Вы тут

Пра што трэба ведаць, разлічваючы хутка і лёгка атрымаць пазыку?


Каб пазычыць грошы ў банку, неабходна адпавядаць шэрагу крытэрыяў. Ды і час патрабуецца на рашэнне ўсіх фармальнасцяў. Прасцей кажучы, банкаўскія паслугі не ўсім падыходзяць. Калі тэрмінова патрэбныя грошы, некаторыя бачаць альтэрнатыву ў атрыманні пазыкі ў мікрафінансавай арганізацыі або ў ламбардзе. Пра што трэба ведаць, разлічваючы хутка і лёгка атрымаць грошы ў якасці пазыкі?


Максімальныя працэнты

Рэклама мікрафінансавых арганізацый, як той казаў, на кожным слупе. Часам у аб'явах пішуць адкрытым тэкстам: калі ў вас дрэнная крэдытная гісторыя, вам — да нас. На першы погляд, пазыка прадастаўляецца без усякай бюракратыі — патрэбен толькі пашпарт, ды і па працэнтах быццам бы выгадна. Але «д'ябал крыецца ў дэталях», а менавіта ў праславутым дробным шрыфце дагавора. Ды і сам ён складзены так, што без вышэйшай эканамічнай адукацыі разабрацца немагчыма. А калі дадаць да гэтага, што звяртаюцца ў мікрафінансавыя арганізацыі людзі праблемныя, якія маюць дрэнную крэдытную гісторыю, не маюць «белага» заробку і не ўмеюць планаваць свае выдаткі, то і разбірацца ў літарах яны не будуць, а пачуюць толькі тое, што ім падабаецца. Гэтым і карыстаюцца работнікі мікрафінансавых арганізацый. Колькасць гісторый аб тым, калі чалавек афармляў пазыку на 1000 рублёў, а павінны 5000, ужо пераваліла за крытычную адзнаку. Не дзіўна, бо стаўка ў такіх арганізацыях даходзіць да 100 %
гадавых. А яшчэ ўсялякага роду штрафныя санкцыі.

Рэагуюць на праблему і супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, дзе нядаўна прайшла «гарачая лінія» па пытаннях дзейнасці лізінгавых і мікрафінансавых арганізацый. Вось якія рэкамендацыі даў начальнік упраўлення кантролю банкаўскай дзейнасці і фінансавых рынкаў КДК Андрэй Фёдараў: «Памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Тым, хто звяртаецца ў мікрафінансавыя арганізацыі, трэба шматразова падумаць, перш чым узяць гэтыя грошы.

І як бы вас ні прыспешвалі, вывучайце дагавор не спяшаючыся. Вы — спажывец фінансавых паслуг, вы павінны дакладна разумець, пра што ідзе гаворка. Калі нічога не зразумелі, не падпісвайце. Большасць людзей, якія трапілі ў непрыемныя фінансавыя сітуацыі, гавораць: мне так сказалі, мяне пераканалі. Але ўсе ўмовы выкладзены ў дагаворы. Слова да справы не прышыеш. Калі справа дойдзе да суда, вусныя абяцанні не маюць ніякай сілы».

Супрацоўнікі КДК праводзяць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, у тым ліку адносна мікрафінансавых арганізацый. Таксама Камітэт дзяржкантролю і Нацыянальны банк займаюцца карэкціроўкай заканадаўства. «Уносяцца навацыі, якія абмяжуюць апетыты мікрафінансавых арганізацый. Цяпер на ўзгадненні знаходзіцца праект Банкаўскага кодэкса, які абмяжоўвае патрабаванні банкаў у частцы штрафных санкцый і адказнасці крэдытаатрымальнікаў. Аналагічная работа вядзецца і з мікрафінансавымі, лізінгавымі арганізацыямі, — цытуе БелТА Андрэя Фёдарава. — Важна, каб сума адказнасці не перавышала шматразова суму пазыкі. Працуем таксама над тым, каб яны не маглі прывязваць плацяжы да курса долара, таму што фактычна ўся валютная рызыка перакладваецца на фізічную асобу і пры змене курса чалавек можа трапіць у пастку».

Мікрафінансавыя арганізацыі не толькі вешаюць аб'явы на слупы, але і маюць сайты. Здавалася б, усё цывілізавана, ёсць нават калькулятар: укажыце суму, адзначце, якія ў вас праблемы (беспрацоўны або дрэнная крэдытная гісторыя і інш.), і мы на ваш тэлефон дашлём усю інфармацыю. Сто разоў трэба падумаць, перш чым так зрабіць: тэлефанаваць будуць кожную гадзіну, удакладняючы, калі ж вы прыйдзеце па пазыку.

Як памяняць айфон на грошы?

Другі варыянт хутка атрымаць пазыку — звярнуцца ў ламбард. Але трэба мець рухомую маёмасць для закладу. Дарэчы, ламбарды былі і ў часы СССР, зразумела, дзяржаўнай формы ўласнасці. А ў пачатку 1990-х такую дзейнаць мог весці і прыватны бізнес. Заўважана, што найбольш з'яўляецца ламбардаў, калі пагаршаецца эканамічнае становішча насельніцтва.

У нашай краіне ёсць як спецыялізаваныя ламбарды, якія працуюць з абмежаваным відам закладу, напрыклад з каштоўнымі металамі або аўтамабілямі. Ёсць і ўніверсальныя, якія прымаюць шмат розных відаў закладу. Зрэшты, ва ўсіх адзін прынцып: працаваць толькі з ліквідным таварам. Многія ламбарды аддаюць перавагу малагабарытным рэчам.

Між іншым, у ламбард лепш не несці таннае золата, прывезенае з папулярных курортаў, — яно не вытрымлівае праверкі рэактывамі. Таксама таваразнаўцы ламбардаў умеюць адрозніваць брэндавыя гаджэты ад падробак.

Кліентамі ламбарда могуць быць толькі тыя, каму споўнілася 18 гадоў. Пры афармленні здзелкі складаецца дагавор і выдаецца закладны білет. У апошні ўносяцца звесткі аб ламбардзе і кліенце; уся інфармацыя аб закладзе; сума, якая выдадзена кліенту; працэнтная стаўка і дата пагашэння доўгу.

Усе ламбарды маюць сайты, таму папярэдне варта іх наведаць. Напрыклад, можа адрознівацца працэнтная стаўка, часам ладзяцца акцыі. Але ёсць і агульныя правілы: вырабы з каштоўных металаў прымаюцца па кошце лому. Нават за новую рэч у ламбардзе не прапануюць 100 % яе кошту, у найлепшым выпадку 70 %, а то і 40 %.

Калі кліент не выкупіў свой заклад у дамоўленыя тэрміны, апошні захоўваецца ў ламбардзе каля месяца. Затым тавар выстаўляецца на продаж, а каштоўныя металы прадаюць у Дзяржсхоў. Пакуль рэч захоўваецца, яе можна выкупіць, заплаціўшы працэнты за пратэрмінаваны час.

Прапаноўваючы ў заклад аўтамабіль, кліент можа працягваць ім карыстацца, але, натуральна, памятаючы аб абцяжаранні.

Варта ведаць і пра такі нюанс. Звесткі пра кліентаў, якія афармляюць пазыку з наступным выкупам закладу, падаюцца ў крэдытны рэгістр. Гэта значыць, у далейшым факт звароту ў ламбард будзе ўлічвацца ў крэдытнай гісторыі. Калі кліент упэўнены, што не зможа ці не хоча вяртаць заклад, то ламбард можа адразу яго выкупіць. У гэтым выпадку работнікі ламбарда не абавязаныя ўносіць даныя кліента ў крэдытны рэгістр. Але гэты момант трэба ўдакладняць, бо «не абавязаны» — не значыць «не будуць».

Ці выгадна здаваць рэчы ў ламбард? Напрыклад, на сайце аднаго з ламбардаў ёсць прыклады закладу, сума пазыкі і пераплаты. За брэндавы гадзіннік выдадзена пазыка на сем дзён у памеры 250 рублёў. Праз тыдзень кліент павінен ламбарду 260,50 рубля, гэта значыць пераплата за адзін дзень складае 1,50 рубля.

На сайце аднаго з банкаў прапануецца спажывецкі крэдыт без даведак і паручыцеляў. Мінімальная сума крэдыту — 500 рублёў, тэрмін пагашэння выбралі 12 месяцаў, у кожны з якіх банку трэба вяртаць 46,98 рубля. Такім чынам, за карыстанне 500 рублямі давядзецца заплаціць 63,76 рубля, гэта значыць 17 капеек у дзень. Відавочна, што банкаўскі крэдыт абыходзіцца танней, чым пазыка ў ламбардзе і мікрафінансавай арганізацыі. Але ці карэктна параўноўваць лічбы, калі ўмовы атрымання моцна адрозніваюцца?

Можна толькі пажадаць нам усім добрых заробкаў і высокай фінансавай адукаванасці, каб пры неабходнасці пазыкі была магчымасць атрымаць яе на самых выгадных умовах.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».