Чацьвёрты раз Гомельшчыне выпаў гонар прымаць удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства. У розныя гады сталіцамі агунальнанацыянальнага свята беларускага друкаванага слова ў рэгіёне станавіліся Тураў, Хойнікі, Рагачоў. І вось цяпер Добруш —- малая радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, цэнтр культурнага прыцягнення, дзе можна ацаніць усе знакавыя дасягненні нацыянальнай літаратуры, кнігадрукавання, гістарычнай навукі і асветніцкай дзейнасці, музейнай справы і нацыянальнай культуры ўвогуле.
Святочныя пляцоўкі пачнуць працаваць сёння з 11 гадзін. На вуліцы князя Паскевіча разгорнуцца гандлёвыя рады, выстава-прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу, «Паштовы павільён» і маладзёжная пляцоўка. У скверы непадалёк будзе арганізавана інтэрактыўная зона для дзяцей. На адкрытай пляцоўцы каля фантана падрыхтаваны лакацыі, якія прадставяць установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны. У скверы на праспекце Міру разгорнуцца рамесныя рады, дзе можна купіць вырабы мясцовых умельцаў. Тут жа ўсе ахвотныя змогуць далучыцца да цырымоніі адкрыцця помніка ўраджэнцу Добрушскага раёна, вядомаму пісьменніку, сцэнарысту і драматургу — Івану Шамякіну.
Падрыхтаваліся здзіўляць удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства прадпрыемствы і арганізацыі горада. У паштовым аддзяленні № 4 адбудзецца цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXІХ Дню беларускага пісьменства.
Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» запрашае на экскурсіі па музейнай экспазіцыі, прысвечанай 150-годдзю з дня свайго заснавання. Прадпрыемства таксама падрыхтавала выставачны павільён з поўнай лінейкай прадукцыі, у тым ліку і пісчай паперы, якую вырабляе з 1875 года.
Падчас свята можна ацаніць выставу вырабаў Добрушскага фарфоравага завода і набыць навінкі прадукцыі, выпушчанай спецыяльна да Дня беларускага пісьменства. Прадпрыемства запрашае гасцей на майстар-класы па роспісе посуду.
У цэнтры горада каля мемарыяльнага комплексу «Памяць» рыхтуецца рэканструкцыя «Баі за Добруш 1943 года. Партызанскі супраціў», падрыхтаваная ваенна-гістарычным клубным аб'яднаннем «Гонар мундзіра». Рэканструкцыя — напамін аб падзеях 1943 года, якія папярэднічалі вызваленню Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут жа, на набярэжнай, разгорнецца мабільны музей «Дарога памяці» ад Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі Добрушскай сярэдняй школы № 1 можна ацаніць інтэрактыўную экспазіцыю «Памяць пакаленняў», сабраную музеямі баявой славы ўстаноў адукацыі Гомельшчыны.
Пазнаёміцца з беларускімі пісьменнікамі і атрымаць аўтографы, паўдзельнічаць у паэтычных чытаннях, купіць кнігі, сувеніры, у тым ліку са зніжкамі, удзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змогуць на Фестывалі кнігі і прэсы. У сквер па праспекце Міру запрашаюць пляцоўкі самых розных літаратурных праектаў. Сярод іх — «Дыяменты стагоддзя» да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, літаратурны салон пісьменнікаў Гомельшчыны «Святло каштоўнасцяў духоўных» і літаратурныя падворкі «Гомельшчына літаратурная», дзе пройдзе прэзентацыя найлепшых праектаў бібліятэк. Будзе прадстаўлены таксама выставачны праект «Песняры зямлі беларускай» Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
На галоўнай плошчы горада з 20 да 22 гадзін адбудзецца святочны канцэрт і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».
Святочнай службай у храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы і хрэсным ходам удзельнікаў рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» працягнецца святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Добрушы 4 верасня. Другі святочны дзень запросіць на прэзентацыю літаратурна-патрыятычнага праекта Саюза пісьменнікаў Беларусі «Бачу Беларусь такой».
Дарэчы, у атмасферу Дня беларускага пісьменства дапаможа акунуцца транспарт, арганізаваны для падвозу ўдзельнікаў і гасцей святочнай праграмы. На лінію Гомель — Добруш накіраваны дызель-цягнікі, упрыгожаныя цытатамі і партрэтамі вядомых беларускіх пісьменнікаў. «Літаратурны» трансфер дапаможа ў самы кароткі тэрмін дабрацца да Добруша і вярнуцца ў абласны цэнтр пасля заканчэння праграмы. Для зручнасці гасцей арганізаваныя таксама дадатковыя аўтобусы, якія будуць дастаўляць людзей з чыгуначнай станцыі ў райцэнтры. Добруш на Дні пісьменства арганізаваў і пяць парковак, дзякуючы якім прыехаць на свята ўсе ахвотныя могуць на ўласным аўтатраспарце. Іх размяшчэнне сінхранізуюць з рухам грамадскага транспарту, а напрамак руху да парковак укажуць дарожныя знакі. На ўсёй гарадской зоне правядзення святочных мерапрыемстваў і на пад'язных шляхах да горада, як з боку Гомеля, так і Расійскай Федэрацыі, арганізавана дзяжурства праваахоўнікаў. Супрацоўнікі ДАІ дапамогуць арыентавацца ў напрамку руху да святочных пляцовак. Дзяжурства будуць несці і дружыннікі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
г. Добруш
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.