Вы тут

Што робіцца для добраўпарадкавання сталічных двароў


Амаль 50 тысяч кустоў і звыш дзевяці тысяч дрэў павінны з'явіцца сёлета ў сталічных дварах. З пачатку года ўжо было высаджана больш чым пяць тысяч дрэў і 24 тысячы кустоў, адрамантавана звыш 33 гектараў газонаў. Мяркуецца, што за 2022 год прывабны выгляд атрымаюць 814 дваравых тэрыторый Мінска, шэсць будуць капітальна адрамантаваны, а ў 142 дварах зробяць комплексны бягучы рамонт. Што мяняецца ў дварах і як жыхарам паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторый каля сваіх дамоў, расказала спецыяліст жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


А ты пасадзіў дрэва?

Мерапрыемствы па бягучым і капітальным рамонце элементаў добраўпарадкавання, якія змешчаны на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрнай жылой забудовы, а таксама догляд, аднаўленне і абнаўленне драўнінна-хмызняковай расліннасці, праводзяцца ў сталіцы штогод. Гэта робіцца для паляпшэння ўзроўню добраўпарадкавання двароў, удасканальвання іх знешняга выгляду, стварэння бяспечных і камфортных умоў для пражывання, расказала Вольга ЯГОРАВА, начальнік аддзела па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Адрамантавана больш як 200 тысяч м2 пакрыццяў дваравых праездаў (па плане — 207,5 тысячы м2), амаль 84 тысячы м2 пакрыццяў пешаходных сувязяў (па плане — 98,5 тысячы м2), 75 вонкавых лесвіц, звыш 3500 кантэйнерных пляцовак. Даведзена да ладу больш за 30 тысяч адзінак малых архітэктурных формаў (лаўкі, сметніцы і іншае), 4720 такіх адзінак устаноўлена замест дэманціраваных раней. Адрамантавана таксама 17 адзінак дзіцячага гульнявага і спартыўнага абсталявання, 416 — пастаўлена ўзамен дэманціраванага раней.

Работы па бягучым рамонце выконваюцца згодна з планамі, якія фарміруюцца па выніках восеньскага агляду жыллёвага фонду. А таксама з улікам заяў і зваротаў ад грамадзян, нагадала спецыяліст і падкрэсліла, што беларусы заўжды актыўна ўдзельнічаюць у месячніках па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Гэтаму садзейнічае ў тым ліку праект «Зялёны двор разам!». У сталіцы, дарэчы, размешчана 78 банераў «А ты пасадзіў дрэва?», з дапамогай якіх камунальнікі спадзяюцца далучыць да ўдзелу ў добраўпарадкаванні двароў яшчэ больш жыхароў.

Правілы пасадак, афарбоўкі і гульні

Беларусы таксама выступаюць з уласнымі ініцыятывамі, робяць кветнікі, фінансава ўдзельнічаюць у набыцці абсталявання для двароў і ўладкаванні велагаражоў. Пры гэтым сумясціць грошы людзей і бюджэту, каб сумесна купіць для двара прадметы, не прадугледжанае планам, нельга. Калі жыхары хочуць нешта пазапланавае, яны мусяць рабіць гэта цалкам за свой кошт.

А яшчэ штогод камунальнікі летам праводзяць аглядны конкурс на найлепшае кветкавае афармленне агародчыкаў і балконаў.

— Жыхары выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання тэрыторый усёмагчымыя сарты кветак, прыродныя матэрыялы накшталт камянёў і драўніны. Шыны і мяккія цацкі — неадназначны варыянт для ўпрыгожвання. Мала таго, што гэта гаручыя матэрыялы, дык шыны — гэта яшчэ і адходы, і ў сталічным двары прымяняць іх, пэўна, не вельмі эстэтычна, — адзначыла прадстаўніца ЖКГ. — Тым не менш, калі гэта ў разумных межах, то чапаць такія «кветнікі» не будуць. Аднак у недапушчальных выпадках выдаюцца прадпісанні на ўстараненне падобных звалак.

Найлепшы двор і найлепшы пад'езд — конкурс для жыллёва-камунальных службаў, дадала Вольга Ягорава. Аднак у дварах і пад'ездах-пераможцах заўжды ёсць не толькі капрамонт, але і, відаць, удзел жыхароў. Зробленыя імі ўпрыгожванні становяцца тымі разыначкамі, дзякуючы якім двары і пад'езды набываюць індывідуальнасць.

Пры азеляненні і ўпрыгожванні двароў трэба памятаць, што існуе пералік работ, якія трэба ўзгадняць у службах ЖКГ. Гэта, напрыклад, пасадка дрэў і кустоў на пэўнай адлегласці ад фасада дома, праезнай і пешаходнай часткі, падземных камунікацый. А таксама ўстаноўка малых архітэктурных форм і дзіцячага гульнявага абсталявання і іх афарбоўка. Існуюць нормы аддаленасці абсталявання адно ад аднаго (трэба ўлічваць месца для зоны падзення і зоны прызямлення), а афарбоўка па прынцыпе «як каму падабаецца» можа зрабіць двор безгустоўным, таму колер таксама лепш узгадніць з жыллёвымі службамі, параіла спецыяліст.

На кожнай дзіцячай пляцоўцы сёння ёсць інфармацыйныя шыльды ці налепкі з правіламі карыстання пляцоўкай, дзе напісана, як і каму можна ёй карыстацца (дзеці да 14 гадоў вагой да 70 кілаграмаў), а таксама ўказаны нумары службаў экстраннай дапамогі і арганізацый, якія абслугоўваюць пляцоўку.

Капітальны і прамежкавы варыянты

Штогод у сталіцы рэалізоўваецца праграма і па капітальным рамонце дваровых тэрыторый. Сёлета такі рамонт будзе зроблены на шасці аб'ектах — 14 прыдамавых тэрыторыях. На 22 аб'екты — 87 прыдамавых тэрыторый — будзе зроблена праектна-каштарысная дакументацыя. Капрамонт найперш прадугледжаны для тых двароў, у дамах якіх ужо адбыўся капітальны рамонт.

— На чатырох аб'ектах (васьмі прыдамавых тэрыторыях) ужо завершаны будаўніча-мантажныя работы. Яшчэ па двух аб'ектах яны завершацца ў найбліжэйшы час, — падзялілася Вольга Ягорава. — Асноўныя віды работ, якія выконваюцца падчас капрамонту, гэта замена існуючых пакрыццяў дваравых праездаў і пешаходных сцяжынак, дзіцячага гульнявога абсталявання, малых архітэктурных формаў, капітальны рамонт лесвіц, устаноўка агароджаў каля дзіцячых пляцовак, уладкаванне месцаў для збору і захоўвання адходаў, тратуараў уздоўж дамоў. У старой жыллёвай забудове тратуараў часцей за ўсё няма, таму работы робяцца толькі пры капрамонце, бо на гэта трэба распрацоўваць праектную дакументацыю. Тратуары могуць пакласці таксама ў месцах, пратаптаных жыхарамі.

Каб заахвочваць жыхароў да спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, у дварах пры капрамонце можна ставіць таксама велагаражы. Сёлета ў мінскіх дварах з'явіліся тры гаражы на 76 веламесцаў.

Капітальны капрамонт двароў, аднак, не паспявае за капрамонтам дамоў, таму з 2021 года камунальнікі прымяняюць такі падыход, як комплексны бягучы рамонт прыдамавых тэрыторый, дзе капрамонт дамоў адбыўся ў апошнія пяць гадоў. Калі двор у выніку гэтага набывае добраўпарадкаваны выгляд, то і капрамонт як такі яму ў прынцыпе пазней не спатрэбіцца.

— Гэта своеасаблівы прамежкавы варыянт паміж кропкавым рамонтам ці заменай нейкіх асобных адзінак і поўным абнаўленнем прыдамавой тэрыторыі ў межах бягучага рамонту, — патлумачыла начальнік аддзела. — Пры такіх работах мяняюць, напрыклад, пліткавае пакрыццё на пешаходных сцежках, дзіцячае ці спартыўнае абсталяванне, малыя архітэктурныя формы, робяць азеляненне і іншыя віды работ, на якія не трэба распрацоўваць праектную дакументацыю. Такім чынам тэрыторыя прыводзіцца ў належны стан, набывае эстэтычны і сучасны выгляд.

У тэму

Камунальнікі сталічнай вобласці абслугоўваюць больш за 4,5 тысячы прыдамавых тэрыторый плошчай звыш 70 мільёнаў м2. Добраўпарадкаваць сёлета яны мяркуюць 91 двор. У дварах Міншчыны знаходзіцца 1990 дзіцячых гульнявых спартыўных пляцовак, дзе ўстаноўлена больш як восем тысяч адзінак абсталявання. Ужо адрамантавана 188 адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання, 450 м2 пешаходных сцежак і амаль тры тысячы м2 дарожнага пакрыцця двароў, у больш як 330 пясочніцах заменены пясок, адрамантаваны чатыры дваравыя прыбіральні, устаноўлены дадатковыя кантэйнеры (144) для раздзельнага збору адходаў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.