Вы тут

Аб’ект варты ўвагі. Аўгустоўскі канал не пустуе нават па буднях


І хаця яго цеплаходы яшчэ стаяць на рэйдзе, каляндарная старонка масавых мерапрыемстваў ужо перагорнута. Тым не менш канал нават у будні не пустуе. Сюды прыязджаюць арганізаваныя альбо «дзікія» турысты. Сярод іх шмат замежнікаў, якія, як правіла, цэняць канал як гісторыка-культурны аб’ект. Але ці дастаткова гэтага?


Што вабіць?

Мы прыехалі на канал у будні дзень напрыканцы жнівеньскай спякоты. Апоўдні паркоўка на шлюзе Дамброўка не пуставала. Стаялі машыны не толькі мясцовымі, але і сталічнымі, і замежнымі нумарамі. Напрыклад, з Гродна прыехала бабуля з двума ўнукамі, якія тут яшчэ не былі. Хлопчыкам спадабалася дзіцячая пляцоўка ў выглядзе вялікага карабля. Атракцыён з’явіўся ў гэтым сезоне.

Лебядзінае сямейства, убачыўшы людзей, прыплыло да самага берага. Для іх знайшоўся пачастунак ад турыстаў з Карэліі. Сям’я Папковых — Святлана і Леанід з дачкой Алесяй — у водпуску вырашылі павандраваць па Беларусі, пачалі з Гродна. У маршрут уключылі Аўгустоўскі канал, аб якім даведаліся з турыстычнага сайта. Старадазняе гідратэхнічнае збудаванне зацікавіла жыхароў краіны азёр і рэк. Па словах Святланы, ім тут усё падабаецца: і сэрвіс, і гасціннасць, і жыллё. У параўнанні з расійскімі цэнамі, адпачынак значна таннейшы. Напрыклад, у Гродне двое сутак пражывання ў апартаментах абышліся за меншыя грошы, чым суткі ў больш сціплых умовах у Пскоўскай вобласці.

Праз некалькі хвілін на канал пад’ехаў аўтобус з групай турыстаў. Аказалася, выпускнікі Новасібірскага вышэйшага ваеннага вучылішча прыехалі да свайго гродзенскага аднагрупніка на традыцыйную сустрэчу. У праграму экскурсіі трапіў і Аўгустоўскі канал.

— Нам усё цікава, — прызнаўся Яўген Рыгоравіч з расійскага Томска. — Аб’ект варты ўвагі, відаць, што старадаўні. І прырода тут цудоўная, незабруджаная. Добра тут, душой адпачываем.

Што здзіўляе?

Замежнікі звяртаюць увагу на ўнікальнасць Аўгустоўскага канала. Ён захаваў гістарычную каштоўнасць, яго рэканструкцыя мела катэгорыю «0», гэта значыць, праводзілася з максімальным захаваннем аўтэнтычнасці. І гісторыя яго стварэння цікавая.

Канал пачаў будавацца амаль 200 гадоў таму і павінен быў злучыць Віслу і Нёман для выхаду ў Балтыйскае мора. Некалькі разоў рашэнне аб яго будаўніцтве адкладвалася, хаця ідэя была агучана яшчэ ў ХVІ стагоддзі падчас праўлення Стэфана Баторыя. Падпісаў указ аб будаўніцтве ў 1824 годзе расійскі імператар Аляксандр І. Канал будавалі 15 гадоў, у выніку атрымалася вельмі складанае гідратэхнічнае збудаванне агульнай працягласцю больш за 100 кіламетраў, з якіх 24 — на тэрыторыі Беларусі. Пасля працяглага перыяду заняпаду канал было вырашана ўзнавіць у якасці турыстычнага аб’екта. Указ аб рэканструкцыі быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі ў 2004 годзе, а ўжо праз два гады работы завяршыліся.

Канал стаў суднаходным і пачаў абрастаць турыстычнай інфраструктурай. У былым доміку назіральніка арганізаваны музей. З’явіліся альтанкі, паркоўкі, паштовае аддзяленне, гандлёвыя павільёны. Арганізаваны пракат лодак, катамаранаў і веласіпедаў. Курсіруюць два цеплаходы. У мінулым годзе на шлюзе Дамброўка ўстаноўлены бясплатны вайфай і відэаназіранне.

Цяпер гэта месца правядзення шэрагу культурна-масавых фестываляў і свят, турзлётаў, водных спаборніцтваў і проста прыемнага адпачынку.

Па словах старшыні Сапоцкінскага сельвыканкама Андрэя Садкоўскага, праз пасёлак на канал штодзень курсіруюць турыстычныя аўтобусы, бывае, што госці вяртаюцца адтуль ужо познім вечарам. Канал актыўна працягваюць асвойваць беларусы. Мяркуючы па нумарах машын, сюды едуць з усіх рэгіёнаў краіны.

Праўда, некаторыя гродзенцы заўважаюць, што Аўгустоўскі канал не настолькі цікавіць турыстаў, каб прыехаць сюды другі раз. Юрый, які прывёз сваяка з Латвіі, крытыкуе інфраструктуру на канале. Маўляў, аўтастаянак не хапае, недастаткова малых архітэктурных формаў, пляжы не абсталяваныя, а цеплаход значна скараціў свой маршрут...

А вось замежнаму госцю помнік гідратэхнічнага дойлідства спадабаўся. Мабыць, таму, што замежныя і іншагароднія турысты больш увагі аддаюць менавіта гістарычным асаблівасцям аб’екта. Напрыклад, аўтэнтычным шлюзам і развадным мастам, якія пры шлюзаванні падымаюцца і апускаюцца ўручную. Расце попыт на арэнду воднага інвентару і веласіпедаў, а таксама на экскурсіі на цеплаходах. Што датычыць пляжных зон, то купацца тут забаронена, бо небяспечна. А вось над пашырэннем парковак, сапраўды, варта было б падумаць. Падчас масавых мерапрыемстваў чарга аўтамабіляў уздоўж трасы расцягваецца на сотні метраў.

Што будзе?

Сам Аўгустоўскі канал — частка вялікай тэрыторыі, якая пазначаецца як «Парк «Аўгустоўскі канал». Па ім распрацаваны генеральны план развіцця. Па словах галоўнага архітэктара Гродзенскага раёна Анатоля Караля, на гэтым вялікім участку павінна быць цэлая сістэма турыстычных паслуг, якія паміж сабой ствараюць кааперацыю, ці, як прынята казаць, кластары. На яго думку, канал на ўсім працягу валодае вялікім турыстычным патэнцыялам.

— Вы бачыце на карце, які доўгі аб’ект. На гэтай нітцы можна стварыць цікавыя кластары, дзе кожны будзе прадстаўляць свае віды паслуг: водны, пешы ці велатурызм, адпачынак на аграсядзібе і гэтак далей. У кожнага свой сектар. Тут безліч цікавага. Гэта і Аўгустоўская пушча, і азёры, і ваенны маршрут па лініі Молатава, і байдаркі. Многа цікавага можна знайсці ў навакольных вёсках. Тут нямала напрамкаў: археалагічны, і навуковы, і этнаграфічны, і гастранамічны. Рэсурсаў шмат, іх толькі варта задзейнічаць, — упэўнены суразмоўца.

Пакуль, як сцвярджае архітэктар, на самім канале прымаюць турыстаў толькі сядзібы, капітальных забудоў няма. Далей часовых павільёнаў і навесаў справа не ідзе, хоць тут пракладзены камунікацыі для падключэння электраэнергіі. Між тым на шлюзе Дамброўка праводзіцца нямала свят і фестываляў.

На суседнім шлюзе Нямнова распрацоўваецца праект па мадэрнізацыі былой турыстычнай базы. Эскізы ўжо ўзгоднены з аддзелам архітэктуры Гродзенскага райвыканкама. Пакуль гэта адзіны праект, які тут рэалізоўваецца. Была заява на пабудову гасцініцы на шлюзе Чарток, але справа так і не зрушылася з месца.

Па словах старшыні Сапоцкінскага сельвыканкама Андрэя Садкоўскага, усе, хто хацеў зайсці на канал з якім-небудзь бізнесам, гэта зрабілі. Зараз падрыхтавана тэрыторыя, якая дае магчымасць прыцягваць сюды новыя праекты. Хто хоча сябе рэалізаваць, можа гэтым заняцца, кажа прадстаўнік улады.

У тэму:

Між тым на Гродзеншчыне назіраецца сапраўдны турыстычны бум. За паўгода экспарт турыстычных паслуг склаў больш за чатыры мільёна долараў, тэмп росту — 161 %. У ліку актыўных гасцей — як расіяне, так і так званыя бязвізавыя турысты.

Падарожнічаюць і беларусы, яны прыязджаюць у Гродна цэлымі сем’ямі. А вось месцаў для начлегу не хапае. У горадзе гасцінічных месцаў амаль у два разы менш, чым у іншых абласных цэнтрах краіны. У сувязі з гэтым узнікае праблема бюджэтнага размяшчэння турыстаў падчас гарадскіх фестываляў і падзеявых мерапрыемстваў. Лепш ідуць справы з аб’ектамі харчавання. Толькі за мінулы год у Гродне з’явілася больш за 20 такіх пунктаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».