Вы тут

Ларыса Цімошык. «Спонсар»


— ...Ну як жа тут можна разабрацца? — лямантавала жанчына сталага веку каля інфакіёска, куды яе накіравалі з банкаўскай касы. Гэты від аплаты цяпер, калі ласка, рабіце самі, праз інфакіёск, які вынесены ў асобнае памяшканне. Памяшканне знайшла, апарат — таксама, але плаціць такім чынам даводзіцца першы раз — вось і разгубілася. Трымае паперку, углядаецца ў лічбы і нервова тыцкае па кнопках. Спрабуе раз за разам, але штосьці не атрымліваецца.


Непадалёк ад яе хлопчык гадоў дзесяці — з тэлефонам у руках і ў навушніках. Нібыта і не з ёй, а ў сваім свеце. Праўда, раз-пораз кідае позіркі на бабулю, чакае. Нехта раіць пашукаць кансультанта. А яна, відаць, баіцца паказаць сваю бездапаможнасць перад прасунутым унукам, імкнучыся не ставіць пад сумненне свой аўтарытэт бабулі, не спяшаецца з гэтым. І калі ўжо звяртаецца па дапамогу да тых, хто падыходзіць да іншага апарата, малы здымае навушнікі і бярэ ініцыятыву на сябе: «Ну што там?..» Яна разводзіць рукамі: «Мо пойдзем?...» — «Дык дарма ішлі, ці што? Давай жа зробім!» — настойвае ён.

Хлопчык падыходзіць да апарата, бярэ ў бабулі паперку, дзелавіта разглядае. А потым удакладняе, што яны павінны рабіць. Тая тлумачыць. Ён выбірае, цісне «далей»... Яна падказвае, ён цісне. Яна дыктуе лічбы, ён набірае, уводзіць. І вось дайшлі да галоўнага: трэба ўносіць грошы.

Жанчына працягвае малому грашовую паперку. «Не, гэта вельмі шмат, пашукай меншую». Але меншай у яе няма. Ды якая розніца, няхай будзе так. Малы тлумачыць, што апарат яе забярэ, але рэшту ён, хутчэй за ўсё, не выдае. «Як жа так?.. Дык усё будзе страчана? Колькі ж тады я заплачу... Вось жа пайшло жыццё...» — хапаецца за сэрца бабуля. Людзі побач падказваюць, што можна зрабіць іншы ўнёсак, напрыклад, на тэлефон. Яна нервуецца яшчэ больш: такая вялікая сума ёй на тэлефоне непатрэбная, і яна на яе, шчыра кажучы, разлічвала, вось з унукам яшчэ ў краму схадзіць трэба. А, дык можна ж пайсці ў касу банка, папрасіць, каб размянялі. Ой, гэта ж зноў браць квіточак, стаяць, чакаць, і пасля тут усё спачатку ўводзіць — а ўжо так усё добра атрымалася.

«Трымай», — унук рашуча аддае ёй у рукі паперку. Расшпільвае куртку і з унутранай кішэні дастае акуратненькі кашалёк з карткай. І без лішніх слоў робіць аплату, пакуль агаломшаная бабуля лыпае вачыма.

Адыходзяць, яна абапіраецца на сцяну. Твар яе бялее — ад водбліску жудаснай здагадкі, якую яна імкнецца асэнсаваць. Запінаючыся, запытвае: «Адкуль гэта ў цябе? Не бойся, я нікому не скажу». — «Ты што... Гэта ж мама мне дала! На кішэнныя расходы». Жанчына выдыхнула: «Ну і ну, гэта ж трэба — каб у дзіцяці расходы былі, як у банкіра якога. Так усё і растраціш, бо не бачыш, колькі ідзе. Хіба нармальных грошай не магла даць?» — «Дык яна ж па картцы адразу бачыць, колькі я трачу.

А я не трачу. Толькі на нешта важнае». — «Добра. Але я кампенсую». — «Бабуля, ты што? Мы ж адна сям'я. Вось хочаш, зараз у краме я расплачуся? У мяне засталася некранутая сума, выдаткаваная на тыдзень. Я ж магу табе дапамагчы і зрабіць нешта добрае...»

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».