Вы тут

Вывучаем, шануем, ганарымся


У ліку тых, хто заслугоўвае пільнай увагі даследчыкаў – акадэмік, філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф Яўхім Карскі. Яшчэ яго называюць легендарным беларусазнаўцам. Таму мы прапануем увазе чытачоў гутарку з гісторыкам і краязнаўцам, кандыдатам гістарычных навук Віталем Карнялюком, які выкладае ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Шмат робіць па пашырэнню прасторы гісторыка-краязнаўчага характару і ва ўніверсітэце, і сярод школьнікаў і гімназістаў горада і вобласці.   


- Віталь,  з чаго пачалася тэма ўшанавання памяці Яўхіма Карскага на Гародзеншчыне, у Гродна?

- Ушанаванне  памяці акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага ў Гродна варта пачаць з дзвух постацяў: пісьменніка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка і краязнаўцы і педагога Апанаса Пятровіча Цыхуна. Кожны з іх зрабіў тую справу, якая  паспрыяла фіксацыі ў памяці і далей ў свядомасці  жыхароў Гродна і, шырэй, Гарадзеншчыны, постаці гэтага  славутага навукоўцы.

Па ініцыятыве Аляксея Карпюка – у сярэдзіне 50-х гадоў ХХ стагоддзя імя Яўхіма Карскага было нададзена Лашанскай базавай школе, у Гродне з’явілася  вуліца і завулак Карскага, абласная бібліятэка атрымала ў сваёй назве яго імя. Намаганнямі Апанаса Цыхуна ў Лашанскай базавай школе ў 1957 годзе спачатку з’явіўся  музейны куток, а ўслед яму, у 1964 годзе, і музей Карскага. Чарговым крокам увагі да жыцця і спадчыны Карскага  стане навуковая канферэнцыя “Карскія чытанні”, якую ініцыіравала ў 1991 годзе прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч. Доўгі час яна заставалася арганізатарам гэтай канферэнцыі. У бягучым годзе прайшлі   ўжо чарговыя 16-я  “Карскія чытанні”.

У 1992 годзе, пасля амаль двух дзесяцігоддзяў “хаджэння” па выдавецтвах, убачыла свет кніга Апанаса Цыхуна “Акадэмік з вёскі Лаша”.

- Каго б з краязнаўцаў на гэтым своеасаблівым, вельмі важным для гісторыі Беларусі шляху да Карскага вы адзначылі б найперш?

- Калі казаць пра Гродна, то той, хто ў рознай ступені менавіта цяпер у Гродна звяртаецца да постаці Карскага – гэта краязнаўца, былы настаўнік геаграфіі гімназіі №1 імя акадэміка Яўхіма Карскага Аляксандр Ільіч Крой . Ён даволі актыўна друкуе свае тэксты ў газеце “Наша слова”, з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам усталявання ў 2019 годзе памятнага знака (дошкі) Карскаму ў вёсцы Мігова Гродзенскага раёна.

Сярод жа тых, хто зрабіў важныя знаходкі ў вывучэнні жыцця і дзейнасці Карскага, трэба  назваць, акрамя згаданых вышэй імёнаў, гісторыкаў Віталя Уладзіміравіча Скалабана і Авндрэя Уладзіміравіча Блінца. Іх архіўныя і палявыя пошукі істотна зрушылі нашу справу вывучэння гісторыі штодзённасці ў дачыненні да постаці Карскага.

Зразумела, што сваё слова сказаў і праўнук навукоўцы Аляксандр Аляксандравіч Карскі сваім велічным двухтомнікам пра свайго прашчура.

Матэрыялы згаданых даследчыкаў ўжо немагчыма абыйсці ў далейшых  навуковых пошуках у розных напрамках Карскіяны.

- Як так склалася так, што музей вялікага сына Беларусі перабраўся (ці стварыўся наноў?) у Гродна, у гімназію?

- Гісторыя стварэння  музея ў гімназііі №1 імя акадэміка Яўхіма Карскага мае ўласную перадгісторыю. Ліквідаванне музея ў Лашанскай школе было звязана з закрыццём Лашанскай васьмігадовай школы і пераводам вучняў у сярэднюю школу ў вёску Луцкаўляны. Гэта адбылася ў 1991 годзе. Як згадвае былы дырэктар Лашанскай школы Сяргей Канстанцінавіч Трафімаў, яго забралі адразу ў калгасны музей працоўнай славы імя Дзяншчыкова. Гэты эпізод і роля розных людзей ў дадзеным моманце гісторыі музея Карскага яшчэ чакае дэталёвага даследавання.

Створаны ў 1992-м ў тагачаснай школе-імназіі №30 Гродна (цяпер- гімназія №1 імя акадэміка Яўхіма Карскага) на базе восьмага класа з профілем беларускай філалогіі (настаўнік беларускай славеснасці Таццяна Іосіфаўна Еўтух, выхавацель класнага калектыву Валянціна Сямёнаўна Шарова) клуб “Спадчына” арганізаваў сустрэчы і экскурсіі з мэтаю пашэрэння ведаў аб беларускай культуры і гісторыі. Сустрэча з педагогам, паэтам і краязнаўцам Апанасам Цыхуном, стваральнікам музея Карскага ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна, нарадзіла цікавасць да асобы выдатнага навукоўцы. У 1995-м настаўнікамі і вучнямі гімназіі пры падтрымцы дырэктара гімназіі Рэгіны Іванаўны Можджар і Апанаса Цыхуна, экспанаты лашанскага музея былі перанесены ў гімназію №1. Так яны былі выратаваны ад страты для наступных пакаленняў.

Да 2005 года месцам  знаходжання музея Карскага ў гімназіі былі два памяшканні на першым паверсе. Гэта быў перыяд з 1995 па 2004 год. З-за пытанняў пажарнай бяспекі ў 2004-м адміністрацыя гімназіі была вымушана дэманціраваць музей і праз год у 2005 годзе ў іншым вызначыным і падрыхтаваным памяшканні гэты музей быў адноўлены ўжо ў новым дызайнерскім рашэнні. Тут ён знаходзіцца і цяпер.

 - Яўхім Карскі -- постаць, да прац якога звяртаюццпа  новыя пакаленні даследчыкаў. А школьнікі, юныя краязнаўцы ці бачаць яны ў спадчыне навукоўцы крыніцы, да якіх ім трэба звяртацца?

- Бачыцца, што навуковая спадчына Карскага, а яшчэ больш – гісторыя яго навуковага і грамадскага жыцця, яшчэ чакаюць сваіх чытачоў, слухачоў і гледачоў.  На сённяшні час няма той кнігі, якая б ў навукова-папулярнай форме (накшталт кніг серыі “Жыццё Знакамітых Людзей”), таленавіта і цікава была б адрасавана юнаму чытачу. Пакуль ідзе збіранне  матэрыялу, науковых звестак, ацэначных меркаванняў пра жыццё і навуковы плён акадэміка. Усё гэта знаходзіць месца ў артыкулах,  манаграфіях, зборніках дакументаў. Зразумела, што змест і стыль кніг пра Карскага не робяць іх кнігамі толькі школьнай бібліятэкі.

З другога боку, гісторыя фармавання постаці гэтай асобы, вытокі ўласнай цікавасці Карскага да роднай мовы, няпростая эвалюцыя нацыянальнай самасвядомасці навукоўцы, дэманстрацыя памераў і значнасць ім зробленага – гэта ўсё тое, што проста неабходна даносіць маладым пакаленням беларусаў.

- У Гродзеншчыне сярод школьнікаў Гродна вядзецца велізарная краязнаўчая праца. У апрошні час яна носіць даволі сістэматызаваны характіар. Якія ўрокі, якія высновы, на ваш погляд, можна было б вынесці з такіх адукацыйных краязнаўчых абсягаў? 

- Адказ на пытанне вартае асобнага артыкула. Калі казаць сцісла, то школьнае гродназнаўства ў апошні адрэзак часу можна пачынаць ад дзейнасці заняткаў Алеся Пятровіча Госцева ў гродзенскім ліцэі №1. Гэтыя заняткі былі аформлены ў якасці гуртка “Карані і вытокі”. Госцеў на пляцоўцы створанага ім Музея гісторыі педагогікі Гродна здолеў на працягу 1990-х - 2000-х гадоў выпусціць  немала сваіх гадаванцаў, якія далей, зрабілі гісторыю і краязнаўства сваёй прафесіяй. Сярод ключавых прынцыпаў краязнаўчай педагагічнай сістэмы Госцева варта згадаць заўважны дэвіз: “Няхай уецца вакол жалезнай логікі фактаў срэбная стужка фантазіі”. Адной з ініцыятыў Госцева была ў свой час ідэя стварэння Асацыяцыі школьных краязнаўцаў Гродзеншчыны. На вялікі жаль, гэтая ідэя не знайшла падтрымкі. Але пазней  на абласным жа  узроўні была падтрымана ідэя правядзення абласной краязнаўчай канферэнцыі вучняў “Край Гарадзенскі”. Гэта было ў 2012-м. Па-свойму, гэты крок у развіцці краязнаўства і гродназнаўства быў лагічным пасля працяглай работы над вучэбным дапаможнікам па “Гродназнаўству”. Гэтая справа аб’яднала цэлую каманду педагогаў і выкладчыкаў Гродна. У выніку выйшла тры выданні гэтага  дапаможніка. Канцэптуальна, гэта адна і тая ж кніга, хаця і маючая пэўныя адрозненні. Найперш у тым, што трэцяе выданне мае вялікую колькасць ілюстрацый, спецыяльна падабраных пад вучэбны тэкст.

  У 2014 годзе была падрыхтавана і дасюль існуе вучэбная праграма па факультатыўнаму курсу “Гродназнаўства”.

  Яшчэ ў 2012-м на пляцоўцы Гродзенскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі былі праведзены першыя курсы па гродназнаўству для настаўнікаў школ горада. Ведаю з водгукаў настаўнікаў: яны  былі ацэнены імі станоўча. Наўздагон гэтых курсаў пачалося выкладанне факультатыўных курсаў ў школах горада.

  Сярод знакавых элементаў краязнаўчай працы ў Гродна нельга не згадаць  краязнаўчую гульню пад назваю “Я этим городом храним…”. Ініцыятарам і шматгадовым арганізатарам (разам з калегамі) і “душой” гэтай інтэлектуальнай гульні з канца 90-х ХХ стагоддзя да 2018 года была педагог Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Анатольеўна Еўдакімава. Сутнасць гульні ў тым, што на працягу вучэбнага года каманды вучняў разам з настаўнікамі-кіраўнікамі сустракаюцца з краязнаўцамі і самастойна вывучаюць гісторыю і культуру Гродна. А ў канцы красавіка ўсе гэтыя каманды з пяці чалавек адказваюць на падрыхтаваныя пытанні па гродназнаўству ў тых ці іншых кропках гістарычнай часткі горада. Іх перамяшчэнне, а па-сутнасці, бег на працягу 2-3 гадзін па 20-35 кропках гэта – кульмінацыя гульні. Да атрыманых балаў далучаюцца балы, якія атрымліваюць капітаны каманд на адмысловым конкурсе. Па выніках вызначаюцца пераможцы. Гульня трымае і кансалідуе велізарнае краязнаўчае  вучнёўскае і настаўніцкае асяроддзе горада больш чым два дзесяцігоддзі. Працягваецца яна і цяпер, праўда,ужо пад эгідаю ГрДУ імя Янкі Купалы.

   Можна сцвярджаць, што і курсы “Гродназнаўства”, і ўласны дапаможнік, і працяглая традыцыя краязнаўчай гульні – гэта  краевугольныя элеметы сапраўднай педагагічнай сістэмы краязнаўства, якая выпрацавана ў Гродна. Да гэтага варта далучыць развіццё краязнаўчай думкі, носьбітамі якой з’яўляюцца шмат  адмыслоўцаў.

- Гродзеншчына вядомая сваімі краязнаўцамі -- і згаданы Апанас Цыхун, і Сяргей Чыгрын са Слоніма, і Уладзімір Урбановіч з навагрудскай Валеўкі, і Мікола Гайба з Навагрудка, Святлана Кошур з Карэліч... Можна яшчэ згадваць безліч імёнаў настаўнікаў-краязнаўцаў, журналістаў, прадстаўнікоў іншыхпрафесій - з Любчы, Міра, Ваўкавыска, Ліды, Шчучына... А вось ці ёсць сёння цікаўнасць моладзі да сталых заняткаў краязнаўствам? Я маю на ўвазе маладых настаўнікаў, увогуле маладых людзей...

- На сёняшні дзень  у Гродне  ёсць пэўная частка  краязнаўцаў-настаўнікаў, якія актыўна займаюцца краязнаўчай працай – музейнай, даследчай, палявой.Гэта, у прыватнасці:  Дзмітрый Уладзіміравіч Люцік – настаўнік гімназіі №4   Гродна, стваральнік “Музея гісторыі Гродна ў войнах”, аўтар  не менш пяці  манаграфій (!!!) па гісторыі Гродна ў Першай і Другой сусветных войнах. Дзяніс Паўлавіч Тарасюк, настаўнік СШ №40 -  актыўны аўтар  гродзенскіх газет са спецыяльнымі артыкуламі па гісторыі Гродна часоў Расійскай імперыі. Стварае музей гісторыі лейб-гвардыі гродзенскага палка. Актыўна штогод ходзіць з вучнямі ў  краязнаўчыя паходы па Гродзеншчыне. Аўтар кнігі па гісторыі Гродзенскага заапарка (у суаўтарстве з Фёдарам Іванавічам Ігнатовічам). Як калекцыянер – арганізатар разнастайных выстаў для вучняў з уласных збораў.  Аляксандр Сяргеявіч Рабкоў – настаўнік СШ №28 г. Гродна – калекцыянер, стваральнік  школьнага музея гісторыі 28 Чырвонасцяжнай арміі. Аўтар рабочага сшытку па “Гродназнаўству”. Да мінулага года актыўным краязнаўцам працавала ў гімназіі №4 Вольга Георгіеўна Грамыка, якая стварыла музей рэзідэнцыі Станіслава-Аўгуста Панятоўскага “Аўгустовак”. Віталь Станіслававіч Гуменны – біёлаг гімназіі №1 імя акадэіка Карскага, вядомы аўтар і вядучы перадач “У аб’ектыве натураліста” (каля 300 выпускаў у 2007-2020 гадах). Актыўна займаецца экалагічным краязнаўствам, вывучае з дзецьмі гісторыю гродзенскага парка Румлёва.

Інтарэс да краязнаўства ў маладых настаўнікаў не знікае. Колькасна  ён, па-сутнасці мае тыя ж памеры, як і колькасць студэнтаў, якія заахвочаны даследчай працай. Але  як сведчыць дзесяцігадовая  дзейнасць канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, калі такі напрамак дадатковай адукацыі стымуляваць, падтрымліваць, спрыяць яму, то, вядома, у яе будзе ўключацца больш педагогаў.

- Як вы ацанілі б сёння гродзенскае краязнаўства ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны?

- Мяркую, што пры адпаведных сустрэчах, абмене вопытам гродзенскім краязнаўцам ёсць што паказаць з уласнага дасведу.  Але, адначасова, ведаю, і даведваюся ўсё больш  час ад часу, што і нам ёсць пра што даведацца ў калег з іншых рэгіёнаў краіны.     Калі казаць пра забеспячэнне краязнаўчай літаратурай для вучэбнага працэсу, то адзначу, такія выданні, якія могуць быць па-свойму, узорнымі для іншых: “Гродназнаўства”; “Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад фартоў да Каложы”, часопіс “Гарадзенскі гадавік”, альманах “Горад Святога Губерта”, зборнік канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест”.

- Мы гутарым з вамі з разлікам на тое, што нашу размову прачытаюць і пісьменнікі... Ці заўважны іх сённяшні ўдзел у краязнаўчай працы?

- Калі казаць пра Гродна, то варта прыгадаць вельмі плённую працу прафесара і сябра пісьменніцкіх арганізацый Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, які цягам гадоў рыхтаваў “Беларускі перакладны, настольны краязнаўчы каляндар”. На вялікі жаль,  ён пайшоў з жыцця ў гэтым годзе, але  паспеў зрабіць такі каляндар і на наступны 2023 год. У сваім родзе гэты каляндар акамулюе звесткі пра самых розных дзеячаў культуры, навукі, адукацыі, лёсам звязаных з Гродзеншчынай.

  Актыўную ролю у краязнаўчым руху Гродна адыгрывае паэтка Алла Петрушкевіч. Яе публічныя лекцыі, выступы, падтрымка школьных музеяў, канферэнцый навідавоку. У свой час (калі не замінала хвароба) актыўна прымаў удзел у школьных ініцыятывах гімназіі паэт і публіцыст Алесь Фёдаравіч Чобат.      На сённяшні дзень бачыцца важным, і па-свойму ключавым кірункам краязнаўчага развіцця Гродна пазіцыянаванне яго, як “горада Васіля Быкава”. Той плён творчай дзейнасці пісьменніка, які звязаны з гродзенскім перыядам нельга пераацаніць. Усялякае акрэсліванне гэтага - ператварае Гродна ў сапраўдную літаратурную “Меку” ( а значыць і турыстычную), дзе нараджалася сусветная літаратура. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку мы ўжо пачалі рабіць.

- А што вы скажаце адносна ідэі стварэння школьнага курса "краязнаўства"?

- Ён у нас існуе афіцыйна з 2014 года. Але для таго, каб гэты курс меў характар не справы энтузіястаў, а сістэмны і паўсюдны, варта, каб інтарэс да   старонак нашай  шматвекавой гісторыі  падтрымліваўся на ўсіх узроўнях арганізацыі адукацыі і асветы. Наступным ключавым элементам масавага выкладання курса павінны быць падручнікі і іншыя вучэбныя кнігі – тое што павінна ляжаць як перад настаўнікам, так і перад кожным вучням. Гэта справа, пры адпаведных умовах, - дасягальная.

- Сёння шмат гавораць пра спалучэнне краязнаўчай і турыстычнай працы. Наколькі фундаментальным, на ваш погляд, можа быць краязнаўчы грунт для развіцця турыстычна-экскурсійнай працы?

- Гэта асобная частка краязнаўчай справы і асобнай размовы. Па-свойму, ва ўмовах сапраўднага адкрыцця нашымі грамадзянамі сваёй краіны (ведаю гэта як прафесійны экскурсавод і выкладчык турыстычных дысцыплін), краязнаўчая дзейнасць з’яўляецца сваеасаблівым падмуркам развіцця ўнутранняга і ўязднога турызму. Нагадаю толькі, што шэраг школьных музеяў могуць адчыніць свае дзверы для турыстаў (у тым ліку агра турыстаў) і паказаць мясцовасць іх адпачынку з нечаканых, захапляльных бакоў.

- І ўсё ж пра Яўхіма Карскага... Якімі яшчэ павінны быць бліжэйшыя крокі па мемарыялізацыі яго памяці?

- Бачыцца  неабходным стварэнне помніка Карскаму ў Гродне і памятнай дошкі ў Санкт Пецярбургу на будынку акадэмікаў (Універстэцкая набярэжная). Яшчэ раз нагадаю пра напісанне пра гэту асобу добрай кнігі для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Лічу неабходным аб’яднанне сабранай калекцыі Апанаса Цыхуна, расцярушанай абставінамі часу паміж музеям Карскага ў Гродна і музеям СПК імя Дзяншчыкова ў Луцкаўлянах. Мэтазгодна аб’яднаць гэта ў абласным цэнтры, у існуючым спецыяльным музеі, у дасягальнасці масавага турыста.

 - Болей падрабязна раскажыце пра школьную краязнаўчую канферэнцыю. Чым мог бы быць карысны ў гэтай справе Саюз пісьменнікаў Беларусі?

-  9-я канферэнцыя “Край Гарадзенскі: сабрала каля 280 выступоўцаў з Гродзеншчыны найперш, але із іншых абласцей. У 25 секцыях пад кіраўніцтвам 50 сябраў журы рабіліся навуковыя паведамленні вучняў. Падкрэслю галоўныя, адметныя элементы гэтай самай вялікай у краіне краязнаўчай абласной канферэнцыі. Першае. Секцыі адпавядаюць краязнаўчым напрамкам: Археалагічнае Гарадзеншчына, Літаратурная Гарадзеншчына, Гарадзеншчына ў Другой Сусветнай вайне, Ваенныя лёсы гарадзенцаў, Радаводы Гарадзеншчыны, Лінгвічстычная Гарадзеншчына, Праваслаўная Гарадзеншчына, Каталіцкая Гарадзеншчына, Шматэтнічны свет Гарадзеншчыны, Флора і фауна Гарадзеншчыны, Геаграфічная Гарадзеншчына, Турыстычная Гарадзеншчына і г.д.    Другое. Колькаць выступоўцаў на секцыі імкнемся мець  7-8, каб можна было сапраўды  арганізаваць дыскусію. Хаця цяжка гэта атрымлваецца, бовельмі шмат сапраўды добрых прац. Трэцяе.  Вучні і настаўнікі прысутнічаюць разам, бо і разам ставараюць працу – будзем шчырымі. Ведаю, што на шматлікіх іншых  настаўнікаў не дапускаюць, быццам бы гэта экзамен. Але тады траціцца галоўнае -  адчуванне супрацы, якая,  калі ёсць, то ёсць і пра яе варта казаць. Так, вучань выступае. Але ў працэсе дыскусіі слова павінен мець і настаўнік. Ён дадае (не падказвае, а менавіта дадае, як  удзельнік даследавання).

Чацваёртае. Усе выступоўцы-вучні атрымліваюць месцы. Праўда ад пачатку імкнуліся адмовіцца ад месцаў, бо, як вядома, на навуковых канферэнцыях гэтага няма па вызначэнню. Але наша “рэйтынгавае жыццё” пакуль перамагло. Тады мы ўсеагульным наданнем месцаў гэта трохі невяліравалі. Галоўны крытэрый  ацэнкі вучня  – пытанне і адказ на яго.

Пятае. Дыпломы атрымліваюць ўсе суаўтары паасабку. Мы маем ўласны  дызайн дыплому.  Шостае. На пленарным пасяджэнні – выступ знанага краязнаўцы. У нас у розны час былі – Вячка Целеш (Рыга),  Мікола Нікалаеў (Санкт –Пецярбург),  Сяргей Токць,  Дарафей Фенік (Бельск),  Алесь Смалянчук,  Анатоль Федарук, Генадзь Сагановіч. Пагадзіцеся – сустрэча вучняў і настаўнікаў з кожным з іх – гэта падзея ў жыцці.

    З-за перасцярогаў пандэміі ў трох канферэнцыях мы пленарнае пасяджэнне не рабілі.        А ці будзе працяг такіх канферэнцый – пакажа жыццё… Вядома, што шматлікія літаратары маюць у падмурку сваёй творчасці вытокі сваёй малой бацькаўшчыны і могуць пра гэта цікава паведаміць. Таму, калі працяг канферэнцыі будзе, мы будзем рады такім сустрэчам.

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».