Вы тут

Гуманітарныя грузы для пацярпелых і прытулкі для бежанцаў


Чалавецтва жыве ў свеце, дзе штогод стыхійныя бедствы, катастрофы, пандэміі, войны і канфлікты прычыняюць вялізныя пакуты. І тэндэнцыя на абвастрэнне і ўзмацненне гэтых праяў працягваецца. На Зямлі 100 мільёнаў вымушаных перасяленцаў, а яшчэ дзесяцігоддзе таму іх было ўтрая менш. Адпаведна, узрастае і неабходнасць аказання гуманітарнай дапамогі ўсім, хто мае патрэбу. Як наша краіна ўдзельнічае ў міжнароднай дабрачыннасці, расказалі спецыялісты.


Ад Эквадора да Японіі

Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі, якая базіруецца на прынцыпах гуманнасці, бесстароннасці, нейтральнасці і незалежнасці, быў зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН у снежні 2008-га, абазначыў Вадзім Пісарэвіч, начальнік упраўлення ўстойлівага развіцця Міністэрства замежных спраў:

— Беларусь як дзяржава з сярэднім узроўнем прыбытку сама з'яўляецца атрымальнікам міжнароднай дапамогі, аднак наша краіна актыўна ўцягнута ў міжнародную гуманітарную дзейнасць. Гэта вынікае з нашых ініцыятыў, скіраваных на аб'яднанне міжнароднай суполкі.

У межах СНД, напрыклад, Беларусь неаднаразова аказвала дапамогу Таджыкістану (летась у краіну перададзена 41 тона гуманітарнай дапамогі). Апошнія два гады дзясяткі дзяцей з Узбекістана адпачываюць у беларускім летніку «Зубраня». Дапамагае Беларусь і шэрагу краін так званай далёкай дугі — гуманітарную дапамогу ад беларусаў атрымалі Эквадор, Венесуэла, Куба, Кітай, В'етнам, Сірыя. Аказвалася дапамога і развітым краінам. З 2012 года наша краіна прымае на аздараўленне японскіх дзяцей, пацярпелых ад аварыі на АЭС «Фукусіма-1».

Крызіс мігрантаў

Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднымі арганізацыямі, уцягнутымі ў гуманітарную дзейнасць, і, з'яўляючыся членам іх дырэктыўных органаў, уносіць уклад у вызначэнне палітыкі гэтых структур па аказанні гуманітарнай дапамогі. Асабліва яскрава гэта праявілася ў другой палове мінулага года падчас так званага крызісу мігрантаў на граніцы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза, заўважыў прадстаўнік МЗС:

— Мы арганізавалі шэраг місій для УВКБ (упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў), міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа ў месцах сканцэнтравання мігрантаў, аказвалі ўсялякую дапамогу гэтым людзям, хоць амаль ніхто з іх не прасіў прытулку ў нашай краіне.

За дынамікай вымушанага масавага перамяшчэння людзей па планеце, якая пастаянна расце, стаяць войны і канфлікты. Аднак, аказваючы гуманітарную дапамогу, міжнародныя суполкі, па сутнасці, займаюцца наступствамі праблемы, а ў меншай меры — яе першапрычынамі. Не знайшоўшы іх, праблему бежанцаў ніколі не ўдасца вырашыць, і, адпаведна, гуманітарная дапамога будзе толькі павялічвацца, дадаў Вадзім Пісарэвіч.

Стыхійныя бедствы і рукатворныя крызісы

Беларусь займае актыўную пазіцыю па пытаннях аказання гуманітарнай дапамогі дзяржавам, пацярпелым у выніку надзвычайных сітуацый, стыхійных бедстваў і іншых крызісных сітуацый, падкрэсліў Яўген Бараноўскі, памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях (МНС):

— Мы дынамічна супрацоўнічаем з замежнымі аварыйна-ратавальнымі ведамствамі і міжнароднымі арганізацыямі. Незалежна ад знешнепалітычнай кан'юнктуры наша краіна заўжды дэманстравала імкненне дапамагчы іншым народам і дзяржавам, якія трапілі ў бяду, тым самым заваяваўшы высокі гуманітарны імідж на міжнароднай арэне.

Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «Зубр» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях атэставаны па міжнародных стандартах ААН як міжнародны пошукава-ратавальны атрад цяжкага класа. У свеце толькі 35 такіх падраздзяленняў. Гэтыя людзі могуць на працягу дзесяці гадзін з моманту атрымання запыту аб дапамозе адрэагаваць на яго і выехаць у іншую краіну, дзе працаваць у аўтаномным рэжыме дзесяці дзён, прывёў прыклад спецыяліст:

— Беларуская авіяцыя МНС сёння — адзін з самых эфектыўных інструментаў барацьбы з ляснымі пажарамі і дастаўкі гуманітарных грузаў і персаналу. Уласная вытворчасць лекавых сродкаў, харчавання, аварыйна-ратавальнай, рамонтнай тэхнікі таксама эфектыўна прымяняецца ў гуманітарнай дзейнасці. Гуманітарнае рэагаванне і аказанне дапамогі толькі тады карыснае, калі накіроўваецца своечасова.

Беларускія ратавальнікі гатовы рэагаваць на наступствы затапленняў, хімічных аварый, лясных пажараў і іншых крытычных праяў. Неаднаразова яны аказвалі дапамогу пацярпелым рэгіёнам у Расіі, сем разоў — Кітаю, шэсць — Украіне, пяць — Таджыкістану, чатыры — Малдове, тры — Кіргізіі, два — Турцыі, прывёў невялікую статыстыку Аляксей ІОфе, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аварыйна-ратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС:

— Айчынная авіяцыя актыўна дапамагала тушыць пажары ў Баржомскай цясніне ў Грузіі ў 2017 годзе. У 2018-м — пажары ў цяжкадаступных рэгіёнах Латвіі. У 2010-м дапамагалі змагацца з лясным пажарам у Растоўскай і Тамбоўскай абласцях Расіі. У 2014 годзе зводны атрад у складзе авіяцыі і вадалазаў-ратавальнікаў дапамагаў насельніцтву ў Сербіі пасля затаплення.

Аднак краіны сутыкаюцца не толькі са стыхійнымі бедствамі, але і з рукатворнымі крызісамі. Напрыклад, зацяжны ваенізаваны канфлікт у Сірыі, куды Беларусь неаднаразова накіроўвала дапамогу, у тым ліку дзве партыі гуманітарнага грузу напрыканцы мінулага года. На Кубу, якая перажыла харчовы і эканамічны стрэс праз санкцыі ЗША, Беларусь морам накіравала тры кантэйнеры з лекамі і харчаваннем. Падчас міграцыйнага крызісу ў Таджыкістане Беларусь дапамагла абсталяваннем і маёмасцю для ўладкавання пунктаў часовага размяшчэння насельніцтва. Апошнія гады накіроўваецца гуманітарная дапамога і ва Украіну.

Сёння Беларусь можа не толькі дасылаць гуманітарную дапамогу, але і рэалізоўваць комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на аднаўленне крытычнай інфраструктуры і нармалізацыю жыццядзейнасці, заўважыў Яўген Бараноўскі.

Асаблівы рост

Усю гуманітарную дзейнасць у Беларусі каардынуе Чырвоны Крыж, які супрацоўнічае з мноствам ведамстваў у краіне, каб эфектыўна дапамагаць ратавальнікам. Самае надзённае зараз — работа з бежанцамі, падзяліўся Дзмітрый Шаўцоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа:

— Пад апекай Чырвонага Крыжа знаходзіцца каля чатырох тысяч чалавек. Нам дапамагаюць у гэтым прадпрыемствы, звычайныя беларусы, міжнародныя аб'яднанні (ЮНІСЕФ, ПРААН). Акрамя харчавання, адзення, дапамогі ў працаўладкаванні, ім аказваецца псіхалагічная дапамога, магчымасць аздараўлення дзяцей і збору іх у школу.

Не забываецца Чырвоны Крыж і на іншых асоб, якія церпяць нястачу, у тым ліку і беларусаў. Адзінокія, інваліды, асобы без пэўнага месца жыхарства, грамадзяне, якія вызваліліся з турмаў. Пры гэтым большая частка памочнікаў арганізацыі — валанцёры, дадаў Дзмітрый Шаўцоў.

Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) у рамках сваіх паўнамоцтваў таксама аказвае дапамогу іншаземным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія апасаюцца пераследу ў краіне грамадзянскай прыналежнасці ці папярэдняга месца жыхарства або прыбылі ў Беларусь, ратуючыся ад узброенага канфлікту ці па іншых прычынах, падкрэсліў Аляксей Бягун, начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС:

— Калі пералічаныя асобы звяртаюцца да адпаведных супрацоўнікаў на граніцы ці ўжо на тэрыторыі Беларусі з хадайніцтвам аб наданні ім статусу бежанца ці дадатковай абароны, яны маюць усе працэдуры доступу да статусу бежанца ці дадатковай абароны адпаведна з міжнароднымі стандартамі ў сферы вымушанай міграцыі.

Шмат замежнікаў засталося ў Беларусі з пачатку пандэміі, калі многія не змаглі вярнуцца на радзіму праз закрыццё ўезду ў іх родныя дзяржавы. Такім людзям МУС працягнула магчымасць знаходжання ў нашай краіне. Дагэтуль у нас па гуманітарных прычынах знаходзяцца грамадзяне Туркменістана, якія праз закрыццё авіяцыйных шляхоў зносін з гэтай дзяржавай і заканчэнне навучання ў ВНУ ў Беларусі таксама не могуць выехаць за яе межы. Ім садзейнічаюць у працаўладкаванні, меддапамозе і жыллі, дадаў прадстаўнік МУС.

А сёлета адзначаецца асаблівы рост (самы масавы з часоў незалежнасці нашай краіны) колькасці хадайніцтваў аб наданні статусу бежанца ці дадатковай абароне — ад грамадзян Украіны і іншых асоб. Атрымана больш за 1600 такіх хадайніцтваў ад замежнікаў, а ў краіну з пачатку спецаперацыі ва Украіне ўехала больш як 40 тысяч украінцаў.

— Нацыянальная сістэма прытулку спраўляецца з вялізным наплывам і працуе ў штатным рэжыме, — падкрэсліў Аляксей Бягун.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».