Адным з вынікаў гэтага мерапрыемства стала публікацыя майго інтэрв’ю ў індыйскім часопісе «Маяпуры». Гэта часопіс пра балівудскіх акцёраў, і для мяне гонар суседнічаць на старонках з такімі індыйскімі артыстамі, як Амітабх Бачан, Салман Кхан, Айшварыя Рай, Шах Рукх Кхан і іншымі.
Многія ведаюць Бапі Лахіры як аўтара вядомай песні «Джымі, Джымі, аджа» з кінафільма «Танцор Дыска». Яго называюць каралём дыска-музыкі як адзінага стваральніка дыска-біта ў Індыі. Дзякуючы сваім знакамітым кампазіцыям, Бапі Лахіры быў самым папулярным музычным дырэктарам. Ён працаваў з многімі легендамі Балівуда і Галівуда: Лата Мангешкар, Аша Бхасле, Майкл Джэксан, Мадона і Святлана Агарвал.
— Я ўдзячная Бапі Лахіры Джы, Богу і лёсу за гэта сяброўства і супрацоўніцтва.
«Джымі Бабу» перакладаецца як зварот да старэйшага. Для мяне Бапі Лахіры Джы ў памяці назаўжды застанецца чалавекам, які блізка пазнаёміў мяне з Балівудам. Дзякуючы яму я сустрэлася з індыйскімі акцёрамі і музыкантамі: Джытэндра, Джая Прада Гавінда. А з аўтарам музыкі «Jimmy Jimmy aaja» Бапі Лахіры і аўтарам тэкстаў Самірам Анджанам мы запісалі яшчэ адну песню пад назвай «Namaste, India», якая таксама неўзабаве выйдзе ў свет.
Відэа «Jimmy Babu» знаходзіцца па спасылцы.
Надзея ЗУЕВА, паводле прэс-службы артысткі
Фота з ўласнага архіва Святланы АГАРВАЛ
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.