Вы тут

Бузоўскі: Духоўны стрыжань Дня беларускага пісьменства — Год гістарычнай памяці


Дзень беларускага пісьменства — адна з самых значных культурных падзей у жыцці краіны. Гэта свята кнігавыдаўцоў, кнігараспаўсюджвальнікаў, пісьменнікаў, журналістаў і ўсіх, хто захоўвае ў сваёй душы агеньчык роднага слова. Пра некаторыя моманты і асаблівасці сёлетняга святкавання мы пагутарылі з намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Ігарам Бузоўскім.


Фота БелТА

— Ігар Іванавіч, сёлета для правядзення Дня пісьменства абраны Добруш. Чаму менавіта гэты горад?

— Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства выбіраецца горад, які пакінуў значны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры, з якім непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць выдатных людзей Беларусі розных часоў. Добрушскі раён падарыў свету аднаго з самых вядомых класікаў нашай літаратуры ХХ стагоддзя — Івана Пятровіча Шамякіна. Звязаны з гэтай зямлёй і шмат іншых імёнаў. Назаўсёды ўпісалася ў гісторыю Добруша Ірына Паскевіч, якая пасля смерці мужа шмат спрыяла паспяховай працы папяровай фабрыкі. Вечны спачын знайшоў у вёсцы Карма Іаан Кармянскі (іераманах Іаан Гашкевіч), мошчы якога ў 1997 годзе былі пастаўлены ў Свята-Пакроўскім храме вёскі Карма, а праз год з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта адбылася яго кананізацыя. Ураджэнцам Добрушчыны з’яўляецца і народны артыст СССР Леанід Рахленка, які зарэкамендаваў сябе і як рэжысёр. Зямляк дабрушчан — мастак Акім Шаўчэнка, пра якога ў кнізе з серыі «Славутыя мастакі Беларусі» выдавецтва «Беларусь» расказаў мастацтвазнаўца Уладзімір Пракапцоў, малая радзіма яго таксама Добрушчына. У мінулым стагоддзі ў галіне літаратуры вельмі плённа працавалі Паўлюк Прануза, Леанід Гаўрылкін, Мікола Кусянкоў і іншыя творцы. Ды і ў наш час шмат таленавітых людзей услаўляюць гэты куток Беларусі.

— Якія мерапрыемствы і праекты будуць галоўнымі ў гэтым годзе?

— Духоўны стрыжань свята — Год гістарычнай памяці, беларуская пісьменнасць, гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушчыны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачынае рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», якая стартавала 31 жніўня і завершыцца 4 верасня ў Добрушы. Сёлета яе шлях пралягае праз Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Светлагорскі, Кармянскі, Чачэрскі і Веткаўскі раёны. Неад’емнай часткай свята ўжо стала падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». 23 жніўня адбыўся фінал і запіс відэаверсіі спаборніцтва. Сёлета ўдзел у ім прынялі больш за 16 тыс. школьнікаў з усёй краіны, якія чыталі любімыя творы класікаў і сучасных аўтараў. У фінал выйшла 16 чытальнікаў у чатырох узроставых катэгорыях. 2 верасня Міністэрства інфармацыі праводзіць міжнародны круглы стол «Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове справядлівасць» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў. А 3 верасня пройдуць «Добрушскія чытанні», падрыхтаваныя Міністэрствам інфармацыі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Канферэнцыя ўключае навуковыя даклады, прысвечаныя Году народнага адзінства і асвятленню гісторыка-культурнай спадчыны добрушскай зямлі. У гэты ж дзень запланавана адкрыццё помніка Івану Шамякіну. 

Таксама адбудзецца традыцыйная цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXIХ Дню беларускага пісьменства. Асноўнай падзеяй стане ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXIX Дня беларускага пісьменства, падчас якой адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Пройдуць і ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці, моладзі каля мемарыяльнага комплексу «Памяць». Там жа ўдзельнікам будзе прадстаўлена ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Баі за Добруш 1943 года. Партызанскае супраціўленне», якая арганізоўваецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

— Раскажыце, калі ласка, пра міжнародны круглы стол, які ўжо каторы год праходзіць у першыя дні верасня.

— Традыцыйна ў рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі праводзіць міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных прадстаўнікоў грамадскіх і пісьменніцкіх колаў, дзеячаў навукі і культуры. Нагодай для выбару тэмы ў 2022 годзе сталі вынікі і ініцыятыва ўдзельнікаў XVII Санкт-Пецярбургскага кніжнага салона адносна фарміравання спіса літаратуры, якая рэкамендуецца для чытання ў кантэксце раскрыцця каштоўнасцей, што забяспечваюць духоўна-маральную платформу нашых дзяржаў. Першай каштоўнасцю, закладзенай у аснову падборкі кніг для фарміравання бібліятэчкі, стала паняцце справядлівасці. Экспертнай супольнасцю былі вызначаны першыя 12 выданняў для раскрыцця паняцця справядлівасці, сутнасці дадзенай каштоўнасці праз досвед мінулых пакаленняў і нашых сучаснікаў.

— Дзень беларускага пісьменства ў першую чаргу асацыіруецца, канечне ж, з кнігай. Як будзе прадстаўлена друкаванае слова ў Добрушы?

— Натуральна, кніга — галоўны персанаж свята. І ў ранейшыя гады, і цяпер, у Добрушы. Традыцыйна будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленая чатырма тэматычнымі павільёнамі. Першы з іх — «Бацькаўшчына» — сумесны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Экспазіцыя будзе ўключаць фотавыстаўку, кнігі, каляндар, выдадзеныя ў рамках праекта «Бацькаўшчына», а таксама прадукцыю Добрушскай папяровай фабрыкі розных перыядаў. Адбудуцца прэзентацыі кніг У. Ліхадзедава «Адзінства непераможнага народа» і «Тры сястры». У павільёне «Слова пісьменніка» пройдуць выстаўкі-прэзентацыі выданняў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і дзяржаўных выдавецтваў, а таксама аўтограф-сесіі, паэтычныя сустрэчы і прэзентацыі рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. На пляцоўцы «Белдрук» наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з экспазіцыямі выдавецкіх дамоў «Беларусь сегодня» і «Звязда», набыць перыядычныя выданні, сувенірную прадукцыю з дзяржаўнай сімволікай. Павільён «Белкніга» — выстаўка-продаж кніг, у тым ліку са зніжкамі, аўтографамі аўтараў, сувенірнай і папярова-чыставой прадукцыі. Тут адбудзецца і прэзентацыя мабільнага дадатка з аўдыякнігамі «Чытанка». Многія мерапрыемствы праграмы пройдуць з удзелам беларускіх літаратараў, па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі. На фестывалі будуць прадстаўлены найлепшыя мастацкія выданні, літаратура адукацыйнага характару, энцыклапедычныя выданні. Асобна будуць вылучаны кнігі-юбіляры, кнігі — пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». На галоўнай сцэне Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентуе літаратурна-патрыятычны праект «Бачу Беларусь такой». Будзе арганізаваны шырокі гандаль кнігамі. Тысячы кніжных навінак 2021 і 2022, а таксама ранейшых гадоў выдання будуць прадстаўлены ў продажы. Сярод іх — і тэматычныя выданні, прысвечаныя гораду Добрушу і раёну — «Добрушскі край» (выдавецтва «Беларусь») і «Лучнасць сэрцаў і дум. Зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

— Як увогуле сітуацыя з кнігавыданнем за апошні год?

— У 2021 годзе ў Беларусі было выдадзена 9055 кніг і брашур агульным тыражом больш за 21,8 млн асобнікаў. Сярэдні тыраж адной кнігі склаў 2411 асобнікаў. На беларускай мове за гэты перыяд выдадзена 1228 кніг і брашур агульным тыражом каля 3,5 млн. Сярэдні тыраж адной беларускамоўнай кнігі склаў 2846 асобнікаў. У параўнанні з 2020 годам большасць паказчыкаў кнігавыдання выраслі. Мяркуючы па дзейнасці нашых выдавецтваў ужо ў 2022 годзе, можна спадзявацца, што сёлета гэтыя паказчыкі таксама будуць на даволі высокім узроўні.

— На ваш погляд, ці ўплывае Дзень беларускага пісьменства на выхаванне павагі і любові ў нашых грамадзян да беларускай культуры, айчыннай літаратуры?

— Для беларусаў слова, веды, пісьменства, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі невычэрпнай крыніцай жыццёвага аптымізму, апорай у пераадоленні ўсіх цяжкасцей і перашкод. Невыпадкова менавіта наша зямля стала радзімай многіх выдатных асветнікаў, дзеячаў культуры, літаратараў і навукоўцаў сусветнага ўзроўню. Многія з іх, дарэчы, зрабілі неацэнны ўнёсак у культуру і навуку іншых народаў. Варта нагадаць, што апошнім часам свята значна пашырыла свае межы. Яно праводзіцца не толькі ў гарадах, дзе праходзяць асноўныя мерапрыемствы. Урокі ў школах, сустрэчы з літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры па тэматыцы свята адбываюцца па ўсёй краіне. І гэта дае падставы сцвярджаць, што Дзень беларускага пісьменства — важная падзея культурнага жыцця краіны, якая далучае людзей да іх духоўных каранёў, спрыяе ўсведамленню сябе сапраўднымі грамадзянамі Беларусі.

— Сёння ўжо можна сказаць, куды далей рухаецца Дзень беларускага пісьменства?

— Маршрут пралягае ў Гарадок, на Віцебшчыну. Гісторыя Гарадка непарыўна звязана з імем Канстанціна Вераніцына — аўтара самага папулярнага ў XIX стагоддзі беларускага твора «Тарас на Парнасе». Менавіта галоўны герой паэмы з’яўляецца асноўным культурным брэндам Гарадокскага раёна. З 1998 года ў Гарадку традыцыйна ў першых чыслах чэрвеня праводзіцца фэст народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкi Парнас», прысвечаны знакамітаму паэту-земляку.

Гутарыў Аляксей ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.