У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра апошнія спартыўныя навіны.
Каманда тыдня. Хакеісты «Дынама-Мінск» з перамогі стартавалі ў новым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. У першым матчы рэгулярнага чэмпіянату, які прайшоў на лёдзе «Мінск-Арэны», «зубры» адолелі «Барыс» з Нур-Султана. Вынік сустрэчы — 4:3 прынёс «Дынама» першыя два ачкі ў чэмпіянаце. Дамашняя серыя мінскіх хакеістаў працягваецца: 5 верасня «зубры» сустрэнуцца з омскім «Авангардам», 7 верасня адбудзецца паядынак супраць уфімскага «Салавата Юлаева».
Турнір тыдня. У Мінску на базе воднага цэнтра «Фрыстайл» адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па скачках на лыжах у ваду, прысвечаны Году гістарычнай памяці. У спаборніцтвах ўзялі ўдзел наймацнейшыя прадстаўнікі лыжнай акрабатыкі з Беларусі і Расіі. Па выніках кваліфікацый у мужчын і жанчын у вырашальную стадыю выйшлі па 12 найлепшых спартсменаў. Медалі ў суперфінале разыгрывалі шэсць уладальнікаў лепшых балаў пасля першага фінальнага скачка. Перамогу ў жаночым турніры атрымала расіянка Любоў Нікіціна. На другой пазіцыі размясцілася алімпійская чэмпіёнка 2018 года Ганна Гуськова, трэцяй стала яшчэ адна беларуска, фіналістка Гульняў у Токіа Анастасія Андрыянава. Сярод мужчын найлепшы вынік паказаў расійскі фрыстайліст Максім Бураў. Прадстаўнікі Беларусі Макар Мітрафанаў і Павел Дзік занялі другое і трэцяе месцы адпаведна
Узнагароды тыдня. У балгарскім Краневе завяршыўся маладзёжны чэмпіянат свету па шашках-64. Спаборніцтвы праводзіліся ў шасці ўзроставых групах асобна сярод юнакоў і дзяўчат у трох дысцыплінах: класічная, хуткая і імгненная гульня. Двухразовай чэмпіёнкай свету ў катэгорыі да 20 гадоў стала беларуска Марыя Часнакова. У гэтай жа ўзроставай катэгорыі сярэбранымі прызёрамі ў бліцы сталі прадстаўнікі Беларусі Вікторыя Нікалаева і Сцяпан Дарашэнка.
Залаты медаль маладзёжнага першынства ў класічнай гульні сярод спартсменаў не старэйшых за 27 гадоў выйграў беларус Уладзіслаў Валюк, таксама на рахунку шашыста серабро ў бліцы. Акрамя таго, у катэгорыі U-27 узнагароды ва ўсіх дысцыплінах заваяваў Аляксей Куніца (серабро і дзве бронзы), двойчы сярэбранай медалісткай турніру стала беларуска Паліна Петрусева (рапід і класіка).
Цытата тыдня. «Наш клуб даволі шмат робіць для мужчынскага баскетбола. Ужо некалькі год мы з'яўляемся базавым клубам зборнай. Створана сістэма — ад дзіцячай школы да нацыянальнай каманды. Задача ў нас адна: каб беларускі баскетбол ішоў наперад, каб мы не спыняліся на дасягнутым, а нашая нацыянальная каманда паказвала добрыя вынікі. Але ў сувязі з рашэннямі, прынятымі Міжнароднай федэрацыяй баскетбола, зараз мы будзем рыхтаваць гульцоў на клубным узроўні, каб яны, калі гэта будзе неабходна, выйшлі і даказалі, што зроблена добрая праца і яны вартыя прадстаўляць краіну», — сказаў старшыня баскетбольнага клуба «Мінск» Юрый Шакола на прэзентацыі каманд на будучы сезон. У гэтым сезоне мужчынская каманда «Мінска» будзе выступаць у Адзінай лізе ВТБ і ў «фінале чатырох» Кубка краіны-2022 і плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Жаночая каманда будзе змагацца за ўзнагароды чэмпіянату і Кубка краіны.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.