Вы тут

У Лагойскім раёне перапахавалі больш за 1 тыс. расстраляных у гады ВАВ беларусаў


Ва ўрочышчы Іванаўшчына Лагойскага раёна адбылося перапахаванне астанкаў мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі і іх памагатымі ў 1941 годзе. Падчас раскопак, якія вяліся з 26 красавіка да 28 ліпеня, было выяўлена і вынята больш як 1020 кастцявых астанкаў.


Як расказала дырэктар Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Гамеза,30 жніўня 1941-га ва ўрочышчы Іванаўшчына знішчаны мірныя яўрэі і людзі іншых нацыянальнасцяў. Звыш тысячы чалавек. Лагойск у тыя часы быў яўрэйскім мястэчкам. З прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут усталяваўся новы парадак — акупацыйны рэжым. Адразу ж мясцовым жыхарам забаранілі выходзіць з дому, некуды ехаць. А 28 жніўня іх прымусілі рыць нібыта акопы, людзі не здагадваліся, што самі сабе капаюць магілу. 30 жніўня сюды сагналі лагойскіх яўрэяў і яўрэяў з мястэчка Гайнаўка і расстралялі.

Некаторым удалося выратавацца, сярод іх быў цырульнік. Пра гэта расказалі яго пляменнікі Навум і Якаў Касоўскія, якія пасля вайны ўстанавілі памятную пліту крыху вышэй за месца знішчэння мірных грамадзян. Калі іх дзядзька зразумеў, што тут будзе адбывацца, ён крыкнуў: «Дзеці, ратуйцеся!» і паласнуў паліцаю па горле небяспечнай брытвай. Усе кінуліся ўрассыпную. Непадалёку пасвіўся статак кароў, жанчыны, дзеці сталі хавацца за жывёлінамі. Большасць тых, каму ўдалося ўцячы, фашысты злавілі і пазней расстралялі каля Палаца Тышкевічаў у парку. Браты Навум і Якаў хаваліся да вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на адным з хутароў: днём туліліся ў пограбе, а ноччу дапамагалі сваім выратавальнікам па гаспадарцы. Пра гэта расказаў Святлане Гамезе іх плямяннік Міхаіл Касоўскі, якія жыве ў Брукліне і з якім яна перапісвалася ў сацыяльных сетках. Міхаіл уладкаваў па месцы свайго жыхарства невялікі мемарыяльны комплекс, пасадзіў алею ў гонар загінулшых сваякоў.

Усяго ж на Лагойшчыне налічваецца каля дванаццаці месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія былі знішчаны за гады акупацыйнага рэжыму.

У жалобнай цырымоніі перапахавання ахвяр фашызму ўзялі ўдзел Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

— Мы, беларусы, мірныя людзі, міралюбівая нацыя, мы не хочам вайны, абавязаныя не дапусціць тое, што адбывалася на нашай зямлі 80 гадоў таму. Сёння нашчадкі тых, хто чыніў зверствы на нашай зямлі, ніяк не супакояцца, прымаючы новыя вытанчаныя формы барацьбы з нашай дзяржавай — эканамічныя санкцыі, розныя абмежаванні, з дапамогай якіх хочуць дабіцца разбурэння Беларусі. Лічу, што ўвекавечваючы памяць загінулых, мы даказваем усяму свету, што нас не зламаць. Пакуль помнім кожнага з загінуўшых, мы будзем моцныя, цвёрдыя і паспяховыя, як грамадзяне незалежнай дзяржавы, — сказаў Аляксандр Турчын.

Андрэй Швед падкрэсліў, што работа па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа вядзецца кожны дзень, працуе вялікая следчая група, дапамагаюць калегі з Міністэрства абароны, 52-гі пошукавы батальён, Следчы камітэт, Камітэт судовых экспертыз, органы дзяржаўнай і выканаўчай улады. Толькі за мінулы год разгледжана больш як 400 раней невядомых або мала вывучаных месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян і савецкіх ваеннапалонных, на сённяшні дзень дапытана амаль 15 тысяч чалавек. «Мы накіравалі запыты аб аказанні прававой дапамогі ў дзевятнаццаць краін свету, дзе да гэтага часу пражываюць фашысцкія каты, карнікі, — канстатаваў генпракурор. — Вядзецца сур’ёзная работа ў архівах, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пракурорамі на аснове матэрыялаў крымінальнай справы арганізаваны выстаўкі аб генацыдзе беларускага народа.

Андрэй Швед паведаміў, што ёсць краіны, дзе беларусам адмовілі ў супрацоўніцтве па раскрыцці фактаў генацыду — Латвія, Польшча, Літва. Тыя краіны, якія ўсведамляюць небяспеку фашызму, ахвотна ідуць на кантакты, у першую чаргу Расійская Федэрацыя. Вядзецца актыўная перапіска з краінамі Лацінскай Амерыкі па ўстанаўленні месцаў знаходжання жывых эсэсаўцаў, вырашэнні юрыдычных пытанняў аб іх адказнасці, перш за ўсё катаў латышскага батальёна СС. «Германія па шэрагу момантаў уступіла з намі ў перапіску, мы атрымліваем некаторыя дакументы. На жаль, гэта не дзяржаўныя фонды, установы. У асноўным, універсітэты і грамадскія аб’яднанні, якія паставілі перад сабой мэту барацьбы з нацызмам. Мяркую, па выніках гэтага года па некаторых эсэсаўцах мы выйдзем на прыняцце нейкіх рашэнняў», — спадзяецца генпракурор.

Паніхіду па загінулых здзейснілі праваслаўны і каталіцкі святары і рабін.

благачынны 1-й Лагойскай царкоўнай акругі пратаіерэй Аляксандр Зімніцкі, канцлер Мінска-Магілёўскай епархіі Дзмітрый Пухальскі, галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч.

Падчас жалобнай цырымоніі ў гонар бязвінных ахвяр вайны ва ўрочышчы адкрыты памятны знак, да якога ўсклалі кветкі Аляксандр Турчын і Андрэй Швед.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».