Вы тут

Настаўнікі і вучні выказалі меркаванні аб адкрытым уроку ад Прэзідэнта


«Спадабаўся свабодны абмен думкамі...»

Ангеліна Кірэй і Валерыя Седнева вучацца ў 10 гімназіі Гродна. Дзяўчаты з'яўляюцца членамі школьнага медыяцэнтра і мараць стаць журналістамі. Па іх словах, 1 верасня ім запоўніцца надоўга, бо ўпершыню ўрок праводзіў не класны кіраўнік, а Прэзідэнт Беларусі. Размова атрымалася насычанай і інфарматыўнай, лічаць гімназісткі.


— Падчас адкрытага ўрока ўздымалася тэма адукацыі, гэта важна для моладзі. У прыватнасці, быў зроблены акцэнт на гісторыю, неабходнасці ведаць мінулае сваёй краіны, каб ісці наперад і будаваць будучыню. Мне гэта вельмі зразумела, бо я з'яўляюся экскурсаводам нашага гімназічнага музея «Беларусь непакорная», — падзялілася Ангеліна (на фота злева). — Музей створаны пры ўдзеле ветэрана вайны Івана Бохана. Самы цікавы экспанат —партызанская зямлянка. На прыкладах гераічнага мінулага, лічу, якраз і выхоўваюцца патрыёты, на тым, чым можна ганарыцца сённяшняму пакаленню. Бо яны здабылі нашу незалежнасць. Падчас адкрытага ўрока прэзідэнт падкрэсліў, што важна не толькі ведаць гісторыю, але і ўмець яе аналізаваць. У сучасным свеце вельмі вялікі паток інфармацыі, і тут трэба карыстацца праверанымі крыніцамі, не паддавацца на фэйкі.

На думку Ангеліны, атрымалася цікавая дыскусія ў зале. Абстаноўка спрыяла свабоднаму абмену думкамі. Дзяўчыне спадабалася, што Прэзідэнт мог і пажартаваць: «Было відаць, што ўсе прысутныя адчуваюць сябе камфортна. Кожны меў унікальную магчымасць задаць пытанне кіраўніку дзяржавы і атрымаць шчыры і даступны адказ».

На незвычайны фармат звярнула ўвагу і Валерыя. Прэзідэнт у ролі настаўніка мог весці размову на ўсе акрэсленыя тэмы. Што датычыць адказаў удзельнікаў, яны былі напоўнены эмоцыямі і разам з тым даволі глыбокім сэнсам, лічыць Валерыя.

— Хачу сказаць, што моладзь сёння стараецца быць актыўнай. Гэта яе сутнасць. Для нас зараз галоўнае — адукацыя, якая не толькі дае веды, але і выхоўвае. У нашай гімназіі якраз і робіцца на гэта акцэнт. У медыяцэнтры мы вучымся здабываць інфармацыю, аналізаваць яе, рабіць высновы. Мне цікава тут займацца.

Валерыя расказала, што напярэдадні Дня народнага адзінства ў гімназіі адкрываецца Цэнтр ідэалагічнага і духоўнага выхавання «Беларусь. Лёс. Айчына», дзейнасць якога будзе скіравана на гарманічнае развіццё асобы, выхаванне патрыётаў. А гэта стрыжань, які неабходны для таго, каб быць адказнымі за сваю краіну. Прэзідэнт спадзяецца на моладзь, і яна не падвядзе, упэўнена старшакласніца.

Калі даведалася, што паеду на адкрыты ўрок з удзелам Прэзідэнта, была вельмі ўсхвалявана

Лізавета Дазорцава, студэнтка 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Яна — адна з тых, хто слухаў адкрыты ўрок «Гістарычная памяць — шлях у будучыню» непасрэдна ў зале Палаца Незалежнасці. «Калі даведалася, што паеду на адкрыты ўрок з удзелам Прэзідэнта, была вельмі ўсхвалявана. Гэта гонар для кожнага маладога чалавека», — лічыць студэнтка.

— На мой погляд, тэма гістарычнай памяці зараз актуальная як ніколі, — разважае Лізавета. — Падчас размовы было закранута нямала важных тэм. Гэта і перспектывы развіцця нашага грамадства, і ўмацаванне сувязяў з краінамі Усходу, сумесныя праекты з Расійскай Федэрацыяй. Расказаў Прэзідэнт і пра абавязкі кіраўніка дзяржавы. Служэнне свайму народу, лічу, — прыклад і для моладзі. Прэзідэнт спадзяецца, што сучасная моладзь здолее несці адказнасць за сваю краіну. Гэта быў вельмі кранальны і сур’ёзны момант адкрытага ўрока.

Сам фармат сустрэчы быў пабудаваны такім чынам, што мы былі не проста прысутныя, а актыўныя ўдзельнікі гутаркі, якіх Прэзідэнт на правах настаўніка мог выклікаць па журнале. Гэта настальгічна адгукнулася па школьных гадах і разам з тым дазволіла ўбачыць новыя перспектывы. Дарэчы, будучых абітурыентаў цікавілі змены ва ўступнай кампаніі, якія датычацца сённяшніх выпускнікоў.

Такія сустрэчы, на маю думку, даюць магчымасць моладзі і кіраўніцтву дзяржавы пачуць адзін аднаго і абмяняцца думкамі па многіх пытаннях. Спадзяюся, што яны стануць добрай традыцыяй.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


Мы ведаем, хто мы і адкуль

Ліза Масюк у гэтым навучальным годзе закончыць Усходаўскую сярэднюю школу, што ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна. Яна прызнаецца:

Елізавета Масюк

— Размова вельмі ўразіла. Не кожны дзень для цябе праводзіць урок сам Прэзідэнт. Я лічу, што вельмі важна быць патрыётам сваёй Радзімы і захоўваць памяць пра подзвіг беларускага народа ў гады вайны. Мой прадзед Багдан, які ваяваў на фронце, на шчасце, вярнуўся. Але ж шмат хто не дачакаўся з вайны сваіх бацькоў, братоў, сыноў. Майго прадзеда і яго жонкі, маёй прабабулі Марыі, ужо няма ў жывых, але іх фотаздымкі захоўваюцца ў нашым сямейным фотаальбоме. І кожны раз, калі я яго праглядаю, успамінаю, што ім прыйшлося перажыць. Вельмі важна захаваць мір, бо вайна нясе страшнае гора. Што ад нас залежыць? Асабіста я стараюся вучыцца так, каб не было за мяне сорамна маім продкам. За свае поспехі ў вучобе атрымліваю спецыяльную стыпендыю Магілёўскага райвыканкама, адстойваю гонар школы на прадметных алімпіядах, удзельнічаю ў шматлікіх праектах. Гэты год праходзіць пад знакам гістарычнай памяці, і я разам з іншымі вучнямі нашай школы прымаю ўдзел у акцыях «Мы памятаем», «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем», «Беларусь памятае». Прыбіраем месцы пахавання герояў вайны, ушаноўваем іх памяць. А яшчэ ўдзельнічаем у ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня», вывучаем свой край падчас экскурсійна-даследчых экспедыцый і работ. Мы добра ведаем, хто мы і адкуль.

Валерыя Маскалькова, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Мяжысецкай сярэдняй школы, што ў старажытнай вёсцы Мяжысеткі Магілёўскага раёна.

Валерыя Маскалькова

— Маладзёжная арганізацыя, пярвічку якой я ўзначальваю, шмат у чым сфарміравала мае погляды, расказвае дзяўчына. — Яе членам я стала два гады таму. З 14 гадоў актыўна займаюся валанцёрствам, удзельнічаю ў шматлікіх дабрачынных акцыях. Усё жыццё прытрымліваюся важнай жыццёвай мудрасці: без мінулага няма будучага. Якраз тэмай акрытага ўрока «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню» Прэзідэнт нагадаў, як важна цаніць мінулае і верыць у будучае. Мне было прыемна гэта чуць, бо гэта сугучна маім думкам.

Нэлі ЗІГУЛЯ


«З гэтымі дзецьмі будзе цікава працаваць»

За адкрытым урокам «Гістарычная памяць— шлях у будучыню» ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі старшакласнікі сярэдняй школы № 11 Мазыра сачылі разам з настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі і кіраўніцтвам навучальнай установы па вялікім святлодыёдным экране ў прасторнай актавай зале. Як вучні абмяркоўвалі незвычайны ўрок, падзялілася класны кіраўнік 10 класа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Красуля:

— Мяне вельмі ўразіла і кранула, як вучні ўважліва слухалі Прэзідэнта. Яны і на мабільныя тэлефоны забыліся, якія мы не збіралі, але гэта, лічу, паказчык, наколькі дзецям было цікава. Прыемна парадавала, што нашы дзеці палітычна падкаваныя, цікавяцца грамадска-палітычным жыццём і перажываюць за сваю краіну. Многія вучні майго класа, дзе профільнае навучанне «беларуская мова і грамадазнаўства», збіраюцца паступаць на спецыяльнасці сілавых ведамстваў. Пасля адкрытага ўрока ад Прэзідэнта ўжо ў класе самі прапанавалі абмеркаваць гэтую сапраўды падзею ў іх школьным жыцці. Расказалі, якія пытанні, зададзеныя Прэзідэнту, ім больш за ўсё спадабаліся. Падзяліліся, што таксама хацелі б іншым разам адрасаваць свае пытанні Аляксандру Лукашэнку. І мы дамовіліся: дзеці напішуць, што іх хвалюе і што б яны хацелі спытаць у Прэзідэнта. Калі дзяліліся ўражаннямі аб атмасферы сустрэчы, то ўсе мы пагадзіліся: вельмі зачапіла простая, даступная мова Прэзідэнта, трапныя выразы, жарты, якімі кіраўнік дзяржавы выдатна трымаў атмасферу жывой, сапраўды сяброўскай размовы. Клас у мяне зборны, мы яшчэ адзін да аднаго прывыкаем. Але як настаўнік я для сябе адзначыла: тое, як мае вучні адгукнуліся на адкрыты ўрок Прэзідэнта, бы «маячок»: «Так, з гэтымі дзецьмі будзе цікава працаваць!»

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».