Вы тут

Сучасныя тэхналогіі не такая шкодная рэч, бывае ад іх і карысць


Кожны раз перад тым, як нацягваць абутак — няважна: чаравікі, сандалі або боты — малодшая дачка абавязкова пытаецца ў каго-небудзь старэйшага па ўзросце, узяўшы ў рукі чаравік і спрабуючы нацягнуць яго на адну з ног: «На гэтую?»


Фота: pixabay.com

І чамусьці заўсёды надзявае не на тую.

А калі гаворыш ёй: «Не, Ксенія, на другую», яна цяжка ўздыхае, мяняе нагу на правільную, пасля чаго... ставіць чаравік на падлогу, бярэ другі і ў поўнай упэўненасці, што цяпер усё як трэба, спрабуе нацягнуць.

І толькі пасля таго, як ты кажаш ёй канкрэтна: «Вось гэты чаравік надзявай на гэту нагу», яна ўсё робіць правільна.

Спачатку я думаў, што гэта выпадковасць, потым вырашыў, што проста здзекуецца, а цяпер, нарэшце, зразумеў: такім чынам дзіця вучыць дарослых даваць дакладныя ўказанні. І пакуль дарослыя гэтаму не навучацца, яна так і будзе надзяваць левы бацінак на правую нагу і наадварот.

У выніку дайшло да таго, што я цяпер сам, калі абуваюся, спачатку ўважліва гляджу на абутак і на свае ногі, потым стаўлю патрэбны чаравік каля патрэбнай нагі, пасля чаго асцярожна надзяваю.

Часам, калі ў мяне з'яўляюцца сумненні наконт адпаведнасці нагі чаравіку, я ціха пытаюся сам у сябе: «На гэту нагу?» і адказваю: «Так, на гэту» альбо кажу дакладна: «Памяняй нагу, Паша, чаравік пакінь той жа».

І магу з гонарам сказаць, што яшчэ ні разу (!) не выходзіў з дому няправільна абутым.


Усё-такі сучасныя тэхналогіі не такая ўжо шкодная рэч, часам бывае ад іх і карысць.

Купілі сёння на рынку ў Заслаўі пляжныя шлёпанцы для двайнятак. У былыя часы купілі б і купілі. А сёння перад тым, як купляць, пазванілі ім на тэлефон, расказалі, якой афарбоўкі ёсць шлёпанцы, скінулі фотаздымкі ў вайбер, і толькі пасля таго, як яны вызначыліся з колерамі, купілі Веры блакітныя, а Полі — фіялетавыя.

Прыехалі, (а мы цяпер за горадам жывём), малодшая ўбачыла шлёпанцы сясцёр і пачала румзаць, што таксама хоча такія. Спрабавалі ёй растлумачыць, што мы ёй не так даўно ўжо купілі шлёпанцы, проста яны знаходзяцца дома, у Мінску. Але яна заявіла, што нічога не памятае, і стала раўці яшчэ больш.

У выніку не заставалася нічога іншага, як патэлефанаваць сыну ў Мінск, папрасіць яго тэрмінова сфатаграфаваць шлёпанцы Ксеніі і адправіць нам у вайбер. Сын, які быццам і прывык да самых розных цудаў, доўга не мог уцяміць, навошта фатаграфаваць шлёпанцы.

І толькі калі мы паказалі Ксеніі фотаздымак яе шлёпанцаў, яна, нарэшце, супакоілася і... загадала тэрмінова ёй іх прывезці.

А вось тут, на жаль, новыя тэхналогіі злёгку падвялі, паколькі яны дазваляюць умомант даставіць фота шлёпанцаў, а вось каб даставіць іх саміх, тату трэба ехаць у Мінск асабіста.

Таму прыйшлося даць сыну-фізіку тэрміновае заданне распрацаваць спосаб імгненнай дастаўкі прадметаў з пункта А у пункт Б. Тое, што ён распрацуе, я не сумняваюся, а вось што з намі бясплатна падзеліцца — не факт.

Думаю, на дадзеным этапе развіцця тэхналогій будзе танней і прасцей зганяць па шлёпанцы ў Мінск.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».