Вы тут

Гутарым з дачкой Алеся Адамовіча пра лёс кніжных перавыданняў


«Звязда» працягвае публікаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Творчасць Алеся Адамовіча не страчвае актуальнасці. Нездарма амаль адначасова ў Маскве і Мінску ў розных выдавецтвах перакладзены яго кнігі пра вайну. Знамянальна, што адбылося гэта напярэдадні 95-годдзя пісьменніка. Менавіта столькі б гадоў споўнілася сёння, 3 верасня, беларускаму пісьменніку, крытыку, літаратуразнаўцу, публіцысту, грамадскаму дзеячу, доктару філалагічных навук, прафесару, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Алесю Адамовічу. Разам з дачкой пісьменніка Наталляй Адамовіч гутарым пра кніжныя перавыданні і пра тое, як яны ствараліся.


Апярэджваючы час

Зноў вяртаемся ў Глушу з яе вайной пад стрэхамі і сынамі, якія ідуць у бой. У мінскім выдавецтве выйшла дылогія «Партызаны», якая абагульніла два вядомыя раманы. Гэта, дарэчы, ужо другое выданне твораў (раней выходзіў том з аповесцямі «Віксі», «Хатынская аповесць», «Нямко», артыкуламі і лістамі) у папулярнай серыі «Беларускі кнігазбор». З рускай мовы, на якой пісаў свае мастацкія творы пісьменнік, тэкст пераклала таленавітая беларусазнаўца Ірына Шаўлякова. «Гэты твор — адзін з выдатных узораў беларускай ваеннай прозы. На беларускай мове друкуецца ўпершыню», — гаворыцца ў анатацыі. Кніга стала 109-й у знакамітай серыі!

У выпусках звяздоўскага праекта мы паспелі паразмаўляць, напэўна, з усімі нашчадкамі партызанаў з Глушы, якія жывуць у адамовіцкай дылогіі. Аматар дакладнай інфармацыі, Адамовіч прысвяціў сваёй малой радзіме літаратурны помнік, дзе кожны герой, дом, вуліца рэальна існуюць. Дакладней, існуюць у сваім ваенным часе. Зараз шмат чаго змянілася і кнігі сталі нечым накшталт правадніка. Па іх можна аднавіць выгляд даваеннага пасёлка і даведацца, хто там у асноўным жыў і нават чым дыхаў. Нехта здымае для гэтага кіно, Алесь Міхайлавіч прыпыніў імгненне на паперы. Адамовічу шчасціла з аднадумцамі. Яго раманы натхнілі Уладзіміра Высоцкага на напісанне найлепшых песень пра вайну, а знакамітага беларускага рэжысёра Віктара Турава — на стварэнне аднайменных фільмаў. Хоць за праўду ім прыйшлося яшчэ і пазмагацца.

— У віну аўтарам ставілі тое, што яны недастаткова поўна паказалі кіруючую ролю партыі ў фарміраванні партызанскага руху, — кажа дачка пісьменніка Наталля Адамовіч. — Гэтага сапраўды не было ні ў рамане таты, ні ў фільме... Яны паказвалі стыхійны народны рух, які зараджаўся сам, — на чалавечым і духоўным узроўні ў першыя гады вайны.

Дылогія стала прэлюдыяй да выкрывальных, жорсткіх у сваёй праўдзівасці кніг — «Я з вогненнай вёскі» і «Блакадная кніга», твораў, ад якіх і цяпер мароз па скуры. Гэта і ёсць тыя жахлівыя наступствы вайны, пра якія нават страшна казаць.

«Калі-небудзь маці не будуць разумець, як гэта дзеці нашы забівалі, а мы былі побач. Якія яны шчаслівыя, што ім гэта будзе незразумела», — гэта мары галоўнай гераіні дылогіі «Партызаны», якімі заканчваецца ваенная эпапея.

Звязка гранат

Кнігу «Я з вогненнай вёскі», дзе Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік запісалі расповеды больш чым трохсот сведак жахлівых падзей, сёння карысна перачытаць усім, хто лічыць, што генацыду беларускага народа не было. Яна пабачыла свет у маскоўскім выдавецтве «АСТ».

— Ідэя стварэння кнігі цалкам належыць тату, яна нарадзілася ў яго ў канцы 60-х, — кажа Наталля Адамовіч. — Ён вяртаўся з тых экспедыцый знясілены, бо ўсе яны ўтрох працавалі на сумленне. Гэта кніга — прысуд усім, хто здрадзіў чалавецтву. Аголены нерв, да якога нават праз дзесяцігоддзі страшна дакранацца.

Дачка пісьменніка ўспамінае, што, калі іх абаіх з Элемам Клімавым папракалі ў жорсткасці карціны «Ідзі і глядзі», Адамовіч адказваў, што яны не паказалі і паловы ўсёй праўды...

Пра тое, як нараджаўся гэты твор, а потым «Блакадная кніга», па сутнасці, можна напісаць яшчэ адну кнігу.

— У прадмове да расійскага выдання беларускі літаратуразнавец Сяргей Шапран расказвае пра работу пісьменнікаў, — удакладняе Наталля Адамовіч. — За два гады да смерці Брыля ён зрабіў з ім інтэрв'ю, якраз да 30-годдзя выдання гэтай кнігі. Беларускі пісьменнік прыводзіць вельмі цікавыя факты з перыяду стварэння кнігі. Пра некаторыя я наогул не ведала.

У Наталлі захавалася некалькі фота перыяду стварэння кнігі. Вось яны ўтрох — Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік — сядзяць каля старэнькага «Масквіча» Калесніка, на якім аб'ехалі ўсю Беларусь у пошуках суразмоўцаў. Наталля кажа, што ў кожнага былі свае абавязкі. Калеснік круціў баранку і адказваў за фота, Брыль і Адамовіч — за літаратурную частку. Магнітафон і плёнку ім выдавалі ў Радыёкамітэце. Працавалі спачатку паўпадпольна, іх запісы нават ім не належалі, бо плёнкі захоўваліся ў Радыёкамітэце і за іх адказвала іншая асоба. Прасцей стала працаваць, калі іх падтрымаў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін, былы ваенны лётчык. Запісы, якіх на той момант назбіралася на 72 (!) кіламетры плёнкі, былі зроблены ў двух экзэмплярах.

Дачку Алесь Адамовіч у сваю работу не ўводзіў. Надта жорсткай была тэма. Толькі з узростам, калі бацька ўжо пайшоў з жыцця, яна стала ўважліва вывучаць яго творчасць і зразумела, наколькі гэта каштоўна.

Дылогію «Партызаны» яна першапачаткова чытала, каб даведацца пра знаёмых з Глушы. Наталля там са стрыечнай сястрой Галінай усе канікулы праводзіла. З узростам прыйшло пераасэнсаванне твора. Кнігу «Я з вогненнай вёскі» было страшна чытаць. Калі ты малады, хочацца зусім іншай інфармацыі.

— На той момант і адказныя асобы не ўсе разумелі, што гэтыя сведчанні абавязкова трэба захаваць, —  кажа Наталля.  —  Некаторыя райкамаўскія чыноўнікі палкі ў колы ставілі, імкнуліся не агучваць некаторыя факты. Вельмі баяліся агалоскі. Бо людзі сведчылі і пра тое, што згадваць некаторым не хацелася б. Вайна ж усё пакрывае. Бацька і яго спадарожнікі ведалі, наколькі востры ў іх матэрыял. Таму нават не ўсе злачынствы, пра якія ім расказвалі, апісвалі. Гэта праўда была цяжкая і для сваіх, і для чужых. У ГДР, напрыклад, кнігу адмовіліся друкаваць. Загадчык аддзела савецкай літаратуры выдавецтва «Volk und Welt» («Народ і свет») сказаў Брылю ў канфідэнцыяльнай размове: «І адна граната — гэта страшна. А вы падсоўваеце нам звязку гранат!»

Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад

Папулярнасць Адамовіча ў Расіі расце. Летась выйшла «Чарнобыльская кніга» да 35-годдзя з дня аварыі. Зараз — «Я з вогненнай вёскі». Ужо рыхтуецца да выдання аповесць «Венера, або Як я быў прыгоннікам», якая ўбачыць свет на рускай мове ўпершыню. Ужо ёсць дамоўленасць з Наталляй Адамовіч на выданне апошняй кнігі пісьменніка — «Пражыта» («Віксі»), якую ён пісаў у прамым сэнсе слова пад кропельніцай. Гэта яго ўспаміны, пераасэнсаванне пражытага, споведзь перад усім светам. Не кожны яшчэ на такое адважыцца. Ёсць наогул малавядомы твор Адамовіча ў выглядзе дарожных запісак «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад». У пачатку 1960-х пісьменнік едзе ў Маскву, жыве і працуе там пэўны час. Затым вяртаецца ў Мінск і зноў едзе ў Маскву ўжо ў 1980-я. Гэта таксама амаль дзённікавыя запісы, лічы, споведзь перад усімі.

— Гэтыя «падарожжы» выходзілі толькі ў часопісе «Нёман» у 1994 годзе, праз паўгода пасля смерці таты ў 8 і 9 нумарах, — кажа Наталля. — Ён паспеў іх разам з «Віксі» занесці ў рэдакцыю. «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» амаль ніхто не ведае. Там шмат вядомых прозвішчаў, якія трэба будзе яшчэ расшыфраваць. Я даўно мару яе выдаць, але ўвесь час прыходзілася адкладваць з-за іншых кніжак. Зараз гэты момант настаў.

Горка

Непрыемная навіна прыйшла з Глушы. На сайце Бабруйскага райвыканкама з'явілася інфармацыя, што невядомыя пашкодзілі выяву пісьменніка на пункце прыпынку на ўездзе ў пасёлак. Напэўна, гэта былі выпадковыя людзі, якія дрэнна ведаюць родны край, яго гісторыю і тых, дзякуючы каму яна становіцца вядомая іншым. Валанцёры Бабруйскай раённай дзіцячай школы мастацтваў у рамках акцыі «Зробім наш горад прыгажэйшым» аднавілі партрэт пісьменніка.

Дарэчы, сёння, 3 верасня, у сельскім Доме культуры пасёлка Глуша ў 12.00 адбудзецца літаратурна-музычная кампазіцыя «Праўда жыцця Алеся Адамовіча», прымеркаваная да юбілейнай даты знакамітага пісьменніка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Наталлі АДАМОВІЧ.


Нагадваем, што кожны можа ўнесці свой уклад у захаванне гістарычнай памяці нашай краіны. Бабруйскі райвыканкам (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі) працягвае збор сродкаў на аднаўленне дома-аптэкі ў пасёлку Глуша пад музей Алеся Адамовіча. Роля яго ваенных твораў у захаванні праўды пра вайну неацэнная. На сайце ўнізе вы знойдзеце банер з рэквізітамі рахунка. Або можна скарыстацца нашай падказкай.

Р/р BY84АКВВ36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А. Адамовіча».

Створым музей разам! Падтрымаем добрую ініцыятыву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».