У «маленькую беларускую Венецыю» — горад паперы, фарфору, архітэктуры часоў князёў Паскевічаў — дабіраюся рэйсавым транспартам. Як толькі перасякаю мяжу горада, праз акно аўтобуса, бы ў карціну, трапляю ў агульны каляровы настрой горада. Ён — зялёны з жоўтымі элементамі: перадае колеравую гаму герба Добруша. Горад і сапраўды вельмі зялёны, квяцісты. Наўмысна не даязджаю да цэнтра, бо спакушаюся спыніцца і атрымаць асалоду ад атмасферных старых пабудоў Добрушскай папяровай фабрыкі. Яны, бы пернікавыя домікі, адноўленыя перад святам, — здаецца, самая лепшая фотазона, якая перадае дух і горада, і свята беларускага друкаванага слова.
Да цэнтра Добруша дабіраюся пешшу, каб ацаніць новыя дарогі і пешаходныя зоны. На іх белым арнаментам красуюцца новыя знакі дарожнай разметкі. Адзначаю актыўны веларух праз масты «добрушскай Венецыі».
Цэнтр у гэтую перадсвяточную «гарачыню» сустракае і як горад фантанаў. Бы дырыжыруе разнастайнай палівальнай тэхнікай цэлае войска байцоў камунальнага фронту: «кормяць» свежавысаджаныя клумбы, газоны, самыя неверагодныя кветачныя кампазіцыі. Пакуль фатаграфую гэтыя ноткі надыходзячага свята і іх творцаў, заўважаю, што не адна праз камеру тэлефона назіраю за апошнімі рабочымі момантамі па стварэнні ландшафтнай феерыі.
— Сачу за канкурэнтамі, — прызнаецца Юлія Сёміна. — Бачыла ўсё ў інтэрнэце, вырашыла паглядзець самой. Цікава афармляюць, можна для сябе падмеціць шмат ідэй.
Юлія, як аказалася, спецыяліст камунальнага прадпрыемства з Нароўлі. Са сваімі калегамі ў падарунак Добрушу да Дня беларускага пісьменства зрабілі малую
архітэктурна-ландшафтную кампазіцыю, якая ўдзельнічае ў конкурсе на найлепшую «зялёную візітоўку» ад усіх камунальных прадпрыемстваў вобласці. Кветачныя кампазіцыі — падарункі ад раёнаў Гомельшчыны сталіцы агульнанацыянальнага свята — размясціліся якраз вакол галоўнай плошчы.
Тут жа ўдалося паназіраць за працэсам мантажу галоўнай святочнай сцэны. Карункавая канструкцыя з металу ў цэнтры Добруша ўвачавідкі вырастае, дзякуючы намаганням прамысловых альпіністаў з Мінска.
— Шэсць фур спатрэбілася, каб прывезці сюды ўсю «лэерную» канструкцыю і апаратуру. Вышыня сцэны — 10 метраў, збіраецца звычайна толькі для вельмі вялікіх свят, — з задавальненнем расказвае інжынер пастановачна-эксплуатацыйнага комплексу Палаца Рэспублікі Аляксандр Асаевіч.
За працэсам устаноўкі гукавых і светлавых прыбораў, падрыхтоўкай металічных фермаў для мацавання 9-метровага святлодыёднага экрана, мантажом падмосткаў для музыкантаў аркестра разам са мной назірае некалькі дзясяткаў мясцовых падлеткаў. Іду знаёміцца. Моладзь з цікавасцю расказвае,
як яны асабіста рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства. Цяпер яны аблюбавалі зручныя лаўкі абноўленага да свята праспекта Міру. Кажуць, ужо з нецярпеннем чакаюць афіцыйнага адкрыцця тут помніка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну, які пакуль інтрыгуе толькі абрысамі фігуры і схаваны ад вачэй пад покрывам.
— Для падлеткаў і ўсёй нашай моладзі самым вялікім падарункам да свята стаў і цалкам абноўлены стадыён. Там ёсць сучасныя трэнажоры, пляцоўкі, дзе можна пагуляць, пабегаць, — дзеліцца маці трох дзяцей-падлеткаў Наталля Пахомава. — У нас горад веласіпедыстаў. Але горад на мастах, дарогі вузкія, ехаць на веласіпедах было напружана. Я як мама, якая выязджае на велапрагулку з дзецьмі, вельмі хвалявалася. Цяпер любата ехаць. Веласіпедныя дарожкі — гэта вялізны плюс для нашага горада.
Дабрушанка аказалася яшчэ і загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Добрушскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цікаўлюся, як падрыхтоўка горада да Дня беларускага пісьменства паўплывала на арганізацыю безбар'ернага асяроддзя.
— Да нас у аддзяленне прыязджаюць людзі на калясках, дабіраюцца са слабым зрокам. Таму вельмі важна, што ўсюды пакладзена накіравальная тактыльная плітка, — ахвотна адказвае Наталля Пахомава. — Мы з падапечнымі хлопцамі і дзяўчатамі з задавальненнем ходзім гуляць на новы стадыён «Юнацтва». Нядаўна быў вельмі цікавы выпадак: на стадыёне юнакі-спартсмены гулялі ў футбол і наша падапечная моладзь пайшла з імі знаёміцца, вельмі выдатна пагутарылі, пагулялі. Вось так змены горада да Дня пісьменства мяняюць і жыццё яго жыхароў!
Наталля падзялілася, што ўся гарадская моладзь, сем'і з дзецьмі вельмі чакаюць і адкрыцця шматфункцыянальнай спартыўна-гульнявой зоны ў самым сэрцы горада, недалёка ад цэнтральнай плошчы. Тут напярэдадні свята апошнія мантажныя работы заканчваюць спецыялісты будаўнічага ўпраўлення № 243 Гомельскага домабудаўнічага камбіната. «Здымалі грунт, «падсыпалі пірог», каб пакласці адмысловую гумавую плітку, дарожкі, абсталяванне», — тлумачаць нюансы работы, на якую спатрэбілася каля двух тыдняў, будаўнікі.
За працэсам нараджэння новай сучаснай гульнявой спартыўнай прасторы назірае не толькі прэса. Тэрыторыю абступілі мясцовыя дзеткі і іх бацькі.
— Усё, цяпер гадзіну, не менш, прыплюсуй, пакуль дадому вернемся з садка, не выцягнеш дзіця з пляцоўкі, калі яе адкрыюць, — смяецца тата трохгадовай Насці. — Наогул горад наш проста не пазнаць, вельмі прыгожым яго зрабілі, дзякуй!
Увогуле ўсе, з кім атрымалася пагутарыць (перадсвяточным зарадам эмоцый дзяліліся вельмі ахвотна) адзначалі, што добрушскія сем'і нізавошта не ўпусцяць магчымасці прыйсці на свята, пагутарыць-пазнаёміцца з яго гасцямі.
— Каля 900 пасадачных месцаў грамадскага харчавання ў дні святкавання для жыхароў і гасцей нашага горада забяспечаць арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці. Удзел у свяце пацвердзіла да 40 індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія рыхтуюць разнастайныя гандлёвыя пляцоўкі, — расказала
начальнік аддзела эканомікі Добрушскага райвыканкама Марына Шумілава.
Яна дадала, што будуць прадстаўлены і выставы карцін з люстэркаў, іспанскай вышыўкі, гарбарных вырабаў ручной работы, кветачных набораў і парфумерных кампазіцый. Да двух дзясяткаў прадстаўнікоў прыватнага бізнесу звярнулася ў райвыканкам па дазвол аказваць забаўляльныя паслугі на свяце — устанавіць разнастайныя гульнявыя атракцыёны. Каля 20 святочных пляцовак разгорнецца ў цэнтральнай частцы Добруша. Два дні свята абяцаюць разнапланавыя і цікавыя падзеі.
— Падрыхтоўка да правядзення Дня беларускага пісьменства дала вельмі значны імпульс у развіцці раёна: як у частцы эканомікі, так і ў частцы сацыяльнага развіцця, таму што дабрушане паглядзелі на сябе і на навакольнае асяроддзе зусім іншымі вачыма, — агульны настрой гараджан напярэдадні вялікага свята выказаў старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас. — Кожны жыхар горада і раёна ўзяў удзел у падрыхтоўцы Добруша да Дня беларускага пісьменства. Людзі паверылі ў тое, што можна нешта мяняць сваімі сіламі, і ім гэта вельмі спадабалася. Магчымасць прымаць такое вялікае свята стала вельмі важным стымулам для культурнага развіцця дабрушан. Безумоўна, не можа не радаваць тое, што новыя, вельмі запатрабаваныя аб'екты, якія з'явіліся як падарункі да свята, будуць яшчэ доўгія гады служыць і цешыць вока нашых жыхароў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.