Ад былой ускраіны горада, дзе нараджалася легендарная кінакарціна, амаль нічога не засталося. Горад, які ў кінафільме бязлітасна наступае на патрыярхальны вясковы ўклад, поўнасцю адпавядае сучаснаму стану Гродна. На месцы драўляных дамоў выраслі «высоткі», з'явіліся паркоўкі, дзіцячыя пляцоўкі... Увогуле, вёску змяніла гарадская інфраструктура, а вось зялёных зон амаль не засталося.
У сувязі з гэтым ініцыятыўная група грамадзян пры падтрымцы гарадскога Савета дэпутатаў прадставіла на абласны конкурс грамадзянскіх ініцыятыў праект па стварэнні ў мікрараёне вялікага гарадскога сквера. І месца якраз знайшлося — участак былой балоцістай пусткі. На добраўпарадкаванне сквера выдзелена 70 тысяч рублёў. Мяркуецца, што поўнасцю работы будуць завершаны ў наступным годзе, які супадае з юбілеем кінафільма «Белыя росы».
У горадзе ў гонар стужкі з'явілася вуліца Белыя росы. Ёсць прапанова так назваць і будучы парк. Памяць аб здымках культавага фільма ўвасоблена ў скульптурнай кампазіцыі — на ўзгорку сярод шматпавярховікаў стаіць стары Хвядос са сваім суседам Цімафеем, а побач ляжыць верны дварняк Валет. Непадалёку ўстаноўлены той самы калодзеж, які відаць у кадры дома, дзе жыў Хвядос.
Многія жыхары памятаюць той сезон. Вось і мужчына, які спыніўся паглядзець на новабудоўлю, згадаў некаторыя факты. Напрыклад, як ён быў здзіўлены, калі прыехаў з камандзіроўкі і ўбачыў у прыватным сектары новы дом. Як так? Ішла гаворка аб зносе дамоў, а тут новы пабудавалі. Аказалася, што спецыяльна для здымак. Мужчына з акна свайго дома мог назіраць за некаторымі здымачнымі момантамі.
— Цяпер тут пануе горад, але яшчэ не забудавалі пустку, дзе была вёска. Як відаць, яе рыхтуюць пад паркавую зону. Як вам такая ідэя? — пытаюся ў пенсіянера.
— Вельмі добра, бо навокал дамы, а зеляніны мала. Парк упрыгожыць мікрараён, у тым ліку і царкву, якая тут будуецца, — выказаў сваё меркаванне мужчына. — Работы вядуцца хуткімі тэмпамі, сам назіраў, як машыны з пяском ідуць адна за адной. Відаць, што кабель ужо пралажылі, значыць, будуць хутка ставіць ліхтары. Мы думалі, што ў цэнтры будзе фантан, але нам растлумачылі, што гэта клумбы.
Старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пры ЖЭСе № 13 Яніна Роўбуць гатовая падключыць да добраўпарадкавання паркавай зоны мясцовых жыхароў. Яна лічыць, што для мікрараёна Дзевятоўка, дзе пражывае да 60 тысяч гараджан, парк неабходны. Для рэалізацыі праекта пры ЖЭСе створана грамадская ініцыятыўная група.
— Мы будзем удзельнічаць у пасадцы дрэў, дапаможам у добраўпарадкаванні парку, стварэнні зон адпачынку для розных катэгорый насельніцтва. Пару гадоў таму высадзілі некалькі алей, думаю, будзем рухацца і далей, — расказвае яна. — Чакаем гэты парк. Спадзяюся, што ён стане цэнтрам культурнага жыцця мікрараёна, і наш музычна-паэтычны клуб «Каравела», які працуе пры ЖЭСе, таксама зможа выступаць у ім падчас свят.
— Ідэя парку вельмі станоўча ўспрынята жыхарамі мікрараёна, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў і расказаў, як яны з мэрам горада Мечыславам Гоем паехалі аглядаць участак.
— Мы выйшлі з аўтамабіля, стаім, разважаем перад пусткай, а там нізіна такая, амаль што балота. І тут жанчыны да нас падыходзяць і адразу з пытаннем: «Што, ізноў нешта будуць будаваць? Толькі гэтых шматпавярховікаў тут не хапала, і так усё забудавана!». А мэр кажа: «Не, тут будзе парк». І рэакцыя жанчын адразу стала іншай, яны пацішэлі, па ўсім было відаць, што ідэя ім даспадобы, — успамінае старшыня гарсавета.
Тэма азелянення мікрараёна Дзевятоўка ўзнікла даўно. Людзі неаднаразова звярталіся да ўладаў з прапановай аб стварэнні зялёных зон. Але на гэта неабходныя вялікія сродкі. Гарсавет выйшаў з адпаведным праектам на абласны конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, і конкурсная камісія яго ўхваліла.
Гэта першы такога кшталту абласны конкурс, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Ён скіраваны на падтрымку і стымуляванне грамадзянскіх ініцыятыў для вырашэння сацыяльна значных праблем мясцовага значэння. Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў і Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Дарэчы, такі конкурс ужо рэалізаваны летась на рэспубліканскім узроўні. Але гродзенцы вырашылі стварыць свой фонд з капіталам у 200 тысяч рублёў. Меркавалася, што будуць фінансавацца 4-5 праектаў. Паркавая зона ў Дзевятоўцы — адзін з самых буйных.
Барыс Фёдараў успамінае, як выбіралі ўчастак. Разглядаліся два варыянты. Адзін не задавальняў з-за невялікіх памераў. Бачыўся больш маштабны праект. І пад яго якраз падышоў участак каля будучага храма. Гэта вялікая тэрыторыя, недалёка ад новай гарадской магістралі.
— Шанцаў, што наш праект выйграе, было шмат, бо ён сур'ёзны, глабальны. Тут і подпісы не абавязкова збіраць, па адных зваротах было відаць, што ён будзе падтрыманы насельніцтвам. Было відавочна — гэта людзям патрэбна. У выніку нам пералічылі не 50, а 70 тысяч рублёў. І сродкі ўжо паступілі ў гарвыканкам, — распавядае старшыня гарсавета. — Магчыма, фінансава падтрымае і бюджэт горада. Цяпер справа за намі. Заказчыкам і будучым уласнікам выступае гарадская ЖКГ. У сваю чаргу, камунальнікі будуць прыслухоўвацца і да прапаноў мясцовых жыхароў.
Папярэднія работы ўжо праведзены. Па-першае, паднялі нізіну на 1,5 метра, дзеля чаго перавезлі безліч пяску з катлаванаў новабудоўлі. Грунт вазілі ўсю зіму і вясну. Самым праблемным было пытанне, ці хопіць наогул грунту, настолькі шмат яго спатрэбілася.
Большая частка сквера ўжо засыпана, засталося падсыпаць працэнтаў 30 плошчы. Паралельна ідуць работы па пракладцы камунікацый і бардзюра. Увосень мяркуецца пачаць пасадку зялёных насаджэнняў. Прычым не зусім малых саджанцаў, а больш дарослых — тэхналогіі дазваляюць тое зрабіць. Прадпрыемства «Зелянбуд» вызначыць і пароды дрэў.
— Парк будзем уводзіць паэтапна, як толькі будзе гатовая інфраструктура яго часткі — дарожкі, ліхтары, лаўкі, сметніцы, алеі, малыя архітэктурныя формы. Завяршэнне ўсяго сквера, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў 2023 годзе. Але асноўныя работы будуць завершаны сёлета, — паведаміў Барыс Фёдараў.
У горадзе даўно не вяліся работы па стварэнні такіх паркавых зон. Упершыню пустка, якая ўтварылася з-за знесеных дамоў і часткі былога балота, ператвараецца ў вялікі гарадскі сквер, які запаўняе ўсю прастору. Як запэўніў старшыня гарсавета, ніякіх пабудоў тут не плануецца ўзводзіць, акрамя храма, што будуецца на ўскрайку будучага парку. Да царквы праз парк будуць пракладзены дарожкі.
Дарэчы, да добраўпарадкавання гатовыя падключыцца і вернікі. Аб гэтым старшыні гарсавета паведаміў настаяцель царквы. У якасці партнёраў выступіць і гарадская арганізацыя БРСМ.
Абмяркоўваецца пытанне па пераносе калодзежа і драўляных скульптур Хвядоса, Цімафея і Валета на тэрыторыю парка. Магчыма, з'явяцца іншыя архітэктурныя формы, звязаныя з вядомай кінакарцінай. І нагода для гэтага ёсць — парк пачне функцыянаваць у 2023-м, у год юбілею «Белых рос».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».