Вы тут

Грошы для ініцыятыўных


Мары здзяйсняюцца! Тое, што яшчэ нядаўна было ўсяго толькі словамі, нарэшце набыло выразныя формы — у выглядзе арэляў, атракцыёнаў і трэнажораў. Летась асацыяцыя правяла конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятыў і выявіла мноства актыўных грамадзян, якія гатовыя садзейнічаць развіццю тэрыторый свайго месца жыхарства. Конкурсны адбор прайшлі найлепшыя ідэі. Частка ўжо рэалізаваная, яшчэ некалькі ў рабоце. Іх увасабляюць у жыццё самі ініцыятары з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскасці, прадпрымальнікаў пры дапамозе фінансавай падтрымкі Банка развіцця Рэспублікі Беларусь праз Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў.


Новае жыццё «Дубкоў»

Зона адпачынку з такой назвай апошнім часам была ў заняпадзе, і жыхары мікрараёна Дачны ў Магілёве неаднаразова спрабавалі звярнуць на яе ўвагу ўладаў. Дэпутат гарсавета Раман Крывашэін, які тут жыве, прайшоўся па закінутай пляцоўцы, каб ацаніць, у якую суму можа абысціся добраўпарадкаванне некалі папулярнага месца адпачынку. Потым з улікам пажаданняў насельніцтва і яго згодай паўдзельнічаць у добрай справе ён напісаў праект і падаў заяўку на конкурс. Ідэя была падтрымана і асацыяцыяй, і Магілёўскім гарвыканкамам. Мэр Магілёва Уладзімір Цумараў даручыў уключыць аб'ект у бягучы план па добраўпарадкаванні. Мікрараён дастаткова малады, тут шмат дзяцей і моладзі, а вось пляцоўка, дзе можна было б і пагуляць, і спортам пазаймацца, і адпачыць, сапраўды, зусім не адпавядала сучасным патрабаванням.

У работу ўключыліся ўсе — УКП, «Магілёўзелянбуд», Магілёўскае прадпрыемства цеплаэнергетыкі, «Гарсвятло», грамадскія аб'яднанні.

На рэалізацыю праекта праз Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў Банкам развіцця было накіравана 20 тысяч рублёў бязвыплатнай дапамогі. Сем тысяч ахвяравалі дэпутаты гарсавета з членскіх узносаў асацыяцыі. Яшчэ 2,5 тысячы рублёў сабралі жыхары. За гэтыя грошы была створана дзіцячая пляцоўка і набыта гульнявое абсталяванне.

— Для камунікацыі паміж удзельнікамі праекта мы стварылі ў «Вайберы» групу і ўвесь час былі на сувязі, — расказвае Раман Крывашэін. — Асабліва актыўна яна спрацавала падчас стварэння спартыўнай пляцоўкі. Праз яе літаральна за дзве гадзіны людзі сабралі грошы на баскетбольны шчыт.

Акрамя дзіцячай пляцоўкі і зоны адпачынку, на закінутых плошчах з'явіліся футбольная, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі. Прычым валейбольная — выключна дзякуючы пажаданням жыхароў сярэдняга ўзросту. Прыгожы ландшафт, сучаснае абсталяванне, шмат лавак — аб'ект атрымаўся сапраўды прывабны. Яго прэзентацыя прайшла па-святочнаму — з песнямі, майстар-класамі, спартыўнымі спаборніцтвамі.

— Асабліва прыемна, што гэтая пляцоўка запатрабаваная, — адзначае Раман Валер'евіч. — Калі я раніцай еду на работу, там ужо ёсць людзі. А пазаймацца варкаўтам да нас цяпер прыязджаюць аматары з іншых куточкаў Магілёва. Папулярныя вулічныя трэнажоры — на іх любіць займацца моладзь. А вось аматары спіртных напояў і іншых шкодных звычак пакінулі згаданае месца. Раней яны тут любілі пасядзець. Затое тых, хто паважае спорт і актыўны спосаб жыцця, стала больш. Такія ініцыятывы вельмі патрэбныя і карысныя.

Падаруна к дзецям

Не менш святочным было адкрыццё дзіцячай комплекснай спартыўна-гульнявой пляцоўкі ў Бабруйску. Удзел у ім бралі старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў, старшыня Бабруйскага гарсавета дэпутатаў Міхаіл Жалудоў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, бабруйскіх прадпрыемстваў, жыхары мікрараёна.

Ініцыятарам стварэння карыснага аб'екта выступіла старшыня таварыства ўласнікаў дома № 32 па Георгіеўскім праспекце Алена Мілова. Прызнаецца, што ідэя з комплекснай пляцоўкай, дзе можна і дзецям пагуляць, і дарослым адпачыць, ужо лунала ў паветры. Таму калі стала вядома пра конкурс, яна параілася з жыхарамі свайго дома і калегамі з іншых дамоў, якія вывучылі попыт на сваіх участках, і прыйшла да высновы: трэба дзейнічаць. Ужо існавала і падыходзячая пляцоўка, агульная для чатырох дамоў. Дзеці там любілі паганяць мяч, але фактычна тое было з рызыкай для жыцця, бо побач дарога. Агульная сума, якую сабралі жыхары чатырох шматпавярховікаў, склала 20 тысяч рублёў. Яе хапіла якраз на абсталяванне зачыненай футбольнай пляцоўкі. З падрыхтоўкай зоны пад яе дапамаглі шматлікія бабруйскія прадпрыемствы, у тым ліку Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, якая зрабіла значныя зніжкі на агароджу.

Праз Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў паступіла 16 тысяч рублёў дапамогі на ўладкаванне гульнявой пляцоўкі і зоны адпачынку. На гэтыя сродкі набыта ўсё, што трэба для актыўнасці дзяцей, — арэлі, горкі, лесвічкі, разумныя трэнажоры, пясочніца.

— Вялікі дзякуй усім, хто ўдзельнічаў і дапамагаў ва ўладкаванні нашай пляцоўкі, — выказалася Алена Мілова. — Гэта вялізная радасць для нашых дзяцей, ім ёсць чым тут заняцца, дзе пагуляць. Хочацца, каб рабяты бераглі тое, што маюць, займаліся спортам, раслі моцнымі і спрытнымі.

Гэты вопыт так натхніў Алену, што яна падумвае рэалізаваць яшчэ адну ініцыятыву з дапамогай бабруйскага прадпрыемства «Фандок». А яшчэ марыць, каб павялічылася колькасць вытворцаў гульнявога абсталявання. Манапалістам гэтага кірунку, кажа яна, застаецца пакуль завод у Мінску, цэны на прадукцыю якога балюча «кусаюцца».

— Абсталяванне якаснае, але ж цана — 9 тысяч рублёў за комплекс, — уздыхае яна. — Я не знайшла іншых вытворцаў дзіцячага абсталявання ў Беларусі. Прапануюць або асобныя адзінкі, або без гарантыі. Мне падаецца, што гэта недапрацоўка нашых вытворцаў. Яны б маглі нядрэнна на гэтым зарабіць. Бо калі здаецца дом, трэба, каб да яго была і дзіцячая пляцоўка. Іх прадукцыя была б запатрабаваная.

І нават з фантанам

У мікрараёне Цэнтральны ў Чавусах актывісты наогул паклапаціліся добраўпарадкаваць зону адпачынку з фантанам! У рамках грамадзянскай ініцыятывы тут адбылося адкрыццё дзіцячай пляцоўкі «Мацней! Вышэй! Больш! Разумней!». Лакацыя створана пры падтрымцы Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, дэпутацкага корпуса і раённых грамадскіх аб'яднанняў. Маленькія жыхары горада атрымалі магчымасць не толькі гуляць тут і катацца на каруселях, але і ведаць, як той казаў, у твар сваіх землякоў. Тут размешчаны стэнды з інфармацыяй і партрэтамі Герояў Савецкага Саюза, Працы, вучоных, спартсменаў. Гэта вельмі важная акалічнасць, кажуць жыхары, якія прысвяцілі аб'ект Году гістарычнай памяці. Ініцыятарам праекта выступіла шматдзетная маці Вольга Стручкова.

— Знамянальна, што колькасць прыкладаў, калі насельніцтва не столькі патрабуе, колькі прапануе і бярэ жывы ўдзел у стварэнні ўмоў для агульнага адпачынку, заняткаў спортам, гульняў для дзяцей, павялічваецца, — адзначае дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова. — Мы з задавальненнем падтрымліваем гэтыя праекты. У стадыі рэалізацыі грамадскія ініцыятывы ў Быхаве, Клімавічах, іншых населеных пунктах Магілёўскай вобласці. Добра, што ў нас ёсць неабыякавыя людзі, якія сваім настроем зараджаюць і іншых. Не сумняваюся, што з іх дапамогай мы зможам рэалізаваць самыя грандыёзныя і амбіцыйныя планы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва абласнога Савета дэпутатаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.