Вы тут

Электронны подпіс для крэдыту, страхоўкі, пакупак. Як атрымаць і як карыстацца


Сэканоміць час (не выходзячы з дому ці офіса), паскорыць працэс афармлення здзелак, мець зносіны па ўсім свеце, не пакідаючы краіну... Гэтыя і іншыя магчымасці адкрывае фізічным і юрыдычным асобам электронны лічбавы подпіс (ЭЛП) пад электронным дакументам. Гэта аналаг звыклага факсіміле на паперы, які мы пакідаем ад рукі. У пэўным сэнсе такі подпіс з'яўляецца вынікам дзеяння чалавека. Што зрабіць, каб атрымаць ЭЛП, і як ім карыстацца, — тэма чарговага артыкула нашай рубрыкі, у якой тлумачэнні даюць спецыялісты Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.


Мільён дакументаў за месяц

Сёння электронны лічбавы подпіс шырока прымяняецца ў Беларусі — грамадзяне атрымалі ўжо каля 1,5 мільёна сертыфікатаў ЭЛП. Яны пачалі выдавацца ў нашай краіне з 2014 года ў межах створанай дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі (ДзяржСКАК). То-бок беларусы атрымалі магчымасць выкарыстоўваць лічбавы подпіс, які афіцыйна і юрыдычна прызнаецца ў асноўных дзяржаўных інфармацыйных сістэмах і рэсурсах, расказаў Дзяніс САКРАТАРОЎ, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Дзяржсістэма кіравання адкрытымі ключамі пабудавана як іерархічная структура, на чале якой створаны так званы каранёвы цэнтр. Яму падпарадкоўваецца Рэспубліканскі цэнтр для сведчання, які ўваходзіць у структуру нашага Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг і выдае сертыфікаты ЭЛП, што прызнаюцца афіцыйна і юрыдычна на дзяржаўным узроўні. А аказанне паслуг адбываецца ў рэгістрацыйных цэнтрах па ўсёй краіне — у іх чалавек і атрымлівае сертыфікаты ЭЛП.

Найперш электронныя подпісы выкарыстоўваюцца ў электронным дакументаабароце. Да сістэмы міжведамаснага электроннага дакументаабароту далучыліся ўжо 15,5 тысячы арганізацый, якія абменьваюцца дакументамі, падпісанымі ЭЛП. Штодня такім чынам перадаецца ад 40 да 50 тысяч пакетаў электронных дакументаў, а за месяц — каля мільёна. З павелічэннем колькасці электронных паслуг на адзіным партале ўзрастае і карыстанне сэрвісамі з дапамогай ЭЛП.

Традыцыйна карыстаюцца лічбавым подпісам юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны, напрыклад, абменьваюцца электроннымі накладнымі, падпісваюць справаздачы, падаюць падатковыя дэкларацыі.

Узроўні даверу

ЭЛП дазваляе ўсталяваць даволі высокі ўзровень даверу да грамадзяніна і, адпаведна, прапанаваць яму большы спектр паслуг, сцвярджае спецыяліст:

— Калі чалавек звяртаецца па атрыманне электронных паслуг, ён можа рабіць тое некалькімі спосабамі. Самы нізкі ўзровень даверу, калі вы заходзіце на сайт, карыстаючыся толькі лагінам і паролем. Адназначна сказаць, ці вы гэта, немагчыма. Можа, хтосьці завалодаў гэтымі звесткамі або вы іх некаму перадалі. Сярэдні ўзровень — калі патрэбна дадатковае пацвярджэнне вашых дзеянняў. Напрыклад, калі вы карыстаецеся інтэрнэт-банкінгам, і трэба ўвесці пароль, які прыходзіць у СМС на ваш тэлефон. Магчымасць, што вы згубілі і пароль, і тэлефон, малаверагодная. Высокі ўзровень даверу стварае выкарыстанне ЭЛП, паколькі сертыфікат адкрытага ключа электроннага подпісу выдаецца чалавеку асабіста ў рукі (яго нельга атрымаць нават па генеральнай даверанасці). Тым, хто звяртаецца на партал электронных паслуг апошнім спосабам, даступны найбольшы спектр сэрвісаў.

Першае выданне

Каб атрымаць электронны лічбавы подпіс упершыню, па яго прыйдзецца ісці ў рэгістрацыйны цэнтр самому, падкрэсліў спецыяліст і абазначыў кошт стандартных паслуг, па якія звяртаюцца кліенты.

Так, выдаванне сертыфіката ЭЛП на два гады з выдачай носьбіта ЭЛП для бюджэтных арганізацый каштуе 123,36 рубля. Гэткі ж сэрвіс камерцыйным арганізацыям абыдзецца ў 135 рублёў. А фізічным асобам — 121,8 рубля.

Пэўным чынам сэканоміць на лічбавым подпісе (каб не прадаўжаць яго кожныя тры гады) фізічныя асобы могуць, атрымаўшы новы лічбавы пашпарт, дзе тэрмін дзеяння ЭЛП — дзесяць гадоў: столькі ж, колькі самой ІD-карткі.

Тым не менш, калі чалавеку трэба пацвердзіць свае паўнамоцтвы ў якасці юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка, яму, акрамя сертыфіката фізічнай асобы, неабходна атрымаць яшчэ атрыбутны сертыфікат, дзе гэтыя паўнамоцтвы будуць указаны, абазначыў вядучы спецыяліст НЦЭП:

— Існуюць тры віды атрыбутных сертыфікатаў. Першы — каб падаваць справаздачы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Другі — базавы атрыбутны сертыфікат — прымаецца асноўнымі дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі: падатковымі органамі, «Белдзяржстрахам», ФСАН і іншымі. Трэці — для самазанятых асоб, якія могуць ажыццяўляць дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Абмежаванні на год, два ці тры

Сертыфікат адкрытага ключа ЭЛП мае абмежаваны тэрмін дзеяння. Юрыдычныя асобы могуць атрымаць яго на год ці два (калі заказваюць апошні на звычайны носьбіт — флэшку). Або на тры гады (калі электронны подпіс заказваюць на мабільны). Мабільных лічбавых подпісаў у краіне, дарэчы, пакуль няшмат — каля 15 тысяч з 1,5 мільёна выдадзеных. Фізічныя асобы могуць атрымаць ЭЛП на адзін, два ці тры гады.

— Абмежаванне тэрміну дзеяння сертыфіката робіць гэтую тэхналогію больш бяспечнай, бо неабходна падтрымліваць актуальнасць інфармацыі, якая ўваходзіць у сертыфікат ЭЛП, — растлумачыў неабходнасць перыядычнага абнаўлення лічбавага подпісу Дзяніс Сакратароў. — Акрамя таго, сертыфікаты выдаюцца з праграмным забеспячэннем на аснове ліцэнзіі (якая прадугледжана на год-два).

Такім чынам з сертыфікатам электроннага лічбавага подпісу на Адзіным партале электронных паслуг (АПЭП) звязаны тры паслугі: дыстанцыйнае прадаўжэнне тэрміну дзеяння сертыфіката для фізічных асоб і ІП (6.0.00), дыстанцыйнае прадаўжэнне тэрміну дзеяння сертыфіката для юрыдычных асоб (6.0.01 і 6.0.02).

Прадаўжэнне тэрміну дзеяння анлайн і афлайн

Пры прадаўжэнні тэрміну дзеяння сертыфіката ЭЛП выдаецца новы сертыфікат на наступны перыяд. Калі ў юрыдычнай асобы ёсць, напрыклад, сертыфікат на два гады, то ў межах працягнення яго дзеяння яшчэ на год ці два робіцца сертыфікат ЭЛП без змянення ў ім даных. Перыяд дзеяння, як і перыяд прадаўжэння работы сертыфіката, яго ўладальнік выбірае сам.

Калі для прадаўжэння тэрміну дзеяння сертыфіката ЭЛП звяртацца ў рэгістрацыйны цэнтр, то юрыдычная асоба (для бюджэтных арганізацый) за два гады працягу заплаціць 76,86 рубля. Гэткі ж сэрвіс для камерцыйных арганізацый каштуе 84,18 рубля. Для фізічных асоб — 77,34 рубля. Зрабіць тое ў рэгістрацыйным цэнтры можна ў любы момант дзеяння папярэдняга сертыфіката. Пры гэтым новы сертыфікат пачне дзейнічаць толькі пасля таго, як скончыцца тэрмін работы папярэдняга, акцэнтаваў увагу Дзяніс Сакратароў:

— Калі вы атрымалі сертыфікат у 2020 годзе тэрмінам на два гады, то працягнуць перыяд яго работы можна ў любы момант. Не трэба чакаць заканчэння тэрміну дзеяння і наступлення справаздачнага перыяду, які заўсёды суправаджаецца чэргамі ў рэгістрацыйныя цэнтры. Напрыклад, у тым жа 2020-м вы можаце прадоўжыць тэрмін яго дзеяння яшчэ на два гады, і ў вас акажуцца на руках два сертыфікаты, якія будуць дзейнічаць бесперапынна адзін за адным.

Калі вы прапусцілі момант прадаўжэння сертыфіката ЭЛП, то ў рэгістрацыйным цэнтры працягнуць яго дзеянне можна і праз тры месяцы з моманту, як ён скончыўся. Калі прайшло больш часу, прыйдзецца зноў праходзіць праз працэдуру першаснага выдавання сертыфіката.

Магчымасці прадаўжэння дзеяння сертыфіката лічбавага подпісу анлайн для бюджэтных арганізацый не прадугледжана. А вось камерцыйныя арганізацыі могуць зрабіць тое дыстанцыйна (праз партал) за 75,18 рубля на два гады. А фізічныя асобы — за 75,12 рубля. Прычым зрабіць гэтак можна, нават знаходзячыся ў іншай краіне, — дастаткова ўвайсці ў асабісты кабінет на АПЭП і адправіць запыт на дыстанцыйнае выдаванне сертыфіката. Новыя рэквізіты доступу (лагін і пароль) да сертыфіката прыйдуць уладальніку анлайн.

— Дыстанцыйна прадоўжыць тэрмін дзеяння сертыфіката, калі ён ужо скончыўся, немагчыма. Прыйдзецца ісці ў рэгістрацыйны цэнтр. Нявыгадна прадаўжаць тэрмін анлайн і надта загадзя, бо прадоўжаны праз інтэрнэт сертыфікат пачне дзейнічаць адразу, як вам яго выдадуць (прадоўжаць) на наступны перыяд. То-бок у вас будуць проста два дзеючыя сертыфікаты, тэрміны работы якіх накладуцца адзін на другі, — папярэдзіў спецыяліст. — Таму дыстанцыйна варта прадаўжаць яго за некалькі дзён да сканчэння тэрміну дзеяння.

Варта адзначыць, што ў юрыдычных асоб паслуга па дыстанцыйным прадаўжэнні ЭЛП работніка аказваецца ў два этапы. Работнік такой асобы не можа сам прадоўжыць або абнавіць дзеянне свайго сертыфіката (а таксама здзейсніць любую іншую працэдуру з ім) без дазволу і пацвярджэння кіраўніка арганізацыі, таму ў апошняга таксама павінен быць лічбавы подпіс.

Абнаўленне — толькі для юрыдычных асоб

Калі ў юрыдычнай асобы змяніліся нейкія даныя (акрамя УНП, бо нельга абнавіць сертыфікат з адной арганізацыі на другую — прыйдзецца атрымліваць новы сертыфікат), сертыфікат лічбавага подпісу трэба абнавіць. Зрабіць тое можна толькі ў рэгістрацыйным цэнтры, паколькі любое змяненне патрабуе пацвярджэння такога факта з прысутнасцю ўладальніка сертыфіката.

— Калі, напрыклад, у арганізацыі адбылася вялікая ратацыя кадраў, то можна заказаць абнаўленне сертыфіката з захаваннем тэрміну яго дзеяння. Напрыклад, прайшло паўгода з моманту дзеяння сертыфіката, разлічанага на два гады, вы можаце абнавіць яго і карыстацца ўвесь час, які застаўся. Такая працэдура каштуе для камерцыйных арганізацый 35,82 рубля, — абазначыў Дзяніс Сакратароў. — Можна абнавіць сертыфікат і без захавання тэрміну яго дзеяння. Напрыклад, абнавіць існуючы сертыфікат на імя новага супрацоўніка і ўстанавіць новы тэрмін яго дзеяння. Гэта абыдзецца камерцыйнай структуры ў 87,48 рубля. Бюджэтныя арганізацыі аддадуць за абнаўленне з захаваннем тэрміну 32,64 рубля, без захавання — 79,86 рубля.

Фізічная асоба, калі ў яе змяніліся даныя (напрыклад, прозвішча), у прынцыпе не можа абнавіць свой сертыфікат — толькі прадоўжыць тэрмін яго дзеяння або атрымаць новы.

Штомесяц аказваецца ад 500 да 800 дыстанцыйных паслуг па выдачы сертыфікатаў ЭЛП. Усяго анлайн выдана ўжо звыш 13,5 тысячы сертыфікатаў. 60 % з іх атрымалі індывідуальныя прадпрымальнікі, 36 % — юрыдычныя асобы. Як фізічныя асобы сертыфікаты ЭЛП атрымала каля 50 чалавек.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».