Вы тут

Заўсёды побач. Тэлефон даверу для падлеткаў як пасрэднік паміж імі і навакольнымі


Найбольш частыя пытанні, з якімі сучасныя дзеці і падлеткі звяртаюцца на «гарачую лінію», — праблемы ў стасунках. Іх хвалююць узаемаадносіны з аднагодкамі і супрацьлеглым полам, булінг у школе, канфлікты дома з бацькамі, стасункі ў інтэрнэце. Асноўная прычына ўсіх гэтых праблем — непаразуменне і няўменне выбудоўваць стасункі ў соцыуме. Прычым часта спрыяюць гэтаму і бацькі: хтосьці — празмернай апекай, а хтосьці — таму што быць бацькамі проста не ўмеюць, бо гэтаму не вучаць, лічаць кансультанты дзіцячай тэлефоннай лініі. Сюды звоняць тыя, каму трэба тэрмінова расказаць пра сваю праблему, каму трэба выгаварыцца, дзеці, якія пакутуюць ад адзіноты. У апошнія гады стала званіць і больш дарослых, прычым не толькі бацькоў, але і педагогаў, трэнераў, якія перажываюць за сваіх гадаванцаў. Як і чым дапамагаюць спецыялісты тэлефону даверу?


Самакапанне — гэта добра

Дзіцячая тэлефонная лінія аказання дыстанцыйнай псіхалагічнай дапамогі ў экстранных выпадках (так поўнасцю называецца тэлефон даверу для падлеткаў) працуе ананімна і кругласутачна. Увогуле, нумароў два: 8(017)2630303 — сюды звяртаюцца па псіхалагічную падтрымку і суправаджэнне, 880111611 — нумар, скіраваны на дапамогу дзецям і падлеткам, якія пакутуюць ад эмацыянальнага ці фізічнага гвалту. Расказаць пра небяспеку існавання такіх праяў у дачыненні да непаўналетніх могуць па гэтым нумары і дарослыя, а кансультанты сарыентуюць, куды можна звярнуцца па дапамогу.

Абедзве лініі працуюць пры Мінскім гарадскім клінічным цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, спецыялісты вядуць колькасны і якасны аналіз званкоў. Праблемы, з якімі звяртаюцца да спецыялістаў падлеткі, самыя розныя. Суіцыдальныя думкі, намеры і спробы; канфлікты ў сям'і; перажыванні з-за разводу бацькоў; звароты, якія патрабуюць абароны правоў дзіцяці; фізічны і эмацыянальны гвалт; пошук сяброў; цяжкасці ў стасунках з аднагодкамі; безадказнае каханне; цяжарнасць і праблемы ў сексуальнай сферы; злоўжыванне алкаголем ці наркотыкамі; праблемы ў вучобе; пытанні сацыяльнай адаптацыі і прыняцця сябе, — расказала Вольга Навуменкава, загадчык псіхалагічнай лабараторыі цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі:

— Аднак праз гады захоўваецца гэткая трыяда праблем: канфлікты ў сям'і, канфлікты з соцыумам, не вельмі добрае прыняцце самога сябе. Кожныя пяць гадоў падлеткі вельмі моцна «відазмяняюцца». Раней мы сваіх абанентаў больш накіроўвалі, каб яны прыйшлі да правільных высноў і дзеянняў. А цяпер часта падлеткі звоняць і расказваюць, што прайшлі навучанне на нейкіх курсах, былі на нейкім трэнінгу, займаліся не нейкай анлайн-платформе. Што яшчэ мы можам зрабіць? Так што сучасныя падлеткі разважлівыя і начытаныя, у іх у добрым сэнсе яскрава праяўляецца гэткі момант самакапання. Аднак ёсць і зваротны бок — хапае падлеткаў з залежнасцю ад гаджэтаў.

Дзеці (10—12 гадоў )доўга з кансультантам не размаўляюць — ім важна хутка расказаць пра сваю праблему. Падлеткі (15—16 гадоў) больш перажываюць за свае эмоцыі, расказваюць пра сваю мітусню, спробы. Часта, напрыклад, у дзяўчынак ва ўзросце гадоў 14, асабліва з перыферыі, узнікаюць праблемы з мамамі, падзялілася кансультант дзіцячай тэлефоннай лініі Марыя:

— Бацькі ціснуць на дзяцей, каб тыя вызначаліся з прафесіяй, кажуць, што трэба наймаць рэпетытара. А яны яшчэ не вызначыліся, яны хочуць пабыць дзецьмі, і такія патрабаванні па арганізацыі падрыхтоўчага этапу да вышэйшай адукацыі іх палохаюць. Часта падлеткі звоняць у дэпрэсіўным стане і закранаюць тэмы сэнсу жыцця, празмернай бацькоўскай апекі, з-за якой у малых шмат абмежаванняў у жыцці. Па тэлефоне чуваць, што яны ў роспачы. А пасля гутаркі ў дзяцей з'яўляецца надзея, нават на размову з бацькамі з іншага боку. Была дзяўчынка, у якой змяніліся стасункі з мамай у адзін дзень. Раніцай яна пазваніла, пасля патлумачыла матулі, чаго насамрэч хоча, падзякавала за клопат, абедзве расплакаліся, і мама прыняла той факт, што дачка гатовая да большай самастойнасці. І ўвечары дзяўчынка пазваніла яшчэ раз, каб падзякаваць, што ўсё атрымалася.

Параіць нельга выслухаць

Дзеці, якія тэлефануюць на тэлефон даверу, — найчасцей за ўсё няўпэўненыя ў сабе, яны маюць мала сяброў і ім няма з кім падзяліцца сваімі перажываннямі, таму яны і звяртаюцца па падтрымку, расказала кансультант.

Ва ўсіх спецыялістаў на лініі ёсць псеўданімы — дзеля бяспекі. Гэта зручна таксама і для падлеткаў, якія звяртаюцца не ўпершыню. Яны могуць высветліць па псеўданіме, калі дзяжурства гэтага аператара, і працягнуць з ім размову.

— Хаця наша служба разлічана на экстранную дапамогу, ёсць дзеці, якім трэба пагаварыць больш. Асабліва калі справа датычыцца рэгіёнаў, дзе псіхалагічная дапамога больш абмежавана, а тэлефон даверу — бадай што адзіная магчымасць пагаварыць з кімсьці хутка і не сустракаючыся. Бывае, што дзеці вучацца далёка ад дома. А ёсць і такія, што ўжо мелі стасункі з псіхолагам і нешта ў іх не атрымалася, таму малому патрэбна падтрымка, пакуль не знойдзецца іншы спецыяліст, — абазначыла Марыя.

Кансультанты тэлефону даверу стараюцца не даваць парад, а імкнуцца выслухаць, падтрымаць, паспрабаваць павярнуць праблемную сітуацыю так, каб малы сам убачыў, што яшчэ не рабіў. То-бок, падштурхнуць яго да самастойных высноў. Можна прапаноўваць варыянты, раіць паглядзець на праблему так ці вось так, аднак не даваць толькі адну параду. Аператары дапамагаюць сфарміраваць перспектыву развіцця сітуацыі, прыдумаць план далейшых дзеянняў.

Марыя часам кажа сваім абанентам: «Калі ты хочаш, мы можам нейкі час працягваць размову, аднак лепш, калі гэта будзе спецыяліст, да якога ты зможаш прыходзіць не па тэлефоне, а вочна»:

— Ёсць праблемы, якія хранічна не вырашаюцца, і ёсць віды дапамогі больш эфектыўныя, чым проста паразмаўляць. У залежнасці ад запытаў дзяцей мы заўжды раім, куды яны могуць звярнуцца для вырашэння сваёй праблемы, расказваем, дзе якія цэнтры існуюць і якія віды дапамогі прапануюць. Ёсць сапраўды адзінокія малыя, якім няма больш з кім пагаварыць, таму мы стараемся хоць бы па тэлефоне нейкі час «весці» дзяцей, пакуль ім гэта будзе патрэбна, прапаноўваем ім перазвоньваць, расказваць пра жыццё. Аднак праз тэлефон мы ўсё роўна абмежаваны ў сродках дапамогі.

«Трэба» і «хачу»

Наплыў званкоў сезонны. Летам менш напружання ў стасунках, а з пачаткам навучальнага года пачынаюцца скаргі, што хтосьці абражае, навязвае сяброўства, насміхаецца, адбірае рэчы.

— Падставай для кпінаў можа стаць што заўгодна, — канстатуе аператар. — Некага пераследуюць за знешнасць (абзываюць акулярыкам), а нехта мае недахопы фізічныя, напрыклад кульгае — заўжды ёсць да чаго прычапіцца. Булінг у школе, як правіла, праяўляецца ў абразах, падколках, імкненні вывесці ахвяру на нейкую рэакцыю, каб пасля пакпіць. А праблемы з бацькамі вынікаюць з непаразуменняў. Падрастаючы, падлеткі ўжо хочуць самастойнасці і незалежнасці, хочуць займець іншы статус, а бацькі працягваюць бачыць у іх маленькіх, хочуць працягваць маніпуляваць імі і кіраваць.

— Восень і вясна — час абвастрэнняў. Для нервовай сістэмы гэта і так нестабільны перыяд. А пачатак вучэбнага года — яшчэ і выклік для інтэлекту, калі менш глядзяць на рэакцыю асобы дзіцяці, а больш — на навучанне, і для малых гэта ператвараецца ў бесперапынны іспыт, — мяркуе аператар. — Неабходна, каб слова «трэба» ў школе ўраўнаважвалася словам «хачу» па-за яе межамі, каб малыя ведалі і казалі, што хочуць займацца ў нейкіх гуртках, хочуць сябраваць. А бывае, што дзіця і не хоча нічым займацца, бо мела вопыт, калі гэта не ацанілі, не ўхвалялі яго дасягненні, то-бок, вынік яго старанняў абясцэньваўся, таму і прыкладаць сілы пачынаць нешта яно не бачыць сэнсу. Гэта прыводзіць да таго, што ў малых не хапае амбіцый, і яны пражываюць несамастойна ўсё жыццё.

Летам тэматыка званкоў датычыцца ў асноўным перажыванняў адносна паступлення ў ВНУ. Што рабіць, калі не паступіў? А што — калі паступіў, але не туды, куды хацеў? Як прэзентаваць сябе ў новым калектыве? Тэлефануюць і непакояцца і бацькі: як засцерагчы дзяцей з перыферыі ад спакус вялікага горада, заўважыла Вольга Навуменкава.

Эфект спадарожніка

Апошнім часам назіраецца добрая тэндэнцыя: звоняць не толькі бацькі, але і настаўнікі, сацыяльныя педагогі, якія зацікаўлены ў добрым настроі і стане сваіх выхаванцаў. Яны акрэсліваюць праблему, цікавяцца, як быць, слухаюць рэкамендацыі, звоняць ізноў, каб расказаць, што паспрабавалі.

— Адбылося гэта таму, што з часам падлеткі сталі больш «нязручнымі», тым самым вымусіўшы звярнуць на сябе ўвагу. Раней альтэрнатыў тэлефону даверу было няшмат, а цяпер ёсць шмат месцаў, куды можна звярнуцца, у тым ліку і анлайн, — лічыць Вольга Навуменкава.

У залежнасці ад таго, як дарослы чалавек фармулюе праблему, залежыць і дапамога аператара. Калі бацькі не разумеюць задач узросту, у якім знаходзіцца іх дзіця, ім даюць агульную інфармацыю пра развіццё малых у гэтым узросце, каб мама ці тата самі зразумелі, што іх метады выхавання непрымальныя для перыяду, якога дасягнула іх дзіця. Уздымаюць і праблемы прафесійнай арыентацыі. Тады даюць звесткі пра цэнтры прафарыентацыі, дзе дзеці могуць прайсці тэсціраванне і кансультацыі, патлумачыла аператар:

— Калі нейкія метады выхавання не працуюць, я дапамагаю бацькам зразумець, што ім яшчэ можа зрабіць, каб палепшыць сітуацыю. Не існуе агульных рэкамендацый, якія можна было б раздаць усім бацькам як памятку — гэта заўжды індывідуальна. Аднак усе пытанні стасункаў з падлеткамі лепш усё ж вырашаць са спецыялістамі ўжывую, калі можна правесці дыягностыку малых. Мы ж гэтага па тэлефоне зрабіць не можам, можам толькі даць першасную кансультацыю і пераарыентаваць на спецыялістаў для вочнай работы.

Тым не менш па-ранейшаму застаецца актуальным пытанне стыгматызацыі — паход да псіхолага дагэтуль лічыцца траўматычным. Падлеткі могуць вочна і самастойна, без згоды бацькоў, звяртацца да спецыяліста з 14 гадоў, і гэта дадае траўматызму, бо не кожны дарослы згодны на такія наведванні і непакоіцца: няўжо ён сам не здольны дапамагчы дзіцяці, падкрэсліла Вольга Навуменкава:

— Мы кажам у такім выпадку бацькам, што іх занепакоенасць — гэта добра, аднак у малых спрацоўвае эфект спадарожніка, калі чужому чалавеку можна расказаць усё, і гэта будзе бяспечна. Некаторыя пытанні з прычыны асаблівасцяў узросту ці псіхікі падлетак можа расказаць выключна чужому, і такі пасрэднік вельмі важны для непаўналетняга.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.