Вы тут

Гарадская сям’я летам паехала на лецішча. Што з гэтага атрымалася?


Памятаеце, у школе мы пісалі сачыненні на тэму «Як я правёў лета». Пасталеўшы, мы ўжо не настаўнікам, а сябрам расказваем, як прайшло наша «маленькае жыццё». Самыя цікавыя і яркія ўражанні — у пачаткоўца. Сям'я маёй прыяцелькі амаль усё лета арандавала лецішча. Гэта быў унікальны досвед, бо ўсе пакаленні яе сям'і, як гаворыцца, выраслі на асфальце. Прыяцелька шчодра дзялілася назіраннямі. «Можна серыял здымаць», — сказала я. Ах, шкада, прадзюсера сярод нас не знайшлося, таму прыяцелька ўгаварыла «хоць бы напісаць нататкі». Выконваю яе просьбу.


Старая гвардыя

Садаводчае таварыства размешчана прыкладна за 20 кіламетраў ад Мінска. Участкі там пачалі асвойваць у 1985 годзе. Цяпер першым дачнікам 70+.

Калі СТ фарміравалася, участкі разглядалі выключна як падсобную гаспадарку. І сёння ў старажылаў у агародзе пару сотак бульбы, цяпліца, дагледжаныя градкі. Працаздольнасць гэтага пакалення захапляе! Адна бяда: ім цяжка змірыцца з тым, што нават іх уласныя дзеці не заўсёды жадаюць капацца ў градках.

Старая гвардыя жадае даводзіць правілы жыцця ў СТ, зыходзячы са сваіх уяўленняў і каштоўнасцяў. Часам вельмі састарэлых. А вось тэхнічны прагрэс гэтае пакаленне прымае на ўра: у большай часткі пажылых дачнікаў ёсць смартфоны, у якіх яны актыўна перапісваюцца ў чаце СТ.

Хоць, вядома, гэта некалькі абагульнены партрэт, як і наступных груп.

Спадчыннікі

«Пакуль была жывая Люба, дзеці на лецішча не ездзілі, а зараз глядзі, як узяліся: дом перабудоўваюць. Цікава, што будзе з соткамі? Нябось, таксама газон зробяць», — пляткараць старажылы.

Дастаткова тыповая сітуацыя, калі дзеці наведваюцца на пару гадзін, каб прывезці прадукты, наўзамен забраць ураджай. І толькі калі бацькі сыходзяць у лепшы свет, дзеці пачынаюць адчуваць сябе гаспадарамі на лецішчы.

Тыя, хто раней ездзіў нячаста, пачынаюць будаваць жыццё з нуля. Уладкоўваюцца па сваіх магчымасцях, знаёмяцца з суседзямі і імкнуцца падтрымліваць з імі добрыя адносіны.

Тыя, хто ездзіў на дачу разам з бацькамі, таксама арганізоўваюць прастору на свой густ, але не могуць забыцца пра звады і сваркі, у якіх удзельнічала сям'я. І працягваюць скандаліць ужо ў другім пакаленні за 20 сантыметраў захопленай зямлі (нават калі афіцыйна гэта не ўстаноўлена), за яблыню, галінкі якой звесіліся за суседнюю агароджу, за трыццаць гадоў таму неасцярожна сказанае слова і так да бясконцасці.

Чужыя

Даволі часта лецішчы купляюць маладыя і добра забяспечаныя людзі. Старая гвардыя здзіўляецца: адкуль у іх грошы на ўсё адразу?

У некаторых з іх ёсць не толькі грошы, але і імкненне да лепшага жыцця для ўсіх. Напрыклад, калі раптам не стала вады ў агульным водаправодзе, на нашай вуліцы менавіта «чужы», у якога ёсць свая свідравіна, напісаў у дачным чаце, маўляў, заходзьце па ваду, каму трэба.

Заходзілі, бралі, некаторыя нават «дзякуй» забывалі сказаць. А знайшліся і тыя, хто шыпеў: «З буржуйскага пляча даў вады».

Іншыя ж лічаць, што ўменне зарабляць робіць іх вышэй за ўсіх, яны з грэбаваннем ставяцца да тых, у каго дом прасцей і марка машыны больш сціплая. Самая цяжкая катэгорыя ў гэтай групе — маладыя бацькі. Іх дзіцяці ўвесь час перашкаджаюць усе і ўсё: сабакі і суседзі, мангалы і трымеры.

Арэндадаўцы і арандатары

Так, арэнда лецішчаў набірае абароты. Сярод тых, хто здае лецішчы, сустракаюцца пажылыя людзі, якім ужо цяжка займацца участкам. Ёсць сем'і, у якіх ва ўласнасці два, а то і тры лецішчы, таму лішняе здаюць. З'яўляюцца і тыя, хто мэтанакіравана спрабуе зрабіць лецішча бізнес-праектам. Прасцей за ўсё мець справу з дзвюма апошнімі катэгорыямі.

Сярод часовых жыхароў сустракаюцца пажылыя людзі, якім дзеці ці ўнукі такім чынам арганізавалі летні адпачынак. Самая распаўсюджаная група наймальнікаў лецішчаў — сем'і з дзецьмі. Сустракаюцца і адзінокія людзі, якія, як правіла, уцякаюць ад гарадской мітусні. Некаторыя з іх маюць магчымасць дыстанцыйнай работы, іншыя — ездзяць у горад.

Як бы там ні было, але ўсё лета не прасядзіш на ўчастку. Таму ўсе арандатары наводзяць масты з той сталай групай дачнікаў, якая ім бліжэй па ўзросце, каштоўнасцях.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».