Вы тут

Балетная трупа Вялікага тэатра абнавілася на чвэрць


Балетная трупа Вялікага тэатра Беларусі абнавілася на 25 працэнтаў. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця юбілейнага сезона.


Тэатр — гэта перш за ўсё людзі, услед за генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Кацярынай Дулавай паўтарыў галоўны балетмайстар Ігар Колб: 

— На дадзены момант у балетнай трупе 115 ставак. Да пачатку сезона яе папоўнілі 29 чалавек, сярод якіх выпускнікі Акадэміі Рускага балета імя А. Ваганавай у Санкт-Пецярбургу, Акадэміі танца Барыса Эйфмана, а таксама маладыя артысты з Масквы. З Мінскага харэаграфічнага каледжу прыйшлі 9 чалавек. Я лічу, што гэта значная падзея ў жыцці тэатра. Да нас прыйшлі адукаваныя людзі, я мяркую, што яны паўплываюць на настрой і ўнутраны складнік таго, што мы маем на сённяшн дзень. Мы падышлі да адкрыцця сезону на высокай ноце. І мне асабіста хочацца падзякаваць за магчымасць, якую я атрымаў у 90-ым, юбілейным сезоне. Неўзабаве адбудзецца прэм’ера, да якой я маю адносіны (балет «Жызэль» — аўт.). Гэтая магчымасць мяне спачатку бянтэжыла, а потым я зразумеў, што яна дазваляе фактычна мець прэм’еру ў прэм’ерным спектаклі. Таму што знайшоўся невялікі фрагмент музычнага матэрыялу, які для спектаклю пералажыў наш цудоўны кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, і ў мяне ўзнікла магчымасць стварыць харэаграфію. Спадзяюся, што гледачы, якія прыйдуць на прэм’еру, гэта ацэняць. А таксама будуць уражаныя тэхнічнымі магчымасцямі, якімі валодае сцэна Вялікага тэатра Беларусі. А калі гаварыць пра тэкст балета «Жызэль», то захаваны той, што абмяркоўваўся ў першапачатковым варыянце, але ў спалучэнні з усімі магчымасцямі сцэнічнага палатна Вялікага тэатра. А магчымасці каласальнейшыя — я нават і ўявіць не мог, калі планаваў гэтую пастаноўку. 

Гэта адна з самых вялікіх сцэн у свеце, засведчыў мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў. І параіў жыхарам іншых гарадоў Беларусі, у якіх ёсць жаданне паглядзець тэатр і далучыцца да мастацтва, арганізоўваць адмысловыя вандроўкі ў Мінск: паўнавартасна паказаць оперныя і балетныя спектаклі можна менавіта на гэтай сцэне. Елізар’еў гэта ведае лепш за каго, таму што як балетмайстар асвойваў сцэну нашага Вялікага з 1973 года. Беларускаму тэатру аддадзена амаль 50 гадоў жыцця майстра, які сёлета адзначае асабісты юбілей. У гонар свайго мастацкага кіраўніка тэатр рыхтуе Гала-канцэрт, у якім возьмуць удзел зоркі сусветнага і беларускага балета. А публіка спадзяецца на сюрпрызы, бо звычайна на такіх канцэртах можна пабачыць не толькі выдатных артыстаў, але і цікавыя нумары, якія прадстаўляюць як класічную харэаграфію, так і сучасную, якая знаходзіцца ў пошуку. Дарэчы, сам Валянцін Елізар’еў, прыехаўшы ў Беларусь, зрабіў наш тэатр адным з лідараў на той час яшчэ савецкай прасторы менавіта дзякуючы спектаклям, якія вылучаліся адмысловай аўтарскай харэаграфіяй. І гледачы працягваюць чакаць здзіўнення і пошуку, новых форм і сучаснай харэаграфіі. Ці ёсць задумы падобных праектаў? 

— Гэты тэатр існуе не для эксперымента, хочам мы ці не, — адказаў Валянцін Елізар’еў. — Я бачыў шмат эксперыментаў, але пры гэтым зала была пустая ці на палову запоўненая. Люблю мадэрн, калі ён таленавіты, я такіх бачыў дзве пастаноўкі падчас маёй стажыроўкі ў Парыжы ў 80-я гады, гэта былі амерыканскія трупы. Яны існуюць на грошы спонсараў, а не зарабляюць праз залу. Гэта зусім іншы падыход. Ды іншая школа, пластыка, сітэма падрыхтоўкі цела... Тое, што мы маем у тэатры, — базавае, усё астатняеможа быць па-за тэатрам. Наогул вакол мастака, калі ён цікавы і самабытны, фарміруецца прастора, дзе можа быць эксперымент. Мы рухаемся, можа быць гэта і не яўны рывок, але ёсць і новыя тэмы, і новыя элементы лексікі і гэтак далей.

Вялікі тэатр Беларусі адкрывае сезон прэм’ерай балета «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева (6 і 7 верасня). 28 верасня адбудзецца прэм’ера балета А. Адана «Жызэль» у пастаноўцы Ігара Колба. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».