Вы тут

Леанід Рахленка — карыфей Купалаўскага і народны любімец


6 верасня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР і БССР, выдатнага акцёра, рэжысера, педагога, чые імя назаўжды застанецца ў ліку карыфеяў Купалаўскага тэатра Леаніда Рахленка.


1935 Велікадушша. Эжэе Дэнье

Нават у сталым узросце, калі ён ішоў па вуліцы, яму абарочваліся ўслед. І не толькі тыя, хто пазнаваў Гарлахвацкага з «Хто смяецца апошнім», але і звычайныя мінакі. Усё ў Леанідзе Рахленку — стаць, выразны твар, праніклівы іранічны погляд — звяртала на сябе ўвагу, прыцягвала нібы магнітам. «Ого, колькі атлетаў і пераможцаў зляпілі з мяне ў маладосці...», — усміхаўся ён, успамінаючы, як у юнацтве падзарабляў натуршчыкам у скульптурных майстэрнях. І не выпадкова яго запрашалі на ролі прафесараў (у фільмах «Вясновыя навальніцы», «Расклад на паслязаўтра») — Леанід Рахленка быў інтэлектуальным, адукаваным чалавекам.

Улада сцэны

Леанід Рыгоравіч (Эвель (Ляон) Гдалевіч) Рахленка нарадзіўся ў станіцы Церахоўка Гомельскай вобласці. У 17 год паступіў у Ленінградскі тэхнікум сцэнічных мастацтваў. У 1929-м прыйшоў у Беларускі дзяржаўны тэатр і больш за паўстагоддзе (да 1981 года) служыў яго гледачу. У найскладаныя 1938-43 гады загадваў мастацкай часткай калектыва. Падчас вайны, калі трупу эвакуіравалі ў Томск, ставіў спектаклі: «Крылатае племя», «Фронт», «Рускія людзі». У складзе франтавой брыгады разам з калегамі Верай Пола, Паўлам Пекурам, Барысам Ямпольскім, Здзіславам Стомам, Маргарытай Шашалевіч, Раісай Кашэльнікавай выступаў перад байцамі. У 1956-58 і 1967-69 быў мастацкім кіраўніком студыі пры тэатры, рыхтаваў акцёрскую змену.

1954 Вогненны мост. Хамутоў

— Падчас нашых гутарак ен не раз узгадваў, як далучаліся да супрацоўніцтва з тэатрам прызнаныя ўжо беларускія празаікі і паэты, якія да жанру драматургіі адносіліся датуль асцярожна, — Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, — чытаем ва ўспамінах журналіста Уладзіміра Няхамкіна. — І я думаў кожны раз, што далучэнне тое адбывалася ў немалой ступені дзякуючы яму, Рахленку. Тады, у першыя дзесяцігоддзі жыцця тэатра, на ўсталяванне кантакту з літаратарам, у якім тэатр адчуваў свайго патэнцыйнага аўтара, калегі часцей за іншых адпраўлялі менавіта яго.

Разумелі: інтэлект, подых унутранай сілы ды сама імпазантнасць аблічча гэтага чалавека будуць садзейнічаць узнікненню ў пісьменніка даверу да працягнутай тэатрам рукі на сяброўства.

Леанід Рахленка стаў першым рэжысерам, які ўвасобіў на беларускай сцэне п’есы К. Крапівы і А. Астроўскага. Усяго ен паставіў некалькі дзясяткаў спектакляў. Сярод іх «Салавей» З.Бядулі, «Партызаны» К. Крапівы, «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, «Вогненны мост» Б.Рамашова, «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна, «Скупы» Мальера.

1959 Рахленка Леанід у ролі Гваздзіліна ў спектаклі «Трэцяя Патэтычная»

Многія крытыкі адзначалі: калі б Рахленка паставіў толькі «Хто смяецца апошнім», то аднаго гэтага было б дастаткова, каб пакінуць след у тэатральным мастацтве Беларусі. У 1939-м годзе патрабавалася немалая смеласць, каб брацца за такую драматургію. Для гэтага спектакля рэжысер сабраў зорны склад. Лідзія Ржэцкая выконвала ролю цеткі Каці, Глеб Глебаў — Тулягі, Барыс Платонаў — Зёлкіна, Стэфанія Станюта — Зіначкі Зёлкінай, сам Леанід Рахленка — Гарлахвацкага. Гэты спектакль меў трыўмфальны поспех. Ен стаў сапраўдным шэдэўрам і пратрымаўся на купалаўскай сцэне 30 гадоў.

— Я ведала тэкст п’есы на памяць, прыбягала на кожны спектакль, — прызнавалася ў адным інтэрв’ю Валянціна Рахленка. — Тата адчуваў сябе настолькі вольна ў гэтым спектаклі, што дазваляў сабе жартаваць, калі ведаў, што я сяджу ў зале. Была сцэна, калі Гарлахвацкі перабірае лісты і называе адрасатаў, і сярод іх... Валянціну Леанідаўну Рахленку. Захапленню майму не было мяжы!

1960 Уваскрасенне. Стары

У выкананні Рахленка ілжэнавуковец Гарлахвацкі ператвараўся ў намінальны вобраз, ен ўвасабляў той распаўсюджаны тып людзей, што дэмагогіяй прыкрываюць сваю некампетэнтнасць, прафесійную безгрунтоўнасць і клапоцяцца насамрэч выключна аб уласным дабрабыце. Рахленка выконваў ролю Гарлахвацкага 400 разоў, і заўседы выклікаў у публікі буру захаплення. Многія лічылі гэтую ролю самай бліскучай у біяграфіі Леаніда Рахленкі. Але і іншыя персанажы ў яго выкананні станавіліся настолькі пераканаўчымі, жывымі, што іх пачыналі атаясамліваць з акцерам. Фабрыкант, капіталіст-заводчык Гваздзілін у «Трэцяй патэтычнай» М.Пагодзіна, патомны шахцер Макар Дубрава з аднайменнай п’есы А.Карнейчука, уладар Эфеса Цісаферн у «Забыцца Герастрата» Р. Горына, багаты купец Флор Фядулыч Прыбыткаў у «Апошняй ахвяры» А. Астроўскага, Бубноў у «На дне» М. Горкага, дырэктар прадпрыемства Сцяпан Сыравараў у «Завеі» Л.Лявонава, вельмі важны спадар Круціцкі ў «На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага. Выключная назіральнасць, парадаксальнасць мыслення Леаніда Рахленка дапамагалі надзяліць герояў п’ес запамінальнай індывідуальнасцю. Ен старанна адбіраў выразныя сродкі, філігранна адшліфоўваў дэталі. Прыродная акцерская інтуіцыя падпарадкоўвалася ў Леаніда Рахленка аналітычнаму складу розуму: усе ўчынкі і паводзіны персанажаў лагічна выцякалі з іх характару і светапогляду. Казалі, што ен вельмі рацыянальны. Але гэта быў рацыяналізм майстра, які да драбнюткіх дробязяў уяўляў, як павінен рухацца, размаўляць, паводзіць сябе яго герой. Ен «матэматычна» вывяраў вобраз. Распавядалі, што ў спектаклі «Апошняя ахвяра», калі Леанід Рахленка ў ролі Флора Прыбыткава ў адказ на пацалунак Юліі Паўлаўны (яе выконвала Лілія Давідовіч) прамаўляў словы: «Гэты пацалунак дарагога варты», і гледачы следам падносілі да вачэй насоўкі, ен мог павярнуцца да залы спіной і паказаць язык калегам за кулісамі.

— Калі ўспамінаеш акцерскія яго стварэнні, калі прасочваеш, што яго прыцягвала ў драматургіі як пастаноўшчыка, адказ знаходзіцца адразу, — пісаў пра Л.Р. Рахленка Уладзімір Няхамкін. — Магчымасць паразважаць над значным, неардынарным, акрэсліць з’яву буйную, шматкампанентную, абмаляваць характар уражлівы, запамінальны, чымсьці здзівіць — вось што было для яго як мастака найболей прыцягальным. У святло рампы яму даводзілася выходзіць і палымяным рэвалюцыянерам, і драпежным негацыянтам, і ўвасабленнем маральнай вышыні, і чорным злыднем. Але што б там ні быў за персанаж, фарбы клаліся выканаўцам смелым, шырокім, напоўненым мазком. У прапанаванай ім трактоўцы персанаж заўседы быў на сцэне і канкрэтнай асобай, і тыпажом.

Жыцце па-за сцэнай

З Лідзіяй Ржэцкай Леанід Рахленка пазнаеміўся ў тэатры. Лідзія Іванаўна была ўжо прымай і ўдавой, а ен пачынаючым акцерам, на 8 гадоў яе малодшым. Вядома, шмат хто спачатку ўспрымаў іх шлюб як мезальянс. Але шлюб насамрэч аказаўся дзіўна моцным і гарманічным. Па ўспамінах блізкіх, Лідзія Іванаўна адразу ж безумоўна прызнала прафесійнае і інтэлектуальнае лідэрства свайго спадарожніка жыцця. 

1964 Мяцеж невядомых. Пітар Калішэр

Леанід Рыгоравіч з вялікай павагай ставіўся да жонкі, разумеў яе акцерскі маштаб, як рэжысер і кахаючы муж дапамагаў рэалізаваць яе талент. Дачкі Ржэцкай ад першага шлюбу Таццяне Аляксеевай Леанід Рыгоравіч замяніў бацьку, не робячы ніякай розніцы паміж стаўленнем да яе, і да роднай Валянціны.

— Бацькі вельмі бераглі згоду ў сям’і, — адзначала Валянціна Рахленка ў інтэрв’ю журналістцы Тамары Абакумаўскай. — Можа, у іх і ўзнікалі канфлікты, але я ніколі не чула сварак, лаянак, скандалаў. Мяккая і падатлівая ў побыце, мама была вельмі моцным чалавекам, калі трэба было чагосьці дабіцца ў начальства для тэатра. Нездарма бацька называў яе «цяжкай артылерыяй». Бацькі былі працаўнікамі, вельмі адказнымі людзьмі. Але я ніколі не чула ад іх: вучыся, вучыся, вучыся. Мама, па-мойму, не ведала, як адчыняюцца дзверы ў школе, а тата часам блытаў, у якім я класе.

У сям’і прытрымліваліся строгага рэжыму. З раніцы Лідзія Іванаўна і Леанід Рыгоравіч ішлі на рэпетыцыі; перад спектаклем абавязкова адпачывалі. Ніякага багемнага духу, ніякіх застолляў да раніцы. Але святы ў сям’і любілі.

1974. Забыць Герастрата! Леанід Рахленка ў ролі Цісаферна

— З нагоды святаў уся вялікая сям’я збіралася разам, прыходзілі сябры дзядулі, бабулі, бацькоў, — успамінае ўнучка народных артыстаў Наталля Балоціна, дачка Валянціны Рахленка. — За сталом расказвалі анекдоты, жартавалі, абмяркоўвалі навіны тэатральнага жыцця. Потым танчылі. За раялем была мама і мой дзядзька — кампазітар Генрых Вагнер. Мая цётка Таццяна Аляксеева прыдумляла цікавыя шарады. На новы год бацькі рабілі сценгазету з шаржамі і эпіграмамі на кожнага прысутнага. У нашай хаце заўсёды вельмі смачна гатавалі. Бабуля дзівосна марынавала селядзец; мама пекла заварныя пірожныя. Калі на стале з’яўлялася качка з яблыкамі і чарнаслівам, дзядуля звычайна прасіў: «Пакіньце, калі ласка, мяне з ёй сам-насам». Гасцям, якія сядзелі паміж маім бацькам (лекарам-хірургам Генадзем Гейне — заўв. аўтара) і дзядзькам (Генрыхам Вагнерам — заўв. аўтара) дзядуля казаў: запомніце гэты выключны момант — вы сядзіце паміж Гейне і Вагнерам!

Лідзія Ржэцкая была добрай, але пры гэтым строгай, нешматслоўнай, вельмі правільнай. Яна грала толькі на сцэне, а дома станавілася звычайнай жанчынай. А вось для Леаніда Рыгоравіча і ў жыцці заўседы знаходзілася месца для ігры і тэатральнасці. Вядома, ен бываў часам нецярпімым, з’едлівым, уладным, катэгарычным. Але ўсё гэта выкупалася маштабам яго асобы, талентам, абаяльнасцю, як сказалі б зараз — харызмай. Ён быў настолькі яркім, цікавым чалавекам, што праз некалькі хвілін зносін, пасля яго жартаў, іранічных заўваг, раставацца з ім не хацелася. Гумар Леанід Рахленка лічыў вышэйшай праявай розуму.

1974г. Народная артыстка БССР і СССР — Л. Ржэцкая, народный артыст БССР і СССР — Л. Рахленка

Адпачываў Леанід Рыгоравіч пераважна на лецішчы ў Ждановічах, якое сам перапраектаваў і перабудаваў. Улетку па раніцах браў з сабой кагосьці з унукаў, сабаку Муху і адпраўляўся на Менскае мора: рабіў зарадку, купаўся. Любіў хадзіць у лес, збіраць ягады, грыбы. 

Па ўспамінах блізкіх, Леанід Рахленка быў вельмі сціплым у побыце. Калі патрабаваліся шорты, браў старыя штаны і абрэзаў да патрэбнай даўжыні. Зношваўся падол плашча — прасіў у тэатральным касцюмерным цэху яго пакараціць і працягваў насіць. З галаўных убораў аддаваў перавагу чорным бярэтам.

Калі ў Наталлі Балоцінай нарадзілася дачка, Леанід Рахленка прыходзіў наведваць унучку пад вокны радзільнага дома, і яна часта чула ад суседак па палаце: «Наташа, які прыгожы ў цябе бацька!»

— Цяпер, калі шмат ужо ўсяго перажыта, з глыбокай падзякай і каханнем успамінаю дзядулю. Шмат у чым дзякуючы яму ў мяне былі цудоўныя дзяцінства і юнацтва з тэатрам, музыкай, цікавымі людзьмі, — прызнаецца Наталля Балоціна.

Леанід Рахленка ўдзельнічаў у жыцці дачок, унукаў, суперажываў іх радасцям і няўдачам, быў для ўсей сям’і той сцяной, за якой нічога не страшна. За межамі тэатра ён не меў патрэбы ў шырокім крузе зносін. Чалавек вельмі самадастатковы, Леанід Рыгоравіч адрозніваўся выбіральнасцю ў сяброўстве. Ён мала з кім дзяліўся сваімі душэўнымі перажываннямі ў апошнія гады. Відаць, яму было нялёгка ў гэты час, ён пакутаваў без тэатра, без працы, без гледача.

1977 Аптымістычная трагедыя. Важак

— Так супала, што я з ім у адзін час знаходзіўся ў адной лякарні, нават у адным аддзяленні, — успамінаў Уладзімір Няхамкін. — Да мяне наведваўся кінарэжысёр, суаўтар па дакументальнай стужцы, якая ў нас запускалася ў вытворчасць. І калі я адказаў на пытанне Леаніда Рыгоравіча, што гэта за чалавек мяне наведвае, то пачуў сумнае: — Вы працуеце... Працуеце…

Сыход з жыцця Лідзіі Іванаўны Ржэцкай у 1977 годзе вельмі падкасіў Леаніда Рахленку. Без дарагой жонкі, без сцэны, ен напэўна ўсё часцей адчуваў нуду, адзіноту. Леанід Рыгоравіч перажыў сваю спадарожніцу на 8 год. Як і Лідзія Іванаўна, памёр ва ўзросце 79 гадоў. Пахаваны яны на Усходніх могілках...

Калісьці 16-гадовым юнаком ен пайшоў з дому, бо хацеў стаць акцерам. Ен адчуваў — у гэтым яго лёс, ен павінен прысвяціць сябе мастацтву. І пасля 55 гадоў на Купалаўскай сцэне Леанід Рахленка па-ранейшаму верыў у высокае прызначэнне тэатра. У тое, што тэатр духоўна ўзбагачае, падзяляе з гледачом боль, дорыць хоць крыху святла і радасці і дазваляе перажыць цяжкія часы. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлена Галінай Вагнер

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.