Вы тут

Дом творчасці ў Мар’інай Горцы


Сюды, у Мар’іну Горку, у розныя гады лёс прыводзіў многіх і многіх літаратараў. У 1930-я гады ў раённым цэнтры знаходзіўся дом творчасці пісьменнікаў «Пухавічы» (зараз на яго тэрыторыі працуе аднайменны абласны дзіцячы санаторый). Бывалі ў ім Якуб Колас, Янка Купала, шмат хто яшчэ з масцітых і маладых па тым часе літаратараў. У доме адпачынку ці ў доме творчасці быў арыштаваны Мікола Хведаровіч. Але як, з чаго пачынаўся Дом творчасці?..


Да пэўнай канкрэтыкі нас адсылае газета «Звязда» за 1935 год: «У былым маёнтку Падблонь Пухавіцкага раёна, у панскім палацы абсталёўваецца Дом творчасці пісьменнікаў БССР. Дом творчасці будзе мець 13 кабінетаў, чытальную залу, сталовую, 6 кватэр для пісьменнікаў, падсобную гаспадарку і г.д. Ён размешчаны ў маляўнічай мясцовасці, непадалёку ад ракі ў вялікім садзе. Будаўніцтва і абсталяванне каштуюць каля 300 000 рублёў».

Такімі былі вытокі вялікай справы. Сапраўды значнай і вялікай справы яшчэ па той простай прычыне, што Дом творчасці станавіўся прытулкам многіх дум і памкненняў, месцам, дзе можна было не толькі адпачываць, але і пісаць. Магчыма, у такім паяднанні і было нешта, што парушала псіхалогію індывідуальнай творчасці асоб, але ж разам з тым было і пэўнае спрыянне, асабліва для тых, хто не мог ва ўсю моц пісаць у складаных, абцяжараных побытам, кватэрнай цеснатою, умовах.

На пачатку 1970-х гадоў арганізатары выхаваўчай работы ў абласным дзіцячым санаторыі «Пухавічы», галоўны ўрач санаторыя Алена Мікалаеўна Усціновіч загарэліся ідэяй узнаўлення памяці пра Дом творчасці. Як вынік — быў створаны пакой-музей, прысвечаны Янку Купале і Якубу Коласу. Але і перад гэтым, у час працы пакоя-музея ішоў збор матэрыялаў літаральна пра ўсіх, хто быў звязаны з Домам творчасці пісьменнікаў у 1930-я гады. В. Петрачэнкава выступіла ў раённай газеце «Сцяг працы» з артыкулам «Ствараецца музей», дзе і расказала пра першыя пошукавыя крокі: «Чырвоныя следапыты санаторыя ў выніку пошукаў і знаёмства з архіўнымі першакрыніцамі ўстанавілі, што ў свой час тут адпачывалі вядомыя беларускія пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, П. Броўка, Алесь Стаховіч, Эдзі Агняцвет.

Рабяты вырашылі стварыць музей санаторыя і звярнуліся за дапамогай да беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі і адпачывалі ў гэтых мясцінах. Празаікі, паэты, драматургі, літаратуразнаўцы горача адклікнуліся на просьбу дзяцей, даслалі свае ўспаміны, кнігі з аўтографамі, фатаграфіі.

Нядаўна ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак санаторыя прыехаў паэт Сяргей Грахоўскі, які ў 1936 годзе адпачываў у Доме творчасці. Разам з Грахоўскім завітаў да рабят і рэдактар часопіса «Маладосць» Алесь Асіпенка.

Паэт Сяргей Іванавіч Грахоўскі прачытаў свае новыя вершы, запрасіў дзяцей дасылаць у часопіс «Вясёлка» свае творы — казкі, вершы, загадкі, малюнкі, рэбусы, шарады, крыптаграмы. Затым выступіў празаік А. Асіпенка, які расказаў рабятам пра свой творчы шлях. Асабліва ўсхвалявала прысутных апавяданне пісьменніка пра гады, праведзеныя ў партызанскім атрадзе ў час Вялікай Айчыннай вайны. Будучы пісьменнік быў тады падлеткам, хадзіў у разведку, дастаўляў камандаванню каштоўныя даныя аб дыслакацыі і перамяшчэнні фашысцкіх войск і гарнізонаў. Цяпер на студыі «Беларусьфільм» на падставе сцэнарыя А. Асіпенкі здымаецца прыгодніцкая кіналента «Пяцёра адважных» пра гераічныя старонкі барацьбы дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

З хваляваннем слухалі рабяты і выступленне Т.С. Тарасавай — навуковага супрацоўніка літаратурнага музея імя Янкі Купалы, якая цікава расказвала аб тым, як ствараўся і папаўняўся музей экспанатамі і матэрыяламі. Тарасава перадала ў падарунак новаму музею фотавыстаўку, прысвечаную жыццю і дзейнасці народнага песняра Янкі Купалы.

Пісьменнікі падаравалі будучаму музею свае кнігі.

У Яўгена Рамановіча, вядомага драматурга, тэатральнага дзеяча, ёсць цікавы нарыс-успамін — «Мацней за лёс». Прысвечаны ён беларускаму празаіку Эдуарду Самуйлёнку. І значная частка апісання стасункаў Рамановіча з Самуйлёнкам праходзіць якраз на фоне дарогі ў Мар’іну Горку, а пасля і бытавання ў Доме творчасці. «Прыгарадны поезд Мінск — Пухавічы, не спяшаючыся, ішоў сярод жоўтых палёў, рудых купін, хмызнякоў і імшарнікаў, пакрытых павуціннем. Па плоскіх узгорках разбягаліся вясковыя хаткі. Дзе-нідзе, прабіваючы вострымі вежамі небасхіл, тырчэлі боскія храмы і калгасныя сіласныя вежы.

У акно вагона разам са жнівеньскім ветрам урываўся водар спелай збажыны і лясных верасоў…

Чым бліжэй пад’язджалі да Пухавіч, тым менш станавілася пасажыраў. Спыняючыся амаль каля кожнай прыдарожнай сцежкі і раскрытай брамы, поезд выкідваў групкі сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў…

Было ўжо зусім цёмна, калі мы з Самуйлёнкам сышлі на пухавіцкай станцыі… Мы выйшлі на невялікую брукаваную плошчу, абсаджаную з двух бакоў дрэвамі. Да нас падышоў стары фурман з Дома творчасці.

  • Воо, я ж і казаў, што нехта абавязкова прыедзе з пісьменнікаў,— шчыра ўзрадаваўся ён. — Заўтра ж нядзеля, не можа таго быць, каб не прыехалі. А дырэктар кажа: не трэба запрагаць.
  • Дзякуем, даражэнькі, маглі б і пяшэчкам прайсці, блізка. Ноч якая ціхая, не варта было турбавацца, — загаманілі мы.
  • Якая мне турбота — служба. Нно, халера! — цмокнуў фурман на каня, калі мы селі ў мяккую каламажку…

Паскрыпваючы рысорамі, гушкаючыся на выбоінах брукаванай шашы, каламажка каціла нас пад высокімі зорамі, сярод нізкіх лагчын і малых узгоркаў і прывезла ў гасцінна раскрытую браму з белай шыльдай на ёй: «Дом творчасці і адпачынку Саюза пісьменнікаў БССР». Мы ўехалі ў алею раскідзістых ліп і пахучых акацый. Каля асветленага ўвахода ў будынак таўкліся камары і бегалі дзеці, напаўняючы абшар тым прыемным сквілам, які, як відаць, здаўна з’яўляецца адзіным спосабам выказвання радасці пачуцця ў дзікуна і дзіцяці.

  • Хадзем, абмыемся тым часама ад дарожнага пылу, — запрапанаваў Самуйлёнак…».

(Рамановіч Я. Знаёмыя сілуэты. Мінск, 1974. — с. 74—78).

Месца для Дома творчасці і адпачынку, зразумела, было абрана невыпадковае. Яшчэ зусім нядаўна, напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя тут знаходзілася панская сядзіба. Належала яна міністру ўнутраных спраў царскай Расіі Леону Макаву.

Чым каштоўныя ўспаміны Яўгена Рамановіча? Аўтар кнігі «Знаёмыя сілуэты» падрабязна ўзнаўляе гістарычны ландшафт сядзібы. «Мы ішлі, — піша Яўген Рамановіч, — па акуратна расчышчаных, пасыпаных пяском алеях парку ўніз да ракі. Эдуард басанож, шлёпаючы сваімі вялікімі цяжкімі нагамі па зямлі, я ў летніх спартыўных тапках. Мы ішлі моўчкі, усхваляваныя хараством гэтага цудоўнага старога парку з магутнымі сівымі дрэвамі і зараснікамі шыпшыны. Чорныя цені кустоў вязалі карункі на светлых ад ярка асветленай веранды сцежках. З дома даносіліся гукі раяля, нехта павольна перабіраў клавішы, шукаючы натхнення.

Ад пышна расквечаных клумбаў у мяккім аксамітным паветры нерухома вісеў густы прыемны водар. Ноч была цёмная і цёплая, як у парніковым склепе. Мы падышлі да белых парэнчаў на мастках рэчкі, якой амаль зусім не было відаць. Праўда, яна адчувалася ў ціхім плёскаце вады аб берагі ды ў журботным кваканні жаб.

— Вот, браце Жэнька, хараство якое. Уся наша пісьменніцкая сям’я цешыцца з яго і творыць тут, спорна творыць. Ведаеш, Кузьма Чорны не ўстане з-за стала, пакуль дзесяць старонак не напіша. А некалі тут жыла сям’я, памешчыцкая сям’я, з трох душ, і працавала на яе не менш за сотню людзей. Кажуць, вось на гэтым самым месцы, дзе мы стаім, некалі лаўка была, на ёй старая пані любіла сядзець, на рэчку пазіраць. Рэчка заўсёды вабіць да сябе сваёй таямнічасцю. Дык вось, сядзіць аднойчы пані ў задуменні, а пакаёўка прыбегла да яе і крычыць радасна: «Рэвалюцыя, пані, бальшавікі Керанскага скінулі!» Глядзіць, а пані як сядзела, так і не зварухнулася. Глянула пакаёўка, ажно пані мёртвая. Прыбеглі людзі, хацелі яе з лаўкі падняць, выпрастаць, на насілкі пакласці — не разгінаецца пані. Як сядзела, так і акамянела. Давялося нават і хаваць яе не ў труне, а ў скрынцы такой, спецыяльна па яе гарбылю зробленай…».

(Там жа, с. 78—79).

Тут варта, відавочна, нагадаць чытачу, якога масштабу быў талент спадарожніка Яўгена Рамановіча — беларускага празаіка Эдуарда Самуйлёнка… Нарадзіўся Эдуард Людвігавіч у Пецярбургу ў 1907 годзе. Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў вёсцы Бандзелі Верхнедзвінскага раёна. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі. Працаваў у 1930—1933 гады ў рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». Пасля ў 1934—1939
гады — у газеце «Літаратура і мастацтва». Упершыню ў друку выступіў з вершамі ў 1928 годзе. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» — твор, прысвечаны барацьбе польскіх працоўных супраць фашызму, — пабачыла свет у 1933 годзе. У 1937 годзе выдаў кнігу апавяданняў «Дачка эскадрона», а ў 1938 — раман «Будучыня», у якім расказаў пра жыццё грузінскага народа і яго барацьбу за Савецкую ўладу. Мажліва, якраз многія старонкі і аповесці, і рамана былі напісаны ў Мар’інай Горцы. Памёр Эдуард Самуйлёнак у 1939 годзе, маючы за плячыма ўсяго толькі трыццаць адзін год…

Яўген Рамановіч, які нарадзіўся ў Мінску 8(21) студзеня 1905 года, пачаў свой шлях у літаратуру яшчэ ў 1923 годзе. Першыя публікацыі падпісваў псеўданімам Брацішка. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працаваў акцёрам, рэжысёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы (1922—1948). У 1949—1963 гг. — у Міністэрстве культуры БССР. Заслужаны артыст БССР (1944). Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе», «Вір», «Крывая аблога», «Мост». Усе яны былі пастаўлены на тэатральнай сцэне яшчэ ў 1920-я гады. Да пазнейшых работ адносяцца «Камяні на дарозе», «Палешукі», «Таварыш Андрэй». Напісаў шэраг лібрэта па творах Я. Коласа, П. Броўкі. Беларускаму тэатру прысвяціў кнігі «Народны артыст СССР Б. В. Платонаў», «Рэкі цякуць з ручаёў», «Людзі і маскі». Пераклаў на беларускую мову творы Л. Талстога, А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Горкага, К. Транёва, А. Карнейчука. У 1930-я гады Яўген Сцяпанавіч быў дастаткова вядомым тэатральным і літаратурным работнікам, таму і сябраваў з многімі пісьменнікамі, таму і да яго цягнуліся многія паэты і празаікі. Памёр Яўген Рамановіч у 1979 годзе.

Яшчэ адзін фрагмент з успамінаў Яўгена Рамановіча, які дапаможа зазірнуць у творчую ўвогуле і, у прыватнасці, у пухавіцкую біяграфію Змітрака Бядулі: «Мы ехалі са Змітраком Бядулем у Пухавічы, у Дом творчасці, там ужо былі нашы сем’і. Ехалі мы ў літфондаўскай каламажцы, якую цягнуў Кавалерыст — так звалі рудога каняку, не надта вялікага спрыту, але і не зломка.

— Звоняць мне раніцою, — загаварыў Бядуля, калі мы паселі ў каламажку і пакацілі па дарозе на Пухавічы, — і гавораць: «Васька захварэў, што рабіць?» Я кажу: «Ці будзе Васька, ці не Васька, абы конь, бо я на машыне не паеду. Нашто мне «эмка», я не люблю аўтамабіляў. Я люблю ў дарозе пагойдацца на рысорах, падумаць, падыхаць свежым паветрам нарэшце. У горадзе ж такі шум, грукат, смярдзіць бензінам…»

Потым мы ехалі моўчкі і любаваліся лесам, кожны па-свойму. Наўрад ці знойдзецца чалавек на нашай зямлі, які б не любіў прыроду: і рэчку, і луг, і магутны бор, і поле, і спевы птушак.

— Вы любіце лес? — запытаўся я ў Бядулі, які амаль што ляжаў на высокім сядзенні, выцягнуўшы ногі, і аб нечым думаў.

— Ого, яшчэ і як! Я, можна сказаць, нарадзіўся ў лесе. Ён даглядаў і калыхаў мяне. Спяваў песні, расказваў байкі. Карміў смачным мёдам, паіў бярозавым сокам. Я вырас у лесе, я навучыўся разумець жыццё не ў хедэры, дзе вучыўся малы, а ад леснікоў і плытагонаў, з якімі праводзіў часамі і дні, і ночы. Мне лес і цяпер — палац мудрасці і хараства…»

У тыя 1930-я гг. Бядуля карыстаўся надзвычайным аўтарытэтам у чытачоў. Нарадзіўся Самуіл Яфімавіч Плаўнік (сапраўднае прозвішча Змітрака Бядулі) у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна 23 красавіка 1886 года. Вучыўся ў хедары — пачатковай яўрэйскай школе, ешыбоце — школе рабінаў, але не скончыў апошнюю. Працаваў хатнім настаўнікам. Першы друкаваны твор — абразок «Пяюць начлежнікі» — змешчаны на беларускай мове ў газеце «Наша ніва» у 1910 годзе. У 1911—1912 гадах друкаваўся на рускай мове ў часопісе «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У канцы 1912 года пераехаў у Вільню. Працаваў сакратаром газеты «Наша ніва». У 1913 годзе пабачыла свет першая кніга Змітрака Бядулі — зборнік «Абразкі». У 1915 годзе вярнуўся на Лагойшчыну, у Пасадзец. У хуткім часе — ужо ў Мінску. Працуе сакратаром таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Пасябраваў з паэтам Максімам Багдановічам, жыў на адной кватэры з ім. Першы паслярэвалюцыйны зборнік — «Пад родным небам» (1922). У 1923 годзе друкуе паэму «Беларусь». Адгукаецца на смерць У.І. Леніна паэмай «Чорна-чырвоная жалоба» (1924). У ліку нямногіх старэйшых пісьменнікаў быў прыняты ў таварыства «Маладняк». У 1926 годзе пераходзіць ва «Узвышша». Выходзяць паэтычныя кнігі З. Бядулі -- «Буралом», «Паэмы». У 1927 годзе — аповесць «Салавей», якая ў 1937 годзе будзе экранізавана. У 1928—1932 гадах напісаў раман «Язэп Крушынскі». Апошні твор — казка «Сярэбраная табакерка». Памёр 3 лістапада 1941 года па дарозе ў эвакуацыю. Пахаваны ў горадзе Уральску (Казахстан). Некаторы час назад парэшткі Змітрака Бядулі перавезены ў Беларусь і пахаваны на Усходніх могілках.

З успамінаў Яўгена Рамановіча: «…Перад вячэраю мы ўсе, не згаворваючыся, збіраліся каля выхада з Дома творчасці і ішлі цераз вялікае поле да лесу, потым назад, стараючыся не падымаць пылу нагамі.

У шырокай панаме, палінялай кашулі, парусінавых штанах і скураных сандалях на босую ногу, неяк заўсёды ў сярэдзіне кампаніі, абапіраючыся на высокі кій, ішоў звычайна Бядуля. Калыхалася спелае жыта, з яго выглядалі сінія, як дзявочыя вочкі, васількі. Хтосьці пачаў задумліва дэкламаваць:

І тчэ, забыўшыся, рука

Заміж персідскага ўзору

Цвяток радзімы васілька…

— Не ўспамінайце мне Максіма, бо я плакаць пачну, — ціха папрасіў Бядуля, — Для вас Багдановіч толькі паэт, а для мяне гэта чалавек, сябра, які высушыў маё сэрца, як ліст у кнізе. Ён гарэў у мяне на вачах, і я нічога не мог зрабіць. Я не ведаў, як пагасіць яго хворы агонь…

Насустрач нам з лесу, па палявой сцяжынцы, ішоў Якуб Колас. Ён быў таксама, як і ўсе, у лёгкай летняй адзежы, з саламяным брылём на галаве. Правая рука Коласа абапіралася на самаробны кіёк, у левай ён трымаў кошык з грыбамі.

— Во-во, а я меўся зайсці да вас, адпачыць з прагулкі, — яшчэ здалёк загукаў Колас, — там мяне машына будзе чакаць.

— То павернем назад, хлопцы, — загулі ўсе з кампаніі.
— Не, мо крышачку пасядзім каля жыта.
Усе абселі, як вераб’і, мяжу і пачалі разглядаць лясныя здабыткі праслаўленага грыбніка.

— Якія там грыбы пад вечар! — махаў рукамі Колас. — Раніцою — іншая справа. Раніцою і баравік галаву з-пад моху высоўвае, каб расы напіцца.

— То што ж гэта вы адзін, Канстанцін Міхайлавіч? — запытаўся Бядуля. — А дзе ж вашы віцебскія госці?

— Адгасцявалі ўжо, — сказаў Колас. — Патрабуюць новую п’есу. Але дзе там — часу няма. Узяўся б ты, Змітрок. Твой Салавей пяе ўжо са сцэны. Добра пяе. Напішы, які ён стаў цяпер, калі скончыў кансерваторыю.

У Доме творчасці ў Пухавічах было ўсё неабходнае для плённай працы пісьменнікаў. Тут быў стары сад з квяцістымі клумбамі, і рэчка, і паэтычны гаёк, і шырокія разлогі палёў і лугоў. Ранняй вясной з’язджаліся сюды літаратары і жылі, многія з сем’ямі, да глыбокай восені. Домам мар і натхнення называлі гэты былы памешчыцкі будынак з добра абсталяванымі пакоямі і вялікай адкрытай верандай…».

(Рамановіч Я. Знаёмыя сілуэты. Мінск, 1974. — с. 94—94).

Гасцявалі і працавалі ў Доме творчасці ў Мар’інай Горцы і народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў, паэты і празаікі Ізі Харык, Мікола Хведаровіч, Аркадзь Куляшоў  і іншыя вядомыя літаратары.

Міхась Ціханавіч Лынькоў (18[30].11.1899 — 21.9.1975) нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы Віцебскага раёна. Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). Удзельнічаў у партызанскім руху ў Грамадзянскую вайну. У 1919 — 1922 гады — у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка-польскай вайне 1920 і разгроме банд Булак-Булаховіча. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім (1917—1919) і Рагачоўскім (1922—1925) раёнах. Працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай газеты «Камуніст» (1925—1930). У 1930—1932 — у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Недзе ў той час, відавочна, шляхі Міхася Лынькова перасякаліся з ураджэнцам мястэчка Пухавічы Львом Стронгіным, вядомым кнігавыдаўцом, арганізатарам кнігавыдавецкай, паліграфічнай справы. У 1933—1941 гадах Міхась Лынькоў — галоўны рэдактар часопіса «Полымя рэвалюцыі». Адначасова ў 1938—1948 гадах Міхась Ціханавіч — старшыня Саюза пісьменнікаў БССР. Напружанае грамадскае жыццё, у эпіцэнтры якога знаходзіўся празаік, публіцыст, вылучала М. Лынькова ў асяродку іншых. Ужо да яго пераезду ў Мінск у 1930 годзе пабачылі свет першыя кнігі апавяданняў — «Апавяданні» і «Гой». У 1930—1941 гадах выйшлі зборнікі «Саўка-агіцірнік», «На вялікай хвалі», «Андрэй Лятун», «Сустрэчы», аповесці «Пра смелага ваяку-Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» (асаблівы чытацкі і літаратурны-крытычны розгалас займеў апошні са згаданых твораў, стаўшы на доўгія гады фактычна ўзорам для беларускай дзіцячай літаратуры). У 1934 годзе друкаваўся няскончаны раман «На чырвоных лядах».

Так, шмат часу забіралі рэдакцыйныя клопаты, работа ў Саюзе пісьменнікаў. І ўсё ж знаходзіўся час на творчасць. Відавочна, што шмат што было напісана і на Пухавіцкай зямлі. Міхась Лынькоў і сам ездзіў у Дом творчасці ў Мар’іну Горку, і сям’ю сваю на лета адпраўляў сюды на адпачынак. Захаваліся наступныя сведчанні пра гэта. Вось што піша, у прыватнасці, народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва: «…Нашы сем’і звычайна былі ў доме адпачынку Саюза пісьменнікаў у Пухавічах, дзе і мы праводзілі свой адпачынак або прыязджалі на выхадныя дні. Міхася заўсёды чакала з малым Марыкам на руках яго жонка Хана Абрамаўна — жанчына сціплая, заўсёды ветлівая, без якога-небудзь праяўлення адзнак «начальніцы». (Яна, відаць, і была прататыпам Рывы з аповесці «Гой»). Міхась браў Марыка на рукі і ўжо не расставаўся з ім цэлы дзень…».

(Крапіва К. На скрыжаванні шляхоў і надзей. / Святло яго душы: Успаміны пра Міхася Лынькова. Мінск, 1979. — с. 60.

Пра «пухавіцкія» дні Міхася Лынькова згадвае і вядомы беларускі пісьменнік Віталь Вольскі: «Міхась Лынькоў быў і мужны, і цярплівы, і вытрыманы. Мне ўспамінаецца, як у цяжкі для яго час прыехаў ён улетку 1938 года да сям’і ў Пухавічы, уражаны ўжытай да яго несправядлівасцю. Нікому ні слова не сказаў пра сваю бяду. Хадзіў у задуменні па парку Дома творчасці, гуляў з сынком Марыкам, рабіў фотаздымкі. Зняў мяне і Макара Паслядовіча ў бярозавым гаі. Быў маўклівы і засяроджаны. Вытрымка не пакідала Міхася Ціханавіча ўвесь час, пакуль не развеяліся над яго заўчасна пасівелай галавой цёмныя злавесныя хмары…».

(Вольскі В. З успамінаў. /Там жа, с. 151).

Душэўныя якасці, жаданне дапамагчы маладым калегам заўжды вылучалі Міхася Лынькова сярод іншых літаратараў, якія часам займеўшы і невялікую пасаду, праяўлялі фанабэрыстасць, недаступнасць. У памяці вядомага літаратуразнаўцы, крытыка Янкі Казекі застаўся такі цікавы эпізод. 1937 год. Няпросты час у палітычным жыцці рэспублікі і ўсёй Савецкай краіны. Наступалі «чорныя хмары» найвышэйшага піку карнай сталінскай машыны. У кастрычніку 1937 года многія беларускія пісьменнікі будуць расстраляны. Шмат хто ўжо арыштаваны… Але ж — слова — Янку Казеку: «Прыгадваецца такі выпадак. Аднойчы ў пачатку верасня 1937 года (быў я ўжо на апошнім курсе літфака Мінскага педінстытута і надрукаваў некалькі рэцэнзій) мне і Рыгору Бярозкіну паведамілі ў дэканаце, што званіў Міхась Лынькоў і прасіў прыйсці да яго.

Мы адразу пайшлі. Працаваў ён тады рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». Размову з намі пачаў з жартаў: маўляў, ведае, што мы, студэнты, жывём не ў вялікай раскошы, таму хоча даць нам крыху зарабіць. Прапанаваў паехаць у Пухавічы ў Дом творчасці, папрацаваць там, напісаць кароткі агляд развіцця беларускай літаратуры за дваццаць гадоў Савецкай улады. «З дэканам я дамовіўся, не пярэчыць, а пуцёўкі ў Дом творчасці атрымаеце заўтра», — сказаў ён.

Краіна тады рыхтавалася да вялікай урачыстасці — дваццацігоддзя Кастрычніка, і даручэнне Міхася Ціханавіча было звязана з гэтай юбілейнай датай: агляд, які ён прапанаваў напісаць, меркавалася выкарыстаць як матэрыял для дакладаў у святочныя дні.

Два тыдні пражылі мы ў гасцінным Доме творчасці на беразе Цітаўкі, працавалі з раніцы да вечара і ў вызначаны тэрмін падрыхтавалі агляд (я — прозы, Рыгор Бярозкін — паэзіі і драматургіі). Прынеслі рукапіс Міхасю Ціханавічу, ён пагартаў яго, падзякаваў, сказаў, калі можна атрымаць ганарар…».

Як бачым, Дом творчасці ў Мар’інай Горцы, адрасам якога ўсе па зразумелых прычынах лічылі Пухавічы, быў сапраўдным прытулкам пісьменнікаў і іх ідэй. Тут, на беразе Цітаўкі, пад прыгожымі таполямі, у садзе і парку, ва ўтульных пакоях колішняй панскай сядзібы нараджаліся новыя творы, складаліся вершы, адсюль у вялікі свет выходзілі сюжэты, тут шліфаваліся мастацкія вобразы і персанажы.

Шмат было звязана з Домам творчасці і трагедыйнага. Якраз тут былі арыштаваны Ізі Харык і Мікола Хведаровіч.

Паэт Мікола Хведаровіч нарадзіўся 24 сакавіка (6 красавіка) 1904 года ў Капылі. У 1926 годзе ўжо ўступіў у Камуністычную партыю. Яно і зразумела. З 1919 года быў арганізатарам камсамольскіх ячэек на Случчыне. Працаваў у часопісах «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929--1932). Пасля — у рэдакцыях часопісаў «Чырвоная Беларусь» і «Полымя рэвалюцыі». У 1937 годзе арыштаваны. Да гэтага часу творчасць паэта разгарнулася досыць шырока. Першая кніга вершаў «Настроі» выдадзена, праўда, не вельмі рана — у 1929 годзе, калі Міколу Хведаровічу было ўжо 25 гадоў. Па тым часе ўзрост для пачатку не юны… Затое пасля — узлёт! Адна за другой выходзяць кнігі вершаў — «Баявыя песні», «Рытмы», «Тэмпы — кантрасты», кніга пародый «Ха», «Вайна за мір», «Усім сэрцам». У 1930 — 1938 выйшлі і кнігі перакладаў Міколы Хведаровіча: «Як аўтамабіль вучыўся хадзіць» М. Ілліна, «Сонечны горад» В. Ільенкова, «Бахчысарайскі фантан» А.С. Пушкіна, «Апошні з удэге» А. Фадзеева. Пасля арышту пачаліся доўгія, шматгадовыя пакуты. Некалькі гадоў вязень прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска. З 1941 года — ва Усцьвытлагу (Комі АССР). З 1946 года працаваў у горадзе Каршы Узбекскай ССР. З 1949 і да самай рэабілітацыі — у горадзе Енісейску Краснаярскага краю. У 1956 вярнуўся ў Мінск. Першая кніга паэзіі пасля вяртання выйшла ў 1957 годзе — «Залаты лістапад». Мікола Хведаровіч, як і іншыя «вяртанцы», тыя, каму пашчасціла выжыць у лагерным і астрожным тлуме, — Сяргей Грахоўскі, Станіслаў Шушкевіч, Ян Скрыган, Алесь Пальчэўскі, Алесь Звонак, працаваў наўздзіў напружана. Меней як за чвэрць яшчэ адведзенага яму стагоддзя выдаў болей дваццаці арыгінальных і перакладных кніг. Сярод іх — і дзве кнігі успамінаў: «Памятныя сустрэчы» і «Незабыўнае».

І ў тыя гады пасля лагера паэт, відавочна, памятаў пра Пухавіччыну. Што гэта так, сведчыць і наступнае... Я хацеў бы звярнуць увагу на адну заметку з пухавіцкай «раёнкі» — «Сустрэча з пісьменнікамі»: «У актавай зале Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума адбылася сустрэча з беларускім пісьменнікам Міколам Хведаровічам. Паэт прачытаў свае новыя вершы, прысвечаныя У. І. Леніну.

З чытаннем сваіх твораў выступілі выкладчык саўгаса-тэхнікума Захар Бірала і пачынаючы паэт Анатоль Сакалоўскі». Подпіс — У. Глушакоў, слухач школы рабселькораў.

(«Сцяг працы», 1970, 30 мая).

Сваім, родным быў Дом творчасці і для народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Успамінае пра гэта і дачка літаратара — Валянціна Аркадзьеўна Куляшова ў кнізе «Лясному рэху праўду раскажу».

Паэт Васіль Вітка шчасліва пазбег пакарання лагерам. Але і ён, як кажуць, вісеў на валаску. І тады маладога чалавека выратаваў… Дом творчасці ў Мар’інай Горцы. Вось як успамінае пра гэты адрэзак жыцця знакамітага дзіцячага паэта і празаіка, таленавітага перакладчыка і публіцыста яго сын — доктар Вісарыён Васільевіч Крысько: «Калі ў 37-м бацьку выключылі з камсамола і выгналі з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм», мне было каля трох месяцаў. Пачаўся горкі перыяд нашага жыцця: свайго жылля і ашчаднай кніжкі ў нас не было, на работу бацькоў не бралі.

Сяброў стала менш, але нас не пакінулі ў бядзе браты Лыньковы: Рыгор узяў на сваё імя тэрміновую работу і перадаў яе бацьку. Той пачаў перакладаць творы Чэхава і, сумесна з Рыгорам, — паэму Маякоўскага «Добра!».

Хоць бацьку аднавілі на працы праз дзевяць месяцаў, жыць было цяжка. Гаспадыня дамка на вуліцы Розы Люксембург, якая здавала нам пакойчык, спалохалася і пагнала з кватэры «лішэнца» і яго сям’ю. Тады Міхась Ціханавіч Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб нас пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасці ў Пухавічах. У гэты час бацька захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам…».

Не аднойчы згадваю Міхася Лынькова ў стасунках з Домам творчасці (што і зразумела — кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі, у тым ліку і ў перадваенныя 1938—1941 гады, яшчэ і чулы, адказны чалавек, добразычлівы калега, ён многіх скіроўваў у Дом творчасці як да месца адпачынку)… І нельга з гэтай жа нагоды не ўзгадаць імя пісьменніцы Яніны Бранеўскай. Вядома, што яна нарадзілася ў 1904 годзе. Мне ўдалося знайсці толькі дзве яе кніжкі на рускай мове — «Записки военного корреспондента», куды ўвайшлі публіцыстычныя матэрыялы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і аповесць «Приключения тряпичной Бальбиси» (выйшла з друку ў Маскве ў 1956 годзе). Вось што згадвае Яніна Бранеўская (у Мінск яна патрапіла пры падтрымцы Міхася Лынькова з Беластока, куды ўцякала ад фашысцкай навалы яшчэ ў 1939 годзе, калі Варшаву, Польшчу акупіравалі гітлераўскія захопнікі): «…Гэта яны (Яніна мае на ўвазе пасланцаў СП БССР, якія прыехалі ў Беласток высветліць сітуацыю. — А.К.) прыдумалі маё першае падарожжа ў Мінск і пісьменніцкі Дом творчасці ў Пухавічах. Дом гэты, у ціхім заснежаным лесе, пасля акружанай ворагам Варшавы і перапоўненага Беластока быў для мяне нейкім санаторыем, на мяжы светлай мары і сну. Хто ж гэта з іх так дакладна падлічыў мой матчын час, што і прыданае для майго сыночка прыйшло потым, у маі, перад самым выхадам з раддома? Як падарунак ад Саюза пісьменнікаў, які зімой, у Пухавічах, не толькі падкормліваў майго маленькага перад яго нараджэннем, але і першы потым прыадзеў яго ў цудоўныя распашоначкі з беларускай вышыўкай.

Тады, калі я ўпершыню апынулася ў Доме літаратара, у старой камяніцы на цэнтральнай вуліцы Мінска, мне давялося пазнаёміцца са старшынёй беларускай пісьменніцкай арганізацыі — Міхасём Лыньковым. Ён выйшаў з-за пісьмовага стала насустрач мне, нібы добры знаёмы. Відаць, ужо ведаў мяне па расказах тых двух таварышаў, што прыязджалі ў Беласток. Я не маю ніводнай яго фатаграфіі, але ў сардэчнай памяці ён стаіць, як жывы, — просты, адкрыты твар, блакітныя вочы, што глядзяць на цябе з увагай і добразычлівасцю, як быццам хочучы папярэдзіць, што наш лёс, нашу бяду ён ведае даўно і добра, што ўжо і абдумаў, як нам найлепш, найхутчэй памагчы. І зноў размова польска-беларуская, без перакладчыка. Я ведала, што ён — аўтар кніжак апавяданняў пра грамадзянскую вайну, у якой прымаў удзел, аўтар аповесцей з вясковага жыцця, якіх я яшчэ не чытала, бо толькі пачала сяк-так разбірацца ў кірыліцы. Аднак ужо разумела, здаецца, кожнае слова жывой беларускай мовы. Мой тагачасны літаратурны багаж складаўся з трох кніжачак для дзяцей, і кніжачак гэтых таварыш Лынькоў, вядома ж, не чытаў, што мы абое добра разумелі. Але ж неяк усё, пра што мы гаварылі, зусім не было для нас экзотыкай, бо столькі мелася ў нас агульнага ў ацэнках падзей, фактаў, як быццам нас да верасня 1939 года не падзяляў пагранічны кардон, як быццам мы не гаварылі на розных мовах. І ў гэтым не было нічога дзіўнага — яднала ідэалогія, бо да нас, у Польшчу, Вялікі Кастрычнік — яго ідэі, яго легендарная прыгажосць — даходзіў, прабіваўся праз краты санацыйных турмаў, праз драты Картуз-Бярозы…».

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў шпіталі на тэрыторыі Дома творчасці лячыўся публіцыст, аўтар шэрагу дакументальных кніг Раман Ярохін. Пра гэта ён расказвае ў кнізе «Интонация вздоха».

Памяць пра Дом творчасці Саюза пісьменнікаў БССР даваеннага часу магла б стаць асновай турыстычна-экскурсійнага маршруту. Але, відавочна, пра гэта варта парупіцца не толькі ў Пухавіцкім раёне, але і, напырклад, Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры ці Саюзу пісьменнікаў, пры якім створаны ў нядаўнім часе Цэнтр папулярызацыі беларускай літаратуры.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.