Нездарма старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко сярод слоў падзякі арганізатарам Дня беларускага пісьменства нізкі паклон адрасаваў менавіта майстрам слова. Пра ролю апошняга ў развіцці сучаснага беларускага грамадства шмат казалі падчас рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Добрушскія чытанні».
Ад імя кіраўніцтва Гомельскай вобласці ўдзельнікаў даследчага форуму прывітаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне ўдзяляецца значная ўвага захаванню культуры і духоўнасці беларускага народа:
— За апошнія пяць гадоў у рэгіёне шасці традыцыям і абрадам нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Аднаўляюцца архітэктурныя ансамблі, увекавечваецца памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з пісьменнікамі, вынікам якога стала ўручэнне ўнікальнай для краіны абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.
Старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас нагадаў, што Добрушскі край славіцца выбітнымі пісьменнікамі, навукоўцамі, культурнымі дзеячамі, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё нашай краіны.
На рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускага пісьменства і Году гістарычнай памяці, даклад пра невядомыя старонкі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры, заснаваны на ўнікальных матэрыялах даваенных дзённікаў Шамякіна, прадставілі нашчадкі пісьменніка — дачка Алеся Іванаўна Шамякіна і ўнукі — Іван Сяргеевіч і Славяна Вячаславаўна.
— Сёлета свята праходзіць пад знакам Года гістарычнай памяці — падмурка, без якога немагчыма пабудаваць будучыню. Для любога грамадства важна захаваць і перадаць нашчадкам перажыты вопыт і назапашаныя каштоўнасці, стаўленне да сваіх герояў, агульных свят і цяжкіх часоў, захоўваць гістарычную памяць, быць патрыётам, асобай, якая ўмее арыентавацца ў зменлівым сучасным свеце, рабіць правільны выбар, — звярнуўся да ўдзельнікаў навукова-даследчага форуму дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў.
Ён адзначыў, што на «Добрушскіх чытаннях» прадстаўлены ў тым ліку самыя разнастайныя работы вядучых навукоўцаў краіны па даследаванні рэгіянальнай культуры Добрушскага краю: асаблівасці мясцовых гаворак і назваў вуліц, культурны код у аснове прозвішчаў жыхароў раёна, даследаванне спецыфікі архітэктуры.
Таксама ўпершыню на малой радзіме Івана Шамякіна быў прэзентаваны вынік складанай, грунтоўнай работы супрацоўнікаў Акадэміі навук Беларусі па выданні 23-томнага збору твораў народнага пісьменніка Беларусі.
— Выданне ўключае не толькі мастацкія творы, але і каментарыі, рукапісныя знаходкі, вынікі вельмі вялікай працы з архівамі, з рукапіснай спадчынай, — падзяліўся Ігар Капылоў.
На канферэнцыі прагучалі даклады аб унікальных даследаваннях, заснаваных на матэрыялах экспедыцыі па Добрушскім краі навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ. Гэта і даследаванне вясельнай абраднасці Добрушчыны, даследаванне чалавека і свету ва ўяўленнях жыхароў раёна, перададзеных праз жывыя інтэрв'ю з носьбітамі мясцовай культуры.
З галоўнай святочнай сцэны Дня беларускага пісьменства ў Добрушы былі названы імёны пяці лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Дыпломы пераможцам уручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Уладальніцай прэміі ў намінацыі «Паэзія» за зборнік «Жыццё жыццейка» стала Ніна Нікіціна — знакамітая паэтэса Гомельшчыны, вядомая пад літаратурным псеўданімам Ніна Шклярава. У намінацыі «Дзіцячай літаратура» пераможцам прызнаны Яўген Калашнікаў. Тамара Кручэнка ўшанавана ў намінацыі «Публіцыстыка і літаратурная крытыка». У намінацыі «Адкрыццё года» за літаратурны твор «Испытание временем» прэмія прысуджана Жанэце Сычовай. Новы твор старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча «Там, дзе цячэ Пуць-рака», у якім падзеі сучаснасці пераплятаюцца з жыццём старажытнага Турава, Кіева і Кракава, прызнаны найлепшым у намінацыі «Проза».
— Свята «Дзень беларускага пісьменства» — сведчанне таго, што мы ёсць нацыя, самабытны народ, што ёсць глыбокія карані, які дазволілі нам прайсці многія выпрабаванні і захаваць сваю ідэнтычнасць, культуру, — падзяліўся Уладзімір Гаўрыловіч. — Перакананы, што Дзень беларускага пісьменства дайшоў да таго часу, калі ён павінен адначасова стаць і Днём прафесійнага свята пісьменнікаў.
Падчас святкавання Дня пісьменства ў Добрушы прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага творчага конкурсу сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
Прэміі журналістам уручыў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Ён выказаў спадзяванне, што конкурс стане добрай традыцыяй Дня беларускага пісьменства, як даніна павагі чалавека працы, які стварае харчовую бяспеку нашай краіны. На конкурс паступіла 129 заявак, у тым ліку 7 ад рэспубліканскіх СМІ і 68 — рэгіянальных. Усяго за званне пераможцаў у розных намінацыях змагаліся прадстаўнікі 75 рэдакцый, на суд журы было пададзена 470 журналісцкіх работ.
У Добрушы ганаровыя госці і ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства ўсклалі кветкі і вянкі да брацкай магілы і мемарыяльнага комплексу «Памяць» на набярэжнай ракі Іпуць, дзе пахаваны 26 воінаў, загінулых у кастрычніку 1943 года пры вызваленні Добруша ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мемарыяле, устаноўленым у 2005 годзе, таксама ўшанавана памяць аб амаль 900 жыхарах Добрушскага раёна, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адначасова былі ўскладзены кветкі да 48 брацкіх, адзіночных воінскіх пахаванняў і магіл мірных ахвяр фашызму на тэрыторыі ўсяго Добрушскага раёна. Каля набярэжнай у цэнтры Добруша прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Добруш партызанскі».
Супрацоўнікі бібліятэк з самых розных куткоў Гомельшчыны сустракалі гасцей свята на літаратурных падворках. Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Леніна арганізавала літаратурны салон Паскевічаў.
— Галоўная тэма салона — раман Льва Талстога «Вайна і мір», бо менавіта Ірына Паскевіч першай зрабіла пераклад гэтага твора на французскую мову, пасля чаго адзін з самых знакавых для Расіі раман стаў папулярны за мяжой, — звярнула ўвагу загадчыца агульнага чытальнага зала Таццяна Рабікава. — Падрыхтавалі гульню ў шарады, більбокі і бірулькі — папулярныя ў ХІХ стагоддзі. Акрамя таго, сваім гасцям мы прапанавалі ўжыцца ў вобразы герояў «Вайны і міру» і прачытаць дыялогі з рамана.
Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Леніна на свяце прэзентавала таксама выставачны праект літаратурнага музея «Пісьменнікі Гомельшчыны», які расказвае пра Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Івана Навуменку і Івана Шамякіна. Тут прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, перададзеныя ў фонд музея роднымі і сваякамі мастакоў слова.
Дарэчы, жыццю і творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна прысвечаны асобны праект.
— Большасць матэрыялаў для экспазіцыі ўзятыя з фондаў нашай бібліятэкі. Многія дакументы перададзены дачкой Івана Пятровіча Шамякіна Алесяй Іванаўнай. Дзякуючы гэтаму студэнты, школьнікі маюць магчымасць стаць сёння ўдзельнікамі творчай лабараторыі пры музеі «Пісьменнікі Гомельшчыны», паўдзельнічаць у інтэрактыўных занятках, дэкадах беларускай літаратуры, — тлумачыць бібліятэкар Ніна Серыкава.
Да Дня беларускага пісьменства бібліятэкары падрыхтавалі тэст па фактах з жыцця і дзейнасці пісьменніка. Задача інтэрактыву — не «падлавіць» на няведанні пэўнай інфармацыі, а разам дазнацца аб цікавых звестках.
— Для многіх адкрыццё, што ўжо ў савецкі час усе кнігі Івана Шамякіна былі больш за ўсё перакладзены на кітайскую мову. Расказваем і наколькі велізарная літаратурная спадчына нашага земляка: 125 кніг 30-мільённым тыражом выдадзеныя на 30 мовах свету, — расказала Ніна Серыкава. — Цікава нашым гасцям даведацца, і які твор першым напісаў Іван Пятровіч. Мала хто ведае, што гэта «У снежнай пустыні»: будучы класік тады служыў палітруком у войску, напісаў на палях руска-фінскага слоўнічка. Пасля народны пісьменнік успамінаў, што за тую творчасць атрымаў некалькі пазачарговых нарадаў, якія добрасумленна вытрымаў. Але згадваў менавіта той час, калі паперы не было, а вельмі хацелася пісаць.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.