Вы тут

Да Дня беларускага пісьменства на «Беларусь 3» пакажуць тэматычны эфір


Дзень беларускага пісьменства — падзея знакавая і традыцыйная для прыхільнікаў беларускага слова і культуры ў цэлым. Сёлета свята будзе прымаць горад Добруш Гомельскай вобласці. На сацыякультурным тэлеканале «Беларусь 3» з гэтай нагоды падрыхтавалі вялікі тэматычны эфір, дзе гледачам прапануюць трансляцыі канцэртаў форуму, паказы мастацкіх фільмаў для розных узростаў, а таксама выпускі аўтарскіх праграм з удзелам пісьменнікаў.


Здымачная група «Беларусь 3» наведае ўсе пляцоўкі форуму ў Добрушы, сустрэнецца з гасцямі і выступоўцамі, пакажа, як ушаноўваецца гісторыка-культурная і духоўная спадчына краю ў выпусках «Навін культуры». Аднаму з сакральных сімвалаў горада — храму Святога Мікалая — будзе прысвечана праграма «Святыні Беларусі».

Акрамя гэтага, 3 верасня нам прапануюць канцэрт да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, тэлеверсію спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Леаніды не вернуцца на зямлю», створанага на аснове твора Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, і чарговы выпуск аўтарскай праграмы «Люблю і памятаю» таксама будзе прысвечаны гэтаму беларускаму класіку. А яшчэ нам пакажуць кінараман паводле аповесці Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».

Госцяй аўтарскага праекта Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы» стане журналіст, пісьменніца Ніна Рыбік. Пасля аўдыторыю тэлеканала «Беларусь 3» чакае ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства.

У праграме святочнага эфіру таксама запланаваны паказы шэрагу мастацкіх кінастужак. Адна з іх — драма «Вазьму твой боль» (1980 г.) паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна. Экранізацыя твора была здзейснена рэжысёрам Міхаілам Пташуком і з'яўляецца сапраўднай класікай беларускага кіно.

Пакажуць у гэты дзень і «Дрэвы на асфальце» (1984 г.). Сямейная драма ад рэжысёра Уладзіміра Коласа распавядае гледачу гісторыю ветэрана вайны Ганны Цімафееўны, якая, застаўшыся ўдавой, адна выхоўвала сына. А калі той вырас і атрымаў у горадзе кватэру, то паклікаў маму жыць да сябе. Аднак пасля абставіны склаліся так, што гераіню яе родныя адправілі ў пансіянат для састарэлых. І жанчына ўрэшце рэшт вырашае вярнуцца дадому ў вёску... Фільм і яго змест і праз дзясяткі гадоў не страчваюць актуальнасці, бо і ў наш час нярэдка даводзіцца людзям у паважаным узросце адчуваць адзіноту і пакінутасць ці дажываць свой век з чужымі людзьмі альбо і ў чужых сценах. Таму паглядзець кінастужку варта, бо нагадваць самім сабе пра галоўнае ў гэтым жыцці ніколі не позна.

А вось для дзіцячай аўдыторыі на тэлеканале падрыхтаваны паказы мультфільмаў вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм» — «Магістр вольных мастацтваў. Францыск Скарына» (2018 г.) і «Я тайну ў глыбіні душы хаваю... Максім Багдановіч» (2020 г.). Апошні, напрыклад, рэжысёрам якога з'яўляецца Алена Пяткевіч, прысвечаны класіку беларускай літаратуры. «Фільм «Я тайну ў глыбіні душы хаваю...» — экспрэсіўная работа, зробленая мастакамі Студыі анімацыйных фільмаў з любоўю і творчым натхненнем вобразамі паэзіі Максіма Багдановіча, якія сталі сімваламі роднага краю, склалі арыгінальны вобраз, з якім асацыіруецца і сам паэт, і яго жыццёвы лёс» — адзначаецца ў анатацыі «Беларусьфільма». Паглядзіце і вылучыце тое, што знойдзе ў вас водгук.

Ужо 4 верасня на «Беларусь 3» пакажуць урачыстую цырымонію закрыцця Дня беларускага пісьменства. ... Пасля ў эфіры — выпуск праграмы «Кадры жыцця» з удзелам пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Мікалая Чаргінца. Пазней да вечара ў эфіры сацыякультурнага ўбачым «Па слядах Купалы» (2022 г.). І завяршальным акордам святочнага эфіру можна лічыць паказ народнай камедыі па сцэнарыі Аляксея Дударава «Белыя росы» (1983 г.). Глядзіце і святкуйце Дзень беларускага пісьменства ў кампаніі сацыякультурнага тэлеканала.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.