Вы тут

Нагода для натхнення. Алесь Бадак — аб пляцоўцы «Слова пісьменніка»


Сённяшняя размова з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем Бадаком датычыць асаблівасцей правядзення ХХІХ Дня беларускага пісьменства, а ў прыватнасці таго, як будзе арганізавана работа пляцоўкі «Слова пісьменніка».


— Алесь Мікалаевіч, на пляцоўцы «Слова пісьменніка» будуць прадстаўлены дзяржаўныя выдавецтвы, сярод якіх і «Мастацкая літаратура», а таксама грамадскае аб’яднанне «Саюз псьменнікаў Беларусі». Якія галоўныя падзеі запланаваны?

— Чакаецца літаратурны марафон, прысвечаны стагоддзю часопіса «Полымя» пад адпаведнай назвай: «100 дзён да стагоддзя». Арыгінальнасць у тым, што калі ад Свята беларускага пісьменства адлічваць дні да пачатку снежня, — а якраз у снежні сто гадоў таму пабачыў свет самы першы нумар выдання, — то і атрымліваецца такая колькасць. Марафон афіцыйна пачынаецца падчас свята, а паколькі сярод аўтараў часопіса «Полымя» вельмі шмат тых, хто прыедзе на ўрачыстасць, то ім будзе што сказаць каля мікрафона. У той жа час выдавецтву будзе цікава шырока пазнаёміць іх з іншымі ўдзельнікамі свята, гледачамі, мясцовай публікай, бо адначасова гэтыя літаратары — і аўтары «Мастацкай літаратуры». Для нас гонар прадставіць адметных нашых празаікаў і паэтаў, а таксама крытыкаў. Цікавай абяцае быць прэзентацыя нашай новай кнігі з серыі «Беларусь літаратурная» — «Лучнасць сэрцаў і дум». Традыцыйна пад вокладкамі выданняў серыі мы прадстаўлялі аўтараў раёна, дзе праходзіла свята. Адштурхоўваліся ад таго факта, што кнігі мясцовых аўтараў, якія выходзяць у абласцях, мала вядомыя шырокаму колу чытачоў: большасць асобнікаў з накладу застаецца ў рэгіёнах — а гэта не зусім правільна, бо сярод тых пісьменнікаў зазвычай шмат цікавых, прадстаўленых адметнымі творамі, якія заслугоўваюць таго, каб іх чыталі і ведалі ва ўсёй Беларусі. Але сёлета мы як укладальнікі вырашылі больш шырока прадставіць айчынных літаратараў. Так, пад вокладкай выдання будуць творы аўтараў з усіх абласных пісьменніцкіх аддзяленняў. Мы звярнуліся да кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, каб яны дапамаглі стварыць гэтую кнігу і самі адабралі для яе найлепшыя ўзоры. На чатырохстах старонках змясцілася дзевяноста аўтараў: хто — з вершамі, хто — з апавяданнямі. Творы, можа, не толькі і не столькі новыя, але адметныя і арыгінальныя. Многія з аўтараў выступяць на пляцоўцы «Слова пісьменніка». Акрамя таго, запланаваны і так званы вольны мікрафон. Думаю, выступоўцаў будзе шмат.

— Сігнальныя экзэмпляры кнігі ўжо маеце. Як дырэктар выдавецтва, матэрыял ведаеце. Раскажыце пра тое, як над ім працавалі.

— Паколькі аб’ём таго, што нам даслалі з абласных аддзяленняў, аказаўся большым, чым запланавана, мы вымушаны былі з добрага выбіраць найлепшае. Імкнуліся прадставіць усе ўзроставыя катэгорыі: і маладых аўтараў, і сталых. Творы ўсе таленавітыя. Калі чытаеш вершы самых юных, то пра ўзрост не задумваешся, гэта ж тычыцца і больш дасведчаных аўтараў. Як ніколі не думаеш пра тое, колькі гадоў было Максіму Багдановічу, калі бачыш яго вершы, бо яны зусім не вымагаюць таго, каб рабіць нейкую зніжку з улікам маладосці аўтара. Так і ў дадзеным выпадку: маладосць, як і сталасць, — гэта не плюс альбо мінус. Упэўнены, што творы, напісаныя сённяшнімі 20- альбо 25-гадовымі аўтарамі, праз 20 гадоў увойдуць у школьныя хрэстаматыі.

— Якія яшчэ асаблівасці ў арганізацыі сёлетняга свята?

— Гэта ўжо дваццаць дзявяты дзень пісьменства, а я быў на ўсіх, пачынаючы з першага. Кожны год свята мае свае асаблівасці і не паўтараецца ніколі. З аднаго боку, ёсць пэўны досвед, а з іншага — заўжды рыхтуешся як да нечага новага, адметнага. Мо таму, што новы горад — гэта як бярэш у рукі новую кнігу незнаёмага аўтара. Здавалася б, проза — яна і ёсць проза, але не адкрыты для цябе аўтар — заўжды загадка і нагода чакаць чагосьці незвычайнага. І гэтая незвычайнасць заўсёды сябе апраўдвае. Нягледзячы на тое, што большасць удзельнікаў свята — суайчыннікі, паўсюль свая атмасфера, непаўторныя адметнасці мае кожная такая падзея, бо ўдзел бяруць шмат выдавецтваў ды гасцей. І кожны спрабуе ўнесці крыху навізны, што стварае непаўторную атмасферу. Успамінаю, як праходзіла самае першае свята ў Полацку, — гэта незабыўна, хаця колькі гадоў мінула! Свае ўспаміны захаваліся пра кожны Дзень беларускага пісьменства, паўсюль былі нейкія нечаканасці. Думаю, што і сёлета адбудзецца шмат яркіх сустрэч. Дарэчы, настрой урачыстасці, узнёсласць, святочнасць не залежаць ад таго, дзе адбываецца падзея — у маленькім горадзе альбо вялікім. Але найбольш даспадобы мне малыя гарады, бо, на жаль, там не так часта бываюць пісьменнікі і туды рэдка прыязджаюць выдаўцы са сваімі кніжкамі. Таму вялікую радасць прадчуваю ад добрушскай паездкі!

— Дваццаць восем паездак за мінулыя гады... Удзел не ператварыўся ў руціну?

— Ні ў якім разе! Возьмем, напрыклад, адкрыццё, якога я заўжды чакаю найперш. Гэта той момант, калі да цябе сапраўды прыходзіць святочны настрой: ты бачыш, як святлеюць твары ў людзей, таму што на сцэну выходзяць пісьменнікі, спевакі, акцёры беларускіх тэатраў, гучаць вершы, песні — дзея настройвае на ўзнёслы лад, і гэта заўсёды хораша. Здавалася б, шмат гадоў сам звязаны з літаратурай: даўно працую ў выдавецтве — чым можна было б здзівіць?.. Чытаю шмат аўтараў, пішу сам. Працаваў у часопісах... Але ўсё адно дзякуючы гэтаму святу з’яўляецца незвычайнае адчуванне і поўнае замілаванне літаратурным словам. Здзіўляюся заўжды! Пачынаючы ад «Жывой класікі», рэспубліканскага конкурсу маладых чытальнікаў, фінал якога адбываецца напярэдадні Дня пісьменства. Я ўжо не адзін год у журы, а калі слухаю дзяцей-чытальнікаў, лаўлю сябе на думцы: як пранікнёна яны адчуваюць вершы, казкі, празаічныя творы!.. У такія моманты пачынаеш разумець: напэўна, тое, што ты робіш у выдавецтве ці дома за рабочым сталом, патрэбна ў гэтым жыцці...

— За які час выдавецтва пачало падрыхтоўку да сёлетняга мерапрыемства?

— Калі казаць увогуле, то з моманту заканчэння папярэдняга свята пісьменства пачынаем думаць пра наступнае. Паколькі аснова кожнай новай кнігі серыі «Беларусь літаратурная» — той рэгіён, дзе адбываецца ўрачыстасць, то, як толькі мы даведваемся, які горад будзе прымаць гасцей наступным разам, пачынаем думаць пра славутых людзей, якія нарадзіліся ў гэтым раёне, чыю кнігу магчыма выдаць. Так, падрыхтоўку да выдання кніг, прысвечаных творчасці Івана Шамякіна, пачалі даўно. А да наступнага Дня беларускага пісьменіства пачнём рыхтавацца з гэтага свята.

— Ці будзе «Мастацкая літаратура» ўдзельнічаць у рабоце іншых пляцовак?

— Усе пляцоўкі тэматычныя. Што тычыцца кніг выдавецтва, безумоўна, яны будуць прадстаўлены не толькі на нашым стэндзе, і аўтары іх таксама будуць выступаць у розных лакацыях. «Мастацкая літаратура» выпускае шмат кніг, прысвечаных гісторыі і культуры Беларусі: гэта і мастацкія творы, і дакументальныя... Адзін з нашых галоўных партнёраў — «Белкніга». Кнігі «Мастацкай літаратуры» прарэкламуюць каля стэнда «Белкнігі». Увогуле, пісьменнікі нашы будуць у самых розных кутках гэтага прыгожага горада: творцы любяць натхніцца святочнасцю, паглядзець на людзей, вылучыць нейкія эпізоды для сваіх будучых кніг, настроіцца на паэтычны радок, які потым перарасце ў верш. А калі бачыш светлыя твары тых, хто любіць кнігу, — што можа быць лепшай нагодай для натхнення?

— Што вы чакаеце канкрэтна ад гэтага Дня пісьменіства як дырэктар выдавецтва?

— Чакаю, што свята пашырыць і кола аўтараў, і кола чытачоў «Мастацкай літаратуры».

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».