Алесь Бадак. «Уладар ветру». Выдавецкі дом «Звязда».
У кнізе прадстаўлены найлепшыя вершы вядомага паэта за ўсе гады яго творчасці, пачынаючы ад зборніка «Будзень», які пабачыў свет у 1989 годзе, і да раздзела «З пачатай кнігі», дзе змешчаны новыя творы. Лірычны герой — летуценнік, філосаф, беларус, які шчыра любіць сваю радзіму. У зборнік уключана паэма «Ра», якая ў сімвалічнай форме апісвае пакутлівы шлях чалавека да асэнсавання сваёй прыналежнасці роднай зямлі, таго, што толькі яна можа стаць галоўным арыенцірам у пошуках сябе. Тэма гістарычнай памяці, нялёгкага лёсу роднай мовы абвострана раскрываецца і ў гэтай паэме, і ў іншых творах зборніка.
Мікалай Чаргінец. «А он не вернулся из боя». Выдавецкі дом «Звязда».
Новы раман народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца працягвае раскрываць традыцыйную для аўтара тэму — чалавек і вайна. У аснове — рэальныя падзеі: лёс аднаго з савецкіх воінаў, якія ваявалі ў Афганістане. Галоўны герой, беларус, трапляе ў палон і шмат гадоў адарваны ад роднай зямлі, ад сваёй сям'і. Чытач бачыць экзатычныя месцы — ахоплены вайной Афганістан, пакістанскую турму, нават саваны Зімбабвэ. Паралельна даецца панарама таго, што адбываецца на радзіме галоўнага героя: развал Савецкага Саюза, галодныя 1990-я, станаўленне незалежнай Беларусі.
Анатоль Андрэеў. «Главные слова для любимой женщины». «Колорград».
Намінацыя «Драматургія» заўсёды самая складаная, бо не кожны год знаходзіліся годныя кандыдаты на перамогу — п'есы асобнымі выданнямі выдаюцца досыць рэдка. Мінулым разам прэмія ў гэтай намінацыі не ўручалася. Сёлета яе атрымаў аўтар рускамоўнага трагікакамедыйнага зборніка Анатоль Андрэеў. Галоўная тэма яго п'ес, займальных, павучальных і нескладаных для пастаноўкі — адносіны паміж мужчынам і жанчынай, сямейныя перыпетыі, тое, што зразумела ва ўсе часы. Нездарма асноўны жанр змешчаных у зборніку твораў — фарс.
Андрэй Мукавозчык. «Революция мокрых штанов». «Беларусь».
Гэта рэзананснае выданне, у якое ўвайшлі матэрыялы аўтарскай рубрыкі «Накіпела» аглядальніка газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка. Рэфлексіі аўтара на нядаўнія палітычныя падзеі вострыя, неабыякавыя, часта саркастычныя. Прыводзіцца шмат фактаў і цытат. Як сцвярджае сам Андрэй Мукавозчык, атрымалася хроніка 2020 года, «сур'ёзны гадавы зрэз». Кніга праілюстравана мастаком газеты «СБ. Беларусь сегодня» Алегам Карповічам, чые малюнкі суправаджалі і кожны выпуск рубрыкі Андрэя Мукавозчыка.
Ігар Запрудскі. «Беларуская літаратура і культура XІX стагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання». Выдавецтва БДУ.
Вядомы літаратуразнаўца ўзяўся за нялёгкую і пачэсную задачу: стварыць панараму беларускай літаратуры той эпохі, калі яна не мела магчымасці развівацца напоўніцу, а пасля многія імёны замоўчваліся ці выклікалі спрэчкі аб культурнай прыналежнасці. Даследчык даказвае, што на Беларусі заўсёды нараджаліся таленавітыя творцы, іх плён варты ўвагі і памяці. Манаграфія запаўняе белыя плямы айчыннай гісторыі, ажыўляе постаці беларускага мінулага.
Алесь Жук. «Лаві зайца!» Выдавецкі дом «Звязда»
Вядомы беларускі пісьменнік Алесь Жук у творах для маленькіх чытачоў застаецца філосафам і майстрам мастацкага вобраза. Пры гэтым яго апавяданні вельмі чытэльныя і зразумелыя дзецям. Яны адкрываюць сучаснаму дзіцяці таемны і бясконцы свет беларускай прыроды, вучаць правільнаму стаўленню да ўсяго жывога, а таксама прышчапляюць павагу да працы, паказваюць, якімі побытавымі навыкамі мусіць валодаць чалавек. Чытаючы кнігу, можна нібыта гартаць каляндар прыроды, адначасова атрымліваць карысныя жыццёвыя парады і паглыбляць веды па беларускай мове.
Валерыя Сцяцко. «Нязломны. Аляксей Талай». Выдавецкі дом «Звязда»
Журналістка Выдавецкага дома «Звязда» Валерыя Сцяцко, безумоўна, прапусціла нялёгкі лёс свайго героя праз сэрца — чытаць яе кнігу і застацца абыякавым немагчыма. Хлопчык, які ў шаснаццаць гадоў падарваўся на міне, што засталася з вайны, страціў рукі і ногі, але не здаўся — сапраўдны герой нашага часу. Сёння Аляксей Талай — паралімпійскі чэмпіён, спартыўны і грамадскі дзеяч, бізнесмен, шчаслівы муж і бацька чацвярых дзяцей. Як ён гэтага дасягнуў, аўтар кнігі раскрывае праз шматлікія сведчанні блізкіх, сяброў і знаёмых свайго героя.
Падрыхтавала Людміла ПЯТРОВА
Прэв’ю: pixabay.com
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.